П’еса паўставала як свайго роду эксперымент падчас IV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі; дыялогі з рускай мовы перакладала Марыя Пушкіна, песні — Уладзь Лянкевіч; у 2017 годзе п’есу ўвасобіла рэжысёрка Таццяна Ларына. Яна адышла ад тэксту Сцешыка, па-іншаму расставіла акцэнты і адкрыла новае поле для інтэрпрэтацый.
Спектакль атрымаўся трохі кінематаграфічным. Здаецца, адлюстравана жыццё, але на пляцоўцы яно выглядае і прыгажэй, і паэтычней. Галоўны герой «Запалак» — мужчына гадоў трыццаці на імя Толя, які сядзіць на лаўцы ў парку/на прыпынку/ля возера і паліць. Ягонае жыццё сплывае ў бязмэтных гутарках з сябрамі і незнаёмцамі, што прысыпаюцца грудкай паламаных запалак. Ён камунікуе з сябрамі, гадуе маленькую дачку, распавядаючы ёй на ноч страшныя казкі. Аўтар п’есы кажа, што пісаў пра чалавека, які прапальвае сваё жыццё, як запалкі, што потым асцярожна складае ў скрыначку. Толя — быццам няспраўджаны Праметэй. Але наколькі ён «не спраўдзіўся» ў пастаноўцы Таццяны Ларынай?
Настолькі, наколькі гэты спектакль не зусім пра Толю. Ён, хутчэй, пра стаўленне людзей да людзей, пра адказнасць, пра смерць. Толя статычны, не змяняецца, пры канцы застаецца такім самым, якім з’явіўся на пачатку. Змяняюцца (ці толькі спрабуюць?) тыя людзі, што яго атачаюць.
«Запалкі» — метафара напалову паганскіх трывожных выяў, якія пераплятаюцца з пабытовымі сцэнамі, гульня ў словы з нажом, што закальцоўвае спектакль. Кацярына Шымановіч, якая стварала сцэнаграфію і акцёрскія гарнітуры, прапанавала візуальную метафару. На падлозе парассыпаныя чорныя згарэлыя запалкі, падобныя да іх белыя — практычна ў чалавечы рост — расстаўлены па сцэне, так што персанажы апынаюцца нібыта ў той самай пушцы са згарэлымі запалкамі. Белыя запалкі яшчэ не згарэлі — не выканалі тое, што мусілі. Яны загараюцца падчас страшных казак, якія Толя расказвае дачцэ. У іхнім агні апавядальнік і «згарае» пад фінал.
Казкі насамрэч раскрываюць самога Толю як персанажа. У паўсядзённым жыцці ён больш маўчыць і перакідае ў руках пушку запалак. А праз гісторыі робіцца пачуццёвым, эмацыйным. Толевы казкі здаюцца больш рэальнымі, больш насычанымі, чым сапраўднае жыццё герояў, ажно мімаволі задаешся пытаннем: што менавіта тут выдаецца за рэальнасць? Шэрая, дэпрэсіўная, невыразная штодзённасць ці аповеды персанажа, падтрыманыя паганскімі, першабытнымі выявамі?
Толя нясе (ці спрабуе несці) агонь тым, хто яго атачае. І гэтаксама, як у сваёй казцы, збіваецца з ног і падае, губляючы агеньчык у лесе. Ён напраўду Праметэй, які дае агонь людзям, каб потым з імі жыць? Ці Данка, што нясе сваё падпаленае сэрца праз лес, каб потым памерці? Спалучыць вобразы немагчыма: або Данка, які адбыўся да абвугленага стану, або Праметэй, што не спраўдзіўся. Застаецца толькі вырашыць, ці змагло ягонае жыццё (і смерць) паўплываць на каго-небудзь? Ці насамрэч нам усё гэта падалося, як кажа сам персанаж? І нішто не мае ніякага сэнсу, акрамя самага звычайнага: жыццё згарэла і згасла, як запалка?..
Толя — вобраз сярэднестатыстычнага абывацеля: досыць нешматслоўнага, досыць шэрага. Гэткае адметнае тло, на якім выразна малююцца іншыя персанажы — такія ж прасцецкія, але зусім розныя. Толю супрацьпастаўлены рухавейшы, эмацыйнейшы Максім як кампенсацыя Толевай негаварлівасці. Такое спалучэнне вобразаў ураўнаважвае пастаноўку і рухае дзеянне. Нельга сказаць, што спектакль зацягнуты: ён марудлівы, але дынамічныя эмацыйныя казкі дадаюць неабходную частку дынамікі. Вонкавы рух — смерць Максіма, якая падштурхоўвае падзеі, — на самой справе з’яўляецца своеасаблівым фонам. Унутраны рух варта шукаць у людзях, што атачаюць Толю.
Яшчэ два персанажы, Антон і Маша, балансуюць на розных канцах аднай з’явы. Два чалавекі, адзін з якіх можа замахнуцца на самагубства. Паводле «тэорыі адзіноты», каторую прыдумаў Антон, тое, чаго вельмі жадаеш, не прыходзіць, не даецца, не адбываецца — і наадварот. Антон не можа развітацца з жыццём, а Маша рэжа сабе рукі, каб... не заміналі. Сцэны з Машай у выкананні Дыяны Камінскай уражваюць будзённым трагізмам эмацыйнай істэрыкі. Сацыяльнае вар’яцтва, істэрыя, неўраўнаважанасць вызначаюць і вобраз аматаркі сабак — Сабакаркі, што з’яўляецца на пляцоўцы будзённа-рэалістычна і дэманструе, як жыццё кожнага чалавека-запалкі можа палыхнуць і згаснуць вельмі хутка.
Камерная сцэна мяркуе адпаведную атмасферу. І не апошнюю ролю ў яе стварэнні адыграе жывое музычнае суправаджэнне, створанае групай «Или-или». Яно надае камернасці, шчырасці, пры неабходнасці пашырае прастору, быццам адсоўваючы дзеянне ад гледачоў, — паказальнай можна назваць сцэну ў лякарні з удзелам Уладзіміра Рагаўцова ў ролі Дзядулі. Насуперак маладзейшым з пакалення самаразбуральнікаў, ён чапляецца за жыццё і прагай да яго падсвечвае ўвесь сцэнічны аповед.
Спектакль «Запалкі» вельмі цікавы візуальна. Частка дэкарацый — два экраны пры задніку і белыя запалкі, на якіх адлюстроўваюцца праекцыі, адпаведныя сцэне, ды з’яўляюцца аўтарскія рэмаркі, бо найважнейшы складнік пастаноўкі — нароўні з дзеяннямі персанажаў — аўтарскі тэкст, быццам асобны герой-апавядальнік. «Запалкі» — гожы эксперымент спалучэння музыкі, акцёрскага выканання і вядомых сцэнаграфічных прыёмаў з візуальнымі магчымасцямі сцэнічнага абсталявання, дзе ўражлівую атмасферу страшных казак прасякае рамантызаваная штодзённасць. Зрэшты, і яна магла толькі падацца...
Святлана Курганава