Зімовы Мінск з гарачым джазам

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Штогод, апошнім часам у лютым, Мінгарвыканкам і Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам ладзяць у сталіцы адметны джазавы праект. Таму каардынаты «Мінск. Люты. Джаз» даўно вядомыя аматарам музыкі.

Але ж сёлета да іх далучыліся новыя -- «Бах... Кава... Джаз...»: прэм’ера гэтага опернага праекта з джазавым адценнем прайшла акурат за тыдзень да ХІХ «Мінскага джаза». А за тыдзень да оперна-джазавага спектакля адбыўся сольны вечар Марыны Васілеўскай, большую частку якога складалі джазавыя кампазіцыі, у тым ліку выкананыя разам з прызнанымі ў свеце ансамблямі «Яблычная гарбата» і «Камерата». Мо гэты збег гарачых джазавых вечароў і забяспечыў не па-зімоваму цёплае надвор’е?
 /i/content/pi/mast/8/205/Jazz1.jpg
 Маэстра Фінберг -- душа і завадатар джазавых імпрэз.
Як жа палалі жарсці! У свой час з прыходам вядомай джазавай спявачкі М.Васілеўскай у Нацыянальны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча гэты калектыў стаў уключаць у свой рэпертуар музыку не толькі эстраднага, але і крыху джазавага ўхілу, што было прадэманстравана і на згаданым сольніку. Беларуская опера таксама крочыла да джаза спакваля, праз канцэртнае выкананне папулярных фрагментаў з мюзіклаў і рок-опер, ды не раз-пораз, а дастаткова планамерна, цягам некалькіх апошніх гадоў. Але калі М.Васілеўская можа толькі марыць пра пастаноўку мюзікла са сваім удзелам, дык Беларуская опера адважылася на куды больш экстрэмальны эксперымент, прапанаваўшы джазавую апрацоўку і, адпаведна, прынцыпова новую пастаноўку «Кававай кантаты» І.С.Баха, якая была ўпершыню ўвасоблена на нашай опернай сцэне летась.
Геніяльная ідэя спалучэння Баха з джазам зыходзіла ад мастацкага кіраўніка тэатра М.Ізворска-Елізар’евай. З прапановай зрабіць партытуру звярнуліся да нашага знакамітага цымбаліста, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў Міхаіла Лявончыка, які прадоўжыў музычную адукацыю ў Германіі, навучыўшыся там джазу і кампазіцыі. Яго версія была заснавана не на супрацьстаўленні бахаўскай музыкі і джазавай, а на іх гарманічным спалучэнні, пры якім шматкаляровая повязь быццам паварочваецца да слухача то адным сваім бокам, то другім. Можа, абедзве музычныя плыні страцілі пры гэтым яркасць і вастрыню полістылёвага канфлікту, затое набылі гукавую цэльнасць. І хоць гэты праект, заснаваны на паралельным разгортванні дзеяння ў ХVІІІ і ХХІ стст., М.Ізворска-Елізар’ева сціпла назвала «эксперыментам опернага кліпавага мыслення», яго вынік больш значны і не вычэрпваецца адно пашырэннем стылёвай палітры. Гэта папраўдзе эксперыментальны спектакль, варты фестывальных паказаў, хоць ён і вымагае далейшага ўдасканалення музычнай драматургіі, вакальнага выканання, рэжысёрскага і сцэнаграфічнага вырашэння.
А вось сцэнаграфія «Мінскага джаза» сёлета ледзь не ўпершыню ўразіла спалучэннем функцыянальнасці, мастацкасці і канцэптуальнасці. Ужо сам джаз заснаваны на,
 /i/content/pi/mast/8/205/Jazz2.jpg

Піяніст А.Кальварскі
(Санкт-Пецярбург).

здавалася б, неспалучальным спалучэнні ўстойлівасці, сімвалам якой застаецца джазавы квадрат, і імправізацыйнасці. Тэма хуткаплыннасці музыкі і жадання «спыніць чароўнае імгненне» распрацоўвалася ва ўсіх элементах сцэнічнай прасторы: узрушана шамацела тонкая тканіна «мармуровых» калон удалечыні, выявы пласцінак з запісамі быццам «луналі» ў паветры, а паласатыя «жэзлы», раскіданыя між імі, нагадвалі пра гістарычныя спробы «рэгуляваць» развіццё джаза забароннымі мерамі. Свайго сцэнаграфічнага «двайніка» атрымаў тэлевізійны кран, неабходны для трансляцыйных запісаў і змешчаны, з-за адсутнасці месца, проста на сцэне. Прычым яго «камера» была зроблена ў выглядзе барытона -- меднага духавога інструмента, прычэпленага да крана за муштук. Дый муштучная частка гэтага «тэлебарытона», шчодра ўпрыгожаная надпісамі «
jazz-jazz-jazz», нагадвала дзіўнаваты вымяральны прыбор, які ажно «зашкальвала» ад максімальных паказчыкаў.
Так і ёсць: музыканты, асабліва беларускія, выкладваліся па максімуме, канцэрт адкрыцця называўся «Выканальніцкая вяршыня біг-бэнда». І, галоўнае, усе чатыры фестывальныя вечары сталі доказам надзвычай высокай прафесійнай планкі нашага Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.
На першых двух канцэртах на сцэне валадарыў Біг-бэнд гэтага аркестра пад кіраўніцтвам прафесара Фінберга, справядліва пазначаны ў праграмках як «зорка еўрапейскага джаза». У сярэдзіне кожнага з канцэртаў саліравалі замежныя музыканты -- знакаміты Томас Ганш з Аўстрыі, які іграў на трубе сваёй уласнай дызайнерскай распрацоўкі, і зоркі амерыканскага джаза Іў Карнэліус (вакал) і яе муж Чып Кроўфард (фартэпіяна). Усе яны ўжо выступалі з нашым аркестрам падчас леташняга «Славянскага базару ў Віцебску», і іх чарговы прыезд стаўся сведчаннем зацікаўленасці ў далейшым супрацоўніцтве, а значыць -- лепшым доказам зорнасці нашага славутага калектыву. У апошнім можна было пераканацца і непасрэдна на канцэртах. Невыпадкова пастаянны вядучы «Мінскага джаза», галоўны рэдактар часопіса «Джаз.Ру» Кірыл Машкоў (Масква) не стамляўся паўтараць, наколькі «цудоўна, калі добрую музыку іграе выдатны аркестр, як гэта адбываецца зараз». Нашы музыканты саліравалі нароўні з зоркамі еўрапейскага і амерыканскага джаза, нават перакідваліся «рэплікамі» з імі і між сабой, быццам гуляючы ў своеасаблівую канкурэнцыю. А Іў Карнэліус так натхніла нашых трубачоў шыкоўным блюзавым вакалам, што тыя і самі заспявалі, адклаўшы ў бок свае інструменты.
 /i/content/pi/mast/8/205/Jazz3.jpg
Струнным аркестрам і ансамблем салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі дырыжыруе У.Міхайлаў (Масква).
Таму цалкам зразумела, чаму Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі заснаваў штогадовую намінацыю «Лепшы джазмен года». Ужо другі год запар ён уручае прэміі сваім лепшым музыкантам, не забываючыся таксама на старэйшае і малодшае пакаленні. Сёлета лаўрэатамі сталі канцэртмайстар групы саксафонаў Уладзімір Ксёнц, ударнік Вадзім Чайкоў, бас-гітарыст Аляксандр Каліноўскі. Пасмяротна прэміяй быў уганараваны легендарны піяніст Аркадзь Эскін, які шмат гадоў працаваў у гэтым калектыве (дададзім, што адной з апошніх выхаванак яго была згаданая вышэй М.Васілеўская). Сярод пачаткоўцаў другі год запар быў адзначаны вучань ДМШ № 3 г. Мінска Раман Гаварко, што вымусіла не толькі звярнуць на яго асаблівую ўвагу, але і задумацца: а дзе, уласна кажучы, у нас увогуле навучаюць джазу малодшых школьнікаў?
У трэці вечар упершыню свой джазавы (дакладней, сімфаджазавы) «іспыт» трымалі струнны аркестр і ансамбль салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі. Прычым, члены «камісіі» знаходзіліся не толькі ў зале і за кулісамі, але і непасрэдна на сцэне, выступаючы разам з нашым калектывам. Дырыжор Уладзімір Міхайлаў (Масква), якому давялося кіраваць многімі лепшымі аркестрамі свету, з захапленнем адзначыў надзвычай высокі прафесійны ўзровень беларускіх музыкантаў. Тыя ж пахвалы, асабліва на адрас нашых струннікаў, пачула я ад кампазітара і піяніста Анатолія Кальварскага (Санкт-Пецярбург), які сваімі п’есамі і тонкай «акварэльнай» манерай выканання быццам вярнуў джазу яго духоўнае паходжанне. Але замест «чорнага» (ва ўсіх адносінах) блюза і трагедыйных негрыцянскіх песняспеваў прапанаваў светлую, папраўдзе Боскую музыку, «ціхай кульмінацыяй» якой стала прамяністая кампазіцыя «Дабравест».
У фінальным канцэрце «фінбергаўцаў» змяніў Біг-бэнд Бонскага універсітэта, які пазней таксама выступіў на сцэне Мінскага музычнага вучылішча імя М.Глінкі. Слухаючы мяккае, зладжанае гучанне гэтага аркестра, так і карцела «знайсці дзесяць адрозненняў». На жаль, параўнанні былі не заўсёды на нашу карысць. Бо, да прыкладу, такія
 /i/content/pi/mast/8/205/Jazz4.jpg
Саксафаністка Ж.Ільмер (Масква).
інструменты, якімі аснашчаны гэты аматарскі студэнцкі калектыў, не сніліся не тое што нашым навучэнцам, але і прафесіяналам, а вентыльнага трамбона, да прыкладу, на Беларусі ўвогуле няма. Дый ці знойдзецца ў нас навучальная ўстанова не музычнага профілю, якая магла б пахваліцца джазавым аркестрам? Беларусь не абдзелена талентамі, але, паўтаруся, навучанне джазу трэба пачынаць не з вышэйшага звяна і нават не з сярэдняга, а з пачатковага. Джаз мог бы стаць часткай навучальнага працэсу не толькі эстрадных, але і акадэмічных музычных устаноў, дзе даецца больш грунтоўная адукацыя. Нарэшце, нашым музыкантам не перашкодзілі б замежныя стажыроўкі, майстар-класы (маскоўская саксафаністка Жанна Ільмер, якая саліравала ў трэцім канцэрце, у свой час стажыравалася на радзіме джаза -- у Амерыцы), удзел у конкурсах, замежных фестывалях. Дый сам джаз не вычэрпваецца ў нас адно Нацыянальным канцэртным аркестрам! Трэба толькі вітаць і падтрымліваць няспынныя намаганні гэтага калектыву, які здольны арганізаваць і правесці падобнае джазавае свята. Але няблага было б на новым узроўні ўзгадаць даўно забытае мінулае ў выглядзе як рэспубліканскага, так і міжнароднага джазавых фестываляў. Тым больш, што літаральна праз год (першым узгадаў пра гэта і пачаў рыхтавацца да юбілейнай даты, зноў-такі, М.Фінберг) беларускаму джазу, які бярэ адлік ад легендарнага аркестра Эдзі Рознера, споўніцца 70 гадоў.

Надзея БУНЦЭВІЧ