Цяпер фэст — ужо традыцыя. Больш за тое, па прыкладзе Співакова ў 2019 годзе Дзяніс Мацуеў плануе распачаць свой форум у Мінску.
У чым жа формула Уладзіміра Співакова? На чым трымаецца поспех яго імпрэз?
Па-першае, зорка — гучнае імя, на якое, як пчолы на мёд, злятаецца самая разнастайная публіка. Спачатку гэта быў Дзяніс Мацуеў, потым Барыс Беразоўскі, яшчэ пазней Дзмітрый Хварастоўскі, Міша Майскі, сёлета Ганна Нятрэбка. Гэтыя прозвішчы вядомыя кожнаму абывацелю, нават далёкаму ад мастацтва. І калі Хварастоўскі яшчэ ў 1990-х гадах выступаў з канцэртам у Вялікім тэатры Беларусі, то Ганна Нятрэбка спявала ў Мінску ўпершыню.
Натуральна, цікавасць да яе выступлення літаральна зашкальвала, прычым не толькі з боку мінчан. Шмат слухачоў прыехалі з іншых гарадоў і краін. У тым ліку з Масквы, дзе двума днямі раней адбыўся дакладна такі ж канцэрт у зале імя Чайкоўскага, аднак квіткі былі ў некалькі разоў даражэйшыя.
Ці апраўдаліся чаканні публікі? Усё залежыць, хто і на што разлічваў.
Тыя, хто спадзяваўся ўбачыць прымадонну, напэўна, не былі расчараваныя. Спадарыня Нятрэбка з’явілася перад публікай ва ўсім бляску сваёй прыгажосці і харызмы. А вось тыя, хто чакаў, што яна будзе раскідваць туфлікі, дакладна не былі задаволеныя, бо ўвесь канцэрт быў вытрыманы ў строгай, акадэмічнай манеры. «Ужо дзесяць гадоў усе маладыя спявачкі капіруюць гэты нумар, — прызнавалася прымадонна ў адным з нядаўніх інтэрв’ю. — Дык навошта мне паўтараць саму сябе і гэтых спявачак? Лепей я нешта іншае зраблю!»
Аднак ніякіх іншых экстравагантнасцяў у канцэрце таксама не было — толькі музыка і спевы. Оперна-сімфанічныя нумары — тыпу ўверцюры да «Сілы лёсу» і інтэрмецца з «Сельскай гонару» — чаргаваліся з арыямі і дуэтамі пераважна з італьянскіх опер. Акампанаваў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Уладзіміра Співакова.
Ці было гэта якасна ў вакальным і музычным сэнсе? Акустычныя ўмовы, у якіх адбываўся канцэрт, не дазваляюць дакладна пра тое меркаваць.
Канцэрт адбыўся ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі, дзе, на жаль, няма натуральнай жывой акустыкі, а ёсць толькі мікрафонны гук, прыдатны хіба для эстрадных канцэртаў. Уяўляю, у якой ступені пакутліва гэта было для спадарыні Ганны: яна неаднаразова заяўляла, што спявае толькі ў акустычных залах. Канешне, арганізатары зрабілі ўсё магчымае ў гэткіх умовах. Запрошаны маскоўскі гукааператар вельмі дасціпна схаваў мікрафоны ў кветкі, каб яны не перашкаджалі рухам выканаўцаў і зрокаваму ўспрыманню канцэрта. Зрэшты адчувалася, што Юсіф Эйвазаў (ён прыехаў у Мінск усяго на чатыры гадзіны, паколькі быў шчыльна заняты на пастаноўцы «Пікавай дамы» ў Вялікім тэатры Расіі) спявае не горш за сваю зорную жонку. Для многіх гэта аказалася сапраўдным сюрпрызам. Асабліва на фоне запрошанага італьянскага тэнара Марчэла Джардана, які, наадварот, расчараваў аматараў бельканта.
Але фестываль рухаўся далей. Пасля Нятрэбка і Эйвазава ў Беларускай філармоніі адбыўся канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аркадзя Берына. Саліраваў Юрый Рэвіч, 27-гадовы расійскі скрыпач, малады артыст года (2016) па версіі ECHO Klassik, і Лівіка Штырбу-Сакалоў, 20-гадовая малдаўская піяністка, фіналістка Конкурсу маладых музыкантаў «Еўрабачанне-2014».
Удзел маладых выканаўцаў — яшчэ адна вельмі важная частка «рэцэпта Співакова». «Мы ўсіх зорак перабралі, бо іх насамрэч не так ужо і шмат. Таму думаем пра заўтрашні дзень, пра новае пакаленне, каб ужо цяпер пачынаць прадстаўляць маладыя таленты на сцэне», — паведаў мне Максім Берын. Мноства юных салістаў — стыпендыятаў Міжнароднага дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова — удзельнічалі ў фестывалях 2010 і 2012 гадоў. Былі сярод іх і беларускія зорачкі — габаістка Анастасія Алясюк і Юлія Шчасновіч, якая ўразіла маэстра Співакова выкананнем скрыпічнага канцэрта Чайкоўскага на флейце.
На наступных фестывалях маладыя музыкі ўвогуле адсутнічалі. Чаму? Можна толькі гадаць. І вось яны з’явіліся зноў, але значна старэйшыя, і беларускіх дзяцей сярод іх ужо няма. Тады ўзрост юных удзельнікаў вагаўся ў інтэрвале ад 10 да 17 гадоў. Цяперашнія «вундэркінды» — сталыя музыканты.
Лівіка Штырбу-Сакалоў — дасведчаная і дыхтоўная піяністка. Асабліва ўсцешыла яе высакароднае тушэ, пявучы гук і бездакорная лепка музычнага сказа. Было б лепей і для яе, і для публікі, каб яна замест «Блакітнай рапсодыі» Гершвіна выканала канцэрт Брамса або Шапэна. Але нічога не паробіш — мода (якая, верагодна, існуе толькі ў галовах арганізатараў канцэртаў і прымушае іх уключаць у кожную праграму Гершвіна, П’яцолу ці яшчэ якога-небудзь напаўэстраднага кампазітара).
Скрыпач Юрый Рэвіч выклікаў у мяне змешаныя пачуцці. Так, ён сапраўдны віртуоз — пра што, безумоўна, сведчыць яго выкананне найскладанейшага сі-мінорнага канцэрта Паганіні. Аднак для скрыпача галоўнае — якасць гуку, і ў гэтым сэнсе ігра Рэвіча пакідае жадаць лепшага. Як для мяне, дык наш Павел Бацян на звычайнай майстравой скрыпцы гучыць лепей, чым Рэвіч на Страдзівары 1709 года, ласкава прадстаўленай сямейнай калекцыяй Го.
Так ці інакш, самым цікавым музыкантам для мяне ў гэтым канцэрце стаўся 73-гадовы дырыжор Аркадзь Берын. Ураджэнец Гомеля, адзін з першых выпускнікоў кафедры аркестравага дырыжыравання Беларускай кансерваторыі і адзін з першых яе выкладчыкаў, затым дацэнт, а з 1986-га — загадчык кафедры. Менавіта Берын быў заснавальнікам Мінскага аркестра духавых інструментаў, з якога потым вырас знакаміты канцэртны аркестр «Няміга». Таксама Аркадзь Берын у 1994 годзе заснаваў і ўзначаліў кансерваторскі духавы аркестр «Фанфары Беларусі» і з ім праз чатыры гады выйграў Гран-пры на Міжнародным конкурсе маладзёжных аркестраў ЮНЕСКА ў Люксембургу. Канцэрты «Фанфар» у філармоніі нязменна збіралі поўную залу і выклікалі не меней энтузіязму, чым Андрэ Р’ё. На жаль, пасля ад’езду Берына на пастаяннае жыхарства ў Нямеччыну гэты калектыў неяк згас.
Аркадзь Берын — дырыжор відавочна таленавіты і майстравіты. Калі Берын прыязджае ў Беларусь у якасці гастралёра, ён працуе з любым калектывам, з якім захоча. І, пабачыўшы і пачуўшы вынік яго стасункаў з аркестрам, разумееш, чаму з ім гэтак ахвотна выступаюць Міша Майскі, Гіёра Фейдман і многія іншыя музыканты розных жанраў і напрамкаў. Народны артыст СССР Мікалай Пятроў, з якім Аркадзь Берын дзяліў сцэну ў 2009-м у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень», назваў яго «вельмі цікавым, дасведчаным і прафесійным дырыжорам». Берын дакладна адчувае партнёра, стыль, абстаноўку і публіку. Ён аднолькава пераканаўчы і на філарманічнай сцэне, і на пляцоўцы ля фантана. Ён здаецца абсалютна спантанным — амаль дэміург, які на крылах лунае высока над аркестрам, але ідэальна прадумвае і пралічвае кожны свой жэст і паварот галавы. Усе гэтыя ўласцівасці Аркадзь Берын ярка прадэманстраваў, выконваючы ўверцюру да оперы «Набука» Вердзі. У гэтай васьміхвіліннай п’есе ён здолеў «выціснуць» з аркестра ўсё, на што той здатны.
І ўсе ж галоўная падзея форуму — канцэрты «Віртуозаў Москвы» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова. На жаль, я не здолела пабываць на іх трыумфальных выступах у Гомелі і Магілёве, але мінскі канцэрт перасягнуў самыя смелыя чаканні. Ніколі яшчэ мне не даводзілася чуць такое неверагодна чыстае і цэласнае гучанне камернага аркестра, ці то на forte ці на piano, у найвышэйшым напале эмоцый ці ў абсалютным спакоі. Я была на рэпетыцыі і бачыла, якімі намаганнямі здабываецца такая чысціня. Як дбайна і ўважліва музыканты «падстройваюць» свае інструменты адзін да аднаго, як пільна слухаюць і сумесна выбудоўваюць кожны пасаж і акорд. Галоўным і чаканым узрушэннем успрымалася Камерная сімфонія Шастаковіча «Памяці ахвяр фашызму і вайны». «Віртуозаў» часта лічаць «вясёлым», нават «забаўляльным» калектывам. Аднак, слухаючы ў іх выкананні Камерную сімфонію Шастаковіча, разумееш, што такое пафас і трагізм.
Дарэчы, аніякай забаўляльнасці не адчувалася ні ў сімфоніі Бакерыні, ні ў «Порах года ў Буэнас-Айрэсе» П’яцолы, дзе адзін за адным саліравалі лепшыя скрыпачы аркестра — Дзяніс Шульгін, заслужаны артыст Кабардзіна-Балкарскай рэспублікі Георгій Цай, Леў Іомдзін, Яўген Стэмбольскі. Дзіўна, з якой лёгкасцю музыканты пераключаліся на розныя стылі і манеры ігры.
Асаблівае захапленне публікі выклікала стыпендыятка Міжнароднага дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова, 13-гадовая японская піяністка Шыа Акуі — вучаніца расійскіх педагогаў Алены Ашкеназі і Таццяны Зелікман. Немагчыма было паверыць, што гэткае мініяцюрнае, эльфападобнае стварэнне здольнае агучыць Вялікую залю Белдзяржфілармоніі. Але, як толькі Шыа дакранулася да клавішаў, публіка забылася, што гэта дзіця, і слухала Музыку. Далёка не кожны сталы піяніст здольны з падобным бляскам і глыбінёй выканаць канцэрт Гайдна. І трэба было бачыць, з якой любоўю і беражлівасцю акампанаваў ёй маэстра Співакоў. Хто яго ведае, можа, з ёй паўторыцца цуд Яўгена Кісіна?
Такім атрымаўся фестываль — юбілейны без помпы, цікавы без забаўляльнасці. А завяршыўся ён праграмай «Корпс» Нацыянальнага балета Марселя.
Хацелася б падкрэсліць, што на канцэрты ў Белдзяржфілармонію студэнты музычных навучальных устаноў траплялі бясплатна, за што вялікі дзякуй прадзюсарскаму цэнтру «Берын Арт Менеджмент» і асабіста яго кіраўніку. Бо фэст — гэта не толькі радасць для публікі, але і вялікая школа для будучых прафесіяналаў. Зрэшты, і для цяперашніх таксама, бо магчымасць музіцыраваць з такімі выбітнымі артыстамі надараецца не кожны дзень.
Юлія Андрэева