— Курэнтзіс — чалавек надзвычайна таленавіты, які ў нейкі момант асядлаў сваю ўдачу. Мне вельмі падабаецца ахоп музычных з’яў, што ён дэманструе, — ад барока да сучасных опусаў. Эксперыментуе ў розных накірунках музычнага мастацтва, не баіцца «саткаць« матэрыял менавіта так, як ён яго чуе.
Гэта вельмі класная якасць для дырыжора. Бо мы заўсёды пераадольваем нейкую руціну. І калі толькі пачынаем агучваць музыкантам свае ідэi, і калі спрабуем дамагчыся, каб яны гралі не так, як прасцей, а так, як патрэбна для таго, каб увасобiць унутраныя сэнсы музычнага твора.
І праз гэтую руціну ты павінен умець ісці, плысці і, галоўнае, не спыняцца. Бо як толькі ты спыніўся, — аркестр пачынае ўнутрана разбэшчвацца, чаго ні ў якай ступені дапусціць нельга. Вось менавіта гэта й захапляе мяне ў Тэадоры Курэнтзісе: ён заўсёды ідзе наперад і робіць нешта цікавае. А яго ўборы на сцэне — кашулі і вайсковыя чаравікі — адлюстраванне ўнутранага стану творчай асобы. Шчыра кажучы, я й сам фрак недалюбліваю. Ёсць у гэтым нейкая акадэмізацыя, часам, на мой погляд, залiшняя. Фрак, матылёк і палачка — вось той вобраз, у якім зазвычай падаюць дырыжора. Але гэта ўсё пабочнае. Важна тое, што ты робіш на сцэне! Дарэчы, зусім нядаўна музыканты мне сказалі: «Калі вы дырыжуеце без палачкі, ствараецца ўражанне, быццам вы наўпрост сутыкаецеся з гукам...» Так і ёсць! Гэта абсалютна маё адчуванне! Рады, што гэта заўважаюць і збоку.
***
— Адзін з маіх куміраў (хоць увогуле я стаўлюся вельмi асцярожна да гэтага слова) — амерыканскі дырыжор Леанард Бернстайн, музыкант цалкам бязмежны. Так, у пэўных момантах з ім можна згаджацца ці не згаджацца, але тое, што ў яго былі ўсяленскія музычныя задумы, тое, што ён дакладна ўвасабляў ідэі кампазітара, больш за тое — дадаваў свае, таксама маштабныя, — безумоўна! Ён быў нейкім узварушнікам асноў. Як Тэадор Курэнтзіс цяпер. Менавіта Бернстайн на канцэрты пачаў выходзіць у белай або чорнай вадалазцы, апранутай пад фрак або пінжак. Можна сказаць, быў на шляху дэмакратызацыі дэманічна-сакральнай прафесіі дырыжора першым. І гэта ніяк не перашкаджала яму заставацца мастаком сусветнага маштабу, вялікім інтэрпрэтатарам, кампазітарам, папулярызатарам класічнай музыкі. Шмат чым дзякуючы яму на Захадзе ведаюць, хто такі Малер. У яго цудоўныя iнтэрпрэтацыi Вагнера, Моцарта — кампазітараў, якія ў нас, у Беларусі, не сказаць што забытыя, але гучаць досыць рэдка. Дарэчы, Моцарт напісаў далёка не толькі «Рэквіем», які ў нас вельмі любяць. У геніяльнага кампазітара — 41 сімфонія, 27 фартэпіянных канцэртаў, шмат опер, цудоўная духоўная музыка... Зрэшты, дрэннай музыкі Моцарт не пісаў. Толькi вось гучыць у нас, на жаль, часцей за ўсё адно й тое ж. Фліртуем з абстрактным «гледачом», гуляем з iм у паддаўкi... Але з цягам часу — непазбежна — гэтая абмежаванасць пачынае гуляць ужо супраць нас усiх — i слухачоў і выканаўцаў.
***
— Дырыжорскае мастацтва кансерватыўнае: існуе школа, што вучыць пэўным схемам, зразумелым музыканту. А далей?.. Вось далей і пачынаецца «справа цёмная», пра якую казаў Мікалай Рымскі-Корсакаў больш за 100 гадоў таму. І з тых часоў гэтая «справа цёмная» святлейшай не зрабілася. Некаторыя педагогі, уключаючы й майго прафесара Генадзя Праваторава, не столькi вучылі ўласна тэхніцы дырыжавання, колькi фармавалі здольнасць думаць музычнай мовай, выказвацца на ёй, збіраць інтэлектуальны багаж. Каб стала магчымым гэтае выказванне, каб данесці пэўныя ідэі спачатку да выканаўцаў-артыстаў аркестра, а там i далей — да гледача-слухача.
Дзіўная штука, але часам музыканты з не самай «добрай», на першы погляд, дырыжорскай тэхнікай станавіліся вялікімі дырыжорамi. Глядзіш на іх — і, магчыма, не заўсёды выдатна разумеючы іх руку, усведамляеш: аркестр грае ідэальна! Рука дырыжора і наша мануальная тэхніка — не самамэта, яна становіцца каштоўнай выключна ў спалучэнні з тым уплывам, які дырыжор аказвае на калектыў. Гэта якраз тое, што й называюць магнетызмам.
Характар гучання інструменту можа змяніцца залежна ад таго, як дырыжор на музыканта... паглядзеў. Гэта я ведаю па сабе. Як растлумачыць, што мне патрэбен ціхі, шалёсткі, бесцялесны гук? Але ты нешта робіш рукой, неяк глядзіш — і ён з’яўляецца. Як адбываецца гэта перадача адчування гуку музыканту?.. Зноў-такі — справа цёмная. Падчас выканання проста патрэбны ўнутраная цішыня і засяроджанасць — так музыканты наладжваюцца на пэўную частату. Калі твая «рацыя» на іншай хвалі — і ты нікога не пачуеш, і цябе не пачуюць. А так узнікае нейкая супольнасць — думак і энергій людзей. Менавіта ў гэты момант дзеянне ператвараецца ў творчасць.
***
— Узаемаадносіны дырыжора і музыканта даўно не падобны да паказаных у фільме Федэрыка Феліні «Рэпетыцыя аркестра». Мяняецца час — мяняецца адукаванасць музыкантаў. Да таго ж, сёння так проста атрымаць доступ да самай рознай інфармацыі — добрых запісаў, нот, кніг, нават кантактаў выканаўцаў. Усё цяпер іншае, нельга параўноўваць існуючую рэчаіснасць з тым, што было яшчэ 40-50 гадоў таму. Цяпер дзясяткі тысяч маюць доступ да таго, пра што раней маглі даведацца толькі адзінкі. І гэта выдатна!
Расце й выканальніцкі ўзровень: стагоддзе таму лічаныя салісты валодалі навыкамі, без якіх цяпер любы музыкант папросту не пройдзе пачатковага конкурсу, каб патрапіць у аркестр. Межы свету размываюцца, час катастрафічна скарачаецца, колькасць людзей на планеце расце, як і колькасць таго, што хочацца ўбачыць і паспрабаваць цягам жыцця. І гэта таксама адбіваецца на ўспрыманні музыкі, у тым ліку й самiмi аркестрантамі.
***
— Не стамляюся і буду гэта сцвярджаць: падчас оперы або балета мы ствараем час, працягласць якога адрозніваецца ад рэальнага. Выконваючы музыку, мы жывем у ёй, у яе вымярэнні. З аднаго боку, спектакль пачаўся а 7-й вечара і скончыўся а 10-й. А з другога — за гэты прамежак артысты на сцэне, музыканты аркестра і дырыжор пражылі пэўную колькасць падзей, на што спатрэбілася зусім іншая колькасць часу. Цягам гадзіны маглі пранесціся нават дні. І вось кожны з іх мы й пражылі. Мы становімся суаўтарамі твора, у сярэдзіне якога знаходзімся! Больш за тое, мы нават у стане яго змяняць, спрабуючы максiмальна дакладна разгадваць ідэі кампазітара, закладзеныя ў ім, асэнсоўваць iх, прапускаць праз сваё ўнутранае «я», праз сваё светаадчуванне, дыханне, узрост, вопыт. І вынiк тут у кожнага дырыжора будзе адрозным. Як кажуць, хочаце — верце, хочаце — не.
***
— Мінулым летам, пасля афіцыйнага закрыцця фестывалю «Класіка каля Ратушы», у адну з субот жніўня ў нас адбыўся невялікі канцэрт. Запланаваны ён быў удзень, але загадзя не анансаваўся. Мы проста хацелі на той самай «ратушнай» пляцоўцы цягам гадзiны паграць класічную музыку — Баха, Гендэля, Моцарта, Вівальдзі. І вось першыя 2-3 хвіліны міма праходзілі людзі. Мы з музыкантамі нават размаўлялі, паводзілі сябе абсалютна вольна — амаль, як на рэпетыцыi. Але праз некаторы час спыніўся адзін чалавек, потым — другі, затым — пара з дзіцем. Праз паўгадзіны ў нас было каля дзвюх соцень слухачоў! Яны не ішлі на канцэрт, а шпацыравалі, спяшаліся да сяброў, беглі па справах. Але мы «намалілі» прастору... Узаемадзеянне без публікі не магчымае. Калі дырыжуеш, з аднаго боку, ты аддаеш сваю энергію, з другога, — разумееш: яна вяртаецца. Прычым, адчуваеш гэты струмень як ад музыкантаў, так і з залы. Усё, што адбываецца на сцэне, усё гэта нашае агульнае гучанне, мы робім разам — не толькi з музыкантамі, артыстамі, але й з публікай. Альбо не робім наогул. Музыка — мастацтва калектыўнае, яно падпарадкоўвае сабе час, прастору, людзей, сэрцабіццё кожнага, хто яе чуе. Гледачы, аркестр, дырыжор, салісты становяцца чымсьці адным. І выдатна, што так атрымліваецца!
***
— Для таго каб разумець класічную музыку, не трэба абавязкова заканчваць кансерваторыю і нават музычную школу. Проста трэба час ад часу наладжваць свой духоўны ўнутраны камертон: прачытаць цікавую кнігу, пабываць у прыгожым месцы, пачуць незвычайную гісторыю, пагутарыць з любімымі людзьмі, прыйсці на добры спектакль.
І ў пэўным стане чалавеку трэба дапамагчы сябе крыху пераадолець. Калі табе не спадабалася музыка, значыць, ты не быў гатовы яе ўспрыняць, выдаткаваць на разуменне часцінку душы, каб потым атрымаць ад яе адказ. Альбо ты прыйшоў не на сваю музыку, якая ў дадзены момант не знаходзіць унутры цябе водгуку. Альбо ў цябе нешта здарылася, і твая душа часова «маўчыць». І так бывае. Але падрыхтаванаму чалавеку прасцей: ён ведае, якія «ручкі трэба падкруціць», каб наладзіцца на правільную частату. Хтосьці можа прыйсці ў тэатр, але яго абсалютна не цягне пляскаць у далоні. А хтосьці прыходзіць — і плача. А чаму — і растлумачыць не можа. Вось якраз тут ты й разумееш, што выйшаў за пульт нездарма. Бо зараджаць прастору з дапамогай музыкі, дапамагаць чалавечай душы ажыццяўляць нейкi «тэрапеўтычны акт» — нашы самыя таямнічыя і значныя задачы. Дарэчы, менавiта так: «Гэта ж сапраўдная тэрапiя!» выказаўся лiтаральна некалькi дзён таму адзiн псiхатэрапеўт пасля нашага спектакля. I я задаволены. Значыць, адбылося менавiта тое, што было трэба.
***
— Дырыжорскае месца ў оперным аркестры вельмі цікавае, з гледзішча інфармацыйнага і энергетычнага абмену. Натуральна, дырыжор аддае музыкантам, артыстам хору частку сваёй энергіі, як бы вядзе іх, а яны ідуць за ім. З іншага боку, часам дырыжор сам становіцца часткова вядзёным — ідзе за салістам, пры гэтым не выпускаючы з-пад увагі агульнай карціны, не губляючы ўздзеяння на аркестр. Але адначасова спінай ты заўсёды адчуваеш энергетыку залы і ступень яе наэлектрызаванасці. Бывае такое напружанне, калі літаральна валасы на галаве пачынаюць варушыцца. І гэта самая вялікая асалода: калі публіка ўключана ў працэс спектакля, тады тое, што аддаеш аркестру, музыкантам, артыстам, кампенсуецца тым, што атрымліваеш ад гледачоў, у тым ліку падчас паклонаў і апладысментаў. І калі ты па-сапраўднаму «ўклаўся» ў спектакль, пасля яго добры адпачынак проста пільнае запатрабаванне. Для мяне гэта — цішыня і адключэнне ад усяго. Таму па дарозе дадому ніколі нічога не слухаю ў машыне. Існуе ж гігіена працы, у дырыжораў гэта — ахова вуха. Прытым, не ўсе творы аднолькава карысна слухаць.
***
— Рыкарда Муці, адзін з найвялікшых дырыжораў ХХ стагоддзя, у пэўны момант заўважыў, што ні ў адной прафесіі шарлатан не адчуваў бы сябе больш упэўнена, чым у дырыжорскай. (Усміхаецца.) Музыка, з аднаго боку, дае нам магчымасць узняцца над рэальнасцю, з другога, — не ўсіх да сябе пускае. Так, ёсць дырыжоры з «прыгожай» знешне тэхнікай, але глядзіш на іх — і табе... сумна. Чалавека навучылі рухаць рукамі, і нават у патрэбным кірунку, але калі ва ўсім гэтым няма думкі ці ідэі — нічога не адбываецца, ды й не будзе адбывацца. Дырыжор — прафесія адзінкавая. Так, глядач не бачыць 95% нашай работы, але ён цудоўна чуе яе вынік. І як ты яго дасягаеш, публіцы абсалютна ўсё роўна. Вельмі каштоўны давер, які ўзнікае ў музыкантаў да дырыжора падчас выканання. Калі людзі могуць зрабіць рэчы, не прапісаныя ў нотах, толькі таму, што ты неяк па-асабліваму паглядзеў. А ты зрабіў гэты жэст, бо ў дадзены момант, цяпер, сёння менавіта так пачуў гэтую фразу. І ты можаш сцэнічны твор, што ідзе на сцэне тэатра цягам некалькiх год, зрабіць трохі інакшым, нечым блізкім табе. Калі пасля спектакля падыходзяць музыканты і кажуць, маўляў, сёння вечар быў незвычайны, таму што ім інакш дыхалася, — гэта радасна. Яны гралі тыя ж ноты, але музыка аказалася іншай! І ты сам пачынаеш іначай успрымаць уласнае жыццё ў прафесіі.
***
— Дырыжаванне — прафесія, у якой цябе ніхто не чакае. Ты навучыўся ў кансерваторыі прыгожым рухам. А што далей? Незразумела. Ты шукаеш магчымасць са сваімі рукамі і думкамі выйсці да аркестра. І што? Трэба мець у галаве гэтыя самыя ідэі, смеласць іх выказаць, а затым — дамагчыся іх выканання. Прычым, давядзецца праявіць немалое цярпенне, каб пераадолець іранічнае стаўленне да цябе старэйшага пакалення музыкаў. Але галоўнае — пачаць!..
У аркестры Вялікага тэатра Беларусі шмат хто з музыкантаў, акрамя ўласнага інструмента, дасканала валодае, напрыклад, фартэпіяна, духавікі выконваюць джаз, струннікі перагралі ў розных ансамблях найвышэйшага ўзроўню, удзельнічалі ў міжнародных конкурсах, запісваліся з самымі рознымі дырыжорамі. Да такога аркестра заўсёды трэба выходзіць з ідэямі. Так, з прычыны маладосці або сутыкнуўшыся з творам упершыню, дырыжор можа чагосьці не ўмець, але мусіць добра ўяўляць, чаго хоча. Мы, дырыжоры, а разам з намі й музыканты, ствараем чароўны свет, у якім існуем самі і куды запрашаем слухачоў. Няма ніводнага дырыжора, які не сутыкаўся б з расчараваннем. Дэматываваць можна многае. Не сакрэт: у свеце наша прафесія вельмі прэстыжная, але ў Беларусі чамусьці яна займае нейкае дзіўнае месца, якое не адпавядае набытаму вопыту, прыкладзеным намаганням. Не ведаю, чаму так. Дырыжор развіваецца марудна без самастойнай работы, без прызнання, без разумення, без запатрабаванасці. Але калі на краіну з насельніцтвам амаль 10 мільёнаў ёсць толькі 6-7 чалавек, здольных выйсці і правесці оперны спектакль, — значыць, наша прафесія рэдкая. Адзінкавая. Адмысловая.