Малады і дынамічны

№ 4 (301) 01.04.2008 - 30.04.2008 г

Гутарка з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Рычардам Смольскім.

Сёння дызайн разглядаецца як элемент сістэмы глабальнай эканомікі, стратэгічны інструмент у канкурэнтнай  барацьбе ў сучасным свеце. Якое месца займае ў нашым інавацыйным грамадстве факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва?
У 1976 годзе, калі ўзніклі новыя галіны прамысловасці, павялічыліся патрэбнасці вытворчасці, узнікла неабходнасць эстэтызацыі наваколля, мастацкі факультэт быў падзелены на два: уласна мастацкі, з класічнымі спецыяльнасцямі «жывапіс», «скульптура», «графіка» і «манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», і мастацка-прамысловы. У 1994-м новая структура была перайменавана ў факультэт дызайну, пазней да яго аднеслі і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Гэты факультэт не толькі самы малады, але адначасова і найбольш дынамічны ў развіцці.
Аснову факультэта складаюць сем кафедраў. Большасць з іх адкрылася некалькі дзесяцігоддзяў таму, мае апрабаваную праграму дзейнасці. Ці ёсць тыя, што знаходзяцца яшчэ ў працэсе станаўлення?
У 2000 годзе мы заснавалі на факультэце кафедру малюнка, жывапісу і скульптуры. Ідэя гэтая нараджалася ў спрэчках і проціборстве. Выкладчыкі мастацкага факультэта доўга не згаджаліся з аргументамі дызайнераў, якія разглядалі малюнак з пазіцый агульнай для ўсіх акадэмічнай школы, але прыярытэтнымі задачамі лічылі навучанне аналітычнаму разважанню, вобразна-прастораваму мысленню, даследаванню канструкцыйных асноў аб’екта. У выніку новая кафедра, якую ўзначаліў вопытны выкладчык Канстанцін Шаранговіч, паспяхова вырашае пастаўленыя перад ёй задачы: засвойвае здабыткі айчыннага мастацтва, вывучае зменлівыя тэхнічныя і тэхналагічныя тэндэнцыі развіцця матэрыяльнай культуры і вытворчасці, сучасныя метады праектавання і ажыццяўлення творчай ідэі.У 2002 годзе ў адпаведнасці з Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была створана навукова-даследчая лабараторыя па камп’ютэрным дызайнерскім праектаванні, забяспечаная сучаснымі мультымедыйнымі тэхналогіямі. Яна распрацоўвае электронныя дапаможнікі для агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплін, шматлікія медыятэкі. Навуковы кіраўнік лабараторыі -- кандыдат мастацтвазнаўства, дэкан факультэта Крысціна Стрыкелева. Яе мабільнасць, тэмпераментнасць, арганізатарскія здольнасці актывізуюць працу факультэта, з’ядноўваюць калектыў.У 2003-м мы адкрылі яшчэ адну кафедру -- гісторыі і тэорыі дызайну. Не магу сказаць, што яна працуе сённа на поўную моц. Але выкладчыкі пад кіраўніцтвам кандыдата філасофскіх навук Валянціна Каламійца шукаюць уласнае месца ў тэарэтычным асэнсаванні дызайнерскай творчасці, аналізе, абагульненні як уласнага, так і замежнага досведу. Кафедра рыхтуе магістрантаў і аспірантаў. Дзякуючы ёй быў створаны адзіны ў рэспубліцы Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці «тэхнічная эстэтыка і дызайн». А гэта значыць -- наша навука мае выдатныя перспектывы для развіцця.
Тым не менш, на факультэце, наколькі мне вядома, існуе праблема з выкладчыцкімі кадрамі, асабліва маладымі.
Пытанне гэтае даволі вострае, прычыны тут як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару. Мы штогод выяўляем сярод студэнтаў найбольш перспектыўных, рыхтуем іх для навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. Але маладых педагогаў не задавальняюць памеры заработнай платы і ступень сацыяльнай абароненасці. Вырашыць гэтую праблему можна толькі на дзяржаўным узроўні.
Разам з тым, аснова выкладчыцкага калектыву факультэта вельмі трывалая, яе складаюць сапраўдныя прафесіяналы, вядомыя мастакі і дызайнеры. Мы ганарымся, што на факультэце працуе адзіны ў рэспубліцы, унікальны спецыяліст па колеразнаўстве -- кандыдат навук, прафесар Людміла Міронава; што кафедрай тэкстылю і мадэлявання загадвае лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціна Бартлава; што на кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры працуе выдатны мастак Міхаіл Меранкоў, які летась адзначыў сваё 70-годдзе. Хачу падкрэсліць: дызайнеры, у адрозненне ад мастакоў, моцна звязаны з прамысловымі прадпрыемствамі. Загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Казарог сумяшчае працу ў акадэміі з пасадай галоўнага тэхнолага Івянецкага завода мастацкай керамікі. Загадчык кафедры прамысловага дызайну Аляксандр Длатоўскі ў 2006 годзе распрацаваў для прадпрыемства «Белкамунмаш» дызайн тралейбуса чацвёртага пакалення, які зараз паспяхова заваёўвае маскоўскі рынак. Большасць нашых выкладчыкаў уласнай творчай дзейнасцю паказваюць студэнтам, якім павінен быць узровень прафесійнага майстэрства. Загадчык кафедры графічнага дызайну Вячаслаў Семянько афармляе масавыя тэатралізаваныя гарадскія і рэспубліканскія прадстаўленні. Дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Аляксандра Дзятлава -- аўтар праекта унікальнага іканастаса для Дома міласэрнасці ў Мінску, за які яна была ўзнагароджана медалём Беларускага Экзархата і граматай Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія.З гонарам згадваем мы і нашых лепшых выпускнікоў, якія сёння працуюць у розных сферах прамысловасці, займаюцца творчай дзейнасцю: Уладзіміра Цэслера, Зіновія Марголіна, Алега Чарнышова, Паўла Семчанку, Кацярыну Кітаеву, Андрэя Шалюту, Валерыя Шкарубу...
Сёння дызайн -- сфера вельмі рухомая. Яна патрабуе адпаведнага рэагавання і ў працэсе навучання: абнаўлення спецыяльнасцей, праграм, забеспячэння мультымедыйнымі тэхналогіямі і сучаснымі праграмамі 3D-мадэлявання.
Безумоўна, нам хацелася б мець больш моцную матэрыяльна-тэхнічную базу. І пры дапамозе Міністэрства культуры, а таксама за ўласныя пазабюджэтныя сродкі мы набываем новую камп’ютэрную тэхніку, абнаўляем станочны парк для сталярнай і механічнай майстэрняў, каб у студэнтаў былі адпаведныя запатрабаванням умовы працы. У адрозненне ад тэатральнага і мастацкага факультэтаў, дзе навучальныя праграмы складваліся стагоддзямі, на дызайне ідзе іх пастаяннае абнаўленне. З’яўляюцца новыя спецыяльнасці, напрыклад, дызайн віртуальнага асяроддзя, фотаграфіка, тэлерэклама, мультыплікацыя. Мы адчуваем павевы часу і адгукаемся на іх хутка і адэкватна.
Наколькі трывалыя ў вашых студэнтаў сувязі з прамысловымі прадпрыемствамі?Цягам гадоў факультэт стварыў базу для вучэбна-прамысловых практык на Барысаўскім шклозаводзе і шклозаводзе «Нёман», Івянецкім заводзе керамічных вырабаў. Мы знаходзім паразуменне з нашымі вядучымі прадпрыемствамі «Атлант», МТЗ і МАЗ, мэблевымі фабрыкамі. З кожным годам яны ўсё глыбей усведамляюць неабходнасць дызайнерскіх распрацовак іх прадукцыі для павелічэння канкурэнтаздольнасці на замежных рынках. Што да размеркавання пасля заканчэння вучобы, дык з дызайнерамі, у адрозненне ад дыпломнікаў мастацкага факультэта, праблем няма. Усе сто працэнтаў выпускнікоў бюджэтнай формы навучання атрымліваюць перспектыўную працу.
У факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва за апошнія гады з’явілася шмат канкурэнтаў. Дызайн стаў сёння моднай прафесіяй. Адпаведныя спецыялізацыі адкрываюць і дзяржаўныя, і недзяржаўныя навучальныя ўстановы. Ці адчуваеце вы занепакоенасць у сувязі з гэтым?
Лічу, што здаровая канкурэнцыя -- аснова развіцця і прагрэсу ў кожнай справе. Манаполія на нейкую сферу, асабліва творчую, азначае пачатак застою. Таму да адкрыцця дызайнерскіх спецыяльнасцей у іншых ВНУ стаўлюся станоўча: гэта не дае нашаму факультэту спачываць на лаўрах і заспакойвацца на дасягнутым. Сёння з’явіліся рынак, попыт на прафесію і, як вынік, шматлікія прапановы. Іншая справа -- якасць навучання. Моладзь, якая хоча не проста мець дыплом, а стаць сапраўдным майстрам, імкнецца трапіць менавіта ў Акадэмію мастацтваў. Нашы выпускнікі перамагаюць у канкурэнтнай барацьбе на прафесійным полі. У адрозненне ад іншых навучальных устаноў, дзе рыхтуюць спецыялістаў «размоўнага жанру», мы вучым рабіць рэчы сваімі рукамі, праходзіць усе этапы -- ад задумы праекта да яго рэалізацыі. Таму штогод на ўступных экзаменах конкурсы на факультэт высокія. І гэта дазваляе нашай прафесуры выбіраць з абітурыентаў самых яркіх, таленавітых, тых, хто свядома прыходзяць да нас, каб навучыцца рамяству, тэхналогіі і ў выніку -- творчасці.
Ці наладжаны сувязі з адпаведнымі навучальнымі ўстановамі на тэрыторыі СНД?Мы маем дамову аб супрацоўніцтве з маскоўскім Строганаўскім мастацка-прамысловым універсітэтам, які некалькі гадоў таму адзначаў сваё стагоддзе. Падтрымліваем сувязі са Львоўскай акадэміяй мастацтваў. Сёння мы наладжваем кантакты з краінамі Балтыі (у прыватнасці, з Літвой), Польшчай. Нельга абмяжоўвацца толькі нацыянальным асяродкам. Сама сфера дызайну, мабільная, інтэрнацыянальная, у нашым інавацыйным грамадстве вымагае кантактаў з замежнымі калегамі, пераймання вопыту, выяўлення новых тэндэнцый і напрамкаў дзейнасці.
Значыць, можна сказаць, што сёння, дзякуючы працы выкладчыкаў і поспехам выпускнікоў, склалася школа беларускага дызайну?
Вельмі хочацца адказаць на гэта станоўча. Балазе ў рэспубліцы і за яе межамі гучна заявілі пра сябе выдатныя мастацкая, акцёрская школы... Што датычыць школы дызайну, дык я б сказаў так: мы жывем у перыяд, калі ідзе яе фарміраванне, станаўленне, развіццё. Асновы закладзены. Назапашваецца і падсумоўваецца вопыт у накірунках, звязаных з адзеннем, мэбляй, прамысловасцю, рэчамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, віртуальным асяроддзем. Усе перадумовы для стварэння нацыянальнай школы ёсць. Справа -- за часам. 

Гутарыла Наталля Шаранговіч