Інфляцыя камічнага

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра М.Абрамаў працягвае насычаць рэпертуар класічнымі, традыцыйнымі і ў нечым звыклымі для масавага гледача пастаноўкамі. Магчыма, менавіта таму сённяшні Маладзёжны зрабіўся прадказальным: нават не бачыўшы спектакль па класічнай п’есе, можна з пэўнай доляй верагоднасці сказаць, што ён вызначыцца нетаропкай дзеяй, што знаёмыя ўсім рэплікі з інтанацыйнай дакладнасцю раскладуцца паміж персанажамі, мізансцэны будуць сціплымі і шматзначнымі.

 
 /i/content/pi/mast/8/204/Inflyacyja1.jpg
 С.Журавель (Тарцюф).
Збольшага ўсе «прадказанні» спраўдзіліся і на прэм'еры «Тарцюфа» Ж.Б.Мальера. Урэшце, спектакль прадказальны -- не значыць нецікавы, асабліва, калі справа тычыцца інтэрпрэтацыі знакамітага французскага драматурга.
Дзея пачынаецца даволі мітусліва, нібыта аспрэчваючы тэзіс пра нетаропкасць рэжысёрскай манеры М.Абрамава. У пралогу акцёры ланцужком перабягаюць з кулісы ў кулісу, каб урэшце ледзь не пастроіцца ў шэраг кшталту каманды КВЗ. У першай сцэне Ж.Б.Мальер робіць імклівую экспазіцыю асноўных персанажаў, каб без затрымак разгарнуць сюжэт. Для гэтага ў вусны спадарыні Пярнель укладваюцца едкія заўвагі ледзь не пра кожнага з прысутных. Выканаўца гэтай ролі Р.Сідорчык сваё знаходжанне на сцэне пазначае гучнымі рэплікамі, чым цалкам абясцэньвае іх, бо слоў не разабраць з-за манатоннасці маўлення.
Але як толькі гаворка заходзіць пра Тарцюфа, спектакль нібы запавольваецца. Акцёры пачынаюць старанна паказваць сваё стаўленне да галоўнага героя. Гледачы разумеюць, што менавіта адносіны да Тарцюфа сталі прычынай сварак у сям'і Аргона. Па сутнасці, якраз з гэтага і пачынаецца сапраўдная камедыя: рэжысёр і акцёры знаходзяць па-сучаснаму смешнае гучанне мальераўскага тэксту.
Камічнае -- у сітуацыях, закладзеных у твор. І найбольш пераканаўчая тут гераіня Г.Лаухінай -- Дарына. Канешне, служанка мусіць займаць у п'есе самую актыўную пазіцыю. У выкананні актрысы персанаж папраўдзе заўважны, а часам, як падаецца, нават кіруе падзеямі. Спачатку на фоне астатніх герояў, ролі якіх выконваюцца амаль статычна, рухавая Дарына -- больш актыўная, эмацыйная, непасрэдная і адкрытая. І ўсё гэта не столькі за кошт выразнай пластыкі, колькі дзякуючы інтанацыйнай выверанасці маўлення. Менавіта рэплікі Дарыны Г.Лаухінай (пры дапамозе трапнай паўзы ці, наадварот, своечасовага ўступлення ў размову) выклікаюць шчыры смех у зале. З развіццём дзеі Дарына саступае ролю пратаганіста жонцы Аргона Эльміры (Л.Арамілева), якая напачатку выглядае пасіўна, і яе брату Кляонту (Я.Іўковіч), што ператварае ўсе свае маналогі ў скорагаворку. Ён выклікае смех у зале, але адначасова (як і ў выпадку з Пярнель) цалкам дэзавуіруе сэнс выказвання. У інфляцыі смешных момантаў і бачыцца прычына зніжэння інтэлектуальнай вартасці спектакля, што і падаецца яго асноўным недахопам.
Са з'яўленнем С.Жураўля, які іграе Тарцюфа, пастаноўка набывае суладнае гучанне. Ён увасабляе крывадушніка вельмі сціплымі акцёрскімі сродкамі. Гэты Тарцюф надта
 /i/content/pi/mast/8/204/Inflyacyja2.jpg

 Г.Лаухіна (Дарына).

разважлівы, доўга сумняваецца перад важнымі рашэннямі, але, зрабіўшы выбар і паставіўшы мэту, рашуча яе ажыццяўляе. Праведныя казанні Тарцюфа ў выкананні С.Жураўля -- падман асаблівага кшталту. Менавіта таму ў сцэне, дзе сын Аргона Даміс (В.Новік) апантана спрабуе выкрыць злачынцу, Тарцюф выглядае такім пераканаўчым... Ён, хутчэй, не падманвае, а выкарыстоўвае сваю хіжасць сабе на карысць: раскайваецца, каб паказаць сваю віну, а не пазбавіцца яе.
Толькі аднаго не хапае Тарцюфу С.Жураўля. Ён занадта стрымана выказвае свае пачуцці да Эльміры. А менавіта праз палкую жарсць да яе герой і мусіць раскрыцца. Тарцюф -- інтэлектуальны драпежнік - супрацьстаіць, так атрымліваецца па спектаклі, праставатай, шчырай сям'і Аргона. Дарэчы, вось за гэтую шчырасць, а не за міфічныя былыя заслугі, як тое адбываецца па тэксце, і варта было каралю ўзнагародзіць Аргона. У апошняй сцэне пераможны Тарцюф з'яўляецца ва ўсім белым, у каўбойскім капелюшы -- нібы трыумфатар. Станоўчым персанажам няма чаго яму супрацьпаставіць. Таму канцоўка, нягледзячы на невялічкую мадыфікацыю, не надта радуе.
Прыём «deus ex machina», на маю думку, увогуле варта выкарыстоўваць вельмі асцярожна. Старажытныя грэкі, ды і сам Ж.Б.Мальер, спадзяваліся на вышэйшыя сілы, таму для іх прыём цалкам апраўданы. Сёння зразумела: устанаўленне справядлівасці залежыць ад нас, і ці варта разлічваць на дапамогу тайнага агента ўладаў, якім у спектаклі выступае служка Тарцюфа Ларана (І.Чарапко-Самахвалаў)? «Хэпі энд» спектакля амаль не адказвае на асноўнае пытанне: а ці заслугоўвае сям'я Аргона гэтую справядлівасць?
Для мяне адказ, на жаль, адмоўны. А раблю гэтую выснову на падставе тыповай для пастаноўкі сцэны, у якой бяруць удзел Марыяна і Валер (у цудоўным выкананні Н.Дуванавай і Ю.Баранава). Мізансцэнічна эпізод дакладна вывераны, эмоцый -- цераз край, нават зала дыхае з героямі супольна. Цудоўная сцэна, але з якім падтэкстам для Марыяны яна праходзіць?.. У папярэднім эпізодзе, у адказ на заклікі Дарыны абараняцца самой, яна прамаўляе: «Няхай Валер усё вырашае!». І да канца спектакля няма ў яе памкнення заслужыць свабоду, шчасце, хоць драматург і дае такія магчымасці... Ж.Б.Мальер, канешне, не ствараў драму, але, мяркую, не пісаў і для таго, каб проста рассмяшыць публіку.
 /i/content/pi/mast/8/204/Inflyacyja3.jpg
 Н.Дуванава (Марыяна),
А.Шароў (Аргон).
На прыкладзе гэтага эпізода бачна: акцёрскія касцюмы Н.Гурло (у Марыяны ярка-зялёная сукенка -- сімвал юнацтва і маладосці) кантрастуюць па колеры са сцэнаграфіяй А.Касцючэнкі (афармленне вытрымана ў сціплай, спакойнай гаме). І галоўнае: падчас гэтай сцэны строгі, зроблены пад даўніну камзол Валера абсалютна не суадносіцца з легкадумнымі, відавочна сучаснымі строямі Марыяны (усе мужчынскія касцюмы адрозніваюцца гэткім жа чынам ад жаночых).
У выніку змест спектакля ўспрымаецца адназначна: хітры і хіжы Тарцюф падманвае шчырых і наіўных людзей, якія няздатныя за сябе пастаяць, і толькі ўмяшанне ўладаў спыняе несправядлівасць...
Перад спектаклем мне давялося пачуць размову пажылых глядачак, здаецца, пастаянных наведвальніц тэатра.
-- «Тарцюф»? Гэта жартоўная п'еса... -- зазначыла адна.
-- Тады пасмяемся, -- зрабіла выснову другая.
Пасля спектакля яны, канешне, засталіся задаволенымі пабачаным. З гэтага гледзішча, у М.Абрамава атрымалася галоўнае -- зрабіць спектакль, які лёгка і непасрэдна ўспрымаецца публікай. Але ці варта дзеля гэтага браць класічны твор? Калі пазнаёміцца з літаратурай, прысвечанай пастаноўкам Ж.Б.Мальера (у тым ліку і ў савецкім тэатры), адразу зробіцца відавочнай тэндэнцыя адмовы ад забаўляльнасці. Гісторыя «Тарцюфа» -- сінонім праўдзівасці тэатральнага Мастацтва. «Тарцюф» -- гэта выклік крывадушнаму свету. І досвед пастановак п'есы ў мінулым стагоддзі сведчыць пра багацце магчымасцей для раскрыцця яе сэнсу. На жаль, актуальных інтэрпрэтацый, значных для сённяшніх рэалій, у спектаклі Маладзёжнага тэатра пабачыць не давялося.

Алекс СТРЭЛ
Фота Андрэя Спрынчана
.