Расіянін Сяргей Кайдалаў — студэнт Расійскага педагагічнага ўніверсітэта імя Герцэна. Выйграў летась два міжнародныя конкурсы. Нягледзячы на недахопы кантылены, зрабіў моцнае ўражанне сваімі магутнымі вярхамі, высакароднай манерай спеваў і яркім тэмпераментам, асабліва ў арыі Гразнога з «Царскай нявесты».
Марат Мухаметзянаў, таксама расіянін, выпускнік Маскоўскага інстытута культуры, — сталы спявак з магутным голасам і тэмпераментам, хоць і без вопыту конкурсных перамог. Перадусім запомнілася ў яго выкананні арыя Рыгалета і зноў-такі арыя Гразнога.
Станіслаў Лі (Казахстан) — выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, саліст Музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, паўфіналіст «Апераліі» Пласіда Дамінга — па ўсіх паказчыках здаваўся галоўным прэтэндэнтам на перамогу. Тым больш што на мінскім конкурсе ён ужо аднойчы выйшаў у фінал. У 1-м туры, дзе Станіслаў выконваў сцэну смерці Радрыга з «Дон Карласа», яму апладзіравала нават журы. І, нарэшце, самы яркі з барытонаў — Канстанцін Сучкоў. Таксама выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, саліст Пермскага тэатра оперы і балета.
У выніку ў фінал прайшлі двое — Сяргей Кайдалаў і Канстанцін Сучкоў. Немагчыма з 10 фіналістаў пакінуць 4 барытоны. Напэўна, каб «спрасціць» задачу журы, Станіслаў Лі ў ІІ туры прыкметна заніжаў інтанацыю, і гэтага яму не даравалі.
А вось з тэнарамі сёлета неяк не склалася. Іх было 9, і амаль усе галасы нейкія «прыдушаныя». У выніку ў ІІ тур, а потым у фінал прайшоў толькі выпускнік Беларускай акадэміі музыкі, саліст Вялікага тэатра Аляксандр Гелах. Мабыць, журы было ўражанае тым, што ён у ІІ туры дзевяць разоў запар удала ўзяў верхняе до і адзін раз рэ.
Больш цікавая сітуацыя атрымалася з басамі. Іх аказалася трое, двое прайшлі ў ІІ тур. Адзін з іх — Саргіс Бажбеук-Мелікян, выпускнік Ерэванскай кансерваторыі — прадстаўляў еўрапейскую школу спеваў. Другі, выпускнік Уфімскага інстытута мастацтваў Артур Каіпкулаў, — тыповы рускі бас, шырокі і грузны. Прызнаюся, такую манеру спеваў не люблю і падзяляю пункт гледжання журы, якое прапусціла ў фінал не яго, а Бажбеук-Мелікяна.
Зусім не ўразілі бас-барытоны. Толькі адзін з іх — выхаванец Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Чан Чэн (Кітай) — прайшоў у ІІ тур. Але ў фінал не трапіў — занадта камерны голас.
Затое ў фінале было адразу 6 сапрана. Заўважым, што ўсяго іх удзельнічала 68. Амаль усе — і «моцныя», і «лёгкія» — выбіралі для выканання вельмі складаныя арыі. На жаль, ні Царыца ночы, ні Лючыя дзі Ламермур, ні Турандот нікому не гарантавалі перамогі. Бадай наадварот. Гэтаксама, як і сцэны з опер Вагнера, якія хутчэй падкрэслівалі бездапаможнасць спевака, чым служылі эфектнай аблямоўкай для яго намаганняў. Тым не менш усе фіналісткі (акрамя, на мой погляд, Вольгі Рудык з Украіны, якая яшчэ толькі шукае сваю манеру спеваў) цалкам адпавядалі ўзроўню міжнароднага конкурсу.
Украінка Ксенія Бахрытдзінава — выпускніца Львоўскай музычнай акадэміі, салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета Украіны. Уладальніца не надта вялікага, але прыгожа афарбаванага голасу, бездакорна навучаная, артыстычная і кранальная.
Расіянка Анжаліка Вакасава — выпускніца Уральскай кансерваторыі. Не разумею, чаму выдатная спявачка працуе ва Уральскім тэатры эстрады, калі па якасці голасу ёй месца на лепшых сцэнах свету. У І туры яна настолькі ярка праспявала арыю Эльвіры з «Эрнані», што ёй крычалі «брава». Поспех паўтарыўся і ў ІІ туры, дзе Анжаліка выконвала арыю Маргарыты з «Фаўста» Гуно і арыю Наташы з пракоф’еўскай «Вайны і міру».
Мінчанка Марыя Галкіна — яшчэ адно велізарнае адкрыццё на апошнім конкурсе. Летась скончыла Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю і аспірантуру ў народнай артысткі СССР Ірыны Багачовай. Ідэальная выканаўца для роляў Сантуцы, Аіды, Лізы і Тоскі. Асабліва ўразіла ў яе выкананні арыя Манон з «Манон Ляско» Пучыні і каваціна Гарыславы з «Руслана і Людмілы» Глінкі. Для мяне Марыя ад пачатку да канца была абсалютнай лідаркай.
Францужанка Элен Карпанцьё — студэнтка Парыжскай Вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі музыкі і танца. Як лаўрэатка спецыяльнай прэміі журы XXIX Міжнароднага конкурсу вакалістаў у Мармандзе яна атрымала запрашэнне адразу на ІІ тур і захапіла слухачоў элегантнасцю выканання, чысцінёй дыкцыі і гуку.
І, нарэшце, наша зорачка — выпускніца Беларускай акадэміі музыкі Маргарыта Ляўчук. Паралельна з Калядным конкурсам яна здолела дайсці да фіналу расійскага тэлевізійнага шоу «Вялікая опера». З гэтай прычыны многія лічылі, што перамога на «хатнім» конкурсе ў яе ў кішэні. І сапраўды, І і ІІ туры яна прайшла трыумфальна, аднак у фінале ўсё аказалася больш складана.
На жаль, у фінал не трапіла ніводнае мецца-сапрана. Аднак мне вельмі спадабалася 34-гадовая ўкраінка Настасся Цвердахліб, якая працуе ў Нацыянальным тэатры оперы і балета Рэспублікі Малдова. Яна прадэманстравала бліскучую каларатуру ў арыі Танкрэда, а бездакорна заспяваная арыя прынцэсы дэ Буён з «Адрыены Лекуврэр» пераканала, што магчымасці канкурсанткі значна шырэйшыя.
І вось наступіў самы адказны момант — фінал. Унікальнасць мінскага конкурсу ў тым, што кожны фіналіст павінен выступіць у сцэне з рэальнага спектакля сумесна з вядучымі салістамі Вялікага тэатра Беларусі. Гэта дазваляе ўбачыць опернага спевака ў дзеянні, ды яшчэ і ацаніць яго голас у суадносінах з магчымымі партнёрамі.
І акурат тут наступіў момант ісціны. Сціплы голас Маргарыты Ляўчук у дуэце Віялеты і Жэрмона ўспрымаўся не надта выйгрышна ў параўнанні з моцным барытонам Станіслава Трыфанава, нягледзячы на тое, што Трыфанаў пачуваўся не ідэальна. У выніку яна атрымала адно прыз глядацкіх сімпатый.
Прыкра, але толькі дыплом атрымала надзвычай адораная Анжаліка Вакасава — мабыць, таму што ў сцэне Чыа-Чыа-сан і Пінкертона свой фенаменальны голас «уключыла» на поўную моц са спазненнем. Дарэчы, мне імпанаваў Пінкертон Эдуарда Мартынюка. Артыст спяваў з поўнай самааддачай, а ў фінале нават падхапіў партнёрку на рукі.
Заахвочвальная прэмія дасталася Элен Карпанцьё. У сцэне Джыльды і Рыгалета яна гучала міла і чыста, але не больш за тое.
Трэцюю прэмію не зусім пераканаўча здабыў Аляксандр Гелах, які не надта невыразна выканаў разам з Таццянай Гаўрылавай сцэну Мімі і Рудольфа з оперы «Багема». Прэмію з ім падзяліў Канстанцін Сучкоў, які чамусьці абраў дуэт Разіны і Фігара з «Севільскага цырульніка». Яму б паказаць свой прыгожы голас, а ён забаўляў публіку, ды яшчэ й памыліўся ў тэксце.
Другая прэмія дасталася Ксеніі Бахрытдзінавай, якая абрала для сябе амаль сольную сцэну ліста Таццяны і гэткім чынам пазбегла некарысных для сябе параўнанняў. Гераіня атрымалася ў яе чыстая, пяшчотная і цнатлівая, што, пэўна, і скарыла журы. Другая прэмія дасталася і Марыі Галкінай, што бліскуча выканала разам са Станіславам Трыфанавым сцэну Леаноры і графа дзі Луны, аднак ад хвалявання не здолела ўтрымаць верхняе до.
Першай прэміяй быў уганараваны Сяргей Кайдалаў. Слушна ці не, але ў заключнай сцэне з «Яўгена Анегіна» ён выйгрышна глядзеўся як на фоне сваёй партнёркі Алены Золавай, так і ў параўнанні з Аляксандрам Краснадубскім, што выконваў тую ж сцэну з будучай дыпламанткай Вольгай Рудык.
А Гран-пры ў чарговы раз з’ехала ў Арменію. Брава, Саргіс Бажбеук-Мелікян! Тонкі разлік і ніводнай памылкі! Плюс прыгожы голас, моцныя пачуцці і абсалютная арганічнасць існавання ў ролі Канчака.
Зрэшты, галоўнае ў конкурсе не столькі прызы, колькі новыя магчымасці, якія адкрываюцца перад маладымі спевакамі. Ёсць відавочная карысць і для тэатра. І гэта не толькі пашырэнне аўтарытэту ў свеце, але таксама і прыток свежых, яркіх галасоў.
Адразу пасля абвяшчэння вынікаў генеральны дырэктар Уладзімір Грыдзюшка публічна запрасіў Марыю Галкіну на працу ў Вялікі тэатр Беларусі. Упэўненая, што і іншыя зоркі сёлетняга конкурсу будуць прыязджаць да нас у якасці запрошаных салістаў. А значыць, выйграюць і публіка, і мастацтва.
Юлія Андрэева