Абярожнасць гэтых абдымкаў ведаюць і беларускія артысткі Марыя Захарэвіч, Наталля Гайда, Галіна Бальчэўская, Галіна Дзягілева, Алена Дудзіч — цягам дзесяці гадоў існавання фэсту яны паказвалі на ім свае творчыя працы. Летась у Кіеве сабраліся прадстаўніцы тэатраў Украіны, Беларусі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Арменіі, Азербайджану і Турцыі. Былі наладжаны міжнародная навукова-мастацкая канферэнцыя «Магія акцёрства», круглы стол тэатральных крытыкаў «Палілог культур», выставы і прэзентацыя літаратурных навінак. Музей Марыі Занькавецкай арганізаваў выставу «Марыя», «Гасцёўня на Дваранскай» і Харкаўскі культурна-дзелавы цэнтр «Рубаненка і партнёры» — выставу «Я хачу паказаць Вам прыгажосць…» пра амерыканскую мадэльерку ўкраінскага паходжання Варвару Карынскую, ганараваную «Оскарам» за акцёрскія строі да фільму «Жанна д’Арк», з Інгрыд Бергман у галоўнай ролі.
Асноўную ідэю адзінага еўрапейскага форуму жаночай монадрамы Ларыса Кадырава сфармулявала як палілог культур. Спынімся на самых цікавых выказваннях.
Праграму распачыналі «Анёлы Дастаеўскага» Бірутэ Мар, акцёркі, рэжысёркі і літаратаркі з Літвы. Яны — бесцялесныя, недасканалыя, гнаныя, але вельмі чыстыя людзі — Грушанька, Марфуша альбо безыменны хлопчык, дасмерці змерзлы на Каляды. Рампу атачала мноства пар абутку, на сцэне стаялі безгаловыя манекены — і ў фінале пытанне «людзі гэта ці лялькі?..» уступала з імі ў рэзананс. Велізарнае чорна-белае фота маці і дзяцей, троху разгубленых, апранутых па старадаўняй модзе, — на задніку выклікала пачуццё настальгіі, падкрэслівала манахромнасць матэрыяльнага свету, расхінёнага ў спектаклі (напрыканцы гэтыя невядомыя ператварыліся ў чорныя фігурныя дзіры, а пасля зніклі).
Фёдар Дастаеўскі ствараў сваю хрысціянскую філасофію, неадменную ў разуменні «рускага свету», вакол якога сёння разгортваецца культуралагічная палеміка. Праз асэнсаванне Біруты Мар напружаныя, крызісныя, экзістэнцыйныя творы пісьменніка існуюць не ў эмацыйнай манатоннасці, а ў сталай дынаміцы, што добра выяўляюць і сцэна ў оперным тэатры, і скокі Грушанькі, і трагічная гісторыя Марфушы. Прыём са шматлікімі парамі абутку — спроба прайсці праз жыцці такіх розных, але аднолькава няшчасных людзей. Каралева літоўскай монадрамы Бірутэ Мар уразіла абсалютна новай якасцю стасункаў з гледачом. Натуральна, без усялякай псіхалагічнай мяжы, яна выбірала з залы аднаго суразмоўцу і вяла з ім наўпрост адкрытую гутарку, усіх прысутных ператвараючы ў сведкаў...
Ларыса Кадырава ў вобразе бабы Юстыны выканала монамістэрыю — сакральны маналог «Не плачце па мне ніколі» па п’есе Марыі Маціёс у пастаноўцы і візуальным рашэнні Сяргея Паўлюка. «Карпацкая Сівіла» вяла з гледачом светлую і мудрую гутарку пра смерць як пра адказны, значны вынік жыцця. Спектакль стаўся не толькі выразнай працай акцёркі з багатым жыццёвым, прафесійным і духоўным досведам, але й надзвычай смелым асабістым выказваннем: напяваючы карпацкую калыханку, гераіня прыбірае саматканае покрыва, і перад гледачамі паўстае… труна. Наступны рытуал напоўнены спакоем і нейкай асаблівай лёгкасцю. Мабыць, таму, што свой свет баба Юстына расквечвае яркімі фарбамі народных посцілак, ручнікоў, паясоў і хустак. Ларыса Кадырава працавала на вялікай сцэне, але не пакідала сцэнічнага кола, абгароджанага плотам, — яно сімвалізавала кола жыцця, канцовасць чалавечага шляху і тую мяжу, што адасобіла гістарычную мінуласць, традыцыі і народную філасофію ад сучаснай Украіны сацыяльных узрушэнняў.
У монаспектаклі «Жанчына, якая ішла побач…» паводле п’есы Таццяны Івашчанка «Таямніца быцця» мастацкі кіраўнік Дняпроўскага тэлетэатра Вольга Валошына ўвасабляе жонку Івана Франка Вольгу Харужынскую (1864 — 1941). Рэжысёрка і мастачка спектакля Людміла Каласовіч не толькі нагадвае пра тое, што за каханне можна аддаць усё, ды наўзамен не атрымаць нічога: яна адважваецца глядзець на Франка не як на «Майсея ўкраінскай нацыі», а як на звычайнага, недасканалага зямнога чалавека.
Вольга Харужынская нарадзілася ў Харкаве, у сям’і нашчадка старажытнага казацкага шляхецкага роду, у траўні 1886 года абвянчалася з Франком і ўслед за мужам з’ехала ў Галіцыю. Іван Франко не быў бы сабой, каб не ператварыў свой шлюб у палітычную акцыю яднання Усходу і Захаду Украіны (спектакль арганічна іграецца па-руску і па-ўкраінску). Бянтэжыла Вольгу адно-адзінае: чаму яна, незаменная паплечніца і сябар мужа ў барацьбе за нацыянальныя інтарэсы, так і не адчула сябе ягонай каханай? Як гадальныя карты, гераіня раскладае мужавы лісты. Каляровымі стужкамі (імі перавязаны допісы) упрыгожвае пабеленыя галіны, ствараючы сваё «вясельнае дрэва». Адметна гуляе гераіня з мужчынскай вышыванкай у сцэне шлюбу, удала спрацоўвае ва ўяўных дыялогах з нарачоным. Шкада, што юную Вольгу акцёрка падае занадта рэалістычна. І зусім блага, што музычныя тэмы і пластычныя сцэны спектакля выглядаюць ды ўспрымаюцца дысгарманічна. Затое відэапраекцыі вылучаюцца вобразнасцю (аператары Аляксей Блажко, Мікалай Смалей): стасункі Вольгі з Іванам сімвалізуюць кроплі дажджу, што ператвараюцца ў шаць, а ўтрапёнасць гераіні — падводная здымка яе ў момант патанання: львоўскі свет не прыняў Вольгу, яе наіўныя чаканні і нягоды жыцця з геніем прывялі да духоўнага краху і выклікалі псіхічнае захворванне...
Тэатральную фантазію «Лесіны лісты» ў пастаноўцы і афармленні Сяргея Брыжаня і выкананні Лідзіі Карніцкай можна ўбачыць у сталым рэпертуары Хмяльніцкага абласнога тэатра лялек. Лісты Лесі Украінкі (Ларысы Цецярук-Квіткі, 1871 — 1913) бацькам, дзядзечку і цётачцы Драгаманавым, яе першыя дзіцячыя вершы паўсталі пачаткам творчага шляху еўрапейскага літаратурнага генія, паліглота і энцыклапедыста.
Монаспектакль падае гледачу прыёмы тэатра лялечнага, драматычнага і тэатра ценяў, уключаючы ў дзею і выцінанку, народны абрад, гукапіс, экранныя мастацтвы: іх моцна і пераканаўча знітоўвае слова. Цудоўны свет спектакля, утульны і душэўны, узнаўляе час дзяцінства Лесі. Адна ж з яго адзнак — безаблічная народная лялька — нагадвае, што ў кожным дзіцяці ёсць іскра таленту, а кожны геній калісьці быў маленькім.
Лідзія Карніцкая — выканаўца віртуозны. Беражлівасць да тэксту і патрабавальнасць да збудовы сцэнічнага дзеяння яна спалучае нязмушана і арганічна, ствараючы амаль чароўную гісторыю, у якой Леся — як Маленькі прынц са сваёй планетай на імя Украіна.
…З весткай пра цяжкую хваробу гераіні ў экране нажніцамі выразаецца крыж: Лесю не слухаюцца рукі, яна не можа ўвасобіць у жыццё мару стаць піяністкай. Музычнае вырашэнне спектакля здзейснена праз любімыя класічныя фартэпіянныя творы гераіні, што адлюстроўваюць багаты ўнутраны свет Лесі Украінкі і яе нерэалізаваны патэнцыял, а таксама апавядаюць гісторыю дзяцінства аднаго з нацыянальных дэміургаў сусветнай культуры.
Драматычны маналог «Крыху больш, крыху менш» па аднайменнай монап’есе Альда Нікалаі (рэжысёр — Рыпсімэ Шагінян, мастак — Сцяпан Веранян) выканала армянская акцёрка Нара Бадалян. Яе партнёрам у спектаклі абраны белы колер: круг белага святла, аздоблены белымі карункамі палавік, белая сукенка, манікюр і педыкюр з белым лакам. Босая, у белай сукенцы, як у шлюбным уборы, гераіня. Яна пакутуе на амнезію, і бялюткі аркуш ейнай біяграфіі застаецца некранутым. Яе гісторыя — гэта гісторыя любога, кожнага з нас: праз універсальнасць апранкі, нататнікі без адрасоў і тэлефонаў, уніфікаванасць сучаснага жыцця мы робімся аднолькавымі.
Спробы гераіні прыгадаць сваё мінулае набываюць сэнс пошуку кожным чалавекам шляху да сябе. Маючы толькі зубную шчотку (падарунак галоўнага доктара лякарні) і кавалачак мыла, якое аднойчы ўсё адно змыліцца, жанчына пачуваецца абсалютна вольнай. Яна ўсё-ткі згадвае сваё імя, лагічна аднаўляе факты біяграфіі, але глядач так да канца й застаецца няўпэўненым, што яна знайшла самую сябе. Спектакль заканчваецца шматкроп’ем. Пералічваючы рэдкія адценні асноўных колераў (падобныя ўспаміны не могуць быць негатыўнымі), гераіня сыходзіць са сцэны і пакідае «белую пляму» сваёй памяці — круг белага святла, што абмяжоўваў прастору ейнага існавання.
Марыя Занькавецкая пісала: «Рэальнае чалавечае жыццё я пачынаю адлічваць з таго моманту, калі чалавеку даецца магчымасць зрабіць выбар. Грамадзянскае, творчае, маральнае жыццё — вынік высілку». У промнях зоркі Ларысы Кадыравай, яе высілкамі і з падтрымкаю лідараў украінскага мастацтва Тэатр імя Івана Франка становіцца цэнтрам мастацкага пошуку і эксперыменту, навуковых даследаванняў, духоўнага жыцця і нацыянальнай ідэі — ва ўсёй той складанасці, якой тэатр мусіць сёння авалодаць.