Магчыма, толькі назва (Велічэзныя) месціць намёк на ўніверсальнае Нешта, што цягне чалавека ў падарожжа, а потым прымушае фіксаваць адметныя моманты пераадолення адлегласці і адпраўляць дакумент абранаму адрасату. Вельмі верагодна, што за гэтым Нешта «хаваюцца» Судэты ў Германіі, ёсць там такія горы. І таксама верагодна, што пра іх піша Бальмонт (1895): «Велічэзныя горы, Запаведныя скалы, Вы — зямныя ўзоры, Вы — сусвету крышталі...» Выдатны паэт-сімваліст мог назіраць гэтыя пейзажы, якiя прадказальна выклікаюць захапленне.
У прынцыпе, гэта яшчэ лёгкае напластаванне, толькі магчымасць адказу, калі вярнуцца разам з аўтарам у прастору арт-праекта.
Але вось чаму шматлікія «Барысу, на памяць» рассылаюць стагоддзі запар мільёны падарожнікаў? Толькі ўжо не абраны канкрэтны адрасат, а невядомыя карыстальнікі сацсетак павінны прыняць гэтую інфармацыю. Якую? Пра што?
Аўтарка задалася гэтымі пытаннямі, выявіла і прадэманстравала на выставе масу банальнасцяў. У здымках, рамках, нататніках, прочырках і проразях. У рэшце рэшт, агаліла старонкі яшчэ аднаго альбома, аднак і пустэча не адкрыла сутнасці.
...І сапраўды, усе мы, як зачараваныя, памнажаем практыку аднамернай дакументацыі: у адных і тых жа позах, з года ў год, у традыцыйных турыстычных гарадах, эталонных назіральных пляцоўках. Аляксандра свядома пайшла гэтым шляхам: амаль тэатральна паўтарыла позы папярэднікаў, прапанаваўшы сябе як мадэль, а венецыянскія каналы і зімовы лес у якасці фонавага пейзажу.
Магчыма, гэтыя сціплыя фатаграфіі і паслужылі раздражняльнікам для прыхільнікаў звыклых нататак пра падарожжа: у іх няма нічога асаблівага, і гэта, з аднаго боку, выклікае здзіўленне, паколькі аўтарка — усё ж такі фатографка. З іншага боку, трывіяльныя віды генеруюць патрэбныя сэнсы: не iснуе пераканальнага адказу на пытанне, чаму мы здымаемся на іх фоне. Або так: няма адказу, агульнага для ўсіх, на ўсе часы, для кожнай канкрэтнай сітуацыі. Кожны раз гэта «Барысу, на памяць» — як страчанае ў перакладзе з мовы рэальнага жыцця на ўзроўні штодзённасці ў мову візуальную. І... усё страчана. Адчуванне месца, пражыванне адлегласці шляху, нечаканасці, супадзення, нават асабістая гісторыя. Нічога не перадаюць ні здымкі, ні подпісы да іх. Дзіўная ўвогуле выснова.
Калі гэта псеўдавыказванне героя, і ўжо тым больш з вольнымі інтэрпрэтацыямі, значыць, маюць рацыю і Барт, і Фуко, якія яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя пісалі пра смерць аўтара. У нашым выпадку гэта далёкі ад нас аўтар — падарожнік мінулага веку, які адпраўляе паштоўкі. Няма суб’екта як крыніцы ведаў і вытворчасці сэнсу, а вось паштоўка як маркер існавання гэтага аўтара-суб’екта ёсць. Маркеры можна сабраць, структураваць, абвясціць «памятнымі», прыгожымі або безгустоўнымi. І напэўна, з пункту гледжання таго самага кансерватыўнага гледача, гэта будзе пераканаўчым.
Яшчэ адной акалічнасцю цікавае «Наша падарожжа». У адрозненне ад многіх праектаў, так ці інакш арыентаваных на сацыяльныя праблемы, перад намі — прыватная, разгорнутая ў асобасную глыбіню арт-практыка. Аляксандра ўжо не турбуецца фатаграфіяй як медыумам, не турбуецца якасцю адбіткаў, святлом у кадры, кампазіцыяй і інш. Яна шукае не асаблівасці малюнка і не перадачу звонку. Канцэпт памяці і памяці пра падарожжа — зусім іншая гісторыя. Наколькі ўсё ж яна звернутая да Іншага? Бадай, у мінімальнай ступені: заўсёды ёсць «Барыс» і «яго памяць», заўсёды ёсць адлюстраванне аўтара ў люстэрку Іншых, але ў праекце мы не бачым гэтага рэзанансу і не можам ведаць, узнік ці ён. Адказ прапануецца зрабіць гледачу: пра сябе і свае дзеянні ў падобных абставінах (на шчасце, падарожжы нам больш-менш даступныя), пра асэнсаванне гэтых дзеянняў. І што вельмі важна — пра іх адкрытасць. Іншаму ў асобе карыстальнікаў медыя, Iншаму як ацэначнаму меркаванню з непрадказальнага боку.
Ці гэты праект фатаграфічны? Ці глядач трапляе ў пастку пэўных уяўленняў аб фотамастацтве? Думаю, у нас усё ж расце колькасць photobased-праектаў: у Жанны Гладко, Сяргея Шабохіна, Вольгі Сазыкінай, Аляксея Талстога. Усё больш у іх уключаюцца відэа-арт і аб’екты, і «Наша падарожжа» якраз такі досвед.
Але фатаграфію пры гэтым ніхто не адмяняў. З нядаўніх серый можна прыгадаць «Прыгоды салiпсiста» Ірыны Беразоўскай, якая вядзе гульню з вандроўкамі праз архітэктуру, памнажаючы фрагменты, фактуры, стрыт-эпізоды, выкарыстоўваючы дзеля гэтага і прамую фатаграфію, і метады калажу, секвенцый і г.д. Перад намі чаканае «паглыбленне ў прыгажосць» і спробы рэфлексіі, але Ірына застаецца фатографкай. Хоць можна ўбачыць крокі ў бок дызайну, напэўна. Тым цікавей назіраць гэты кірунак: на адным полюсе — адмова ад відовішчнасці на карысць даследаванню, на іншым — візуальны баль. Але нешта важнае, сутнаснае заўсёды будзе страчана ў перакладзе ўяўнага ў сімвалы і знакі, у тое канвенцыйнае, што прыемна воку і так зручна «посціць» «Барысу, на памяць».
Любоў Гаўрылюк