Віктар Гаўрылаў. Бачыць прыгажосць...

№ 4 (301) 01.04.2008 - 30.04.2008 г


Таленавіты мастак, педагог, які аддаў сорак гадоў выхаванню моладзі ў Львоўскім інстытуце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адораны тэарэтык, кандыдат мастацтвазнаўства, які займаецца праблемамі прафесійнай і народнай творчасці. Майстар, які заклаў аснову вытворчасці беларускага фарфору. Дызайнер, грамадскі дзеяч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі абаяльны, шчыры, адкрыты чалавек…
Віктар Гаўрылаў заўжды імкнуўся спалучаць творчы працэс з тэхналогіяй. Многія яго творы можна разглядаць як эксперыментальныя. Яшчэ ў дыпломнай рабоце «Вясельны сервіз», выкананай ў тэхніцы зялёнай пацёчнай палівы, мастак дамогся незвычайнага ізумруднага колеру, падобнага на «халодны» агонь. Ён стварыў унікальную палітру мазаікі на крэалітавай аснове, у якой спалучылася больш за дзве тысячы колераў з расцяжкай да дваццаці тонаў кожнага з іх. Гэтая палітра давала магчымасць ствараць рэчы не толькі манументальнага, але і станковага жывапісна-мініяцюрнага накірунку. Каляровыя алоўкі, якія вынайшаў Віктар Гаўрылаў на аснове гуміарабіку і пігментаў падглазурных фарбаў, дазволілі працаваць па керамічнай паверхні пастэльнай тэхнікай. Пра гэтыя і многія іншыя тэхналагічныя эксперыменты расказвалася ў часопісе «Декоративное искусство СССР», вынікі іх экспанаваліся на розных выставах. Апошнімі гадамі ў Віктара Георгіевіча з’явілася цікавасць да архітэктурнай керамікі, з дапамогай якой можна ўводзіць спецыфічныя акцэнты ў прасторавае асяроддзе. Гэтую тэму ён вывучае сёння на кафедры інтэр’ера і абсталявання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У Віктара Гаўрылава ёсць арыгінальныя інтэр’ерныя распрацоўкі, у тым ліку ў Мінскім інстытуце ўдасканалення ўрачоў, дзе вельмі ўдала вырашаны фантан з выкарыстаннем керамічных аб’ёмаў, а таксама дзверы-рашоткі з дэкаратыўнымі чаканымі ўстаўкамі. Адначасова мастак займаецца «станковымі» формамі, найбольш удалыя дэкаратыўныя талеркі, вазы, пласты, кампазіцыі можна было ўбачыць у музеі Беларускай акадэміі на персанальнай выставе мастака, прысвечанай 80-годдзю з дня яго нараджэння.

 Давайце зазірнем у гісторыю і прыгадаем 1960-я гады. Для Беларусі гэта быў час станаўлення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адкрылася адпаведнае аддзяленне ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, куды прыехалі працаваць вашы настаўнікі і калегі Міхаіл Бяляеў і Тарас Паражняк. Неўзабаве ў Мінск з Львова пераехалі і вы. Што падштурхнула да такіх значных перамен у жыцці?
-- Задайце сабе пытанне: чаму ў Беларусі менавіта ў той час гэтак бурна стала развівацца прыкладное мастацтва? Чаму тут асталявалася столькі выдатных спецыялістаў у гэтай галіне? У 1961 годзе выйшла пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР аб пераводзе ўсяго дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на прамысловыя рэйкі. Гэта быў моцны штуршок «зверху», які прымусіў кіраўніцтва рэспублікі прымаць адпаведныя меры. Трэба было наладжваць прафесійную вытворчасць, арганізоўваць адукацыйны працэс.
Міхаіл Міхалап, першы дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея, яшчэ ў 1930-я гады адкрыў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме майстэрню дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аднак вопыт гэты быў не вельмі ўдалы, магчыма таму, што сам Міхалап не ведаў прамысловасць і скіроўваў навучэнцаў не да масавай вытворчасці, а да вырабу адзінкавых выставачных форм -- арт-аб’ектаў.
Сапраўднае развіццё прыкладнога мастацтва пачалося ў Беларусі акурат у 1960-я. Але не абышлося і без перагібаў. Згодна з пастановай, у Саюзе заставаліся толькі дзве мастацкія ВНУ -- у Маскве і Ленінградзе. А ўсе астатнія, у тым ліку і наш тэатральна-мастацкі інстытут, закрывалі станковыя аддзяленні і цалкам пераходзілі ў прыкладны накірунак, каб забяспечыць вытворчасць кваліфікаванымі кадрамі. Так і адбылося. І толькі дзякуючы намаганням старэйшых беларускіх жывапісцаў Яўгена Зайцава, Івана Ахрэмчыка праз нейкі час удалося вярнуць у інстытут мастацкае аддзяленне.Паколькі ў рэспубліцы не было сваіх спецыялістаў, здольных навучыць кераміцы, габелену, манументальнаму роспісу, выкладаць у інстытут запрасілі прадстаўнікоў знакамітай «львоўскай школы» -- Міхаіла Бяляева, Тараса Паражняка, Гаўрылу Вашчанку, Аляксандра Кішчанку, Ангеліну Бельцюкову, мяне.Калі мы прыехалі, нам было тут лёгка і камфортна. Нас прымалі на ўсіх узроўнях кіраўніцтва ЦК. А чаму? Ніхто не ведаў, што такое прамысловая кераіміка. І ў чым адрозненне мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога накірунку ад ганчароў, што лепяць збаны... Каб патлумачыць гэта, мы пастаянна ладзілі вялікія канферэнцыі, на якіх абавязкова прысутнічалі прадстаўнікі ўрада. Нават Машэраў праводзіў з намі па тры дні.
Яшчэ да прыезду ў Мінск вы паступілі ў аспірантуру Вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча (былое Строганаўскае), вывучалі народнае мастацтва Заходняй Украіны. А вашым кіраўніком стаў знакаміты мастацтвазнаўца Мікалай Собалеў, якому ў той час было ўжо за дзевяноста. Як вам удавалася сумяшчаць працоўную дзейнасць са зборам матэрыялаў для кандыдацкай дысертацыі?
-- Я не толькі сумяшчаў навуковую працу з вытворчай, але яшчэ і выкладаў на палову стаўкі ў інстытуце. І ўсё паспяваў. Быў малады, энергічны, зацікаўлены, хацеў перавярнуць свет. Памятаю, паехаў у Маскву на абарону дысертацыі. Зрабіў сотні планшэтаў, наляпіў шмат маленькіх аўтэнтычных збаночкаў. Сабраўся савет, масцітыя такія мастацтвазнаўцы-тэарэтыкі. Я ім распавёў, што такое народная кераміка. У канцы сказаў: «А гэта вам на памяць». І падарыў свае збаночкі. Як яны ўзрадаваліся, як дзякавалі... Аказалася, зрабіў-такі сенсацыю народным мастацтвам.Гэта быў толькі пачатак. У Саюзе мастакоў я арганізаваў і ўзначаліў новую секцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У яе складзе былі і прафесіяналы, і народныя майстры, такія як Аляксандр Шахновіч, Таісія Агафоненка. У Маскве быў створаны Савет па дэкаратыўна-прыкладным і народным мастацтве. У той час іх не раз’ядноўвалі. Гэта быў адзіна правільны шлях, які дазволіў развівацца народнай творчасці і на гэтым падмурку ўзводзіць надбудову прафесійнага мастацтва.
А яшчэ сваёй актыўнасцю і цікаўнасцю да народнай творчасці мы літаральна выратавалі яе. У краіне дзейнічала пастанова, паводле якой народны майстар не меў адпаведнага статуса, які б дазваляў яму атрымліваць заработную плату і пенсію. Аднойчы Такарэўскі, знакаміты беларускі ганчар, папрасіў, каб мы дапамаглі атрымаць дазвол на каня, без якога ён проста не мог перавозіць свае творы. Карову можна было трымаць у хатняй гаспадарцы, а вось каня -- не. Мы хадзілі ажно да Машэрава. Дазвол даў Саўмін. Ну і што, займеў Такарэўскі каня, а ў калгасе пачалася сварка. Чаму яму дазволілі, а нам не?.. Хто сказаў, што ён ганчар?..
І толькі пазней, калі нарэшце спахапіліся, дазволілі працаваць афіцыйна і нават паклалі зарплату ў 150 рублёў, у Беларусі мы налічылі каля пяці тысяч майстроў.
Што падштурхнула вас арганізаваць у 1973 годзе першую ў рэспубліцы выставу дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва?
-- Справа ў тым, што тады мала хто разумеў розніцу паміж народнай, самадзейнай і прафесійнай творчасцю. І вось Уладзімір Стальмашонак пайшоў да Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Івана Клімава: «Калі хочаце, каб развівалася мастацтва, павінны ўбачыць, што ў рэспубліцы ўжо створана». І атрымаў «дабро» на выставу.Шмат разоў казаў і зноў паўтару: у мастацтве многае залежыць ад стаўлення ўрада. Вось яскравы прыклад. Я выступіў на чарговым з’езде Саюза мастакоў, на якім прысутнічала намеснік Старшыні Саўміна БССР Ніна Сняжкова, і прапанаваў: чаму б не дазволіць прафесіяналам працаваць на тэкстыльных, фарфоравых, шклозаводах, чаму не выкарыстоўваць прадпрыемствы як творчыя лабараторыі? Кіраўніцтва адрэагавала імгненна: з гэтага часу мы і самі атрымалі такую магчымасць, і студэнтаў маглі накіроўваць на вытворчую практыку, не толькі ў Беларусі, але і па ўсім Савецкім Саюзе, як толькі ўзнікала такая патрэба.
Нам давяралі. Брэсцкія і віцебскія прадпрыемствы прывезлі на выставу свае дываны. А там -- ніводнага беларускага арнаменту, усё больш турэцкія, таджыкскія ўзоры. І я адабраў з дзвюх тысяч экспанатаў -- два. Як усе ўзбунтаваліся: «Ідзем да Клімава!». А той ім у адказ: «Гаўрылаў глядзеў? Глядзеў. Колькі адабраў? Два? Усё астатняе забірайце дадому».
Выстава дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва адкрылася ў Дзяржаўным мастацкім музеі, заняла ўсе залы. Дэманстраваліся ганчарныя вырабы, касцюмы, шкло, посцілкі з вышыўкамі, ткацтва з розных рэгіёнаў. Усё, што было адабрана на выставу, закупілі. Сваю задачу мы выканалі: сабралі і захавалі. І да сённяшняга дня гэтае багацце знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея. Па выніках выставы мы з мастацтвазнаўцай Ірынай Паньшынай напісалі кнігу «Мастацтва, створанае народам». Бывае, перагортваю яе і дзіўлюся, якіх толькі майстроў не нарадзіла беларуская зямля. А вось сапраўднага музея дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дасюль так і не створана. Хоць у аснову яго фондаў маглі б легчы сабраныя намі трыццаць гадоў таму унікальныя экспанаты.
Але акрамя народнага мастацтва вы шчыльна займаліся і вытворчымі праблемамі на Мінскім фарфоравым заводзе…
-- З Львова ў Мінск мяне запрасілі на пасаду галоўнага мастака фарфоравага завода. Гэтаму безумоўна паспрыяў Міхаіл Бяляеў. Было лета, я меў два вольныя месяцы адпачынку і згадзіўся заключыць дамову на гэты тэрмін, паабяцаўшы, што паспею «пусціць» завод, распрацаваць асартымент тавараў і паказаць першую высокамастацкую прадукцыю.
Што ўяўляла сабой прадпрыемства? Гэта быў невялікі завод, які месціўся ў старым будынку, вырабляў кафельную керамічную плітку, посуд, распісаны па расійскіх узорах. Майстры, якія працавалі на заводзе, у асноўным прыехалі з Расіі. Асартымент -- суцэльны плагіят нізкага эстэтычнага ўзроўню. Распісвалі чайнікі і кубкі «пад натуру», буйнымі рознакаляровымі кветкамі. Пакупнікам падабалася, але што возьмеш з людзей, якія нічога іншага не бачылі? За два месяцы я стварыў паўнацэнную мастацкую лабараторыю. Сабраў надзейны калектыў аднадумцаў і накіраваў іх творчасць у рэчышча сучаснага прафесійнага мастацтва. Нейкі час, пакуль адладжваў вытворчасць, выконваў абавязкі дырэктара. За тыя два месяцы атрымаў больш ведаў, чым за ўсе папярэднія гады. Я стаў сапраўдным знаўцам прамысловых працэсаў. Зразумеў, у чым іх спецыфіка, зрабіў выснову, што наша мастацкая адукацыя дае абстрактныя веды.  Чаму дызайнераў сёння не чакаюць на заводах? Замест таго, каб асвойваць рэальныя тэхналогіі, яны лунаюць у сферах філасофіі…Але вось два месяцы скончыліся, мне трэба ехаць на заняткі ў Львоў. Прыходжу да дырэктара і кажу: «Ад’язджаю». -- «Як? Чаму?» А мне, запрасіўшы на працу, паабяцалі даць кватэру. «Дык гэта лухта, зараз вырашым». Тагачасны дырэктар завода быў камандзірам партызанскага злучэння, ва ўсіх райкамах і райвыканкамах меў знаёмых. І ў той жа дзень я атрымаў ордэр на кватэру ва ўжо пабудаваным доме. І пачалася мая працоўная дзейнасць на заводзе.
Яна прынесла вам павагу калег, міжнародны дыплом «Фаэнца» ў Італіі. Гэта быў ваш першы сапраўдны дызайнерскі досвед.
-- Сапраўды, сваімі рукамі і галавой мы змянілі культуру прамысловасці. Спачатку практычна «распранулі» ўвесь фарфор да белага колеру. Пасля пачалі шукаць мастацкі вобраз. Насамрэч, «рашыць» твор можна і адной лініяй. Доўга нашы вырабы не падабаліся гандлю, які прывык да буйных аляпаватых кветак і не прымаў сціплага канструктывізму. Як ім патлумачыць, што мы павінны былі прытрымлівацца прэйскуранту, бо ніхто, акрамя Ленінградскага фарфоравага завода, не меў права адысці ад яго? Кожная новая лінія узнімала кошт на пэўны працэнт. Хутка ўзнікла яшчэ адна праблема: дзе знайсці дэколь -- спецыяльную пераводную карцінку, якая наклейваецца на фарфоравыя вырабы і замацоўваецца агнём. Набыць яе ў Маскве было складана, тэхналогія вырабу «засакрэчана». Так доўжылася, пакуль мы не паехалі ў Германію і не прывезлі адтуль спецыяльнае абсталяванне для яе вырабу. І цяпер, праз столькі дзесяцігоддзяў, наша дэголь -- лепшая на тэрыторыі СНД.
Мы сябравалі з усімі заводамі Саюза. Першыя зрабілі фарфоравыя вазачкі для каньяку, маскоўскія калегі падзівіліся і хутка ўвялі падобныя формы ў сябе. Ішло сяброўскае саперніцтва. Мы сталі прымаць удзел ва ўсесаюзных і замежных конкурсах. У Італіі Валерый Леантовіч, я і іншыя мастакі атрымалі дыпломы «Фаэнца» за аўтарскія распрацоўкі. Нават трапілі ў паездку па гэтай старажытнай краіне, арганізаваную спецыяльна для майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нас правезлі па ўсіх цэнтрах прамысловасці. А мне ўсё хацелася прывезці дадому, каб паказаць студэнтам замежную тэхналогію, які-небудзь бракаваны чарапок. «А што такое брак?» -- пытаюцца ў мяне мясцовыя майстры. -- «Ну, такі пабіты кавалачак», -- адказваю. У нас у плане былі запісаны абавязковыя восем працэнтаў браку. -- «А як можа быць чарапок? Напрыклад, нам заказваюць вазу. Ганчар уручную робіць форму, згінае шыйку, ручку, абпальвае яе ў печы, пасля распісвае, зноў абпальвае. Як тут можа быць чарапок? Калі толькі здарыцца няшчасны выпадак...» Урэшце, мэр горада Фаэнца падараваў усім нам па невялікай вазачцы.
Але хутка вы цалкам прысвяцілі сябе выкладанню?
-- Завод працаваў стабільна і прадуктыўна. А я ўжо скончыў аспірантуру. Зацікавіўся праблемамі падрыхтоўкі маладых мастакоў. Некалькі гадоў таму падлічыў, што за гады існавання факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў акадэміі мы выпусцілі 2000 спецыялістаў: 300 керамістаў, 400 металістаў, 200 тэкстыльшчыкаў, 300 інтэр’ершчыкаў, 800 дызайнераў. Мы стварылі сваю школу. Яна грунтуецца не на абстрактных кампазіцыйных пабудовах, а на акадэмічным майстэрстве, якое дапамагае інтэрпрэтаваць народную творчасць у сучасных канцэптуальных формах. Сёння, праз сорак гадоў, магу з радасцю засведчыць: у Беларусі мастакі дэкаратыўна-прыкладнога накірунку дасягнулі выдатных поспехаў. І ў гэтым я бачу таксама і сваю заслугу.
Тым не менш, пры ўсёй высокай кваліфікацыі спецыялістаў, якіх выпускае акадэмія, сёння іх не спяшаецца запрашаць на працу вытворчасць. Чаму?
-- Пафарбаваць выраб у жоўты або сіні колер на прадпрыемстве могуць і без мастака. Дызайнер павінен глыбока ведаць вытворчасць. Колькі гліны патрабуе выраб аднаго чайніка? Як зрабіць, каб моцна трымалася, не злятала пры нахіле накрыўка (раней яе, дарэчы, прывязвалі абрэзкам тканіны)? Як пазбавіцца ад нятаннага трайнога абпалу? (Гэта магчыма, бо ў свой час мы абпальвалі рэч адзін раз і адразу распісвалі солямі па ўтылю.) Так, у завода ёсць праблема з сыравінай, якую па неймаверных коштах трэба набываць на Украіне. Але чаму б не замяніць яе мясцовай чырвонай глінай і не распрацаваць тэхналогію вырабу з яе фарфору? Падобныя прыклады ў гісторыі нам вядомы. Можна ў мэтах эканоміі адмовіцца ад шматколернасці, як зрабіў гжэльскі завод. А задача мастака -- распрацаваць арыгінальную арнаментыку і знайсці адпаведны колер. Дызайнер мусіць шчыльна працаваць з тэхнолагам, тады можна знаходзіць рэальныя рашэнні праблем. Трэба набываць вытворчы досвед.
Як я разумею, вы ўсё ж скіроўваеце студэнтаў да вытворчасці. І гэта пры тым, што сёння ўсё больш у свядомасці людзей замацоўваецца меркаванне: дызайн -- форма мастацка-інтэлектуальнага, канцэптуальнага спазнання свету?
-- Адбылося выразнае размежаванне паміж дызайнам і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Дызайн -- гэта спаборніцтва ідэй на аснове інавацыйных тэхналогій. А дэкаратыўна-прыкладная творчасць -- гэта непасрэдная праца над аб’ектам, распрацоўка тэхналогій і мастацкага вобраза.Я ўсё жыццё сцвярджаў, што ёсць рэчы вытворчыя, а ёсць -- мастацкія. Адна чашачка павінна быць чыста-белая, каб выяўляць асаблівасці формы, а другая -- размаляваная. На жаль, большасць дызайнераў заняліся сёння аздабленнем прадметаў, так званым арт-дызайнам. А сапраўдны дызайн павінен быць цесна звязаны з прамысловасцю.Так, студэнтаў мы рыхтуем грунтоўна, але не хапае цесных сувязей з вытворчасцю. Ёсць тры выйсці з гэтага становішча. Можна зрабіць вытворчыя майстэрні пры Міністэрстве культуры, як гэта было ў савецкія часы. Гэта стане стымулам для прадпрыемстваў не толькі выконваць план, але і развіваць мастацтва. Да нас па параду будуць прыходзіць тэхнолагі. І вызначаць вонкавы выгляд і якасць тавараў нарэшце пачнуць мастакі, а не эканамісты.
Можна адкрыць вытворчасць пры нашай акадэміі. Напрыклад, у Львоўскай акадэміі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўжо даўно існуе завод. Там зроблены печы, працуюць майстры вышэйшай кваліфікацыі. Яны займаюцца вытворчасцю прадукцыі, рэалізоўваюць яе, маюць прыбытак і такім чынам «кормяць» сябе і навучальную ўстанову. Але адзін дзень у тыдзень цалкам аддадзены заняткам са студэнтамі. Урэшце, не абавязкова спыняцца толькі на кераміцы. Можна наладзіць вытворчасць дэколі, распрацоўваць намаганнямі студэнтаў арыгінальныя пераводныя карцінкі. Можна маляваць на заказ афішы, плакаты. Мы маглі б стаць заканадаўцамі моды ў галіне дызайнерскай прадукцыі.
Трэці шлях самы надзейны: наладзіць трывалыя сувязі з прадпрыемствамі, скаардынаваць іх на ўзроўні міністэрстваў культуры і прамысловасці. Гэта лепшая форма падрыхтоўкі спецыялістаў-дызайнераў і мастакоў-прыкладнікоў. Але пакуль што яна чамусьці недасягальная.