Навука + Танец

№ 4 (421) 01.04.2018 - 01.01.2005 г

Сучасная харэаграфія: праблемы і тэндэнцыі
У Ня­сві­жы і Мін­ску пра­йшла Між­на­род­ная на­ву­ко­ва-пра­ктыч­ная кан­фе­рэн­цыя «Бе­ла­рус­кі ба­лет у сус­вет­най ку­ль­тур­най пра­сто­ры». Вы­ступ­лен­ні да­клад­чы­каў акрэс­лі­лі шы­ро­кую пан­ара­му тэ­ма­тыч­ных ра­кур­саў у асэн­са­ван­ні ха­рэ­агра­фіч­на­га мас­тац­тва — ад гіс­то­рыі на­цыя­на­ль­на­га ба­ле­та да пер­фар­ма­тыў­ных прак­тык, ад акту­аль­ных пы­тан­няў ад­ука­цый­на­га пра­цэ­су да пра­блем кры­ты­кі. Усё гэ­та дае цу­доў­ную на­го­ду па­ра­зва­жаць пра су­час­ны стан тан­ца­ва­ль­на­га мас­тац­тва — у нас і за мя­жой.

У гіс­то­рыі айчын­най ха­рэ­агра­фіі ні­ко­лі не пра­во­дзі­ла­ся та­ко­га буй­но­га фо­ру­му: у ім пры­ма­лі ўдзел да­след­чы­кі з Бе­ла­ру­сі, Літ­вы, Поль­шчы, Рас­іі, Лат­віі, Фран­цыі, ад­бы­ва­лі­ся май­стар-кла­сы вы­клад­чы­каў Лі­тоў­скай ака­дэ­міі му­зы­кі і тэ­атра, бы­ла прэ­зен­та­ва­на кан­цэр­тная пра­гра­ма ка­фед­ры опер­най пад­рых­тоў­кі і ха­рэ­агра­фіі Бе­ла­рус­кай ака­дэ­міі му­зы­кі. Падзею пры­мер­ка­ва­лі да гас­тро­ляў у ста­лі­цы На­цы­яна­ль­на­га ба­ле­та Мар­се­ля. Яе іні­цы­ята­рам вы­сту­пі­ла Па­со­льс­тва Бе­ла­ру­сі ў Фран­цыі, а га­лоў­ным арга­ні­за­та­рам — на­ша Ака­дэ­мія му­зы­кі. Да фо­ру­му так­са­ма спры­чы­ні­лі­ся Мі­ніс­тэр­ствы за­меж­ных спраў і ку­ль­ту­ры, На­­цыя­на­ль­ны гіс­то­ры­ка-ку­ль­тур­ны му­зей-за­па­вед­нік «Ня­свіж», На­цы­яна­ль­ная ка­мі­сія Бе­ла­ру­сі па спра­вах UNESCO і, на­рэш­це, спон­са­ры.

 

Якія пы­тан­ні хва­лю­юць сён­ня да­след­чы­каў тан­ца і якім чы­нам ад­люс­троў­ва­юць су­час­ны стан раз­віц­ця ха­рэ­агра­фіч­на­га мас­тац­тва, яго най­важ­ней­шыя тэн­дэн­цыі і пра­бле­мы? Па­спра­бу­ем зір­нуць на вы­ступ­лен­ні ўдзе­ль­ні­каў кан­фе­рэн­цыі ме­на­ві­та з гэ­та­га ра­кур­су.

 

Ад­ра­джэн­не аль­бо зніш­чэн­не?

 

Ад­на з істот­ных пра­блем, што тур­буе тэ­арэ­ты­каў і пра­кты­каў тан­ца ця­гам мно­гіх дзе­ся­ці­год­дзяў, звя­за­на з за­ха­ван­нем ба­ле­таў кла­січ­най спад­чы­ны. Яе спра­ба­ва­лі вы­ра­шыць яшчэ на па­чат­ку ХХ ста­год­дзя ў аўтар­скіх рэ­дак­цы­ях шэ­дэў­раў мі­ну­ла­га, ство­ра­ных Аляк­сан­драм Гор­скім, па­зней Агры­пі­най Ва­га­на­вай, Фё­да­рам Ла­пу­хо­вым, Вах­тан­гам Ча­бу­кі­яні, Кан­стан­ці­нам Сяр­ге­евым, іншы­мі зна­ны­мі дзея­ча­мі ба­лет­на­га мас­тац­тва. Асо­бую акту­аль­насць асэн­са­ван­не пра­бле­мы на­бы­вае сё­ле­та, у су­вя­зі з 200-год­дзем Ма­ры­уса Пе­ці­па, якое адзна­чае ба­лет­ны свет. Сам май­стар, да­рэ­чы, увесь час змя­няў, рэ­да­га­ваў улас­ныя па­ста­ноў­кі ў за­леж­нас­ці ад но­вых са­ліс­таў, маг­чы­мас­цяў сцэ­ны, мас­тац­кіх па­ве­ваў ча­су, што да­зва­ля­ла па­д­оў­жыць жыц­цё ака­дэ­міч­ных тво­раў.

 

Сён­ня пан­яцце «ба­лет­най кла­сі­кі» знач­на па­шы­ры­ла­ся і азна­чае не то­ль­кі ўлас­на кла­січ­ную спад­чы­ну, але і кла­сі­ку ХХ ста­год­дзя. Не­вы­пад­ко­ва ад­ным з трэн­даў у раз­віц­ці су­час­на­га рас­ійска­га ба­ле­та з’яўля­ецца ўзнаў­лен­не і рэ­інтэр­прэ­та­цыя спек­так­ляў са­вец­ка­га пе­ры­яду. У Ма­ры­інскім тэ­атры но­вае сцэ­ніч­нае жыц­цё на­бы­лі «Шу­ра­ле» (2009) і «Спар­так» (2010) Ле­ані­да Якаб­со­на (ба­лет­май­стар-па­ста­ноў­шчык уз­наў­лен­няў Вя­час­лаў Ха­мя­коў). У Мі­хай­лаў­скім у рэ­дак­цыі Мі­ха­іла Ме­сэ­рэ­ра з’я­ві­ла­ся «Лаў­рэн­сія» Вах­тан­га Ча­бу­кі­яні (2010), «Пол­ымя Па­ры­жа» Ва­сі­ля Вай­но­не­на (2013), «Па­пя­луш­ка» Рас­ціс­ла­ва За­ха­ра­ва (2017), у Вя­лі­кім у аўтар­скай вер­сіі Аляк­сея Рат­ман­ска­га — «Свет­лы ру­чай» (2003) і «Болт» (2005) Фё­да­ра Ла­пу­хо­ва.

 

Ад­нак у якой сту­пе­ні зга­да­ныя спек­так­лі ад­па­вя­да­юць ары­гі­на­ль­ным па­ста­ноў­кам?

 

Ці з’яўля­ецца рэ­кан­струк­цыя ўзба­га­чэн­нем, аб­наў­лен­нем кла­січ­на­га тво­ра, дзе мі­ну­лае і су­час­насць уз­ае­ма­дзей­ні­ча­юць на роў­ных? Ме­на­ві­та та­кія пы­тан­ні хва­лю­юць Ла­ры­су Аб­ыза­ву, за­гад­чы­цу ка­фед­ры ба­ле­таз­наў­ства Ака­дэ­міі рус­ка­га ба­ле­та імя Агры­пі­ны Ва­га­на­вай. Гіс­то­рык тан­ца з Санкт-Пе­цяр­бур­га, яна пры­свя­ці­ла свой да­клад ана­лі­зу ад­на­го з апош­ніх уз­наў­лен­няў у рэ­пер­ту­ары Ма­ры­інска­га тэ­атра — ба­ле­та «Мед­ны кон­нік» Рэ­йнго­ль­да Глі­эра — Рас­ціс­ла­ва За­ха­ра­ва ў рэ­дак­цыі Юрыя Смя­ка­ла­ва (2016).

 

Спек­такль па­кі­дае не­адназ­нач­нае ўра­жан­не. Імкнен­не да пе­ра­асэн­са­ван­ня ўлас­на­га мас­тац­ка­га мі­ну­ла­га, вяр­тан­ня за­бы­тых тво­раў і імё­наў, без­умоў­на, за­слу­гоў­вае па­ва­гі і ўся­ля­кай пад­трым­кі. Раз­ам з тым ці вар­та ўзнаў­ляць па­ста­ноў­ку, якая атры­ма­ла рэ­зкую кры­ты­ку, а ха­рэ­агра­фія За­ха­ра­ва ўжо пад­час прэм’еры 14 са­ка­ві­ка 1949 го­да бы­ла пры­зна­ная сас­та­рэ­лай і, па сло­вах Мі­ха­іла Мі­хай­ла­ва, пер­ша­га вы­ка­наў­цы ро­лі Пят­ра І, «не­ка­ль­кі пры­мі­тыў­най»? Ад­нак, на дум­ку ха­рэ­огра­фа, зва­рот да да­лё­ка не леп­ша­га ба­ле­та мі­ну­лай эпо­хі апраў­да­ны тым, што спек­такль мо­жа за­ці­ка­віць гас­цей го­ра­да. Тан­ца­ва­ль­ны кры­тык Мая Кры­ло­ва ўдак­лад­няе: «Хто лю­біць мі­ну­лае як ту­рыс­тыч­ны лу­бок, та­му спа­да­ба­ецца «Мед­ны кон­нік»». У вы­ні­ку па­ста­ноў­ка ўраж­вае не мас­тац­кі­мі вар­тас­ця­мі, а шмат­лі­кі­мі не­да­рэч­нас­ця­мі: Па­ра­ша тут тан­цуе з ко­шы­кам па­мы­тай бя­ліз­ны, Пётр І шаб­ляй ад­ся­кае ба­ярам ба­ро­ды, стра­ляе з гар­ма­ты, бу­дуе ка­ра­бель і на­ват... ва­рыць на пры­ста­ні пе­ль­ме­ні. А эфек­тную ў За­ха­ра­ва сцэ­ну па­вод­кі ўва­саб­ляе кар­дэ­ба­лет, які раз­мах­вае ве­лі­зар­ны­мі сі­ні­мі ру­ка­ва­мі. «Не ад­ра­джэн­не, а зніш­чэн­не», — та­кую ацэн­ку да­ла спек­так­лю Ла­ры­са Аб­ыза­ва.

 

Што та­ды ка­заць пра «пе­ра­роб­кі» тво­раў кла­січ­най спад­чы­ны ў на­шых тэ­атрах? Зга­даю ле­таш­нюю «Спя­чую кра­су­ню» ў Му­зыч­ным (рэ­дак­цыя Ка­ця­ры­ны Фа­дзе­евай), бяз­лі­тас­на «па­рэ­за­ную», якая не­ча­ка­на на­бы­ла ўсход­ні ка­ла­рыт. Ці вер­сіі ба­ле­таў Чай­коў­ска­га-Пе­ці­па, зроб­ле­ныя Аляк­сан­драй Ці­ха­мі­ра­вай у Вя­лі­кім тэ­атры, — праз ве­ль­мі ад­да­ле­ныя ад­но­сі­ны да пер­шак­ры­ні­цы іх не­ль­га ад­нес­ці ні да рэ­дак­цый, ні да аўтар­ска­га пе­ра­асэн­са­ван­ня кла­січ­на­га тэк­сту. На жаль, са­ма­дас­тат­ко­вая кан­цэп­ту­аль­ная ідэя, ары­гі­на­ль­насць дра­ма­тур­гіч­на­га раз­віц­ця і лек­січ­ных фар­баў тут ад­сут­ні­ча­юць. На­конт та­кіх аб­наў­лен­няў ве­ль­мі трап­на вы­ка­заў­ся ба­лет­ны кры­тык Па­вел Гер­шэн­зон: «Як па мне, дык леп­шай ме­та­фа­рай гэ­тых ха­рэ­агра­фіч­ных пра­тэ­заў бу­дзе над­піс, ста­ран­на прад­ра­па­ны ту­пым но­жы­кам на мэб­ле­вай гар­ні­ту­ры чыр­во­на­га дрэ­ва: «Тут быў я. Ва­ся»».

 

Це­ла як да­ку­мент

 

Асэн­са­ван­ню акту­аль­на­га для contemporary dance да­ку­мен­та­ль­на­га кі­рун­ку быў пры­све­ча­ны да­клад за­гад­чы­цы ка­фед­ры тан­ца і ру­ху Лі­тоў­скай ака­дэ­міі му­зы­кі і тэ­атра, тан­ца­ва­ль­на­га кры­ты­ка Інгры­ды Гер­бю­та­ві­чу­тэ (Ві­ль­нюс). У за­меж­ным су­час­ным тан­цы пер­шыя пра­явы гэ­тай тэн­дэн­цыі мож­на за­ўва­жыць яшчэ пры кан­цы 1950-х — у 1960-я ў спек­так­лях Мэр­са Ка­нін­ге­ма і прад­стаў­ні­коў аме­ры­кан­ска­га по­стма­дэрн-тан­ца, якія ад­мо­ві­лі­ся ад звык­лай на­ра­тыў­нас­ці і лі­та­ра­тур­най воб­раз­нас­ці.

 

У вы­ні­ку на пер­шы план вы­йшла ра­бо­та з це­лам та­кім, як яно ёсць, — у яго рэ­аль­ных ана­та­міч­ных, псі­ха­фі­зіч­ных, ка­му­ні­ка­тыў­ных ха­рак­та­рыс­ты­ках. У су­час­ных па­ста­ноў­ках це­ла ня­рэд­ка ста­но­віц­ца сво­еа­саб­лі­вым «да­ку­мен­там», што ўтрым­лі­вае ў са­бе пэў­ныя гіс­та­рыч­ныя, са­цы­яку­ль­тур­ныя, 

(аўта)бі­ягра­фіч­ныя звес­ткі. У якас­ці пры­кла­ду Гер­бю­та­ві­чу­тэ згад­вае фран­цуз­ска­га ха­рэ­огра­фа Жэ­ро­ма Бэ­ля, які ства­рыў се­рыю пер­фор­ман­саў, па­бу­да­ва­ных на падзе­ях жыц­ця, дум­ках і па­чуц­цях вы­ка­наў­цаў. Пад­час прад­стаў­лен­ня артыс­ты не пе­ра­ўва­саб­ля­юцца ў іншых пер­са­на­жаў, а шчы­ра і ад­кры­та рас­па­вя­да­юць пра ся­бе: дзе, ка­лі і як яны ста­лі тан­ца­ваць; што ім пад­аба­ецца ў мас­тац­тве, а што не; хто па­ўплы­ваў на іх твор­чае мыс­лен­не.

 

Але пер­фор­манс не з’яўля­ецца лі­рыч­най «спо­вед­дзю на тэ­му»: праз фак­ты інды­ві­ду­аль­най бі­ягра­фіі па­ўстае жыц­цё тру­пы і гіс­то­рыя тан­ца пэў­на­га пе­ры­яду (удзе­ль­ні­кі пер­фор­ман­су — са­ліс­тка Па­рыж­скай опе­ры Ве­ра­нік Ду­ано, артыст Ву­пер­та­льс­ка­га тэ­атра тан­ца Лутц Фёр­стар, тай­лан­дскі тан­цоў­шчык і ха­рэ­ограф Пі­чэт Клан­чун). Це­ла ў та­кіх спек­так­лях рэ­прэ­зен­ту­ецца як жы­вы архіў, што змяш­чае аса­біс­тую і ка­лек­тыў­ную, гіс­та­рыч­ную, са­цы­яль­ную, кі­нес­тэ­тыч­ную па­мяць, якая пра­яўля­ецца ў на­шым «тут і ця­пер». 

Эле­мен­ты да­ку­мен­та­ль­нас­ці ў тан­ца­ва­ль­ным мас­тац­тве сён­ня актыў­на вы­ка­рыс­тоў­ва­юць Ксаў­е Ле­руа, Ба­рыс Шар­мац, Ме­тэ Інгвар­тсан, Мар­тэн Спен­берг, Эстэр Са­ла­мон, Мар­цін На­хбар. У бе­ла­рус­кім contemporary dance гэ­ты кі­ру­нак па­куль не на­быў шы­ро­ка­га рас­паў­сю­джан­ня. Адзін з ня­мно­гіх пры­кла­даў — пер­фор­манс «Прад­мет­ная раз­мо­ва» SKVО’s Dance Company, за­сна­ва­ны на се­рыі інтэрв’ю-раз­ваг пра су­час­нае мас­тац­тва, якія дэ­ман­стру­юцца і ў ві­дэ­афар­ма­це, і жыў­цом.

 

На­пе­рад у мі­ну­лае

 

Ад­ной з пры­кмет­ных тэн­дэн­цый су­час­на­га ха­рэ­агра­фіч­на­га мас­тац­тва з’яўля­ецца зва­рот да твор­чых зда­быт­каў еўра­пей­ска­га аван­гар­ду і іх пе­ра­асэн­са­ван­не. У апош­нія га­ды ўзрас­тае ко­ль­касць спек­так­ляў, ства­ра­ль­ні­кі якіх імкнуц­ца пра­д­эман­стра­ваць улас­ны по­гляд на гіс­то­рыю тан­ца ХХ ста­год­дзя, яе га­лоў­ныя падзеі і зна­ка­выя тво­ры. Ме­на­ві­та гэ­тая пра­бле­ма ака­за­ла­ся ў цэн­тры ўва­гі тан­ца­ва­ль­на­га кры­ты­ка, вы­клад­чы­цы Ло­дзска­га ўні­вер­сі­тэ­та Ёан­ны Шы­май­ды.

 

На дум­ку да­след­чы­цы, пад­обны дос­вед мо­жа на­бы­ваць роз­ныя фор­мы — ад мак­сі­ма­ль­на на­блі­жа­най да ары­гі­на­лу рэ­кан­струк­цыі да во­ль­най аўтар­скай фан­та­зіі на тэ­му. Пер­шым за­йма­ецца архе­ало­гія тан­ца — ма­ла­дая на­ву­ко­вая дыс­цып­лі­на, за­сна­ва­ная на да­сле­да­ван­ні мі­ну­ла­га з мэ­тай зна­хо­джан­ня звес­так пра за­бы­тыя ці стра­ча­ныя ра­бо­ты па­пя­рэд­ні­каў. Ха­рэ­огра­фы ста­но­вяц­ца свай­го ро­ду архе­ола­га­мі, якія пра­во­дзяць «рас­коп­кі» ў рэ­зер­ву­ары ку­ль­тур­най па­мя­ці. Адзін з най­бо­льш уда­лых пры­кла­даў у гэ­тым сэн­се — рэ­кан­струк­цыя «Па­сля­паў­дзён­на­га ад­па­чын­ку фаў­на» Вац­ла­ва Ні­жын­ска­га (1989), ува­соб­ле­ная Эн Хат­чын­сан-Гест і Клаў­дзі­яй Ёшке на асно­ве за­на­та­ва­най ха­рэ­огра­фам парт­ыту­ры ру­хаў.

 

Сён­ня мо­да на рэ­кан­струк­цыю аван­гар­днай спад­чы­ны на­бы­ла па­ўсюд­ны ха­рак­тар. Ся­род ня­даў­ніх ра­бот на­за­ву «Тры­ядыч­ны ба­лет» Оска­ра Шле­ме­ра, рэ­кан­стру­ява­ны Ёргам Уда Ле­сін­гам і Жак­лін Фі­шэр (2015); ад­на­ўлен­ні спек­так­ляў прад­стаў­ніц ня­мец­ка­га экс­прэ­сі­яніс­цка­га тан­ца Грэт Па­лу­кі і Мэ­ры Віг­ман у Дзяр­жаў­най ба­лет­най шко­ле Бер­лі­на і Вы­шэй­шай шко­ле тан­ца імя Грэт Па­лу­кі (2017); шэ­раг прац Во­лі Ма­ці­еўскай (2011 — 2015), ве­ль­мі бліз­кіх да твор­чай сты­ліс­ты­кі за­сна­ва­ль­ні­цы сва­бод­на­га тан­ца Лой Фу­лер; рэ­кан­струк­цыі тво­раў Айсе­до­ры Дун­кан у вы­ка­нан­ні і па­ста­ноў­цы Ла­рэ­ты То­мас (2016). На пер­шы план у пад­обных спек­так­лях вы­хо­дзіць гіс­то­рыя тан­ца, вы­яўле­ная праз це­ла.

 

На­ста­ль­гія па...

 

Цу­доў­ным пад­арун­кам для ўдзе­ль­ні­каў кан­фе­рэн­цыі стаў кан­цэрт, зла­джа­ны ка­фед­рай опер­най пад­рых­тоў­кі і ха­рэ­агра­фіі. Імпрэ­за пры­ва­бі­ла перш за ўсё жан­ра­ва-сты­лё­вай і воб­раз­на-плас­тыч­най раз­на­стай­нас­цю па­ка­за­ных тво­раў. Тут бы­лі і вы­тан­ча­ная сты­лі­за­цыя на­род­на­га тан­ца («Рус­кі та­нец» Во­ль­гі Ла­по), і не­акла­січ­ныя ду­эты (Ад­ажыа Ган­ны і Пят­ра з ба­ле­та «Віш­нё­вы сад» Сяр­гея Мі­ке­ля), і дра­ма­тыч­ныя ма­на­ло­гі («Афе­лія» На­тал­лі Фур­ман), і ну­ма­ры фі­ла­соф­ска-ме­та­фа­рыч­на­га ха­рак­та­ру («Ішла дзяў­чын­ка на імя Лю­боў» Юліі Ме­ль­ні­чук), і кла­сі­ка бе­ла­рус­ка­га ба­ле­та (урыў­кі са спек­так­ляў Ва­лян­ці­на Елі­зар’ева). На жаль, ура­жан­ні ад эфек­тна­га па за­ду­ме пра­ло­га (ха­рэ­агра­фія Сяр­гея Мі­ке­ля) ака­за­лі­ся сап­са­ва­ны­мі з-за «сы­ро­га», не ад­рэ­пе­та­ва­на­га на­леж­ным чы­нам вы­ка­нан­ня і пра­змер­най (для не­вя­лі­кай сцэ­ны Ака­дэ­міі му­зы­кі) ко­ль­кас­ці тан­цоў­шчы­каў.

 

Год­ным за­вяр­шэн­нем кан­цэр­тнай пра­гра­мы стаў спек­такль «Раз­ві­тан­не з Ра­дзі­май. 1830 год», пры­све­ча­ны зна­ка­мі­та­му Мі­ха­лу Кле­афа­су Агін­ска­му. Ад­на­акто­вы ба­лет па­стаў­ле­ны На­тал­ляй Фур­ман на асно­ве му­зыч­най на­ве­лы «Кле­афас» Вя­час­ла­ва Куз­ня­цо­ва. У 2015-м з на­го­ды 250-год­дзя Агін­ска­га спек­такль з вя­лі­кім по­спе­хам быў прэ­зен­та­ва­ны ў Мас­кве, Вар­ша­ве, Ві­ль­ню­се, Па­ры­жы, а ў нас яго па­ка­за­лі ўся­го не­ка­ль­кі раз­оў.

 

«Раз­ві­тан­не з Ра­дзі­май» — яркае свед­чан­не тон­ка­га раз­умен­ня Фур­ман іншас­ты­лё­вых па­зі­цый, умен­ня ад­чу­ваць му­зыч­на-плас­тыч­нае мыс­лен­не іншых аўта­раў і эпох (ся­род пад­обных спек­так­ляў у твор­час­ці На­тал­лі Фур­ман — ба­лет «Баль кве­так»). Па­ста­ноў­ка вы­лу­ча­ецца вы­тан­ча­най не­ара­ман­тыч­най сты­ліс­ты­кай, сво­еа­саб­лі­вас­цю ха­рэ­агра­фіч­най лек­сі­кі, па­бу­да­ва­най на сін­тэ­зе кла­січ­на­га, гіс­то­ры­ка-пабы­то­ва­га тан­ца з эле­мен­та­мі экс­прэ­сіў­най плас­ты­кі, вос­трых, лом­кіх поз і ра­кур­саў. Пры­ха­ва­ны дра­ма­тызм зна­хо­дзіў ува­саб­лен­не і ў му­зы­цы (асаб­лі­ва ў парт­ыі са­лі­ру­ючай скрып­кі), і ў кан­трас­най чыр­во­на-чор­най дра­ма­тур­гіі сцэ­ніч­ных стро­яў (аўтар­кай кас­цю­маў вы­сту­пі­ла са­ма На­тал­ля). Усё гэ­та ства­ра­ла надзі­ва цэ­лас­ны мас­тац­кі воб­раз ба­ле­та — воб­раз ад­ы­хо­дзя­чай пры­га­жос­ці, шчым­лі­вай на­ста­ль­гіі і ня­спраў­джа­ных ду­шэў­ных па­ры­ваў. Пад­час пра­гля­ду ду­ма­ла­ся: да­дзе­ны спек­такль мог бы ўпры­го­жыць Ма­лую сцэ­ну на­ша­га Тэ­атра опе­ры і ба­ле­та. Ці шмат у яго рэ­пер­ту­ары на­цы­яна­ль­ных тво­раў?

 

На­сы­ча­ная пра­гра­ма кан­фе­рэн­цыі, вя­лі­кая ці­каў­насць да яе з бо­ку бе­ла­рус­кіх і за­меж­ных удзель­­ні­каў свед­чы­лі, што айчын­ным да­след­чы­кам і пра­кты­кам тан­ца ві­да­воч­на не ха­пае та­кіх пра­фе­сі­яна­ль­ных сус­трэч і раз­моў з ка­ле­га­мі. Да пры­кла­ду, у су­сед­ніх Мас­коў­скай ака­дэ­міі ха­рэ­агра­фіі і Ака­дэ­міі рус­ка­га ба­ле­та імя Агры­пі­ны Ва­га­на­вай роз­на­тэ­ма­тыч­ныя ха­рэ­агра­фіч­ныя кан­фе­рэн­цыі пра­во­дзяц­ца рэ­гу­ляр­на. Мо­жа, вар­та пе­ра­няць гэ­ты дос­вед?