Абраны матэрыял патрабуе ад мастака актыўнага асацыятыўнага мыслення, інтэлектуальнай і пачуццёвай насычанасці ўнутранага свету. Аўтарка апісвае сваю тэхніку як спалучэнне нізкага рэльефу з жывапісна-графічнай прапрацоўкай і імкнецца дзеяць у рамках традыцыйных жанраў.
Скура валодае адметнай выяўленчасцю, блізкай да рэльефу. Вылучэнне дэталяў кампазіцыі адбываецца за кошт не толькі аб’ёму ці колеру, але і фактуры. Выкарыстоўваецца рытміка гладкіх і драпіраваных плям. Лінейная аснова твора фармуецца зморшчынамі ці падваротам скуры, заўсёды абыгрываюцца яе натуральныя дэфекты — расколіны. Каштоўнасцю становіцца любая форма браку: недафарбоўка, механічныя пашкоджанні падчас вырабу...
Выстава ў мастацкім музеі рэтраспектыўная і дазваляе параўнаць розныя этапы. У першым адрэзку творчасці (1992—1997) аўтарка распрацоўвала тэму «Скура і графіка», а да выставы 1997 года з’яўляюцца партрэты з прысвячэннем Мадзільяні. Серыя «Паэзія чорнага колеру» (1994) з чатырох работ ( «Шлях у ночы», «Пакаянны псалом», «Бар’ер» і «Мітусня») адлюстроўвае ўнутраны стан мастачкі ў пэўны перыяд, а выяўленчы лаканізм вызначаны матэрыялам — чорнай скурай. У мяне гэтая серыя выклікае ў памяці радкі верша Міхаіла Лермантава «Выхожу один я на дорогу», якія маюць іншыя тэмперамент і дынаміку, чым укладзеныя ў вобраз Карчажкінай, але дакладна трапляюць у яго танальнасць.
«Шлях у ночы» нараджае асацыяцыі з радком «Сквозь туман кремнистый путь блестит…». Начная дарога вылучаецца выцягнутай клінаватай формай плямы з сінню ў ззянні чорнага колеру. «Пакаянны псалом» нагадвае «Ночь тиха. Пустыня внемлет Богу...». Цёплая хваля малітоўных спеваў, што пашыраецца ад зямлі да неба, зыходзіць не ад чалавека, а ад саміх сіл прыроды. «Бар’ер» — «Уж не жду от жизни ничего я…». Безвыходнасць, якая змяшчаецца ў прыведзеным радку, перагукаецца з непераадольным бар’ерам, што не толькі абмяжоўвае магчымасць любога руху, але сведчыць пра страчаную надзею, з чым лёгка звязваецца чорны колер. «Мітусня» — «Я б желал свободы и покоя...». Прадстаўленая мітусня, як стыхія, набыла смерчападобную форму. Гэта тое, што здольнае парушыць плаўны рух быцця.
У 1996—1997 гадах мастачка стварае цыкл партрэтаў з прысвячэннем Амадэа Мадзільяні. У працах прачытваюцца стылістычныя прыёмы знакамітага мадэрніста: лінейная аснова кампазіцый, лакальныя колеравыя плямы.
Для другога пяцігадовага перыяду (1998—2002) характэрны зварот да аголенай натуры і нацюрморта. Асноўнымі тэматыка-стылявымі пошукамі трэцяга адрэзка (2002—2007) сталі эксперыменты з агульным вызначэннем «жывапіс у скуры». Значную і найбольш маляўніча-яркую частку выставы Таццяны Карчажкінай складаюць творы, зробленыя на працягу апошніх пяці гадоў (2012—2017) — новы зварот да «жывапісу ў скуры».
Аўтар вяртаецца да старой тэмы — «Поры года» (2014), — раскрываючы выяўленчыя магчымасці матэрыялу. Каларыстычнае рашэнне будуецца на суадносінах цёплых і халодных адценняў светлых бэжавых тонаў, іх налічваецца пяць, што і спараджае відавочную маляўнічасць серыі.
У 2010 годзе Карчажкіна пачынае яшчэ адну групу «жывапісных партрэтаў» і зноў з прысвячэннем Мадзільяні, якую завяршае ў 2017. Чатыры кампазіцыі — гэта чатыры вобразы са знаёмым ужо спосабам стылізацыі, што ўзмацняюць вытанчанасць мадэляў. Відавочную дэкаратыўнасць работам надае выкарыстанне скуры яркіх колераў, багацце ўпрыгожанняў і кідкіх дэталяў. Праз колер і тоны перадаецца сувязь кожнай гераіні з порамі года.
Падрабязнае знаёмства з выставай дазваляе прасачыць, як аўтарка развівала выяўленчыя магчымасці скуры — ад фармальных кампазіцый у пачатку 1990-х да традыцыйных жывапісных жанраў, ад прытрымлівання ідэі, што дыктуецца матэрыялам, да стварэння складаных тэматычных прац.
Таццяна Карчажкіна шмат робіць для папулярызацыі гэтага незвычайнага віду творчасці: рэгулярна праводзіць майстар-класы для ўсіх жадаючых, шчодра дзеліцца назапашаным досведам. Рыхтуе да выдання кнігу, у якой раскажа пра свой немалы вопыт, заснаваны на глыбокім веданні мастацтва, тонкім гусце, тэхнічным майстэрстве і нічым не скаваным уяўленні.
Генадзь Благуцін