У творчай калабарацыі з мастачкай Таццянай Нерсісян (яна ж афармляла карнягаўскае «Інтэрв’ю з ведзьмамі» ў Дзяржаўным тэатры лялек, аднак гэтая згадка — адзінае лучво між спектаклямі, яны атрымаліся выразна і прыўкрасна рознымі) і кампазітарам Мікітам Залатаром (музычны шэраг у «Бетоне» — жывыя пульсуючыя згусткі эмоцый). Новая пастаноўка — сучасная безнадзея пра Арфея і Эўрыдыку ў жанры «візуальная паэзія» — бязлітасная, праўдзівая і ашаламляльна прыгожая: вывераная сінхронная пластыка артыстаў, найглыбейшыя вобразы, якія мяжуюць з архетыпамі і адгукаюцца зіхоткай безданню, што памятае, здаецца, стварэнне свету, адсутнасць словаў, якая ў гледача перакідаецца чарадой пытанняў да самога сябе. І бетоннае ўсведамленне-адкрыццё: наколькі ж насамрэч чалавек самотны…
За палоскай авансцэны — бетонная сцяна на ўсю вышыню, да каласнікоў. Справядліва: шэрань — колер нашай цывілізацыі, яе гарадоў і, па вялікім рахунку, плыні жыцця: роўна, гладка, антыўтапічна. Наверсе — бягучы радок з аб’явамі. Чалавек шукае чалавека. Пакуль гледачы рассаджваюцца і чакаюць пачатку, гэты радок выклікае ўсмешку — першае вітанне з мінулага, пакуль недалёкага: у дзевяностых і пачатку двухтысячных такая схема знаёмства была папулярная, здаецца, нават самі абвесткі адтуль: «шукаю», «без шкодных звычак», «матэрыяльна забяспечаны», «стамілася ад самоты»… Бетон — відавочная сучаснасць. Гэта горад, у якім багата людзей і, як следства, магчымасцей згубіцца. Прычым зваротны постфікс апошняга дзеяслова трапны: згубіць сябе.
...Пяць Арфеяў і пяць Эўрыдык — на пачатку акцёры ўсім складам з’яўляюцца перад глядзельняй: з прастакутнай адтуліны ў бетоннай сцяне задніка, са сляпучага святла, клубком целаў, з хаосу, які, здаецца, не мае ні пачатку, ні канца, па адным. Такое «драбненне» галоўных герояў толькі падкрэслівае ўніверсальнасць асабістых, інтымных пачуццяў і перажыванняў, прычым іх вага ані не нівелюецца — наадварот. Чалавек моцны сваёй крохкасцю, як бы парадаксальна гэта ні гучала.
Тэкст спектакля, створаны целамі актораў, не столькі паўтарае вядомы міф, колькі выяўляе, што, нават без пераносу на сучасную глебу, ён рэзануе, бо гаворыць пра існае, кранае недатыкальнае, казыча знутры. Бо ўсім нам бракуе сапраўднага.
Арфей кахае, і гэта як падкрэслівае яго самоту пасля сыходу Эўрыдыкі, так і «салодзіць», супакойвае яе. Адзінота, як і боль, прыкмета жыцця.
Эўрыдыка, напалоханая пажадай сатыра, бяжыць па лесе, не разбіраючы дарогі (уражальная візуальная праекцыя на сцяну задніка), выпадкова наступае на змяю і, уджаленая, памірае. З цяжкасцю адпусціўшы яе ў царства Аіда, Арфей, не ў змозе жыць без каханай, вырашаецца спусціцца па яе ў пекла. Падчас умывання, падрыхтоўкі цела да іншасвету, Эўрыдыка адтуль адчувае каханага, абдымае ягоныя ногі, па якіх сцякае рытуальная пахавальная вада, адначасова спрабуючы і выбрацца да яго, на свет, і не пусціць сюды, у царства смерці, змроку і ценяў. Але мы ведаем, што гэтыя спробы марныя, ён усё адно прыйдзе, бо таксама кахае. Ведаем, але ад гэтай веды хіба з яшчэ большым спачуваннем, сцісканнем сэрца назіраем за роспаччу Эўрыдыкі.
Адна з самых каркаломных сцэн, калі нават, здаецца, забываеш, як дыхаць, — калі Арфей рыхтуе пахаванне Эўрыдыкі. З правага боку сцяны Арфей робіць усё згодна з традыцыямі, ладзіць пахавальны абрад па правілах, крыху механічна, як гэтага патрабуе цырымонія, тут — расчэсвае валасы каханай, уплятае ў іх кветку, адпускае. Але з левага — не можа, не хоча мірыцца са стратай, абдымае, цалуе мёртвую Эўрыдыку, не адымае рук. Бадай, выразней паказаць Эрас і Танатас у рэальным жыцці чалавека немагчыма. Як немагчыма развесці дуалізм чалавечай прыроды.
Па смерці Эўрыдыкі ў жыцці Арфея былі іншыя жанчыны. Хутчэй нават не былі, а з’яўляліся. Карагод тыповых, пазнавальных вобразаў, якія круцяцца вакол героя, прагнучы яго, стасункаў з ім, увагі, і якія, аднак, калі Арфей сышоў у Аід, занятыя выключна сабой: завешваючы люстра чорнай тканінай, больш глядзяць на сябе, папраўляючы ўбранні і макіяж, і ўрэшце нічога для свайго «каханага» не робяць. Агрэсіўна-сэксуальная кабета; «шэрая мышка»; лёгкая дзяўчына на пуантах, што ўваходзіць у жыццё героя, апрануўшы бахілы — і далікатна не забруджваючы ягонае жыццё, і разам з тым не пакідаючы па сабе слядоў; жанчына з келіхам віна, якая ўрэшце, не дачакаўшыся ўвагі Арфея, аддае перавагу алкаголю. У сцэне з апошняй, дарэчы, Карняг іранізуе з яшчэ адной старажытнай показкі з сучасным фіналам. Да мудраца прыйшла кабета і запыталася, чаму, калі ў мужчыны багата каханак, гэта нармальна, а калі ў жанчыны, дык яе грамадства асуджае, на што філосаф адказаў, маўляў, калі з аднаго імбрычка разліць гарбату па розных кубках, смак яе не зменіцца, а калі ў адзін кубак наліваць з розных чайнікаў, то замест гарбаты атрымаецца абы-што. У найноўшай версіі кабета адказвае: «А па мне, дык гарбата й гарбата, розніцы няма», — і філосаф уздыхае: «Дурніца, такую прытчу сапсавала». Лёгкая дзяўчына на пуантах з бахіламі кружыць, мяняючы кубкі, у якія ліецца вада з розных імбрыкаў, прыгожа і адстаронена. Так ёсць. Не ўсім выпадае зазнаць сапраўднае каханне, а жыць трэба.
Увогуле вада ў спектаклі нібы грае сваю, асаблівую ролю. Гэта не толькі метафара ачышчэння, але яшчэ й напамін пра Стыкс і Лету — мяжу і забыццё, няпамяць, якая ўсё адно жыве ў чалавеку і муляе невядомым-няспраўджаным.
Паводле аднаго з варыянтаў заканчэння міфа, Арфей зайграў такую песню, што вакханкі, якія праносіліся непадалёк, пазбаўленыя ўсіх чалавечых страхаў і ўмоўнасцей, у ятры раздзерлі яго жывога на дробныя кавалкі. Ці можна назваць гэта самагубствам? І… ці варта гэтак казаць? Коўзкая сцежка. У спектаклі сюжэт сканчваецца нявыйсцем — шматкроп’ем, якое кожны разумее па-свойму і ў якім усё тая ж бездань, толькі цяпер яна ўзіраецца ў цябе тваімі вачыма.
«…Ніякіх праблем, акрамя адзіноты», — сведчыць адна з аб’яваў бягучага радка. Як даць гэтаму веры?..
Ліда НАЛІЎКА