Гэтаму папярэднічала сур’ёзная праца: навучанне і стажыроўкі педагогаў у вядучых цэнтрах сучаснага харэаграфічнага мастацтва Еўропы і ЗША.
Сёлета ў чэрвені адбудзецца першы выпуск спецыялістаў у гэтай сферы. Безумоўна, адной з задач айчыннай харэаграфіі з’яўляецца ўваходжанне ў якасці паўнавартаснага члена ў сусветную танцавальную прастору, таму на кафедры вялікая ўвага надаецца ўдасканаленню прафесійнага майстэрства выкладчыкаў і студэнтаў. Гэтаму спрыяюць і майстар-класы вядомых і маладых перспектыўных харэографаў і педагогаў з розных краін (са студэнтамі ўніверсітэта займаліся спецыялісты з Фінляндыі, Польшчы, Ізраіля, Літвы, ЗША, Эстоніі, Расіі), а таксама замежныя стажыроўкі.
Час апошніх канікул студэнты кафедры харэаграфіі БДУКМ на чале з аўтаркай артыкула вырашылі прысвяціць вывучэнню вопыту ў галіне сучаснага танца, які маюць некаторыя еўрапейскія ВНУ. Да нас далучылася невялікая група навучэнцаў і педагогаў з Віцебскага каледжа мастацтваў, Беларускай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, а таксама харэограф Сяргей Мікель і тэарэтык танца, выкладчыца Акадэміі музыкі Святлана Уланоўская.
Каб задаволіць уласны творчы інтарэс, мы абралі дзве навучальныя ўстановы такога кірунку ў Германіі і Бельгіі, цалкам розныя па арганізацыі адукацыйнага працэсу і вучэбных праграмах, але аднолькава прэстыжныя ў сваёй сферы. З гэтай мэтай была спланаваная адукацыйная праграма з тэмай «Сучасны танец у Еўропе: тэндэнцыі развіцця».
Першым стаў Універсітэт мастацтваў Фолькванг (Folkwang University of the Arts) у горадзе Эсэн-Вердэн, галоўная вышэйшая навучальная ўстанова ў галіне музыкі, тэатра і танца ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, заснаваная ў 1927 годзе. Наш візіт стаў магчымы дзякуючы таму, што сёння Фолькванг на міжнародным узроўні займае вядучыя пазіцыі як партнёр у пытаннях мастацкай адукацыі і практыкі. Ідэя Унівэрсітэта пра мультыдысцыплінарнае супрацоўніцтва як мастацка-педагагічную канцэпцыю не мае аналагаў, яго дэвіз: «Мы адкрытыя для ўсяго свету». Партнёрства, акадэмічныя абмены паміж вышэйшымі адукацыйнымі ўстановамі, а таксама міжнародныя праекты з’яўляюцца незаменным складнікам працэсу навучання і навуковага даследавання, важнымі асновамі стратэгіі Фолькванг.
Знаходжанне ў сценах унікальнай навучальнай установы пакінула вельмі моцнае ўражанне. Вырашальную ролю ў гэтым адыгралі некалькі фактараў. Па-першае, гэта «магія месца», дзе абавязкова штосьці «чапляе» ў ягонай гісторыі. Інакш кажучы, калі сам факт прыезду туды выклікае хваляванне. Фолькванг — месца «намоленае» ў плане прафесійным. Тут вучылася сама Піна Баўш, нямецкая танцорка і харэографка, кіраўніца балетнай трупы Вупертальскага тэатра оперы і балета, культавая фігура ў свеце сучаснага танца. Піна стварыла шмат наватарскіх спектакляў, сярод якіх вылучаюцца «Кавярня Мюлер» і «Сем смяротных грахоў», што праславілі яе на ўвесь свет. Апошні спектакль нам пашчасціла ўбачыць у Тэатры танца Піны Баўш у Вуперталі. Гістарычны будынак былога Вердэнскага кляштара ці абацтва, створанага з ініцыятывы Карла Вялікага, дзе размяшчаецца ўніверсітэт, таксама нікога не пакінуў абыякавым. Акрамя «магіі месца», адчувалі мы і «магію ўзаемаадносін», асаблівую атмасферу, якая захапляе адразу, як толькі пераступаеш парог універсітэта. Танцоўшчыкі з усяго свету на час навучання ўтвараюць сапраўднае братэрства.
Вандруючы з класа ў клас, з пляцоўкі на пляцоўку, абмяркоўваючы ўбачанае і разважаючы пра танец, праводзілі час і ўдзельнікі нашай адукацыйнай праграмы. У Інстытуце сучасных танцаў Універсітэта мастацтваў Фолькванг мы наведалі заняткі па класе імправізацыі, лекцыі і практычныя заняткі па кінетаграфіі (методыка аналізу руху Рудольфа фон Лабана), па тэхніцы Курта Ёса (Jooss-Leder-Technique) і Floor-Technique, па contemporary dance кіраўніцы Інстытута сучасных танцаў, прафесара Малу Айрада (экс-салісткі Тэатра танца Піны Баўш). Малу — самы яркі член педагагічнай каманды, можна сказаць, яе твар.
Сёння Універсітэт мастацтваў Фолькванг працягвае заставацца асноўным цэнтрам танцавальнай адукацыі, і студэнты з усяго свету вывучаюць элементы Танцтэатра — выразнага стылю, які спалучае ў сабе рух, тэкст і драму.
Наступным месцам нашай творчай вандроўкі стаў Цэнтр даследавання і навучання выканаўчых мастацтваў у Бруселі. Тут панавала «магія мастацтва» — гэта якраз тое, дзеля чаго ўсё і ладзілася. Студэнты з розных краін аб’ядналіся, каб несці ў свет свае ідэі з платформы творчага раўнапраўя. Ганна Тэрэза дэ Кеерсмакер — выбітная бельгійская танцорка і харэографка, найбуйнейшая фігура сучаснага танца і стваральніца балетнай кампаніі Rosas, заснавала гэтую школу, вядомую ва ўсім свеце як P.A.R.T.S (Performing Arts Research and Training Studios). Менавіта яе мастацкае бачанне і праца з’яўляюцца крыніцамі натхнення для педагагічнай праграмы P.A.R.T.S.
У адрозненне ад Універсітэта мастацтваў Фолькванг, дзе педагогі працуюць на пастаяннай аснове і доўгія гады, дадзеная навучальная ўстанова запрашае для выкладання дзейных танцоўшчыкаў з сусветна вядомых труп на непрацяглы тэрмін. У выніку студэнты не толькі знаёмяцца з самым шырокім спектрам існуючых сёння тэхнік у сферы сучаснага танца і методык іх выкладання, але і фарміруюць асяроддзе прафесійных кантактаў. Гэта дазваляе ў будучыні лягчэй знайсці выкарыстанне ўласным талентам. Такім чынам вырашаецца важная задача камунікацыі.
Вялікую цікавасць выклікалі ў нас заняткі па класічным танцы ў Элізабет Фарах, выкладчыцы гіракінэза, рэжысёркі і танцоркі Нямецкага нацыянальнага тэатра ў Веймары (Deutsches National theater Weimar); заняткі па сontemporary dance (тэхніка Трышы Браун) Даян Мэдэні, мастацкай кіраўніцы амерыканскай трупы Trisha Brown Dance Company.
Майстар-клас па тэхніцы Ганны Тэрэзы дэ Кеерсмакер даў нам Ігар Шышко, харэограф і танцоўшчык, экс-саліст трупы «Rosas». Дарэчы, ён наш суайчыннік, атрымаў першапачатковую харэаграфічную адукацыю на кафедры харэаграфіі Універсітэта культуры і мастацтваў у Мінску. Ігар паспяхова працуе ў Бельгіі ўжо 20 гадоў, акрамя ўдалай танцавальнай кар’еры на яго рахунку дзясяткі творчых праектаў, высока ацэненых крытыкамі і прызнаных аматарамі сучаснага танца.
У той час, калі мы вандравалі па дарогах Еўропы, выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКМ Мікалай Міхайлаў скіраваўся на Блізкі Усход і стаў удзельнікам адукацыйнай праграмы «Dance Academy Season School 2018» па сучасным танцы ў Ізраілі. У Танцавальнай студыі Naim і Цэнтры С’юзан Далаль (Suzanne Delall Center), якія знаходзяцца ў Тэль-Авіве, ён непасрэдна пазнаёміўся з Gaga-метадалогіяй і рэпертуарам Охада Нахарына (Ohad Naharin). Акрамя таго, у межах інтэнсіў-курса наведаў заняткі па такіх тэхніках сontemporary dance, як floor work, moving around і release.
Охад Нахарын з 1990 года ўзначальвае вядомую трупу «Батшэва» (Batshev) і даўно прызнаны адным з выбітных харэографаў сучаснасці. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам інавацыйнай мовы руху пад назвай «Gaga», якая значна пашырыла межы прыёмаў сцэнічнай тэхнікі. Адной з цікавых асаблівасцяў заняткаў Gaga з’яўляецца адсутнасць у балетным класе люстэркаў (іх наяўнасць — абавязковая ўмова заняткаў іншымі напрамкамі харэаграфічнага мастацтва). Ад люстэркаў адмовіліся, каб танцоўшчык мог засяродзіцца на ўнутраных цялесных адчуваннях, а не факусаваў увагу на адлюстраванні танцуючага цела ў люстэрку. Гэта як глядзець на свет наўпрост і праз аб’ектыў відэакамеры.
Вынік гэтых стажыровак — нашы разважанні пра тое, што стараннае выхаванне цела як выразнага інструмента — неад’емная праца артыста, незалежна ад танцавальнага напрамку. Што натуральнае цялеснае выказванне абавязкова павінна мець мастацкую форму, а аналізу таго, як ідзе працэс фармавання мовы сучаснага харэографа, варта надаваць больш увагі. Але галоўнае — неабходна даследаваць сваё, нацыянальнае ва ўсіх яго праявах з пазіцый найноўшага мастацтва i выказваць яго мовай сучаснага танца. Не баючыся эксперыментаваць і памыляцца ў пошуках свайго шляху.
Святлана Гуткоўская