MOZART FOREVER

№ 2 (419) 01.02.2018 - 28.02.2018 г

Новыя прачытанні аўстрыйскага класіка
Ці можам мы сёння, маючы магчымасць праз YouTube слухаць лепшых выканаўцаў з усяго свету, упэўнена сказаць, што ведаем усё пра Моцарта?

 Межы мацартыяны практычна неабсяжныя, але, між тым, рытарычнымі застаюцца пытанні загадкавай неспасцігальнасці творчага свету кампазітара. Кожнае новае пакаленне нараджае ўласны міф пра генія і яго сачыненні. Пагодзімся і са сцвярджэннем, што «зашмат Моцарта не бывае». Цалкам справядліва заўважыў, таксама ў гімнічнай танальнасці, Шарль Гуно: «О, Моцарт! Чароўны Моцарт! Як мала трэба цябе ведаць, каб абагаўляць! Ты -- вечная ісціна! Ты -- дасканалая прыгажосць! Ты -- бясконцае хараство!».

На жаль, татальная рэйтынгавая сістэма захапіла ў палон і геніяў класічнага мастацтва. Таму шмат слухачоў, знаёмых якраз-такі з «раскручанымі» хітамі «моднага» Моцарта, нават не здагадваюцца, што хаваецца ў бяздонных глыбінях гэтага айсберга.

Ці не таму манаграфічны канцэрт «Вольфганг Моцарт» з'яднаў у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі яркіх таленавітых выканаўцаў-віртуозаў і сабраў аншлаг?..

Але чаму прадстаўнікі незалежнай прафесійнай музычнай садружнасці Уінфілд (Windfield) для сваёй другой сустрэчы са слухачом (першая адбылася ў снежні 2015-га пад знакам вечнай музыкі Іагана Себасцьяна Баха) выбралі менавіта Моцарта?

Канцэптуальна Аляксею Пшанічнаму, аўтару праекта і яго арганізатару, было важна перадаць кожнаму слухачу асаблівае, трапяткое адчуванне судакранання з Моцартам, творы якога і сёння дапамагаюць знайсці адказы на многія пытанні Быцця. Бо музыка Моцарта -- каштоўны «сплаў» глыбіні і прастаты -- стварае магчымасць прыўзняцца над паўсядзённай мітуснёй.

Якога Моцарта мы пачулі падчас той музычнай вечарыны? Самага рознага -- юнага, пасталелага, разважнага ў апошні год свайго зямнога жыцця. Светлага, прамяністага, праніклівага, шчырага, трагічнага...

У сучасным выканальніцкім мастацтве адкрытым і спрэчным застаецца пытанне пра тое, як граць опусы аўстрыйскага класіка? Музыканты фактычна адказвалі на яго -- уласнымі інтэрпрэтацыямі клавірных, арганных, камерных сачыненняў Моцарта. І ім удалося галоўнае -- паказаць беражлівае і паважнае стаўленне да тэксту і перадаць эмацыйна-псіхалагічны стан кампазітара.

Музычную вечарыну адкрывала Адажыа і ронда до-мінор для шкляной гармонікі (гэтым разам замест яе гучала фартэпіяна -- Аляксей Пшанічны), флейты (Яўген Віданаў), габою (Сяргей Тумаркін), альта (Аляксандра Іванова) і віяланчэлі (Юлія Ражкоўская). Гэты опус (KV 617) быў напісаны ў Вене ўсяго за паўгода да смерці кампазітара. У ім нібы занатаваны думкі пра жыццё і смерць, каханне і вечнасць. Таемнасць летуценняў і мар увасоблена ў дзіўным спалучэнні тэмбравых фарбаў, далікатнасці, паэтычнасці і сімвалічнай для эстэтыкі Моцарта танальнасці до-мінор.

 

Маленькі чараўнік

Усім добра вядомыя гісторыі пра яскравыя праявы таленту Моцарта- вундэркінда. Здаецца, яму з юных гадоў адкрываліся сакрэты дасканаласці -- гармоніі мелодыі і формы.

Якімі ж маглі быць першыя прафесійныя досведы будучага генія? Выканаўцы Даша Мароз, Аляксей Пшанічны і Аляксей Собаль зладзілі «падарожжа» ў раннія кампазітарскія вопыты 5-9-гадовага Моцарта, запісаныя на старонках Сшытка п'ес для клавесіна -- селі за адзін раяль (у літаральным сэнсе -- на адну лаўку) і ў жартаўлівай, немудрагелістай эстафеце сыгралі Сшытак, які заставаўся ў сястры Вольфганга -- Нанерль. Лёс гэтага Сшытка, дарэчы, драматычны: пасля смерці брата Нанерль раздарыла частку аўтографаў. Вынікі пошукаў тых запісаў і тэксталагічныя адкрыцці радуюць і абнадзейваюць даследнікаў ажно да нашага часу. Затое на захаваных аркушах можна ўбачыць пазнакі бацькі, Леапольда Моцарта, наконт выканальніцкіх поспехаў сына: «Гэты менуэт Вольфганг вывучыў у чатыры гады. Гэтую п'есу -- за тры дні да свайго пяцігоддзя»...

Ці магчыма ў дзіцячых сачыненнях Моцарта пачуць нешта гэткае, каб сцвердзіць: перад намі -- геній? Найперш у іх заўважныя імклівае развіццё здольнасцяў і павышэнне майстэрства -- ад опуса да опуса. І, безумоўна, у гэтай гульні ўжо ззяюць дыяменты геніяльнасці.

Выкананне васьмі клавірных п'ес трыма салістамі і апошняга Менуэта ў шэсць рук падкупляла абсалютнай шчырасцю, выразнасцю стылю і тушэ. Верагодна, для многіх юных слухачоў і іх педагогаў такое выкананне зрабіцца эталонным.

 

«Люблю я Моцарта; умеў ён забаўляцца»

Абсалютна пагаджуся з гэтай думкай рускага паэта Мікалая Агарова. Зусім асобная тэма ў размове пра Моцарта -- частка яго спадчыны. Тая частка творчага здабытку, што напоўнена гумарам, гарэзлівай жыццярадасцю.

Маленькай перлінкай вечарыны зрабілася выкананне п'есы-галаваломкі -- музычнага паліндрома «Люстраны дуэт» («Застольная мелодыя для дваіх») для дзвюх скрыпак. Як вытанчана, грацыёзна Арцём Шышкоў і Павел Бацян сыгралі гэтую п'есу, у якой, паводле задумы кампазітара, партыі кожнай скрыпкі «люстэркава» запісаны на адной і той жа старонцы, і абодва скрыпачы павінны «чытаць» ноты з розных бакоў: адзін -- ад пачатку, а другі -- з канца! Такое мог стварыць толькі геніяльны Моцарт!

 

Арганны універсум

З лістоў творцы, выказванняў, успамінаў яго сучаснікаў Моцарт паўстае ў гісторыі культуры як кампазітар незвычайна адчувальны да якасці выканання, бескампрамісны ва ўсім, што датычыць музыкі. Менавіта таму, слухаючы ягоныя арганныя творы, мы міжволі задумваемся пра цэласнасць і гармонію ўсіх праяў чалавечага быцця.

Арганная музыка Моцарта «пераказвае» стан чалавечай душы ў злітнасці, сам-насам з прыродай і космасам. Тут прастата і пранікнёнасць выяўлення музычнай думкі. Глыбіня двух фа-мінорных арганных опусаў -- Адажыа і алегра (KV 594) у выкананні Дзяніса Маханькова і Фантазіі (KV 608) -- у інтэрпрэтацыі Дзіны Іхінай былі перададзены праз надзвычай багатую шматрэгістравую гучнасць, поліфанічныя дыялогі, дынамічныя кантрасты.

 

У бляску золата

Фінальнай кульмінацыяй вечарыны стаўся сапраўдны падарунак ад музыкантаў праекта «Уінфілд» -- Канцэрт №7 Фа мажор для трох фартэпіяна з аркестрам (KV 242).

З тае прычыны, што тры раялі на сцэне не надта проста размясціць і сумясціць, гэты опус у першай арыгінальнай рэдакцыі (пазней быў зроблены варыянт для двух фартэпіяна) выконваецца вельмі рэдка. Выдатныя аркестранты-віртуозы салісты Даша Мароз, Аляксей Пшанічны і Аляксей Собаль зрабілі сапраўднае музычнае адкрыццё: у выкананні не адчувалася мітусні, празмерна выяўленых эмоцый, неапраўданых тэмпаў, але зіхацелі золата моцартаўскай энергіі, бляск і непаўторнасць моцартаўскага стылю. У выніку гэткі Моцарт не ўспрымаўся як музейная рэліквія ў напудраным парыку -- ён падаваўся героем нашага часу.

 

Дыялог па-за часам

Асобнай старонкай імпрэзы сталася водгулле творчасці Моцарта ў сучаснай культурнай прасторы. След, які ён і ягоны музычны Сусвет пакінулі ў Вечнасці, «адбіўся» ў незлічоным мностве дыялогаў аўтараў з розных краін і розных стылёвых арыентацый. І ў кожным такім судотыку з высокай музыкай, пазнаючы наноў веліч венскага класіка, мы адкрываем і свет ягонага суразмоўцы.

Дыялог з венскім геніем прачытваецца ў многіх опусах Альфрэда Шнітке. Пра сваю творчую блізкасць да вялікага аўстрыйца кампазітар казаў так: «У мяне адчуванне, што Моцарт -- з майго дзяцінства, а Вена -- свет, у якім Моцарт вечна жывы». Арцём Шышкоў і Павел Бацян у тонкім, інтанацыйна дасканалым ансамблі ажыццявілі ігравы калаж «Moz-Art» для дзвюх скрыпак -- праект рэканструкцыі напалову згубленага твора (1783/1976). Дарэчы, у архівах Шнітке захавалася больш за 5 версій для розных складаў і 38 розных варыянтаў назваў гэтага опуса, у тым ліку такія версіі, як: «Сапраўдная падробка пад Моцарта», «Вяртанне страчанага», «Вольфгеніяльная амадзейсная моцарственная музыка».

Працягам дыялогу паміж артыстамі і залай сталася «Моцарт-адажыа» Арва Пярта для фартэпіяннага трыа (выканаўцы Арцём Шышкоў, Міхаіл Радунскі і Даша Мароз). Яно ўспрымалася, як сапраўдны голас з Космасу, увасабленне філасофска-сузіральнай цішыні і выпраменьванне ўсяленскага святла. Колькі найдалікатных нюансаў і адценняў здолелі знайсці музыканты ў гэтым сачыненні!

Канцэрт «Вольфганг Моцарт» паўстаў сапраўдным майстар-класам ад выканаўцаў, якія захапляюць сваімі пошукамі новых падыходаў да разумення кампазітарскай задумы. І насамрэч іх інтэрпрэтацыі выклікаюць пачуццё эстэтычнай асалоды, «послевкусия». І падаюць надзею на працяг.

Мітусня паўсядзённасці трымае ў чэпкіх абцугах, зацягвае, стамляе, і сучаснага слухача цяжка сёння чымсьці здзівіць. Але міф пад назвай «Моцарт» сугравае людскія душы трапяткім дакрананнем да ідэальнага вобразу.