Спраўдзіць гэта выпала Цэнтру творчых праектаў — яго ў тэатры стварылі для, так бы мовіць, паляпшэння якасці ўплыву на аўдыторыю. Маленькім гледачам, педагогам і спрактыкаваным прафесіяналам тэатра Цэнтр прапануе творчыя сустрэчы з драматургамі, пісьменнікамі, рэжысёрамі і артыстамі, майстар-класы, лекцыі, трэнінгі, тэатральныя экскурсіі. У якасці эксперыментальнай прасторы рэжысёры выкарысталі парадныя лесвіцы тэатра, Вялікае фае (так званую Елачную залу) і памяшканні для рэпетыцый. Мікрасцэны прымуць па трыццаць гледачоў і дадуць шанец наладзіць зваротную сувязь з кожным.
Афіша Цэнтра творчых праектаў абяцае размаітыя інтэрактыўныя спектаклі. Прыкладам, чароўную гісторыю «Балотная каралева» па п’есе «Не расказвай мне казкі!» Таццяны Сівец, якой папярэднічае тэатралізаваны аповед пра папулярных міфалагічных персанажаў — духаў прыроды і сялянскай гаспадаркі. Альбо абсалютна праўдзівую гісторыю з аркестрам «Прыгоды Аранжавага хлопчыка» па аднайменнай аповесці Веры Лапаравай — аркестр, як вы здагадаліся, будзе прысутнічаць у поўным складзе! Казка пра шчодрую муху і гераічнага камара «Муха-цакатуха» паводле Карнея Чукоўскага яшчэ ў распрацоўцы, а прэм’ера «Ката ў ботах» Шарля Пэро (версію для тэатра напісала загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Жана Лашкевіч паводле твораў некалькіх драматургаў-папярэднікаў) ужо адбылася... у Іерусаліме, на Фестывалі французскай казкі: «Беларускія госці паказалі вельмі сучасную версію гісторыі маркіза Карабаса і яго цудоўнага сябра Ката. Гэты “Кот у ботах” інтрыгуе, прымушае суперажываць. Тут шмат дынамікі, выдумкі, добрыя маладыя і вельмі забіяцкія артысты. Выдатна разумее дзяцей, дакладна адчувае сённяшні рытм і нерв тэатра рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Савіцкі», — пісала пра спектакль ізраільская прэса.
Паказ тюгаўскіх эксперыментальных работ у Мінску распачала казка «Асцярожна, прынцэса!» Наталлі Марчук у пастаноўцы Дар’і Марчанка і афармленні галоўнай мастачкі тэатра Ларысы Рулёвай (маладая рэжысёрка вядомая сцэнічнай працай «Ці спяваюць эльфы?» паводле п’есы «Як я стаў...» Яраславы Пуліновіч, чыя прэм’ера адбылася два гады таму ў Гомельскім абласным драмтэатры). Парадныя мармуровыя ўсходы для спектакля Дар’я Марчанка абрала сама і не памылілася, бо такі інтэр’ер ужо стварае выяву палаца. Лёгка дапусціць, што ён — каралеўскі. Суседняе каралеўства, дзе жывуць гобліны, месціцца пад усходамі, за каванымі меднымі кратамі. Нібы ў беларускай народнай песні, дзе пераборлівую нявесту замуж узяў толькі Цар Яшчур, у п’есе Наталлі Марчук прынцэсу са згоды бацькі-караля выкраў кароль гоблінаў, але вельмі хутка пра гэта пашкадаваў. Пакуль замак караля гоблінаў падпарадкаваўся волі каралеўскае дачкі, а на вокнах меркаваліся з’явіцца ружовыя фіранкі, прынцэса асэнсавала, што апошні з адпрэчаных ёю прынцаў быў мілым і выдатна танчыў (як стылягі 1950-х, прынц і прынцэса танчаць твіст проста на мармуровых прыступках!). На жаль, у эпізодзе, дзе прынц выдае сябе за іншага, каб прынцэса адразу яго не пазнала, гульня ў слепату і глухату выглядае мінімум несучасна ў грамадстве, скіраваным да інклюзіі.
Пластыка нястрашных гоблінаў, каляровы куфар з фальшывым дном, як у нумары фокусніка са знікненнем ці распілоўваннем асістэнткі, адсылаюць да еўрапейскага цырка. Адметныя гарнітуры герояў створаны з улікам асаблівасцяў дзіцячай псіхалогіі — яркія, фантазійныя, дэталёва-падрабязныя, а значыць, дзецям іх хочацца разглядаць. Візуальная эстэтыка спектакля нараджае асацыяцыі з мультфільмам «Жоўтая падводная лодка» рэжысёра Джорджа Данінга (1968), а «Каханне — гэта ўсё, што табе трэба» ад The Beatles робіцца жыццесцвярджальным музычным фіналам.
Усе дарослыя калісьці былі дзецьмі, усе дзеці аднойчы стануць дарослымі... Стваральнікі тэатральнага крэатыву, адрасаванага самай перспектыўнай катэгорыі гледачоў, не выпадкова натхніліся словамі вялікага казачніка Ганса Крысціяна Андэрсена пра тое, што казкі павінны жыць і ў кроплі вады, і ў марской хвалі. Сам тэатр жыве гэтулькі, колькі існуюць грамадскія стасункі, а з імі і міфатворчасць. Хай у тэатры нашага няпростага жыцця са сваімі маскамі, амплуа і ўмоўнасцямі знойдзецца месца простым цудам і чароўным эксперыментам!
Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі