Гродна, Ружан, Кабылак, Варшавы… Таму нядзіва, што персідскія дываны XVI—XVII стагоддзяў, упершыню рэпрэзентаваныя на Парыжскай Сусветнай выставе ў 1878 годзе (Exposition Universelle de 1878) са збораў князя Чартарыйскага і графа Харынскага, тут жа былі прыпісаны да культурных здабыткаў Рэчы Паспалітай і займелі адпаведную назву «польскія дываны» (polonaise carpet). Пазней, у 1910 годзе, у Мюнхене праходзіла цудоўная выстава «Шэдэўры ісламскага мастацтва», на якой былі паказаны 16 такіх старажытных дываноў у вельмі добрым стане. Гэты цуд належаў кронпрынцу Баварыі Рупрэхту Марыі Луітпольду Фердынанду з дому Вітэльсбахаў, і артэфакты захоўваліся ў радавой рэзідэнцыі Вітэльсбахаў у Мюнхене. На той выставе мастацкія тканіны незвычайнай прыгажосці былі залічаны да гістарычных здабыткаў усходняга тэкстылю і вылучаны ў асобнае адгалінаванне — «польскія дываны». Вось як апісваў гэтыя творы вядомы спецыяліст па ўсходнім мастацтве, генеральны консул Германіі ў Персіі Карл фон Меер-Пунтэр у даследаванні 1917 года: «Усходнія тканіны — прыклад высокага мастацтва, якое развівалася ў Персіі ў XVI—XVII стагоддзях. Гэта быў перыяд панавання шахскай дынастыі Сефевідаў (1501—1722). Дываны відавочна былі вытканы па спецыяльных замовах на падарункі замежным асобам. Ядвабная тканіна багата ўпрыгожана залатой і срэбранай ніткай. Паводле падання, нейкі Маджарскі змагаўся ў войску Асманскай імперыі супраць караля Сабескага пад Венай. Апошні захапіў Маджарскага ў палон і той некалькі год працаваў на (каралеўскай) ткацкай мануфактуры. Потым быў вызвалены з палону і перадаваў сваё майстэрства мясцовым ткачам. Усе яго дываны пазначаны літарай «М»».
Дзякуючы сучасным гістарычным даследаванням нам вядома, што слынны майстар слуцкіх паясоў Ян Маджарскі (Аванэс Маджаранц) быў армянскага паходжання і працаваў на радзівілаўскай «персіярні» з 1757 года — гэта па часе аніяк не стасуецца з эпохай Яна Сабескага. Але адчуйце смак авантуры: якая інтрыга і таямніца былі закладзены ў другой палове ХІХ стагоддзя для гістарычнага і мастацкага вызначэння «polonaise carpet» калекцыянерамі і гарачымі апекунамі сармацкай культуры князямі Чартарыйскімі! Трэба дадаць, што яны былі не адзінокія ў сваіх перакананнях. Прывязка такіх дываноў да Рэчы Паспалітай, асабліва з сігнатурай «М», была памылкова выказана яшчэ адным вядомым калекцыянерам армянскага паходжання Хагорам Геверкянам, заснавальнікам Галерэі ісламскага мастацтва ў Нью-Ёрку, якая існуе і да гэтага часу.
На фотаздымках гістарычных здабыткаў Рэчы Паспалітай, якія зрабіў у 1891 годзе кракаўскі фатограф Ісаак Крэйгер, іх арыгіналы захоўваюцца ў Аўстрыйскім музеі прыкладнога мастацтва ў Вене, некаторыя з дываноў так і пазначаны — «польскі дыван, так званы Маджарскага, XVIII стагоддзя» (з калекцыі Марыяна Роска-Багдановіча, заможнага шляхціца з Камянца-Падольскага, шамбеляна аўстрыйскага імператара).
Такім чынам, у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў навуковым асяроддзі па вывучэнні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Персіі, асабліва мастацкіх тканін XVI—XVII стагоддзяў, была паднятая такая авантурная хваля пра існаванне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай (у большасці ўзгадваецца наш славуты Слуцк) мануфактуры па вырабе цудоўных старажытных дываноў, што і да сённяшняга дня ў рэестры персідскіх тканін ёсць спецыяльнае адгалінаванне — «польскія дываны». І многім мастацтвазнаўцам цягам мінулага стагоддзя давялося прыкласці шмат намаганняў, каб парасстаўляць усе кропкі над «і», вызнаючы: што ж насамрэч хаваецца за сармацкім словазлучэннем — polonaise carpet.
Энцыклапедыя Britannica ў 1911 годзе так пісала пра гэтыя дываны: «Цікавай групай дываноў, якія нядаўна сталі вядомыя сярод вучоных і калекцыянераў, з’яўляюцца так званыя «польскія дываны», што відавочна паходзяць з Усходу. Шмат такіх дываноў захоўваюцца ў прыватнай калекцыі князёў Чартарыйскіх у Кракаве. У арнаментах сустракаюцца і шляхецкія гербы, але, відавочна, гэтыя дываны былі вытканы ў Канстанцінопалі ці Дамаску, а не на мануфактуры Маджарскага ў Sleusz (Слуцку) у Польшчы». Арабскія крыніцы: «Першымі пакупнікамі дываноў з Ісфахана і Кашана ў эпоху шаха Абаса І (1571—1629) і шаха Сафі І (1611—1642) былі палякі. Але лічылася, што дываны на Парыжскай выставе 1878 года былі вытканы на славянскай мануфактуры Маджарскага ў Slucz (Слуцку)».
Музей «Метраполітэн», які валодаў вялікай калекцыяй polonaise carpet, не толькі адгукнуўся ў 1910 годзе на рыторыку паходжання гэтых цікавых тканін, але і пералічыў самыя вядомыя прыклады такіх артэфактаў (The So-Called Polish Rugs, Author: Wilhelm R. Valentiner, Source: The Metropolitan Museum of Art Bulletin, Vol. 5, No. 12 (Dec., 1910), pp. 282—283): «Так званыя «польскія дываны», якія безумоўна маюць персідскае паходжанне, цяпер захоўваюцца ў замку Розенберг у Капенгагене. Ці даказвае прысутнасць на такіх дыванах гербоў шляхты Рэчы Паспалітай іх польскае паходжанне? Напэўна не. Напрыклад, разгледзім дыван з рэзідэнцыі Вітэльсбахаў у Мюнхене, які быў у пасагу Ганны Кацярыны Канстанцыі Вазы. Па замове караля Жыгімонта ІІІ гэты дыван упрыгожвае герб Рэчы Паспалітай — Белы арол і Сноп роду Вазаў. Персідскі майстар так выткаў Белага арла, што ён больш падобны да пялёстак раслін, а сноп Вазаў ператварыўся ў блакітную кветку лілеі. Гэта адзін з многіх дываноў, якія былі замоўлены польскім каралём Жыгімонтам ІІІ у Персіі. І тут ёсць яшчэ адзін момант, што даказвае персідскае паходжанне дываноў. Ядвабныя тканіны з мануфактуры Маджарскага ўжо добра вядомы і дакладна вывучаны. Нідзе і ні ў якіх гістарычных крыніцах няма згадак аб вытворчасці ядвабных дываноў у Рэчы Паспалітай пачынаючы з XVI стагоддзя».
Сучасная навуковая італьянская крыніца ў кантэксце паходжання «польскіх дываноў» таксама ўзгадвае наш славуты Слуцк («Tappeti Orientali Caucasici Persiani» di Doris Eder e Erich Aschenbrenner, Milano Sonzogno 1989): «Падчас валадарства Сафевідаў з’явіліся так званыя «польскія дываны». Яны ўпершыню відавочна паказалі цесную сувязь гандлёвых і палітычных стасункаў між Еўропай і Азіяй. З 1878 года за такімі дыванамі замацавалася назва «польскія»». Некаторыя з іх нават мелі герб князёў Чартарыйскіх. У той час лічылася, што гэта праца майстра Маджарскага і яго мануфактуры ў Slucz (Слуцку), дзе ў XVIII стагоддзі ткаліся цудоўныя ядвабныя тканіны з залатой і срэбранай ніткай. Пазней, у Вене ў 1892 годзе, было рэпрэзентавана ўжо шмат такіх «польскіх дываноў», якія належалі многім знакамітым шляхецкім дамам Еўропы: імператару Аўстрыі, каралю Саксоніі, прынцу Ліхтэнштэйна. Між тым узнікла здагадка, што такая колькасць дываноў магла быць выраблена толькі майстрамі дзесьці паблізу Асманскай імперыі. Гэтая гіпотэза была пацверджана на выставе 1910 года «Шэдэўры ісламскага мастацтва», якая праходзіла ў Мюнхене, дзе ўжо было паказана багата такіх дываноў з калекцыі Баварскага кронпрынца Рупрэхта. На выставе магчыма было ўбачыць цудоўныя ядвабныя дываны, вытканыя па загадзе караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы. Пасля 1642 года яны, як каштоўны пасаг, сталі ўласнасцю дома Вітэльсбахаў па шлюбе дачкі караля Ганны Кацярыны Канстанцыі Вазы і курфюрста Пфальца Філіпа Вільгельма. Большасць дываноў «польскага тыпу» з гэтай калекцыі мае ўсходнія карані, як ваенныя трафеі ў бітвах з Асманскай імперыі.
Выснову можна зрабіць наступную. «Польскія дываны» (polonaise carpet) маюць усходняе паходжанне — іх радзіма Персія. Росквіт іх вытворчасці прыпаў на эпоху Сефевідаў, гэта час панавання шаха Абаса І і шаха Сафі І. Дываны ткаліся з ядвабу ў знакамітых персідскіх цэнтрах па вытворчасці мастацкіх тканін: у Ісфахане і Кашане. Ад другога арыентальнага мастацкага тэкстылю таго часу такія дываны адрозніваюцца выкарыстаннем срэбраных (якія з цягам часу пацямнелі) і залатых нітак, а таксама сумяшчэннем у арнаментыцы ўсходніх і еўрапейскіх матываў: хрысціянскай сімволікі, шляхецкіх ці дзяржаўных гербаў. У дыванах эпохі Тахмасіба і срэбраныя і залатыя ніткі ўжываліся фрагментарна, толькі часткова ў кветках і пальметах, а ў «польскіх дыванах» золатам і срэбрам ткаліся ўжо цэлыя фоны. Звычайна іх арнамент складаўся з чатырох частак, што азначае люстраны адбітак малюнка арнаменту па гарызанталі і вертыкалі. У арнаменце найчасцей ужываліся такія стылізаваныя элементы, як клінок, арабеска, пальмета; з раслінных матываў: трыліснік, пупышка, павойныя кветкі з вусікамі. Арнаментальная кампазіцыя цэнтра, як правіла, па контуру засланялася бардзюрам, які па стылістыцы працягваў матыў цэнтра. На адзін квадратны сантыметр «польскага дывана» прыпадае 36-40 вузельчыкаў. Асобна магчыма вылучыць групу дываноў з арнаментам «кітайскі кажан», дзе абрыс цёмных пальметаў насамрэч трохі падобны да цені кажана. Кампазіцыя арнаменту такіх дываноў складаецца з вертыкальных радкоў арабесак, што мяняюцца па чарзе ў дыяганальным напрамку з пальметамі «кажаноў», якія адлюстроўваюцца адзін да аднаго і пераходзяць з рада ў рад. Бардзюр такога дывана ўпрыгожаны больш лапідарным арнаментам, які ўяўляе з сябе памаранчавыя ці вердрагонавыя трыліснікі на срэбраным фоне. Ва ўсіх музейных зборах вядома толькі восем «польскіх дываноў» такога тыпу. Імаверна, што першапачаткова мастацкія тканіны з арнаментам «кажан» ткаліся парамі і самая вядомая з іх захоўваецца ў замку Скокластар (Швецыя).
На прыкладзе з’яўлення ў Рэчы Паспалітай самых вядомых «польскіх дываноў» з пасагу дачкі караля Жыгімонта ІІІ Вазы, Ганны Кацярыны Канстанцыі Вазы магчыма прасачыць цяжкі і авантурны шлях першых мастацкіх твораў з Кашана на сваю новую радзіму.
Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя князь Чартарыйскі лічыў, што дзівосныя старажытныя «польскія дываны» з’явіліся ў яго зборы дзякуючы слыннаму майстру Яну Маджарскаму, то ў некаторым сэнсе ён меў рацыю — да нараджэння гэтых мастацкіх тканін таксама прыклалі руку армяне. Дыпламатыя і гандлёвыя стасункі Рэчы Паспалітай у напрамку Турцыі і Ірана XVI—XVII стагоддзяў у значнай ступені развівалася дзякуючы армянам, якія прыйшлі на каралеўскую службу з вялікім скарабам спецыфічных ведаў, набытым імі ў шматгадовай працы на Усходзе. Усё гэта разам прыносіла армянам поспех у дыпламатычных даручэннях і як вынік — добрыя сувязі ў эканамічных і палітычных колах між Рэччу Паспалітай і Усходам.
Самы вядомы з даручэнцаў польскага каралеўскага двара быў Сефер Муратовіч (?—1631), армянскі купец і дыпламат Рэчы Паспалітай. Нарадзіўся ён у Карахісары на мяжы Персіі і Турцыі. Паводле архіўных крыніц у 1596 годзе з’явіўся ў Львове — як купец мясцовых армян. І праз некаторы час дзякуючы сваім шматлікім сувязям і спрытнаму нораву бойкага гандляра стаў вядомы ў Варшаве і пры каралеўскім двары. Дарэчы, шмат армян працавала пры каралеўскай канцылярыі, як тлумачы, перакладчыкі, асабістыя пасланнікі: Аванэс Рамашковіч, Івашка і Сімон Вартэрысовічы і іншыя — усё гэта спрыяла добрай пратэкцыі Сефера Муратовіча. У той час нават склалася показка: «Partim Polanian occupant Armeni» — часткай Польшчы валодаюць армяне. Таму не дзіва, што паслугамі Муратовіча як дыпламата і гандляра вырашыў скарыстацца сам кароль Жыгімонт ІІІ. У 1601 годзе ён выправіў пасланніка ў Персію з наказам: для аздаблення сваёй новай варшаўскай рэзідэнцыі прыдбаць на Усходзе тамтэйшых дзівосаў — тканін, дываноў, намётаў і шабель. Ну, і між гандлёвымі справамі, кароль тайна наказаў свайму шпегу наладзіць добрыя сувязі з Персіяй, каб збудаваць у далейшым звяз супраць Асманскай імперыі, бо стасункам між Варшавай і Ісфаханам увесь час перашкаджала Масква, якая ўсяляк замінала ўсталяванню антыасманскай кааліцыі.
Пасля 158 дзён небяспечнай вандроўкі праз Каўказ і Ерэван Муратовіч нарэшце прыбыў з Варшавы ў Кашан, персідскі горад — цэнтр вытворчасці і гандлю ядвабнымі вырабамі. У вандроўцы дыпламата ахоўвала грамата караля і словы аб тым, што ён толькі выконвае замову польскага манарха на закуп экзатычных тавараў. «…Абы для Ягамосці Караля набыў дарагіх камянёў, некаторыя рэчы і асабісты намёт», — так пісаў дыпламат у сваіх запісках аб гэтым падарожжы пазней. Падчас росшуку лепшых мастацкіх тканін і чакання, пакуль дываны з гербамі Рэчы Паспалітай будуць вытканы, Муратовіч праз сваіх супляменнікаў быў адрэкамендаваны шаху Абасу І і наведаў яго палац у Ісфахане. Там на аўдыенцыі Муратовіч выканаў асноўную сваю місію — перадаў усходняму манарху нагоду караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ наладзіць добрыя стасункі з Персіяй.
Пасля вяртання ў Варшаву ў 1602 годзе Муратовіч за цудоўна выкананае каралеўскае даручэнне атрымаў ад Жыгімонта ІІІ прывілей на імпарт тавараў з Усхода, а ў 1613 годзе быў набіляваны ў шляхецтва пад вызваннем Севярын. Такім жа чынам многія армяне за заслугі, у большасці за развіццё гандлю і рамесніцтва, атрымалі ад польскіх каралёў шляхецтва, у тым ліку і Маджарскі. Частка дываноў, прывезеная Сеферам Муратовічам у 1602 годзе, праз 40 год была перададзена каралём Жыгімонтам ІІІ як пасаг сваёй дачцэ ў дзень яе вяселля з курфюрстам Пфальца Філіпам Вільгельмам. На дзіва, гэтыя дываны зберагліся да сённяшняга дня і захоўваюцца ў Мюнхенскай каралеўскай рэзідэнцыі. Каштоўныя мастацкія тканіны, прывезеныя адважным пасланнікам, сталі прыкладам аздаблення сядзіб у сармацкім стылі не толькі ў самой Кароне, але і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Мяркую, што шматлікія нашы славутыя замкі і палацы, кшталту Нясвіжа, Ружан, Гальшанаў таксама мелі ў сваіх пакоях замоўленыя цуды з Ісфахана і Кашана — магчыма, нават з гербамі ўладароў. У пачатку XVII стагоддзя на арыентальныя рэчы з’явіўся попыт, які забяспечылі армянскія купцы. З цягам часу персідскія дываны з радавымі шляхецкім гербамі перадаваліся з пакалення ў пакаленне як каштоўная сямейная рэліквія і ў памяці нашчадкаў праз пару стагоддзяў ужо прапраўнукі ўспрымалі старажытныя тканіны як неразрыўную тутэйшую сармацкую спадчыну. Лепшых тутэйшых тканін, чым са Слуцку, не было ў Рэчы Паспалітай, таму і прыпісалі цудоўныя творы дэкаратыўнага мастацтва да слуцкай персіярні на чале з Маджарскім.
Асноўным спажыўцом персідскіх дываноў у XVI–XVII стагоддзях была якраз Рэч Паспалітая, тады як у Еўропе больш папулярныя былі анаталійскія вырабы ткацтва з Турцыі. Тут, напэўна, мела месца і палітычная падстава, бо Турцыя і Персія шмат стагоддзяў не сябравалі між сабой, таму генуэзскім купцам было лягчэй везці тавар са Стамбула, чым з Ісфахана.
«Польскіх дываноў» канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў на сённяшні дзень збераглося ў свеце па музеях, палацах і прыватных калекцыях недзе каля трох соцень. Прыстойнымі калекцыямі такіх артэфактаў валодаюць: згаданая вышэй рэзідэнцыя Вітэльсбахаў у Мюнхене; Музей «Метраполітэн», дзе захоўваецца знакаміты дыван князя Чартарыйскага; Рэйксмюзеум у Амстэрдаме валодае першым з польскіх дываноў з пасагу дачкі Жыгімонта ІІІ; Музей прыкладнога мастацтва ў Вене можа пахваліцца добрым зборам польскіх дываноў, паходжанне якіх хутчэй з вядомай шляхецкай калекцыі Марыяна Роска-Багдановіча (1862—1955); некалькі дываноў з гербам Рэчы Паспалітай знаходзяцца ў кракаўскім Вавелі; у Баварскім нацыянальным музеі захоўваюцца некалькі «польскіх дываноў», у тым ліку цікавы дыван 1667 года з гербам сям’і Яна Казімежа Крэткоўскага, 1634—1676 (герб Даленга) і Катажыны Лукрэцыі Гулдэнштэрн, 1640—? (герб Гулдэнштэрн, дачкі гданьскага кашталяна). Ёсць дываны такога тыпу ў Эрмітажы (дзякуючы калекцыі барона Аляксандра фон Шцігліца, у якой налічвалася аж тры «паланэзы» — адзін з Ісфахана і два з Кашана) і ў Збройнай палаце маскоўскага Крамля.
Вельмі шкада, што ў беларускіх музеях няма аніводнага так званага «polonaise carpet» XVI—XVII стагоддзяў, якія бясспрэчна былі ў інтэр’ерах нашых замкаў і палацаў. У лепшым выпадку ў экспазіцыях сучасныя рэплікі з Ірана ці Турцыі. Набыць на сусветных аўкцыёнах сапраўдны «польскі дыван» эпохі Сефевідаў — вялікая ўдача. Напрыклад, самы каштоўны артэфакт такога тыпу, памерам 170х230 см, быў прададзены на аўкцыёне «Крысці» ў Нью-Ёрку ў 2008 годзе за 4 450 000 долараў, а на нядаўнім аўкцыёне «Сотбіс» у Нью-Ёрку ў 2015 годзе «польскі дыван» з калекцыі італьянскага караля Умберта ІІ (1904—1983) пайшоў за 790 000 долараў. Ці знойдуцца ў нас ахвярадаўцы на такія лічбы? Або, можа, зноў, як у 1950-х, узнікне пытанне: ці маюць «polonaise carpet» дачыненне да нашай гісторыі?..
Ігар Сурмачэўскі