Беражліва гаспадары ставяцца і да гісторыі месца: гэта заводскія цэхі плошчай шэсць з паловай тысяч метраў, дзе працавала некалькі пакаленняў мінчан. Напрыклад, у мадэльным цэху, які пачаў выконваць свае новыя функцыі, раней рабілі мадэлі для дэталяў станкоў. Рамонт заняў месяц, пры гэтым захавалі амаль увесь антураж — цяжкія двухстворкавыя дзверы (цяпер у цяжкай раме стаіць браніраванае шкло), калідор з металічнымі сценамі. Ужо гатовы ангар на 1500 квадратных метраў, дзе можна ладзіць праекты для вялікай аўдыторыі — да васьмісот чалавек.
На былым заводзе плануюцца мастацкая галерэя, тэатральная прастора, арт-рэзiдэнцыя, месца для творчасці ды iнкубатар праектаў у сферы фінансавых тэхналогій, якiя, карыстаючыся краўдфандынгам, юберызацыяй ды шэрынгам, дапамогуць культурным праектам стаць фiнансава самадастатковымi.
Кастрычніцкая становіцца цэнтрам культурнага жыцця Мінска. Сярод нядаўніх падзей: паказы адкрытага форума эксперыментальных пластычных тэатраў «ПлаSтформа Мінск — 2018», фестывалю «Нефільтраванае кіно», канферэнцыя па тэхналогіі блакчэйн, выстава мастака Захара Кудзiна, праект «Дыяфільмы Live. Казкі ў фармаце 18х24».
Я сустрэлася з кіраўніком новай прасторы Георгіем Заборскім, каб разабрацца з перадгісторыяй і будучыняй новага культурнага праекта. У «Ок16» Георгій займаецца працэсамі рэканструкцыі, канцэпцыяй праекта і архітэктурным конкурсам.
Навошта «Белгазпрамбанку» падтрымліваць такі складаны культурны праект?
— Ён не падтрымлiвае, а стварае яго. Каб банк мог паспяваць за часам, а дакладней — змяняцца, апярэджваючы свой час, культурны асяродак вакол яго таксама павінен быць сучасным. Каб развіваць новую эканоміку, развіваць належыць і новую культуру. Можна сказаць, што «Белгазпрамбанк» стварае новую мадэль «Мінска-2025»— адначасова для сябе і для ўсiх жыхароў краiны. Добрае супадзенне.
Назіраю за культурніцкімі праектамі банка, і, безумоўна, самы выдатны вынік атрымліваецца там, дзе працу вядзе спецыяліст з унікальным досведам. Вы — архітэктар паводле першапачатковай адукацыі. Як атрымалася, што ў вашай біяграфіі з’явіліся такія спецыялізацыі, як футуролаг, кансультант па інавацыях?
— Так, гэта даволі доўгая траекторыя. Пачалося ўсё тады, калі я зразумеў, што мне не хапае традыцыйнай архітэктурнай адукацыі, якую атрымліваў у Беларусі, і я пачаў сумяшчаць два фарматы: навучальны год я займаўся ў Мінску, а на лета з’язджаў у Еўропу — у разнастайныя архітэктурныя школы. Каб трапіць туды на два тыдні ці нават на месяц, трэба было прайсці адпаведны конкурс, і там я атрымліваў цалкам іншыя веды. Гэта вельмі пашырала перспектыву — я далучыўся да дзвюх адукацыйных сістэм, цікава было іх спалучаць.
Пасля выпуску я зразумеў, што сучасная архітэктура — гэта набор інструментаў для фармавання прасторы, асаблівы спосаб яе стварэння. Але само ўяўленне пра архітэктурную прастору вельмі моцна змяняецца. Калі сорак гадоў таму развівалася традыцыйная тыпалогія (праца над стандартнымі тыпамі жылля: кантора, стадыён, канцэртная зала, офіс, завод), то сёння яна стала гібрыднай. Офісная работа сумяшчаецца з крэатыўнымі працэсамі, у гандлёвых цэнтрах з’яўляюцца кавярні, забаўляльныя месцы. Таму стала важным праектаваць не проста сцены, а працэсы. А значыць, даводзіцца праводзіць стрэлачкі на схемах паміж рознымі кружочкамі і прыдумваць, як гэта ўсё паміж сабой павінна быць звязана. Вывучаючы гэтыя новыя працэсы, я і засвоіў дастатковую колькасць рэчаў, каб стаць запатрабаваным у наступнай сферы дзейнасці: мы з маімі партнёрамі па кансалтынгавай кампаніі «Прагрэсар» займаліся распрацоўкай стратэгіі развіцця расійскіх гарадоў. Тут спатрэбіліся мае ўменні заніраваць прастору паводле адпаведных функцый, але таксама з’явілася неабходнасць гэтыя функцыі вынаходзіць. Напрыклад, ёсць праблема: монагорад, у якім «памёр» завод, горадаўтваральнае прадпрыемства. Ці вайсковая частка. Возьмем мой любімы прыклад: горад Чарняхоўск Калiнінградскай вобласці, які развіваўся вакол такой вайсковай часткі, але яе адтуль вывелі. І чым жыць гэтаму гораду? Належала тэрмінова вынайсці спосаб захаваць у першую чаргу маладое насельніцтва. Знайсці рашэнне: для чаго ім тут заставацца? Адзіны адказ — малы бізнэс і культура, прычым сумяшчэнне гэтых дзвюх рэчаў. Толькі бізнэс можа дазволіць ім тут выжываць і толькі культура можа зрабіць іх жыццё нясумным, каб яны не паехалі па цікавыя падзеі ў Піцер, а засталіся тут — у сваім малым горадзе. І ты разумееш, што адзіны спосаб выканаць сваю працу па стварэнні стратэгіі развіцця малых гарадоў — гэта навучыцца рэалізаваць культурныя праекты, прычым там, дзе іх няма. Дакладней, ёсць толькі зародыш, бо ў любым мястэчку маецца пэўная колькасць творчых людзей, частка з якіх атрымала цудоўную адукацыю, але мусіла вярнуцца на сваю малую радзіму, напрыклад, з-за пажылых бацькоў. Але няма асяроддзя, дзе гэтыя людзі маглі б рэалізавацца.
Паступова мы зразумелі, што самыя лепшыя праекты зараджаюцца самі па сабе, вырастаюць на месцы з нейкай супольнасці. І трэба іх толькі ўзмацніць: можна, напрыклад, наладзіць узаемадзеянне паміж гэтымі супольнасцямі і іншымі актыўнасцямі на другім канцы Расіі. Пачынаюць развівацца абмены. З’яўляецца магчымасць прывозіць у малы горад нейкія вялікія праекты з буйных гарадоў i наадварот. Ды — галоўнае — гэтым суполкам трэба стварыць адпаведную прастору: бяспечную для творцаў, адкрытую для наведвальнікаў. Гэта шлях, якi мы эксперыментальна вынаходзiлi ў Расii i якi ў той жа час развiваўся ў заходняй Еўропе — то-бок ён унiверсальны ды ўстойлiвы.
Гэты досвед стаў крыніцай трэцяй маёй кампетэнцыі — я пачаў актыўна займацца арганізацыяй новых тыпаў культурных прастораў. Даследуючы еўрапейскую сучаснасць, вельмі хутка разумееш, што стадыя стварэння нечага новага з нуля — новых гарадоў, архітэктуры — ужо мінула. Гэта ў ХХ стагоддзі актыўна будаваліся новыя гарады і заводы, у ХХІ-м усё пабудавана, і цяпер гэта ўсё трэба перарабліваць, бясконца паляпшаць тое, што ў нас ёсць. І тут мяне заўсёды цікавіла рэканструкцыя заводаў і падобных прамысловых зон — не буйная рэканструкцыя, якую цяжка адрознiць ад знiшчэння, а рэканструкцыя з мiнiмальным фiзiчным вымярэннем і максiмальнай зменай сэнсу ды карыстання. Нiбыта акупунктура. У гэтай сферы я таксама займаўся практыкай, пачынаючы з тэўтонскага замка Iнстэрбург, з павільёна «Космас» Маскоўскай ВДНГ і Маскоўскага электралямпавага завода, таксама завода Леніна ў Мінску, дзе я вёў уласныя праекты, прыстасоўваючы прамысловую прастору да творчай індустрыі. Таму вельмі лагічна атрымалася, што я ў рэшце рэшт апынуўся на Кастрычніцкай з праектам «Ок16».
Да гэтага ў Мінску ў вас быў праект «Ме100».
— З Масквы я канчаткова вярнуўся два гады таму, а датуль жыў паміж двума гарадамі, вёў паралельныя праекты, і «Ме100» па часе амаль супала з працай на Маскоўскім электралямпавым заводзе — там я ствараў архітэктурную студыю і крэатыўную прастору, дый жыў там.
У чым прынцыповая розніца паміж умовамі працы над крэатыўнымі прасторамі ў Мінску і Маскве? Хоць не, там усё змянілася, давайце лепш падумаем, чаго не хапае Мінску для ідэальнай сітуацыі ў стварэнні крэатыўных прастораў.
— Калі параўноўваць тую Маскву і сённяшні Мінск, то можна вылучыць два асноўныя адрозненні. Для поспеху найперш патрабуецца аптымізм моладзі. Масква — і ў тыя часы, і, у прынцыпе, цяпер — упэўнена, што яна адна з культурных сталіц свету. І калі добра пашукаць, то ты на месцы знойдзеш усё, што табе можа быць цікавым у жыцці, — ад адзінага і сапраўднага кахання да самай незвычайнай тэатральнай пастаноўкі. А ў Мінску я бачу іншае, асабліва па сваіх студэнтах і асабліва пасля крызісу, — песімістычнае адчуванне таго, што, можа быць, тут нешта некалі і будзе, але не пры нашым жыцці, прынамсі не пры нашай маладосці. І паміж дваццаццю і трыццаццю гадамі адбывацца пералом. Студэнты, якія пераходзяць на другі курс, яшчэ аптымістычныя,
а тыя, што набліжаюцца ды выпуску, хацелі б з’ехаць, а калі збіраюцца застацца, то пазітыўных змен не чакаюць. З гэтага песімізму і аптымізму вырастае ўсё астатняе, бо калі ты аптыміст, то ідзеш на спектакль ці выставу — і бачыш цікавае, калі наадварот, то шукаеш там жа доказы таго, што нічога не атрымліваецца. Падыход вызначае ўсё.
І другі момант, таксама важны. У тэорыях сістэм і горадабудаўніцтва, у сучаснай эканамічнай тэорыі ёсць важнае паняцце: «празмернасць». Гэта калі рэсурсаў, асабліва прастораў, больш, чым патрэбна спажыўцу. У Маскве заўсёды былі закінутыя дамы, цэхі, двары, магістралі, велізарная колькасць людзей з розным узроўнем дабрабыту — усяго вельмі шмат. І з гэтага «ўсяго вельмі шмат» можна зрабіць любую канструкцыю: зладзіць галерэю ў падвале, фестываль танца на страсе недабудаванага хмарачоса, экскурсію па таджыкскім паселішчы ўнутры горада. Ты заўсёды знойдзеш нічыйную зямлю, дзе можна зрабіць свой праект. У Мінску ўсё яшчэ дзейнічае патэрналісцкая мадэль стаўлення да ўсіх рэсурсаў. Залішняе адміністраванне. Маецца, напрыклад, завод «Гарызонт». Гіганцкае прадпрыемства, але каля 60 працэнтаў плошчаў цяпер пустыя, а вытворчасці там няма ўвогуле. Здавалася б, адчыні дзверы, здавай па еўра за квадрат — і ты пачнеш расці. А яны імкнуцца тыя плошчы, што ў іх ёсць, здаць па пяць-сем еўра. Пры гэтым, калі ўзнікаюць запазычанасці, насустрач не ідуць. Такая сітуацыя з культурнай прасторай «Верх», якая шукае магчымасці пакрыць арэндныя стаўкі. Насамрэч гэта «Верх» стварае ўсю астатнюю арэнду на «Гарызонце». З-за таго, што яны там ёсць, туды прыходзяць іншыя арандатары. У Маскве на яго існаванне проста заплюшчылі б вочы, зрабілі б выгляд, што іх там няма, і яны б працягвалі развівацца, падымаючы кошты на суседнія плошчы.
А колькі заплюшчвалі вочы на існаванне «Тахелеса» ў Берліне...
— Менавіта. Мінску такая сітуацыя вельмі б паспрыяла. Што мы сёння робім на Кастрычніцкай? Мы стараемся асэнсаваць усю празмернасць гэтых цэхаў, хочам стварыць месца, куды можна прыйсці, каб зрабіць свой праект. Але мы такія адны, калi размова iдзе не пра актывicтаў, а пра ўладальнікаў нерухомай маёмасцi.
Што б сёння паспрыяла развіццю крэатыўных прастораў? Зняць залішняе адміністрыраванне пустуючых плошчаў. З гэтага, напрыклад, пачыналася эканамічнае адраджэнне Будапешта. Колькi гадоў таму гарадская адміністрацыя горада аб’явіла: старыя жылыя дамы, якія стаяць пустыя, здаюцца па мінімальным кошце пад любыя публічныя прасторы, уключаючы бары. І паступова ў цэнтры Будапешта стаў назірацца велізарны прыток турыстаў — у гэтыя цікавыя бары. І зразумела ж: чым ніжэй арэнда, тым больш адметны інтэр’ер ты можаш зрабіць. І горад ажыў. І калі б зараз у Мінску ўзялі ўсе нашы непрацуючыя вытворчасці і на час (не трэба думаць, што калі сёння здасі па адным еўра, то так будзе заўсёды) танна здалі творчым людзям…
І такім чынам узляцяць кошты ва ўсіх суседніх кварталах…
— Сваім з’яўленнем на Кастрычніцкай мы ўжо паднялі кошты ў паўтара разы на ўсе памяшканні ў суседнім заводскім будынку.
Сёння мы як кіруючая кампанія «Ок16» будзем даваць кансультацыйныя паслугі і тлумачыць, як зрабіць так, каб здаць памяшканні па два еўра і не прайграць, як скласці дакументы, зладзіць электрасеткі…
Я заўважыла, што ў тэкстах, якія тычацца крэатыўных індустрый, любая банальная фраза набывае іншы сэнс. Пакідаючы праект «Ме100», вы сказалі, што будзеце ў бліжэйшы час даследаваць канцэпт «Think global — act local», зыходзячы з актуальных тэорый і даступных інструментаў. Што такога асаблівага ў гэтай формуле і як вы яе выкарыстоўваеце?
— Сёння мы дзейнічаем менавіта так. Сэнс у тым, што нейкія каштоўнасці маюць глабальнае значэнне, але пры гэтым шляхі іх дасягнення і рух да гэтых каштоўнасцей залежаць ад кантэксту. І ў пазітыўным, і ў негатыўным ключы. На кожнай тэрыторыі, у кожным горадзе, у кожнай сітуацыі і сферы на кожны мінус можна знайсці плюс: у гарадах, дзе нешта кепска развіта, гэтае штосьці мае нізкi кошт, дзе добра развіта — лепшы сэрвiс. I тое і тое — добра, калi ведаць, як да гэтага падысцi. Што тычыцца Мінска? У горадзе вельмі маленькі арт-рынак. Пры гэтым існуе велізарная колькасць маладых мастакоў, якія не ўбудаваны не толькі ў гэты арт-рынак, але і ў які-небудзь крытычны ці галерэйны дыскурс. І калі спрабаваць зрабіць тут так, як гэта робіцца ў Маскве, то не атрымаецца. У Маскве арт-рынак існаваў з
1980-х: пачынаючы з авангардных рухаў позняга Савецкага Саюза рынак ужо развіваўся. І таму, калі ты проста прывязеш з Масквы нейкага галерыста і прапануеш яму дзейнічаць тут, як бы ён працаваў у Маскве, — нічога не атрымаецца. Затое ў нас ёсць іншы суперрэсурс — натоўп нераскручаных маладых аўтараў з невялікай колькасцю твораў, але вельмі актыўных. І тут патрэбны іншы інструмент. Мы сёння распрацоўваем канцэпцыю даступнай калектыўнай арт-рэзідэнцыі для маладых беларускіх мастакоў тут, на Кастрычніцкай, 16. Прадугледжваем магчымасць працаваць з куратарам, удзельнічаць у дыскусіях, тварыць у майстэрнях. І гэта зусім іншы фармат, чым больш распаўсюджаная ў свеце заходняя рэзідэнцыя. Сэнс не ў тым, што мы прапануем цудоўныя ўмовы, — мы даем прастору пад узаемадзеянне. Бо маладых трэба звесці і адзін з адным, і з крытыкамі, і з публікай. Мастаку патрэбнае люстэрка, у ролі якога выступае публіка: ён павінен паказваць свае працы.
Я ўпэўнены: у нас маюцца мастакі, не ахопленыя ні «Восеньскім салонам», ні «Арт-Беларуссю», але ў якіх таксама ёсць перспектывы.
У чым прынцыповае, базавае адрозненне вашай прасторы ад іншых вялікіх выставачных памяшканняў горада? Напрыклад, тут паблізу, на гэтай жа вуліцы, збіраецца адкрывацца Цэнтр сучаснага мастацтва.
— Ёсць канцэпцыя, з якой працуем толькі мы. Нам цікавая тэма камунікацый, і для нас важныя дзве мадэлі мастацтва і адна тэхналогія, вакол гэтага і выбудоўваецца «Ок16»: тры розныя формы камунікацый паміж людзьмі. Нам цікавы тэатр як інструмент для стварэння новых вобразаў стасункаў. Тэатр працуе з эмпатыяй, цялесным перажываннем. Гэта тэмы, што не ахопліваюцца камунікацыямі дзелавых прамоў. Таксама станковае і манументальнае мастацтва, якое з’яўляецца нагодай і інструментам камунікацыі, там можна зрабіць тое, што нельга перадаць праз тэкст. І ў гэтым разрэзе мы разглядаем жывапіс, фатаграфію, інсталяцыю, скульптуру. І эканоміку. Банк — гэта эканамічная структура, і эканоміка — яшчэ адна форма стасункаў паміж асобамі. І той пункт погляду, з якога мы разглядаем працэсы, — улучае тры інструменты камунікацыі, дзе мы шукаем новую будучыню. «Ок16» — гэта не проста праект пра мастацтва, гэта праект пра мастацтва як частку культуры ў больш шырокім сэнсе, частку паўсядзённай культуры і міжчалавечых стасункаў.
Вы заяўляеце, што тут будуць развівацца два віды праектаў — са сферы культуры і бізнэсу. Якім чынам яны будуць перасякацца?
— Для нас галоўнае — гэта вынаходніцтва новых спосабаў камунікацыі. Напрыклад, 1980-90-я былі бумам ІТ-прадуктаў, у 2000-я новыя тэхналогіі развіваліся на пераносных прыстасаваннях, і мы ўпэўнены: наступная гісторыя будзе пра змены камунікацый, але ж не лiчбавых, а мiжперсанальных. Будуць трансфармавацца эканоміка, банкі, спосабы перадаваць адзін аднаму грошы, змяняцца меркаванні, што такое праца, што можа аплачвацца, спосабы пра нешта дамаўляцца. «Што лiчыць поспехам?» — вось якое будзе галоўнае пытанне культуры, жыцця i эканомiкi у 2020-х. І дзе браць новыя медыя для такіх стасункаў ды новыя адказы на такiя пытаннi? Бізнэс будзе шукаць іх у культуры і мастацтве. Што мы лічым нормай, што не, вакол чаго мы дамаўляемся, што мы лічым радасцямі жыцця, што мы прадаем — для адказаў на гэтыя пытанні чалавецтву давядзецца зноў звярнуцца да мастацтва. І выкарыстаць яго як спосаб паглядзець на свет наноў і адкрыць нейкія новыя магчымасці. І таму мы ўпэўнены, што гэтыя дзве сферы будуць узаемна дапаўняцца ў iншым сэнсе, чым сёння: мастакi-даследчыкі ў стасунках з сацыяльнымi прадпрымальнiкамi замест мастакоў-мадэрнicтаў у стасунках з калекцыянерамi. Прадстаўнікі бізнэсу, асабліва звязаныя з фінансавай тэхналогіяй, якія будуць базавацца тут, у нашым бізнэс-інкубатары, будуць хадзіць і вучыцца эмпатыі, разуменню складанага свету, пастаноўцы складаных задач у мастацтве, а мастацтва зможа выкарыстоўваць іх напрацоўкі для таго, каб сябе фінансаваць. У нас ёсць любімы прыклад: спектакль «Опіум», пастаўлены за кошт краўдфандынгу. Толькі з’яўленне лічбавай краўдфандынгавай платформы дазволіла рэалізаваць гэтую пастаноўку. І тое толькі пачатак: вядомы інструмент — краўдфадынг і вядомы інструмент — тэатр — з’ядналіся і атрымалася нешта новае. Мы верым, што калі мы гэтыя дзве сферы змесцім у адну прастору і прымусім іх сутыкацца, то на гэтым стыку будуць не толькi паспяхова супрацоўнiчаць ужо icнуючыя з’явы, але вырастуць і новыя фінансавыя інструменты, і новыя пытаннi ў мастацтве.
Цяпер праходзіць конкурс архітэктурных канцэпцый новай прасторы. Якія ўмовы акрэслены для аўтараў?
— Архітэктурны конкурс — вельмі складаная гісторыя. Эстэтыка — сусветная (не буду прыводзіць тут цэльны корпус лiтаратуры ад Беньямiна да Колхаса, дастаткова чытачу адкрыць archdaily.com ды designboom.com, каб зразумець гэтую эстэтыку на невербальным узроўнi), рэалізацыя — з улiкам беларускіх асаблiвасцяў. Я магу апісаць рамкі, што дакладна акрэслены ва ўмовах конкурсу. Знешнія абрысы будынкаў, якія выходзяць на Кастрычніцкую вуліцу, не павінны змяняцца, а ўнутры для нас галоўная рэч — узаемная пранікальнасць прасторы. Мы не будзем дзяліць будынак на розныя адсекі з асобнымі ўваходамі з вуліцы. Гэта будзе скразная ўнутраная вуліца, то-бок цэхі ператвараюцца ў нейкую аб’яднаную прастору з рознымі актыўнасцямі. Гэта не значыць, што ў сярэдзіне опернага прадстаўлення праз зал будуць праходзіць людзі, якія ідуць у бізнэс-цэнтр, але міма яны прайсці павінны. Яны мусяць яго ўбачыць і займець магчымасць туды патрапіць. Змушанае падлучэнне адзін да аднаго. І так, для нас вельмі важна аб’ядноўваць паміж сабой усе тыя функцыі, пра якія я гаварыў, усе магчымасці камунікацыі. Гэта яшчэ адна тэма, важная пры стварэнні любой крэатыўнай прасторы, у якой творчасць адбываецца ўнутры. Што такое традыцыйны цэнтр сучаснага мастацтва? Гэта месца, дзе мастацтва паказваюць. Яно дзесьці ствараецца, а тут яно прад’яўляецца. Часам яно робіцца на месцы, і гэты працэс можна назіраць, але ўсё ідзе ў рамках папярэдне прапісаных канцэпцый. У нас важна стварыць прастору, у якой адбываюцца тыя выпадковыя спантанныя сустрэчы, з чаго потым вырастаюць праекты. Ёсць вельмі трапнае вызначэнне Silicon Valley, Крэмніевай даліны ў Каліфорніі. Гэта месца, дзе ты заходзіш са сваёй ідэяй у кавярню, выпадкова сустракаеш інжынера, які можа спаяць тое, што табе патрэбна, і бізнэсмена, які можа інвеставаць грошы. Сэнс Silicon Valley не ў тым, што там сядзіць шмат людзей з ідэямі і што там шмат інвестараў, а ў тым, што там ёсць кавярня, дзе яны сустракаюцца. Дык вось, «Ок16» для нас — такая ж Крэмніевая даліна, толькі размова тут вядзецца пра культуру і эканоміку, а не пра ІТ і дызайн.
У вас адбыўся форум эксперыментальных пластычных тэатраў «ПлаSтформа», і вы абяцалі, што пластычны тэатр і сучасны танец павінны раскрыцца цалкам па-новаму. Атрымалася?
— Я лічу, што атрымалася. Магу канкрэтна сказаць, якія рэчы мы зрабілі ўпершыню. Па-першае, мы прывялі на фестываль фізічнага тэатра гледача, што звычайна не ходзіць на такія мерапрыемствы. У нас была публіка, якая прыйшла з-за іншага маркетынгу, зусім іншай ініцыятывы. Па-другое, мы за кошт цалкам іншай геаметрыі залы, недаступнай у дзяржаўных тэатрах… То-бок ёсць тэатры, якія аддаляюць гледача ад цела танцора, з іншага боку, ёсць НЦСМ, і ён набліжае гледача да цела, але ён вельмі тэхнічны бедны, ты не можаш паказаць танцавальную работу ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, бо яна там не змесціцца. Што мы зрабілі: аб’ядналі дзве рэчы, змясцілі гледача максімальна блізка да фізічнага цела, ад гэтага ўзнікае суперажыванне. Калі ты знаходзішся ад цела на вялікай адлегласці, такой, як у Тэатры оперы і балета, то ты рэагуеш на прыгажосць, ацэньваеш сілуэты і траекторыю руху. А калі цябе да жывога цела набліжаюць, то пачынаеш перажываць унутранае жыццё гэтага цела, тое, што з ім адбываецца, разумець, цяжка яму ці не, што яно адчувае, а не што павiнна адчуваць па партытуры. Але адначасова мы дадалі складаныя тэхналогіі і святло, інтэрактыўную праекцыю, звязаную праз камп’ютар паміж экранамі і камерамі. Гэта, безумоўна, не такая ўжо і навінка, але ў нас толькі пачынае асвойвацца мультымедыйная сфера, звязаная з пластычным тэатрам. Мы зрабілі гэта адкрытым прыёмам, дазволілі гледачу ўбачыць усю машынерыю, якая стварае агульны эфект, паказалі, як збіраецца той свет, дзе жыве танцор. Каб глядач адчуваў суперажыванне не толькі з персанажам, але і з перформерам, які выйдзе з гэтай залы і пойдзе жыць сваім жыццём. Мы ўпэўнены, што трэба ўзмацняць сувязь паміж творцам і публікай. У выставачных цэнтрах выбудоўваецца дыстанцыя, у нас — іншая мадэль, калі ты разумееш, што гэты творца — ён, так, незвычайная асоба, але ён чалавек, ён недзе жыве сваім жыццём. Гэта важна з дзвюх прычын. З аднаго боку, ты пачынаеш шукаць патэнцыял у самім сябе. Не значыць, што ўсе павінны стаць жывапісцамі, але магчымасць тварыць заўсёды для цябе застаецца. А з іншага боку, ты пачынаеш разумець, што ты заплаціў за білет — і чалавек пайшоў і набыў свайму сыну цацку, а калі не заплаціў, то ён не здолеў яе купіць. То-бок творца — гэта рэальная асоба, якая жыве ў рэальнай эканоміцы. Ты зарабляеш у адным месцы, ён у іншым, і вы звязаны праз эканоміку. Мы хочам паказаць гэтую сувязь. Паказаць, што мастацтва ствараецца ў тым ліку таму, што ты плаціш за білет.
І трэці важны складнік. Мы змяншаем дыстанцыю, каб глядач змог спытаць у перформера, як яго зразумець, спытаць у мастака ці куратара. Не проста пакінуць водгук, а патлумачыць, што ён, напрыклад, не зразумеў нейкі момант. І, можа, куратар скажа: «А вы глядзелі ўважліва на заднік у гэты момант? Там было напісана слова "каханне"». І ўсё стане зразумелым… Адбываецца дыялог. З зоркамі опернага тэатра такі дыялог не выбудуеш.
Якое мастацтва падабаецца вам?
— Важна ізаляваць мае асабістыя густы ад майго прафесійнага бачання — як куратара і кіраўніка праекта «Ок16». Глыбей за ўсё я ўлучаны ў сучасны тэатр і харэаграфію. Дастаткова — у фатаграфію, кінематограф 1990-х. Гэта тыя кірункі, якія мяне па-сапраўднаму кранаюць. Люблю жывапіс. Але жывапіс для мяне — знешні фактар. Я люблю за ім назіраць і прымаю практычна любую форму. Да цябе асабіста гэта не адносіцца, і ты прымаеш усё, і ўсё табе цікава. Напрыклад, маё стаўленне да сучаснай харэаграфіі можа быць вельмі крытычным, бо я глыбока ў яе ўлучаны. Таксама кранаюць інсталяцыі, тое, што знаходзіцца на мяжы архітэктуры і мастацкага выказвання. Але на Кастрычніцкай, 16 я гатовы прыняць больш інсталяцый, чым дазваляе мой густ. І мне гэта важна: не блытаць асабісты густ і густ тых, каго я прыму ў «Ок16».
А як жа адбор?
— Для прафесійнага адбору, акрамя мяне, будзе камісія экспертаў. У асноўным — замежных, і важна, каб яны не былі ўцягнуты ў мясцовую арт-сicтэму. Група экспертаў будзе працаваць пастаянна, яны будуць змяняцца. Мы фарміруем гэта як механізм. Яны прыязджацьмуць сюды на сесіі, а ў асноўным усё праз анлайнавыя абмеркаванні. Раз на два месяцы — афлайнавыя. На старце будзе больш людзей, якія разбіраюцца ў запуску такіх прастор, а ў той час, калі мы будзем сыходзіць у бок экспазіцыйнай дзейнасці, будзе больш галерыстаў. Калі ў бок тэатра — больш тэатральных экспертаў.
Вы ўжо сабралі каманду? Ці хапае ў нас патрэбных адмыслоўцаў, ці зноў трэба запрашаць з іншых краін?
— Спецыялістаў для забеспячэння аператыўнай дзейнасці хапае, і я ў захапленні ад каманды. Закончыўшы камерцыйнае мерапрыемства, яна пачынае рыхтаваць «ПлаSтформу», вырашае пытанні ад маркетынгу (квіткоў усім жадаючым не хапіла — а раней праблема была ў абмежаванай суполцы гледачоў) праз дызайн афіш да мантажу святла і наладу пультаў інтэрактыўнага асвятлення да дыскусii пасля паказаў. Пакуль у нас не выпрацавана канцэпцыя галерэйнай дзейнасці, таму, калі пачнуцца выставачныя праекты, будзем камунікаваць з куратарамі, выбіраць, хто нам больш адпавядае.
Якія бліжэйшыя мерапрыемствы?
— Наперадзе адкрыццё рэзiдэнцыi для маладых творцаў. Потым Ноч музеяў, неверагодны праект, якi мы рыхтуем з шэрагам iншых пляцовак. Серыя летнiх падзей — ад адкрытых творчых курсаў для падлеткаў да мастацкiх фестываляў. I, можа, найбольш цiкавая навiна для чытачоў «Мастацтва» — адкрыты для ўсiх творчы сняданак, цi, як цяпер кажуць, бранч, кожны месяц. Каб да нас можна было прыйсцi, пазнаёмiцца, нешта абмеркаваць, стварыць спантанны мазгавы штурм ды прыдумаць яшчэ адзiн супольны праект. Мы будзем абвяшчаць гэтыя сняданкi на старонцы «Oк16» у «Фэйсбуку».