Плён дае не азіранне, а ўзіранне...

№ 4 (301) 01.04.2008 - 30.04.2008 г

Споўнілася сорак пяць гадоў беларускаму індустрыяльнаму дызайну -- калі адлічваць час яго нараджэння ад адкрыцця беларускага філіяла Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі. Сорак адзін год -- кафедры прамысловага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сорак чатыры гады -- мой асабісты шлях у прафесіі...

Не скажу, што я незадаволены гэтым шляхам. Але калі думаю аб тым, як наша грамадства распарадзілася вынікамі працы індустрыяльных дызайнераў, як ацаніла іх унёсак у матэрыяльную культуру краіны, як яно сёння разумее прызначэнне гэтай дзейнасці, дык робіцца сумна.
Што б адбылося, калі б з нашай культуры знікла музыка або літаратура? Напэўна, народ адчуў бы сябе непаўнацэнным. А вось з нашага жыцця знік цэлы пласт -- матэрыяльная культура, і мы нават не заўважылі гэтага; дакладней, не заўважалі да апошняга часу. Мы ствараем рэчы, але ж адначасова і рэчы ствараюць нас. Круг замыкаецца. Згадаем. Да прыкладу, італьянцы -- тэмпераментны, жыццелюбівы народ, адпаведна і іх прадметнае асяроддзе вылучаецца яркасцю, святочнасцю. Немцы больш стрыманыя, прыхільнікі такіх якасцей, як функцыянальнасць і рацыянальнасць. Амерыканцам уласціва скрупулёзнасць. Японцы з дзяцінства выхаваны на сузіральнасці, сэрцам бачаць душу рэчаў і ствараюць вытанчаныя вырабы. Нашы продкі-ліцвіны ўмелі дасягаць станоўчага выніку сціплымі сродкамі. Іх цікавілі найперш якасць, надзейнасць, даўгавечнасць рэчаў, а пасля ўжо -- выразнасць і эстэтычная каштоўнасць. Матэрыяльная культура, як і мова, -- неабходны складнік існавання кожнага народа, без якога той паступова знікае.
Сёння дызайн -- магутны сродак стварэння і змянення рэчаіснасці. Не сам па сабе, а праз уплыў навукова-тэхнічнага прагрэсу на жыццё чалавека. Дызайн, шчыльна звязаны з інавацыйнымі тэхналогіямі, аптымізуе жыццядзейнасць людзей, падказвае шляхі зберажэння рэсурсаў, эканоміі энергіі і выдаткаў працы. Сёння, калі ўскладняецца вытворчасць, паскараецца рытм жыцця грамадства, ён дапамагае арганізаваць дзейнасць чалавека ў адпаведнасці з яго псіхафізічнымі магчымасцямі і соцыякультурнымі запатрабаваннямі. Але трэба зразумець, што дызайнерскае рашэнне нельга рэалізаваць пасля таго, як канструкцыя ўжо зроблена. Спажывецкая каштоўнасць рэчы фарміруецца падчас распрацоўкі канцэпцыі, стварэння эскізаў, малюнкаў, аб’ёмных мадэлей. Менавіта ў гэты перыяд улічваюцца і прадумваюцца ўсе фактары, якія ўплываюць на тэхналогію, эрганамічныя характарыстыкі і эстэтычную каштоўнасць аб’екта, умовы масавага прамысловага вырабу.
У 1962 годзе ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прыняў дырэктыўную пастанову аб паляпшэнні якасці прамысловай прадукцыі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці на сусветных рынках. Так пачалася другая пасля закрыцця ў 1923 годзе Віцебскім губернскім аддзелам рабоча-сялянскай інспекцыі УНОВІСа хваля запатрабаванасці распрацовак дызайнераў, гэтым разам ініцыяваная «зверху». Датуль дызайнераў адносілі да афарміцеляў, іх праца не ацэньвалася належным чынам айчыннай вытворчасцю. Аднак пасля пастановы за даволі кароткі час у БССР была створана адпаведная інфраструктура на прамысловых прадпрыемствах, у навукова-даследчых інстытутах. Адкрыты міжведамасны Усесаюзны навукова-даследчы інстытут тэхнічнай эстэтыкі. Адным з першых яго філіялаў стаў беларускі. Кіраўніцтва рэспублікі выдзеліла сродкі, і ў Мінску быў узведзены будынак з узмоцненымі перакрыццямі -- каб размясціць там спецыяльнае абсталяванне для эрганамічных даследаванняў і экспертных работ па ацэнцы спажывецкіх якасцей прамысловых вырабаў. Была арганізавана доследная вытворчасць для макетна-мадэльных работ. Выдаваўся часопіс «Техническая эстетика», у якім друкаваліся рэкамендацыі, як эфектыўна выкарыстоўваць дызайн-дзейнасць на прадпрыемствах. Кафедра прамысловага дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута даволі хутка забяспечыла мясцовую прамысловасць кваліфікаванымі кадрамі.
Плён іхняе працы сказаўся вельмі хутка, асабліва ў фарміраванні асартыменту тавараў і спажывецкіх комплексаў. Дызайнеры атрымалі нарэшце рэальную магчымасць уплываць на праектаванне рэчаў з самых першых крокаў іх стварэння. Наша дызайнерская школа была прызнана адной з лепшых у СССР, ведалі яе і за яго межамі. У беларускім філіяле Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі неўзабаве быў створаны аддзел апераджальнага праектавання тавараў і асартыментных груп. З цягам часу ён пашырыў свае функцыі і стаў творчай праектна-даследчай асновай Каардынацыйнага цэнтра па таварах народнага спажывання пры Мінгарвыканкаме, які ўзначальваў у тыя гады Леанід Анфімаў. У аддзеле працавалі лепшыя выпускнікі тэатральна-мастацкага інстытута Леў Агібалаў, Дзмітрый Сурскі, Таццяна Гардашнікава, Раіса Шульман, Сяргей Ярохін, Аляксандр Крывенка, Ала Савелічава і я ў якасці кіраўніка. Па выніках прафесійнай дзейнасці гэтай групы выпускнікоў кафедры можна было меркаваць аб узроўні падрыхтоўкі дызайнераў у краіне. Якія толькі праекты не прапаноўвалі нашы супрацоўнікі: ад набораў бытавых нажніц, санітарна-гігіенічных комплексаў да канцэпцыі новага матацыкла для Мінскага мотавелазавода, арыгінальнага шматфункцыянальнага прычэпа-лодкі да аўтамабіля для МАЗа, бытавога тэрмаэлектрычнага бара для Маладзечанскага завода сілавых паўправадніковых вентыляў. Усе распрацоўкі цэнтра выконваліся доследнай вытворчасцю філіяла ў імітацыйных тэхналогіях як дзеючыя ўзоры, па іх вывучаўся попыт на прадукцыю -- на выставах і ў гандлі (з абавязковай абаронай аўтарскіх правоў). Адначасова распрацоўваліся і рэкамендацыі для прамысловасці, і галоўнай умовай тут было выкарыстанне мясцовых магчымасцей для вырабу прадукту.
Перабудовачныя працэсы адмоўна паўплывалі на вытворчасць, яна перастала быць асноўным спажыўцом дызайну. Сёння, калі гавораць пра нізкую канкурэнтаздольнасць нашай прамысловасці, прыводзяць такія аргументы: знос абсталявання, састарэлыя тэхналогіі, недахоп сродкаў на мадэрнізацыю... Але ж чаму так і засталіся на паперы праекты перспектыўных вырабаў, якія былі разлічаны на тагачасны ўзровень тэхналагічных працэсаў. Многія спраектаваныя і не прынятыя да вытворчасці рэчы не страцілі сваёй актуальнасці для спажыўца.
Сёння, як і некалькі дзесяцігоддзяў таму, на заводах і ў галіновых інстытутах дызайнера разглядаюць як дэкаратара канструкцый, аздабляльніка рэчы. Спрэчкі ідуць адно пра тое, на якой стадыі праекта ён мусіць падключыцца да працы. Нават на буйных прадпрыемствах дызайнер далучаецца да працэсу праектавання, калі ўжо позна штосьці мяняць, калі канцэпцыя прадукту ўжо склалася. Ад дызайнера як афарміцеля патрабуюць «добрага» вока, мастацкіх навыкаў у мадэляванні формы, умення эфектна падаць рэч. Большасць кіраўнікоў прамысловасці не жадаюць прызнаваць за ім права быць вынаходнікам новых уласцівасцей і якасцей прамысловай прадукцыі, рацыяналізатарам функцыянальных працэсаў, праекціроўшчыкам новай матэрыяльнай рэчаіснасці, у якой існуе сучасны чалавек.
Па-ранейшаму востра стаяць пытанні абароны аўтарскіх правоў. На многіх прадпрыемствах прафесіі «дызайнер» увогуле няма ў штатным раскладзе. А калі ёсць, дык часта статус яе такі, што дызайнеры знаходзяцца па-за структурай рэальнага праектавання, вытворчасці, збыту прадукцыі і не могуць уплываць на рашэнні. Заснаваная ў 1998 годзе Дзяржаўная прэмія за лепшы дызайн праіснавала нейкі час і была ліквідавана.
Чаму мы, ужо двойчы наступіўшы на адны і тыя граблі, зноў паставілі іх зуб’ем уверх? Мне падаецца, што гэта вынікае з агульнай культурнай сітуацыі ў краіне. Дызайнеры індустрыяльнага профілю навучаны адчуваць і разумець мову вобразаў прамысловай формы. Мы ведаем, як ствараецца прыгажосць масавых вырабаў і ў чым яе сутнасць. Гэтым уменнем, як я неаднойчы пераконваўся, не валодаюць мастакі дэкаратыўна-прыкладных мастацтваў, што ж казаць пра людзей іншых прафесій. Агульнаадукацыйная школа выхоўвае дзяцей на прыгажосці прыродных форм.
На думку большасці людзей, калі чалавек валодае выяўленчай граматай, дык ён ужо можа працаваць дызайнерам. Але ж аб’ект трэба не толькі намаляваць, але і спраектаваць, вынайсці, уменне маляваць -- яшчэ зусім не гарантыя праектных здольнасцей аўтара. Даўно час зразумець і даводзіць гэта да грамадскасці (праз тэлебачанне, скажам), што сучасны індустрыяльны дызайн -- гэта элемент глабальнай эканомікі, што дызайн увогуле -- гэта сучаснае мастацтва праектавання прадметнага свету. Вельмі неабходны і прафесійны друкаваны орган, бо існуючы сёння часопіс «PRO-дизайн» -- рэкламна-тусовачнае выданне, далёкае ад задач прамысловага дызайну.
Індустрыяльны дызайн у выніку перабудовачных працэсаў практычна цалкам страціў сваю інфраструктуру і месца працы. Будынак беларускага філіяла УНДІТЭ ў пагоні за лёгкімі грашыма аддадзены тым, хто менш за ўсё зацікаўлены ў развіцці айчыннага дызайну. Нікому нават не прыйшло ў галаву пралічыць іншыя, больш эфектыўныя варыянты ў доўгатэрміновай перспектыве. Поле, на якім функцыянаваў дызайн, звузілася да маленькай пляцоўкі. Тыя, хто на ёй утрымаўся, перайшлі, у лепшым выпадку, у памежныя з вытворчасцю зоны -- такія, як графічны, інтэр’ерны або ландшафтны дызайн. Сёй-той заняўся гандлем, бізнесам. Многія надзвычай таленавітыя творцы засталіся незапатрабаванымі.
На шчасце, на гэтай маленькай пляцоўцы ўтрымалася, дзякуючы распрацаванай праграме, наша школа -- кафедра прамысловага дызайну. Многія нашы выпускнікі працуюць у прамысловасці. Я шчыра радуюся поспехам Данілы Іванова, які працуе на Мінскім аўтамабільным заводзе, Алега Курапацкага, навуковага супрацоўніка Акадэміі навук Беларусі, і іншых. Шкада, што ў Акадэміі мастацтваў ужо не працуюць нашы мэтры Ігар Герасіменка і Алег Чарнышоў. А з другога боку, выдатна, што на падставе іх досведу грунтуецца працэс падрыхтоўкі дызайнераў у Дзяржаўным універсітэце сучасных тэхналогій і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Гэта дае надзею, што новае пакаленне будзе прафесійна адукаванае, з нестандартным крэатыўным мысленнем.
Сённяшні дызайн разглядаецца, паўтару, як элемент сістэмы глабальнай эканомікі, стратэгічны інструмент канкурэнтнай барацьбы ў сучасным свеце. Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе не толькі пра эканамічную палітыку, хутчэй -- пра адзіны ацэначны стандарт. Такім некалі былі рыс на Усходзе, соль у Еўропе, у гэтай ролі дасюль выступае золата. Але большасць эканамістаў сыходзяцца на думцы, што месца золата неўзабаве зойме дызайн. Менавіта ён у развітым грамадстве павінен генерыраваць інавацыйныя ідэі ў рамках нацыянальных соцыякультурных праграм, насычаць прамысловасць арыгінальнымі распрацоўкамі. У сваю чаргу, дызайнерам трэба быць гатовымі да крытыкі з боку спажыўца.
Агульнасусветная практыка сведчыць: для вытворчасці, умацавання пазіцый гандлёвай маркі (брэнда) і прасоўвання прадукцыі на замежныя рынкі неабходна дзяржаўная падтрымка. Сучасныя распрацоўкі ў галіне прамысловага дызайну вельмі дарагія, затратныя, не кожнае прадпрыемства можа іх сабе дазволіць: для гэтага трэба мець не толькі матэрыялы і фонды, але і інтэлектуальны патэнцыял і час. З сусветнага досведу вядома, што канкурэнтаздольнасць эканомікі, акрамя знешніх інвестыцый і актыўнасці бізнесу, у многім залежыць ад мэтанакіраванай актыўнасці дзяржавы як суб’екта прамысловай палітыкі.
Перадавыя краіны дасягнулі гэтых умоў не адразу. Падтрымка дызайнерскіх пошукаў у 1950-х дазволіла ў 1980-х стварыць адладжаны механізм паспяховага развіцця вытворчасці. Мадэль дзяржаўнай падтрымкі прамысловага дызайну ў Вялікабрытаніі была распаўсюджана ў краінах Заходняй Еўропы, Паўднёва-Усходняй Азіі, у Паўднёвай Карэі, Тайландзе, В’етнаме. Сёння яна таксама ажыццяўляецца ў былых сацыялістычных краінах Еўропы, у Расіі і Кітаі. Многім з іх такая пазіцыя ўжо дазволіла заняць лідзіруючыя пазіцыі на сусветных рынках.
Безумоўна, фінансуюць работу дызайнераў прадпрыемствы і фірмы, аднак гэты працэс мусіць быць падмацаваны стварэннем базавых прававых і эканамічных умоў. Ён не павінен разглядацца як крыніца дадатковых выдаткаў на вытворчасць або як працэс комплекснага планавання. Накірункаў творчасці дызайнераў нашмат больш, чым аб’ектаў будаўніцтва і архітэктуры, што знаходзяцца ў разгляду вузкіх ведамстваў. А дызайн між тым пакінуты сам-насам, і ніхто адказнасці за яго не нясе. Выратаваць сітуацыю можа толькі стварэнне эфектыўнай сістэмы кіравання дызайнам на дзяржаўным міжведамасным узроўні, уключэнне яго ў сферы эканомікі і культуры. Неабходна пераадолець разрыў паміж вынаходніцтвамі, даследаваннямі, новымі тэхналогіямі і дызайнам, а для гэтага трэба аднавіць яго інфраструктуру ў краіне.
У сістэме прафесійнай адукацыі сёння рыхтуюцца спецыялісты індустрыяльнага накірунку вузкай спецыялізацыі, у той час як патрабуюцца так званыя «сінтэзісты». Дастаткова пазнаёміцца з праграмамі найбольш вядомых ВНУ за мяжой, каб упэўніцца ў справядлівасці гэтага тэзіса. Таму падзел студэнтаў, якія займаюцца аб’ёмна-прасторавымі тэхнічнымі структурамі, на бытавую, транспартную і выставачную спецыялізацыі ўяўляецца мне недасканалым, гэта звужвае магчымасці набыцця навыкаў праектавання розных сістэм. З іншага боку, у абітурыентаў з’яўляецца памылковае ўяўленне, што прафесію дызайнера бытавых вырабаў асвоіць вельмі лёгка. Аднак праектаванне бытавых комплексаў і асартыментных груп не менш складаная справа, чым праектаванне монааб’екта -- напрыклад, транспартнага сродку.
Што можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю? Як тэатр пачынаецца з гардэроба, так і працэс творчага ўспрымання пачынаецца з прафесійнага адбору. Гэтую праблему трэба рашаць радыкальна. Напрыклад, увесці спецыфічны тэставы экзамен, які б выяўляў абітурыентаў, схільных да шырокай інтэграцыйнай дызайн-дзейнасці ў прамысловасці. Не трэба чакаць нейкіх змен, калі нашых выпускнікоў будуць сустракаць з гарачымі абдымкамі. У прамысловасці свае задачы: серыйная вытворчасць якаснай прадукцыі ў неабходнай колькасці. Задача дызайнера -- заваяваць давер, прапанаваць новыя дызайнерскія рашэнні прадукцыі, запатрабаванай пакупнікамі.Многае варта змяніць і ў навучальным працэсе. У склад класічных дысцыплін, якія вывучаюць у акадэміі, неабходна ўключыць фізіку, хімію, статыку і дынаміку канструкцый, структурную біялогію, або так званую навуку аб жыцці, экалогію, эталогію, прыкладную біёніку, біямеханіку. Усё гэта дазволіць студэнту адрозніваць дзве канцэпцыі ў дызайне: «удасканалення побыту», якая ўжо выйшла з ужытку, і новую -- «рацыянальнага спажывання», а таксама не блытаць сапраўдны дызайн са стылістычнымі выкрутасамі, што маюць нізкую спажывецкую якасць. Трэба стварыць умовы для сумеснай -- выкладчыкаў і студэнтаў -- праектна-творчай працы над рэальнымі праблемамі, запрашаць кансультантаў, якія маглі б дапамагаць пры выкананні курсавых і дыпломных работ. А дыпломныя праекты распрацоўваць сумесна -- групамі студэнтаў, выкладчыкаў і спецыялістаў прамысловасці. Макетныя работы выконваць у мяккіх і ўмерана цвёрдых матэрыялах: як у маштабе, так і ў натуральную велічыню, для чаго кафедры спатрэбяцца адпаведныя электрамеханічныя інструменты і лазернае сканіраванне аб’ёмных форм. У выніку выйграе Акадэмія мастацтваў: якасныя макеты распрацовак можна прадстаўляць на любых міжнародных выстаўках для вызначэння попыту і рэакцыі спажыўца.