МО ЗАМКНУЦЦА Ў САБЕ, АДМЕЖАВАЦЦА АД УСЯГО, ШТО АДБЫВАЕЦЦА ЗА ПАРОГАМ УЛАСНАЕ ХАТЫ? УБЛЫТВАЦЦА Ў ПРАБЛЕМЫ ВЕЛЬМІ Ж НЕ ХОЧАЦЦА. КУДЫ БОЛЬШ ЗМАНЛІВА РАЗНЯВОЛІЦЦА, АДПАЧЫЦЬ... А ТАМУ САЦЫЯЛЬНА-ФІЛАСОФСКАЯ П’ЕСА АБО ДРАМА ІДЭЙ ПАТРАПЛЯЮЦЬ ЦЯПЕР У ТЭАТР НАДТА РЭДКА.
Адным са стваральнікаў гэткай патрабавальнай да свету, напружана-роздумнай, калі хочаце, драмы паўстае Максім Горкі. Рэжысёр Міхась Краснабаеў — новы мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа — не выпадкова, мабыць, выбраў для пастаноўкі менавіта п’есу Горкага «Апошнія». Бо і сам твор, і яго сцэнічная інтэрпрэтацыя падаюцца заяўкай на пэўную мастацкую праграму, вяртаннем да існага псіхалагічнага тэатра. І зноў-такі не выпадкова, падобна, прэм’ера спектакля прыпала на дзень нараджэння Коласаўскага тэатра.
П’есу, якую апошні раз ставілі на беларускай сцэне яшчэ ў 1970-я Барыс Луцэнка і Уладзімір Маланкін у Нацыянальным тэатры імя Максіма Горкага, рэжысёр прачытаў як сямейную драму, пазбавіўшы яе моцных сацыяльных акцэнтаў (гістарычных альбо сучасных). Хоць, вядома, зусім «схавацца» ад водгулля тагачасных падзей немагчыма. «Апошнія», на маю думку, — якраз той твор, у «тканцы» якога супярэчнасці часу відавочна фармуюць псіхалогію і стасункі персанажаў.
Сцэнічную прастору спектакля арганізоўвае вялікі камін, прыцягальны літаральна для ўсіх насельнікаў дома Каламійцавых. За ім — вялікі белы стол, і да яго, як да прыстані, героі збіраюцца на пачатку кожнай дзеі, а таксама ў фінале, калі ўсіх, быццам у нябыце, будзе ціха засыпаць, сімвалізуючы бегкасць няўмольнага часу, раўнадушны белы снег (мастачка Святлана Макаранка). На падмацаванне ідэі сцэну запаўняе рухомая скураная мэбля — яскравы знак былых заможнасці і камфорту, а касцюмы дакладна адбіваюць стыль эпохі (п’еса была напісана ў 1907—1908 гадах). І — ніводнага акцэнту на сучаснасці.
Рэжысёр дэталёва і дакладна перадае гісторыю складаных адносін між бацькамі і дзецьмі. Тым часам як старэйшыя нашчадкі добра засвоілі навуку хітрасці, маны, прыстасаванства і за ўзор жыцця абралі маральны канфармізм бацькоў, малодшыя, ад якіх існая сутнасць рэчаў была добра прыхаваная, уведаўшы раптам пра маральную непрыстойнасць бацькі, апынаюцца ў перакуленым свеце. Абароне дзяцей, праз няведанне, замоўчванне, відавочна, спрыяла нянька Фядосся (у выкананні Зінаіды Гурбо): у спектаклі яна пераважна маўчыць, але маўчанне і нешматлікія рэплікі выдаюць і пачуццё ўласнай віны, і боль за блізкіх людзей.
Але найцяжэй, відаць, было ўжыцца ў ролю акцёрам, героі якіх — перадусім Соф’я, Вера і Пётр — церпяць асабісты злом, дэфармацыю. Для Соф’і (Алена Шарэпчанка) вызначальнай, у пэўным сэнсе, аказалася сцэна са спадарыняй Сакаловай (бліскучая акторская работа Анжалікі Баркоўскай). Праз сум, нудоту, тугу, балючае каханне да Якава яна пераасэнсоўвае сваё стаўленне да дзяцей: змучваюць страх, непакой, пякучае адчуванне віны перад імі. Зразумеўшы няздольнасць штосьці змяніць (слабых, кволых дзяцей зламала жорсткасць свету і людзей), Соф'я стомлена ўкленчвае і просіць іх дараваць. Ператварэнне сваёй гераіні Веры з наіўнай, няўрымслівай дзяўчынкі з рамантычна-кніжнымі ідэаламі ў цынічную кабету — нейкае «патэнцыйнае» падабенства старэйшай сястры Надзеі — выдатна прадэманстравала маладая выканаўца Анастасія Рэўчанка. Страта ж ілюзій маладзёна дачынна бацькі (з усяго відаць, акурат бацька быў своеасаблівым маральным узорам для Пятра) бязлітасна змяніла героя (у ролі занятыя Раман Салаўёў і Аляксей Анісеня). І гэтае зруйнаванне, гэтая катастрофа ў свядомасці выяўляюцца куды мацнейшымі за ўплыў рэвалюцыянераў.
За конт нечаканага, але, між тым, грунтоўнага падыходу да размеркавання роляў (калі артыст працуе «на пераадоленне») спектакль цалкам мяняе звыклыя ўяўленні пра некаторых герояў Горкага. Так, Любоў у выкананні Святланы Сухадолавай выглядае зусім не выродлівай, з грубымі манерамі і цяжкім характарам: яна прыгожая высакародная дзяўчына з далікатнай і чулай душой. Аляксандра почасту трактавалі як брутальнага, цынічнага маральнага вылюдка. У разуменні ж Уладзіслава Жураўлёва ён выглядае дастаткова прывабным і абаяльным юнаком, амаль падлеткам. Такім чынам, прыкметна бачны пэўны кантраст між вонкавым і ўнутраным светам памянёных персанажаў. Выканаўцы даводзяць гледача да высноў, якім менавіта можа быць кожны з іх герояў. Цікава, што ў ролі Якава акцёр параўнальна малады, хоць і з дастатковым творчым досведам і тонкай інтуіцыяй, — Яўген Лук’янаў. Зазвычай жа Якава гралі выканаўцы сталага веку (прыкладам, у пастаноўцы МХАТа на заходзе сваёй творчай кар’еры яго ўвасабляў Марк Прудкін). І ў п’есе менавіта ж Якаў — старэйшы з сям’і Каламійцавых.
Аднак у інтэрпрэтацыі Міхася Краснабаева ўсё трошкі іначай. Таму й любоўны трохкутнік набывае зусім іншы характар, а выканаўца не выбіваецца з акцёрскага ансамбля і стварае пераканаўчы вобраз. І ўсе гэтыя пераўтварэнні адбываюцца не столькі за конт вонкавай атрыбутыкі (грым, бакенбарды, адпаведная хада, кіёк), колькі праз глыбокае ўнутранае пераўвасабленне — артыста і героя адпаведна. Цікава было б (і гэта ўзмоцніць вобраз!), каб Якаў час ад часу збоку, на адлегласці назіраў за ўсім, што дзеецца на сцэне, і паўставаў гэткім маўклівым сведкам падзей. А пакуль ён часта сыходзіць за кулісы, нібы знікае. І, насуперак драматургу, памірае таксама за межамі сцэны.
Цэнтральны вобраз драмы — Іван Каламійцаў (нездарма аўтар збіраўся назваць п’есу «Бацька»), ролю якога даволі далікатна выконвае майстар коласаўскай сцэны Георгій Лойка. Пісьменнік патрапіў намаляваць Івана Каламійцава выключна чорнымі фарбамі: ён адназначна агідны. Прытым Горкі быццам высоўвае свету запыт: чаму ж ні жонка (што цікавіцца меркаваннем пра мужа ў спадарыні Сакаловай, але тая ведае Івана толькі з чутак), ні дзеці не заўважаюць (не хочуць заўважаць?) ягонай маральнай гідасці? Альбо ім насамрэч зручна не ведаць праўды, альбо Каламійцаў вельмі добра ўмее прыкідвацца (дзеля сям’і?) прыстойным чалавекам, звыкла носіць маску...
У спектаклі Каламійцаў не настолькі хітры прайдзісвет, але можа выключна таленавіта апраўдаць свае не самыя годныя ўчынкі і звінаваціць любога, апроч самога сябе. І робіць ён гэта вельмі шчыра, апантана, ледзь не пафасна. Іншым разам нават сумневы ўзнікаюць: мо рэшта сумлення ў яго ўсё-ткі засталася?..
У фінале, пасля смерці брата, Каламійцаў (як, зрэшты, і іншыя адмоўныя персанажы) не парываецца адразу сысці са сцэны. Рэжысёр, адрозна ад аўтара, пакідае ўсіх насельнікаў дома разам, у супольнасці. Смерць нібыта яднае іх. Западае ціша, знікаюць словы, нехта цынічна ўсміхаецца, хтосьці перажывае шчырае гора. На твары Івана — разгуба, агаломшанасць, нават падабенства роспачы. Магчыма, у ягонай душы таксама, вось цяпер, нешта перамяняецца — усчынаецца нейкі выратавальны пералом...
Юрый ІВАНОЎСКІ