У ПСІХАЛОГІІ ПАНЯЦЦЕ «СУБЛІМАЦЫЯ» ТРАКТУЕЦЦА ЯК ПРАЦЭС ПЕРАЎТВАРЭННЯ І ПЕРАНАКІРАВАННЯ ЭНЕРГІІ НА САЦЫЯЛЬНУЮ АКТЫЎНАСЦЬ І ТВОРЧАСЦЬ. ДЛЯ СЛАБОДЧЫКАВА АДЧУВАННІ, ПАЧУЦЦІ, ІДЭІ ПЕРАНОСЯЦЦА Ў ЗАСТЫЛУЮ ФОРМУ, У СПЫНЕНЫ ВОБРАЗ, ЖЭСТ. З ПУНКТУ ГЛЕДЖАННЯ ФІЗІКІ, СУБЛІМАЦЫЯ (УЗГОНКА) — ПЕРАХОД РЭЧЫВА З ЦВЁРДАГА СТАНУ АДРАЗУ Ў ГАЗАПАДОБНЫ, МІНУЮЧЫ ВАДКІ. ГЭТА НЕВЕРАГОДНА СКЛАДАНАЯ ЗАДАЧА ДЛЯ ТРОХМЕРНАГА ПЛАСТЫЧНАГА МАСТАЦТВА. ПРАЦУЮЧЫ НАД СВАІМІ ТВОРАМІ, УЛАДЗІМІР СЛАБОДЧЫКАЎ ШУКАЕ АСАБЛІВУЮ МОВУ, КАБ ПАКАЗАЦЬ ШМАТГРАННАСЦЬ АБ’ЕКТА, ЯГО ЗДОЛЬНАСЦЬ УВАСАБЛЯЦЬ НЕ КАНКРЭТНАЕ, А АБСТРАКТНАЕ ПАНЯЦЦЕ. ГЛЯДАЧ АСЭНСОЎВАЕ МАТЭРЫЯЛЬНАСЦЬ СКУЛЬПТУРЫ, АЛЕ ВІЗУАЛЬНА СЧЫТВАЕ ЯЕ НЕРЭАЛЬНАСЦЬ, УМОЎНАСЦЬ, СІМВАЛІЗМ.
Дыяпазон праектаў Слабодчыкава ўражвае: ад камернай пластыкі да маштабных манументальных помнікаў, усталяваных на радзіме і за мяжой. Творца заявіў пра сябе ў пачатку 1970-х. Яшчэ ў гады вучобы на аддзяленні скульптуры ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) ён пачынае ўдзельнічаць у выставах (1973). Актыўная сацыяльная пазіцыя выяўляецца ў правядзенні скульптурных пленэраў у Мінску (першы — у 1988 годзе), у штодзённай педагагічнай дзейнасці. З 1975-га Слабодчыкаў выкладае, а з 1989-га — узначальвае кафедру скульптуры ў Акадэміі мастацтваў пасля легендарных Андрэя Бембеля і Анатоля Анікейчыка. З 1983 года Слабодчыкаў — сябра Беларускага саюза мастакоў (у 1988 — 1989 і 2005 — 2008 ачаляў секцыю скульптуры). На сённяшні дзень ён, як аўтарытэтная асоба, прымае актыўны ўдзел у галоўных стратэгічных рашэннях Саюза мастакоў, мае мноства дзяржаўных узнагарод, а ў 2011-м удастоены звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь». Прафесар Слабодчыкаў з’яўляецца Ганаровым членам Расійскай акадэміі мастацтваў і членам Каралеўскага таварыства брытанскіх скульптараў.
Лейтматыў яго творчасці — чалавек як філасофская катэгорыя. Такія вобразы, як мужчына, жанчына, дзіця, сям’я, мацярынства, творца, ва ўсе часы былі важнымі архетыпамі ў свядомасці чалавецтва, для іх увасаблення скульптар распрацоўвае ўласныя прыёмы. Калі перад Уладзімірам Слабодчыкавым стаіць задача стварыць партрэт канкрэтнага чалавека (дзед, мастак ХIХ стагоддзя Валенцій Ваньковіч, старажытнагрэчаская паэтка Сапфо, легендарны Дон Кіхот, беларуская актрыса Стэфанія Станюта, швейцарскі скульптар Альберта Джакамеці), ён знаходзіць пераканальную форму, выразную дэталь-знак і даводзіць характар да сімвалічнага гучання.
Скульптар часта распрацоўвае станы-алегорыі: каханне, боль, палёт, раўнавагу, цішыню, аплакванне, роздум — яркія эмацыйныя перажыванні, у якіх заўсёды ёсць свае адметныя пластычныя рысы. Ствараючы тэматычныя вобразы хлеба, яблыка, вярбы, змяркання, вечара, пор года, прафесіі, творчасці, важна знайсці яркае пераўвасабленне з інтэнсіўным эмацыйным адценнем. Выкарыстоўваючы ўмоўныя абагульненні, Уладзіміру Слабодчыкаву ўдаецца перадаць адрозненні ў розных эпохах і нацыянальных прыкметах: архаічным танцы, спадчыне, старажытных цывілізацыях.
Уладзімір Слабодчыкаў — мастак-даследчык. Займаючыся трансфармацыяй вобраза і тэмы, аўтар здолеў выкшталтаваць пазнавальную мову. Яго скульптура мае выразны сілуэт, а паверхня і пластыка спалучаюць такія прыёмы, як суадносіны экспрэсіўнай лепкі з выразным геаметрызмам контураў і адкрытай прасторай. Часта мастак дасягае такога спалучэння, уводзячы ў свае кампазіцыі рашэцістыя структуры. Рашотка, якая пачынаючы з ХХ стагоддзя стала адной з эмблем авангардных эксперыментаў у мастацтве, атрымлівае ў працах Слабодчыкава новае прачытанне. Рашоткі тут — гэта не жорсткія структуры, яны паветраныя, лёгкія, звычайна перадаюць стан накіраванасці, палёту. І нават калі кампазіцыя быццам «абапіраецца» на рашэцістую структуру ці «нанізваецца» на яе, гэта не дае адчування цяжкавагавай ураўнаважанасці, супакою, а, наадварот, выклікае галавакружнае пачуццё няпэўнасці, зменлівасці, рухомасці. Нібы алегорыя ваганняў паміж матэрыяльным і духоўным. Тут ідэальна падыходзіць заўвага вядомага амерыканскага аналітыка сучаснага мастацтва Разалінды Краўс: «Міф рашоткі заключаецца ў тым, што яна прымушае нас думаць, быццам мы маем справу з матэрыялізмам, з навукай, з логікай, адначасова адводзячы нас у сферу веры, ілюзіі, фантазіі». І, мабыць, гэтая трыяда — вера, ілюзія, фантазія — характарызуе ўсю творчасць Уладзіміра Слабодчыкава.
Перавага суб’ектыўнасці — галоўнае дасягненне сучаснай культуры. Свабода асобы і яе выказванне застаюцца цэнтральнай катэгорыяй мастацтва. Адсюль і высокая мера адказнасці за кожны твор. Уладзімір Слабодчыкаў сфармаваў свой прынцып на гарманічна-пачуццёвай карціне міра, у якой на першы план вылучаецца менавіта творца.
Вольга Архіпава