Асаблівым прынашэннем да юбілею alma mater стала серыя маштабных работ, апублікаваных выкладчыкамі і супрацоўнікамі Акадэміі, у якіх выявіліся гісторыя і сучасныя дасягненні ВНУ. Калектывы аўтараў уклалі велізарную працу ва ўнікальныя даведачныя выданні — «Повязь мастацтваў», дзе сабраны факсіміле рукапісаў твораў беларускіх кампазітараў на вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы з фонду аўтарскіх рукапісаў бібліятэкі Акадэміі, і «Гісторыя Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі — Акадэміі музыкі ў асобах (1932—2017)», дзе змешчана інфармацыя пра педагогаў ВНУ. Асаблівым прадметам гонару для нас стала публікацыя трох зборнікаў п’ес (для фартэпіяна, хору і народных інструментаў) беларускіх кампазітараў — выкладчыкаў Акадэміі, а таксама камплекту відэазапісаў маштабных творчых мерапрыемстваў за апошнія пяць гадоў.
Чараду юбілейных урачыстасцей ВНУ завяршылі яркія падзеі, якія адбыліся з 12 па 14 снежня. У гэтыя дні прайшлі міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Прафесійная музычная адукацыя на сучасным этапе: традыцыі і навацыі» і тры канцэрты — сапраўдны падарунак для ўсіх знаўцаў музычнага мастацтва. У святочныя дні Акадэмія сабрала шматлікіх гасцей, сяброў, калег — прадстаўнікоў беларускіх і замежных ВНУ-партнёраў, канцэртных і навуковых устаноў, у супрацоўніцтве з якімі Акадэмія ўвесь час арганізуе найцікавейшыя адукацыйныя і творчыя праекты.
Міжнародная навуковая канферэнцыя, якая ладзілася ў Акадэміі ў 13 і 14 снежня, аб’яднала навукоўцаў і выкладчыкаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва музычных ВНУ Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Кітая. Яе тэматыку можна аднесці да «вечных» праблем, якія паўстаюць перад кожным думаючым, неабыякавым музыкантам-педагогам: гэта пытанні сучаснага стану і шляхоў развіцця сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі выканаўцаў.
На пасяджэннях навуковага форуму абмяркоўвалася дзейнасць айчынных і замежных музычных творчых, педагагічных і навуковых школ, вызначаліся актуальныя напрамкі і формы працы з таленавітай моладдзю. У ходзе навуковых дыскусій пленарнага пасяджэння найбольш выразна і востра акрэсліўся комплекс праблем, які хвалюе музыкантаў усіх краін без выключэння, — пошук балансу паміж патрэбай захавання ўнікальнай сістэмы музычнай адукацыі, што ідзе ад савецкай школы, і неабходнасцю абнавіць змест праграм, прадыктаванай сучаснымі глабалізацыйнымі працэсамі. Удзельнікі канферэнцыі вылучылі і асаблівы праблемны вектар, звязаны з падрыхтоўкай у музычных ВНУ спецыялістаў у сферы менеджменту прафесійнага музычнага мастацтва. Такі запыт актуалізаваўся ў сферы акадэмічных жанраў у апошнія дзесяцігоддзі.
У драматургіі навуковага мерапрыемства ўдалося дасягнуць асаблівага сэнсавага crescendo — у апошні дзень канферэнцыі адбылося пасяджэнне, дзе з віншавальнымі словамі і дакладамі выступілі рэктар Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны імя Чайкоўскага Уладзімір Ражок і рэктар Кракаўскай акадэміі музыкі Станіслаў Краўчынскі, прарэктары расійскіх ВНУ-флагманаў у сферы музычнай адукацыі Канстанцін Зенкін (Маскоўская кансерваторыя імя Чайкоўскага) Дзмітрый Быстроў (Санкт-Пецярбургская кансерваторыя імя Рымскага-Корсакава), Дзіна Кірнарская (Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных). Канферэнцыя, у межах якой прайшлі прэзентацыі новых навуковых і творчых праектаў, майстар-класы, зрабілася пляцоўкай, дзе педагогі і навукоўцы розных краін змаглі «зверыць» вектары развіцця навуковай думкі і падзяліцца ўнікальным вопытам у сферы музычнай педагогікі і адукацыі.
Кожны з канцэртаў юбілейнага тыдня быў незвычайны па задуме і выкананні. У гэтыя дні Акадэміі былі паднесеныя два выключныя і каштоўныя музычныя падарункі. Адзін з іх адрасаваў беларускай ВНУ прафесар Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага, народны артыст Расіі Аляксандр Бандуранскі, які на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з нашай Акадэміяй і з 2012 года з’яўляецца яе ганаровым прафесарам. На сцэне вялікай залы Акадэміі гучала музыка Франца Шуберта: адкрыў канцэртную праграму беларуска-расійскі дуэт двух выдатных піяністаў, прафесараў, вопытных педагогаў, якія выхавалі не адно пакаленне расійскіх і беларускіх музыкантаў, — Аляксандр Бандуранскі і Юрый Гільдзюк выканалі сюіту з вальсаў аўстрыйскага кампазітара ў пералажэнні Сяргея Пракоф’ева. У працяг вечара маскоўскі піяніст сыграў для беларускіх слухачоў песні Шуберта ў транскрыпцыі Феранца Ліста. Вакальныя мініяцюры венскага рамантыка, у якіх слова саступіла месца неверагодна пранікнёнай інструментальнай кантылене, гучалі як адкрыццё і былі прасякнутыя напружаным і ўзнёслым лірыка-філасофскім тонам.
Другі незвычайны творчы падарунак — святочны канцэрт-віншаванне — падрыхтавала Акадэміі Шанхайская кансерваторыя музыкі. Гісторыя сяброўства і супрацоўніцтва двух музычных ВНУ пачалася ў 2015-м, на працягу апошніх двух гадоў студэнты і выкладчыкі актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных беларускіх і кітайскіх творчых, адукацыйных праектах, і цікавасць бакоў адзін да аднаго толькі расце!
Уражлівы па задуме і маштабах канцэрт Жаночага хору Шанхайскай кансерваторыі музыкі пад кіраўніцтвам дырыжора Ван Хаймін, які адбыўся ў вялікай зале Акадэміі, стаў новым крокам ва ўзаемадзеянні ВНУ. Канцэртная праграма была надзвычай насычаная — у гэты вечар студэнцкі жаночы хор здзівіў слухачоў майстэрскім, віртуозным выкананнем сачыненняў заходнееўрапейскіх (ад Адраджэння да сучаснасці!) і кітайскіх кампазітараў, валоданнем стылёвай спецыфікай опусаў розных эпох і кірункаў, багаццем прыёмаў гуказдабыцця. Гучанне Жаночага хору вылучалася асаблівым светлым і яркім тэмбравым каларытам, чысцінёй ладу, пластычнасцю, высокім узроўнем музычнай экспрэсіі.
Завяршальнай кропкай, ці, хутчэй, клічнікам у чарзе ўрачыстасцей стаў святочны канцэрт з удзелам студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў ВНУ, які адбыўся ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Задума канцэртнай праграмы святочнага вечара злучыла знакавыя ў жыцці Акадэміі сюжэтныя лініі, імёны, падзеі... Адной з ідэй стала аб’яднанне на канцэртнай сцэне студэнтаў Акадэміі музыкі і яе знакамітых выпускнікоў розных гадоў. Так, на працягу ўсяго вечара разам з былымі навучэнцамі іграў студэнцкі сімфанічны аркестр, у склад якога ўваходзяць таленавітыя выхаванцы Акадэміі, мэтанакіраваныя і яркія студэнты. Студэнцкім аркестрам кіраваў выдатны айчынны дырыжор, выпускнік Акадэміі Андрэй Галанаў — музыкант, што мае неверагодную энергетыку і шчодра дзеліцца з маладымі выканаўцамі сакрэтамі прафесійнага майстэрства. Свой талент слухачам дарылі ў гэты вечар вядомыя артысты — Ігар Алоўнікаў і Анастасія Масквіна, Станіслаў Трыфанаў і Аляксандр Мікуцель, Міхаіл Лявончык і Арцём Шышкоў.
Яшчэ адной важнай лініяй у сюжэце канцэрта зрабілася ўшанаванне выбітных прафесараў-юбіляраў. У памяць аб прафесары Акадэміі, знакамітым айчынным кампазітары Дзмітрыі Смольскім прагучалі вакальныя нумары з яго оперы «Сівая легенда». У гонар юбілею мэтра нацыянальнага мастацтва, прафесара Андрэя Мдывані, былі выкананы фрагменты з балета «Рагнеда (Страсці)». Нарэшце, падарункам да юбілею прафесара Валянціна Елізар’ева зрабіліся выкананне знакамітага адажыа Спартака і Фрыгіі з балета «Спартак» Хачатурана.
Гучанне музычных нумароў канцэрта суправаджалася відэапаказамі, заснаванымі на ўнікальных гістарычных фота- і відэаматэрыялах, «здабытых» з розных архіваў. І дзякуючы гэтай сінергіі мастацтваў у сэрцах слухачоў нараджаліся незвычайныя пачуцці, афарбаваныя цяплом і радасцю, удзячнасцю і захапленнем талентам і працай музыкантаў, кампазітараў, выканаўцаў, усіх выдатных педагогаў, якія стваралі і ствараюць бліскучую гісторыю Беларускай кансерваторыі — Акадэміі музыкі.
Наталля АРУЦЮНАВА