Асабістае знаёмства Бірулі з лідарам кампартыі БССР Панцеляймонам Панамарэнкам і нашымі дзеячамі культуры адбылося ў Маскве ў гады вайны, бо многія беларускія мастакі працавалі там пры Штабе партызанскага руху. У Маскву ў гэты час ужо была выклікана з эвакуацыі ў Саратаве былая супрацоўніца Мастацкай галерэі Алена Аладава, якой даручылі рыхтаваць выставу, прысвечаную 25-годдзю ўтварэння БССР. Ёй падказалі адрас майстэрні Бялыніцкага-Бірулі, і туды накіраваўся памочнік Аладавай, студэнт Маскоўскага мастацкага вучылішча імя 1905 года Антон Бархаткоў з просьбай даць карціны на выставу. Пра пейзажы «зняважанай ворагам зямлі Беларусі» Аладава пранікнёна напісала ў сваім артыкуле 1944 года ў часопісе «Беларусь»: «Беларуская прырода надзяліла мастака мяккасцю, лірыкай і тым своеасаблівым каларытам, якім характарызуюцца ўсе працы гэтага творцы, і такім характэрным для беларускага краявіду».
Аладава была зачараваная яго пейзажамі. Акрамя таго, высветлілася, што ў яе з творцам агульныя родавыя карані па лініі Чарноцкіх, а таксама агульная любоў да левітанаўскіх месцаў: Аладава падчас першай сусветнай вайны 11-гадовай дзяўчынкай жыла ў эвакуацыі ў Цвярской губерні.
У 1944 годзе Бялыніцкі-Біруля атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга і дыплом першай ступені за выставу «Вялікая Айчынная вайна», некалькі разоў быў рэкамендаваны на атрыманне Сталінскай прэміі за серыі мемарыяльных пейзажаў памятных месцаў, але марна. У 1944 годзе Бялыніцкі неспадзявана быў уведзены ў спіс кандыдатаў на званне народнага мастака Беларусі і атрымаў яго — разам з Заірам Азгурам, Аляксандрам Грубэ. Так, нечакана для сябе, Біруля стаў першым жывапісцам — народным мастаком БССР, хоць апошні раз быў на радзіме ў 1897 годзе, таму калі і пісаў пейзажы Беларусі, то толькі ў студэнцкія гады на канікулах у бацькоў — на Магілёўшчыне і Віцебшчыне. Але беларуская інтэлігенцыя прызнала яго сваім, нягледзячы на яго адарванасць ад радзімы. І Біруля з удзячнасцю прыняў гэтае ганаровае званне.
У матэрыяльным плане мастак перажываў не лепшыя часы: яго карціны не куплялі, і ў сакавіку 1944 года Бялыніцкі-Біруля вымушаны быў браць грашовую пазыку (1000 рублёў) у касе Мастацкага фонду (за яе пагашэнне ён разлічыўся натурай — 210 кг бульбы). Аладава, каб дапамагчы майстру, дамовілася з ім пра закупку некалькіх карцін для адноўленай галерэі. У 1945-м набылі 10 палотнаў аўтара, напісаных у ваенны час, на суму больш за 100 тысяч рублёў. Сярод іх — знакамітыя «Зазелянела трава», «Блакітнай вясной», «Ціхая светлая ноч», «Змярканне юнага мая», «Аголеныя бярозкі», «Ясныя дні верасня», «Лотаць зацвіла». У 1949 годзе была набыта вялікая карціна Бялыніцкага «Па слядах фашысцкіх варвараў» (1942). У 1945 годзе галоўны захавальнік нашай Карціннай галерэі Пётр Герасімовіч у часопісе «Беларусь» змясціў першы артыкул пра Бірулю па-беларуску.
Творца разумеў, што званне народнага мастака БССР было дадзена яму, што называецца, авансам, і паабяцаў прыехаць у Беларусь і напісаць яе сучасныя краявіды. Гэта адбылося толькі праз тры гады, у 1947-м. «Стараюся хоць крыху нагнаць упушчанае», — прызнаваўся тады Біруля. Таксама пісаў: «Я не магу забыць яе лясы, рэкі, азёры, бясконца родныя і блізкія майму сэрцу».
Творцу былі выдзелены Белая дача ў вёсцы Курасоўшчына і службовы аўтамабіль. Камфартабельны дом у стылі мадэрн стаяў у старадаўнім парку. Першы раз Біруля прыехаў у Мінск у траўні 1947 годзе са сваёй жонкай і студэнтам Антонам Бархатковым, які задакументаваў гэтую паездку ў фотаздымках. Бялыніцкі-Біруля правёў на Белай дачы май і частку чэрвеня, адкладаючы некалькі разоў ад’езд, і стварыў за 43 дні 22 эцюды, аб’яднаныя ў серыю «Мінскія наваколлі».
Амаль усе работы напісаны на кардоне аднаго памеру — 47х59. Самога будынка Белай дачы на эцюдах няма: мастака прыцягваюць шырокія палі з дарогай, звычайныя вясковыя вуліцы са старымі хатамі, масткамі, ярамі, пакрыўленымі платамі, лужынамі, у якіх адлюстроўваецца неба. Жывапіс імпрэсіяністычна свабодны, са смелым ужываннем адкрытага колеру. На аснове шматлікіх замалёвак Біруля стварыў у Маскве класічную «Беларусь. Ізноў заквітнела вясна» з падбітым нямецкім танкам, яе купіла Траццякоўская галерэя.
«Маю карціну «Беларусь. Ізноў заквітнела вясна (Па слядах разбітага ворага)» я ўбачыў у натуры, хоць яна напісана на падставе эцюдаў. Гэта было вясной, я праязджаў па Слуцкай шашы. На краі над абрывам дарогі, блізу квітнеючых яблынь ляжаў падбіты танк; удалечыні рассцілаліся нашы беларускія палі. Вядома, веданне роднай прыроды дапамагло мне стварыць яе пейзажны вобраз. Але матыў цалкам спісаны з натуры», — пісаў мастак у 1950-я ў сваёй кнізе «З творчага вопыту».
Да яго прыязджалі многія беларускія мастакі і партыйныя дзеячы. «Гэтыя сяброўскія наведванні так шмат усялілі ў мяне радасці, веры ў тое, што я яшчэ патрэбны маёй радзіме!» — пісаў у сваіх успамінах Біруля. 25 мая 1947 года на верандзе невялікага драўлянага дома ля будынка Акадэміі навук (каменны дом яшчэ будаваўся) адбылася сустрэча з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам, якая доўжылася да світання. Пра што гаварылі мастак і паэт — невядома, але тады, верагодна, і ўзнікла ідэя пераезду мастака ў Мінск і стварэння ў сталіцы персанальнага музея Бялыніцкага-Бірулі.
Напярэдадні 75-годдзя творца не мог не думаць пра лёс сваёй спадчыны: на дачы «Чайка» захоўваліся каля пяці сотняў яго работ. У Маскве ён меў не надта зручную кватэру, у якой не мог паўнавартасна жыць і працаваць. Перспектыва ўласнага музея на радзіме, падтрымка беларускіх партыйных уладаў, відавочна, прыцягвала Бірулю, тым больш стварэнне падобнай установы ў «Чайцы» ў 400 км ад Масквы ў Цвярской вобласці здавалася тады няздзейснай марай. «Хтосьці з мастакоў... сказаў: «Час вам назусім у родны кут! А не раз’язджаць туды ды сюды...» Пачуўшы гэтыя словы, я адчуў у іх шчырую праўду, горла мне сціснулі слёзы...» — згадае ён ва ўспамінах.
Вось што пісала Алена Васільеўна ў канцы 1983 года: «У 1950-я Якуб Колас актыўна садзейнічаў сапраўднаму члену Акадэміі мастацтваў СССР В.К. Бірулю ў справе яго перасялення ў Беларусь. Народны мастак БССР быў абраны і ганаровым членам Акадэміі навук БССР (7 сакавіка 1947 г. — Н.У.), дзе тады ўзнікла думка аб стварэнні ў Мінску яго музея. Але смерць пісьменніка ў 1956, а затым і мастака ў 1957 надоўга закрылі гэтае пытанне».
У 1948-м у Маскве персанальнай выставай адзначалася 60-годдзе творчай дзейнасці Бялыніцкага-Бірулі. Былі паказаны пейзажы, напісаныя ў Беларусі. Беларускія мастакі накіравалі «свайму старэйшаму сябру і клапатліваму настаўніку» віншаванне, у якім адзначылі яго поспехі ў развіцці беларускага мастацтва і пажадалі далейшага творчага плёну. Мастак запланаваў правесці лета гэтага года ў Беларусі.
Чаму да Бялыніцкага-Бірулі была праяўлена такая ўвага ў 1940-я? Савецкаму беларускаму мастацтву патрабаваліся прызнаныя аўтарытэты. Біруля ідэальна падыходзіў для гэтага: ураджэнец Магілёўскай губерні, заслужаны перасоўнік, рэаліст-пейзажыст, якога шанавалі Левітан і Рэпін, ардэнаносец, удзельнік міжнародных выстаў, стваральнік жанру савецкага мемарыяльнага пейзажу, ён быў у фаворы ў 1930—1940-я, яго працы знаходзіліся ў Музеі Леніна, Пушкіна, Талстога, у Траццякоўскай галерэі, шматлікіх абласных музеях Расіі. Ён стаў свайго роду «казырным тузом» у мастацкай барацьбе ў Беларусі 1940-х у пытаннях нацыянальнага творчага наробку.
Маскоўскія даследчыкі Восіп Бескін і Мікалай Машкоўцаў у сваіх працах пачыналі гісторыю мастацтваў БССР з дарэвалюцыйных дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя, з імёнаў трох аўтараў, выпускнікоў Акадэміі мастацтваў, якія працавалі непасрэдна ў Віцебску і Мінску, — Пэна, Кругера і Альпяровіча. Мастацтвазнаўца Антон Ус, на той час супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук БССР, у сваіх публікацыях настойваў, што майстры, якія нарадзіліся ў Беларусі, але жылі за яе межамі, таксама павінны ўвайсці ў яе гісторыю мастацтваў. Біруля — адзін з такіх майстроў — рашуча падтрымаў гэты пункт гледжання.
2 красавіка 1948 года па запрашэнні старшыні Саюза мастакоў Івана Ахрэмчыка Біруля прыехаў на Другі з’езд Саюза, быў абраны яго ганаровым старшынёй. На з’ездзе адбыўся важны дыспут аб каранях беларускага мастацтва. І Бялыніцкі-Біруля тады раскрытыкаваў тых мастацтвазнаўцаў, якія сцвярджалі, што Беларусь — белая пляма, і афіцыйна заявіў пра сябе як пра беларускага мастака. Гэта было важна: у тыя гады — час барацьбы з касмапалітызмам — адчувалася патрэба ў традыцыях, пошуку папярэднікаў беларускага мастацтва ў ХІХ стагоддзі. Біруля назваў іх імёны — Сілівановіч, Гараўскі, Заранка.
Бялыніцкі-Біруля наведаў майстэрні многіх мастакоў, пазнаёміўся з іх творчасцю, дамовіўся пра новую паездку.
Летам 1948 года, калі да ад’езду ў Мінск усё было гатова, нечаканая вестка пра смерць дачкі Любы, якая патанула ў возеры на дачы «Чайка», парушыла ўсе планы і прывяла да цяжкай хваробы, што доўжылася два гады. Беларускія ўлады сабралі грошы на лекі і перадалі творцу. Тады Біруля напісаў ліст падзякі Панамарэнку: «...Вы, дарагі Панцеляймон Кандрацьевіч, сваім чулым сэрцам сагрэлі маю цяжкую старасць. Вы наблізілі мяне да маёй радзімы. Дзён, праведзеных у роднай Беларусі, я не магу забыць і не забуду да самай смерці. Я хадзіў па роднай зямлі, я быў шчаслівы. Але мяне скоўвалі гады. Калі б не гады, я абавязкова пабываў бы на Палессі, у Краснаполлі поруч з мястэчкам Чавусы на Магілёўшчыне... Цяжкая хвароба мяне не забіла, а пакалечыла, і стары беларус усё яшчэ жыве і жыве... Відавочна, у старых беларусаў ад прыроды тыя сілы, якія дапамагаюць ім змагацца са смерцю...»
Хоць пераканаць мастака пераехаць на радзіму ўжо не ўдалося (ён не захацеў мяняць звыклае месцажыхарства на схіле гадоў, пакідаць магілу дачкі), але карціны прадаваў у апошнія гады ў асноўным у беларускія музеі. Пры жыцці Бірулі персанальная экспазіцыя яго карцін не была зладжана: праз адсутнасць выставачных плошчаў юбілейную выставу да 80-годдзя мастака з Масквы ў Мінск прывезці не ўдалося. Карціны народнага мастака БССР Бялыніцкага-Бірулі з’явіліся на рэспубліканскай выставе беларускіх мастакоў, прысвечанай 40-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая адкрылася ў новым будынку мастацкага музея 5 лістапада 1957 года, а яго вялікая выстаўка да 90-годдзя з дня нараджэння адбылася там жа ў 1962-м.
Апошні ліст Аладавай Біруля напісаў за год да смерці. Ён цёпла ўспамінаў паездку на радзіму і людзей, з якімі пазнаёміўся ў тыя гады, — Ахрэмчыка, Лютаровіча, Герасімовіча.
Пасля смерці Бірулі паўстала пытанне аб спадчыне мастака. Права на яе заявіла Беларусь: у 1959 годзе Дзяржаўны мастацкі музей БССР набыў ва ўдавы значную калекцыю — амаль 300 твораў. Аладава марыла стварыць музей у Мінску. «Як месца Матэйкі ў Кракаве, так і Бялыніцкаму-Бірулі месца павінна быць толькі ў Мінску», — лічыла яна. Аладава даводзіла, што «знаходжанне гэтага найбуйнейшага майстра пейзажу ў Беларусі, усё створанае ім тут уяўляе для беларусаў асаблівую цікавасць і каштоўнасць. Мы павінны беражліва збіраць і захоўваць яго творы, вывучаць яго спадчыну: мастакі па-свойму, музейшчыкі — па-свойму».
Мастацтвазнаўца планавала скарыстаць для гэтай мэты старадаўні Дом масонаў побач з сядзібай Ваньковічаў. Алена Аладава магла многае, да яе прыслухоўваліся: яна была з адной кагорты пераможцаў на чале з Панамарэнкам. Але зрабіць музей Бялыніцкага-Бірулі ў Мінску ёй не ўдалося. Улады не падтрымалі гэты план і перадалі пад музей мастака старадаўні маёнтак XVII стагоддзя ў Магілёве, які стаў філіялам Мастацкага музея БССР і да якога Біруля не меў ніякага дачынення (зрэшты, як і да Дому масонаў). Адзіным мемарыяльным месцам, звязаным са знаходжаннем Бялыніцкага-Бірулі ў сталіцы, застаецца Белая дача, дзе да 150-годдзя з дня нараджэння мастака можна ўсталяваць мемарыяльную дошку.
Музей Бірулі нараджаўся няпроста: «...Сёння здаецца дзіўным той факт, што многія тагачасныя работнікі культуры і прадстаўнікі мастацкай інтэлігенцыі ставіліся скептычна і нават з недаверам да таго, што такі музей нам, беларусам, неабходны. На тое былі свае важкія прычыны, у тым ліку і тая, што імя мастака, яго самая багатая творчая спадчына былі мала вядомыя на Беларусі. Мне неаднаразова даводзілася выслухоўваць іранічныя рэплікі і заўвагі з нагоды стварэння імяннога музея, як і наогул з нагоды творчасці самога Вітольда Каэтанавіча...» — успамінаў першы загадчык магілёўскага філіяла Васіль Сайко.
5 лістапада 1969 года, напярэдадні 100-гадовага юбілею, загадам Магілёўскага абласнога ўпраўлення ў Бялынічах быў заснаваны ў будынку райвыканкама раённы музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Ён стаў першым прыкладам персанальнага музея мастака ў Беларусі. Дапамогу ў яго стварэнні аказала ўдава Алена Аляксееўна. У 1997-м, да 125-годдзя майстра, музею перадалі памяшканне былога кінатэатра «Зорка».
У 1979 годзе Алена Біруля падаравала ўсю абстаноўку дачы «Чайка» ў Цвярской вобласці. Алена Аляксееўна прыняла такое няпростае рашэнне пасля некалькіх гадоў беспаспяховай барацьбы за стварэнне мемарыяльнага музея Бялыніцкага-Бірулі на струхлелай дачы, якую яна не магла самастойна прывесці ў парадак. Трэба аддаць належнае запалу Алены Васільеўны Аладавай, якая ў 1970-я правяла цэлую «аперацыю» па прывозе ў Мінск работ Бірулі з «Чайкі».
Аладава дапамагла палепшыць жыллёвыя ўмовы Алены Аляксееўны, якая ў 1977 атрымала добрую кватэру ў Мінску. Ёй хацелася быць бліжэй да спадчыны мужа, прымаць удзел у стварэнні музея, праект экспазіцыі якога рабіў яе ўнук, дызайнер Ілля Пейда. На жаль, удава майстра не дажыла да адкрыцця музея ў 1982-м усяго тры гады. Не ўбачыла і вынікаў сваіх трыццацігадовых высілкаў і Алена Аладава: па стане здароўя яна не змагла прыехаць на адкрыццё ў снежні 1982 года i парадавацца ажыццяўленню сваёй задумы, хоць і не поўнаму.
Музей стаў важным культурным цэнтрам Магілёва. У 1997 годзе аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам Алены Рэсінай быў створаны каталог работ мастака ў НММ РБ. Пасля трыццаці пяці гадоў працы ў 2013-м музей стаў на рэканструкцыю і капітальны рамонт. Сёлета будзе абноўлена экспазіцыя, перароблены панадворак, з’явіцца новае экспазіцыйнае абсталяванне, зменіцца сама атмасфера музея.
Надзея Усава