Акрамя ўрачыстасцей, пра якія пісала «Мастацтва», адзначу канцэрт «Настаўнік і вучні», зладжаны кафедрай опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі Беларускай акадэміі музыкі. Вечар прадставіў не толькі цэлае суквецце творчых індывідуальнасцей (ад першага выпуску 1999—2000 гадоў да цяперашніх студэнтаў): упершыню так пераканаўча былі прадэманстраваныя здабыткі педагагічнай дзейнасці майстра.
Сярод юбіляраў згадаю і Віктара Саркісьяна — непераўзыдзенага Краса («Спартак»), Д’ябла («Стварэнне свету»), караля Філіпа («Ціль Уленшпігель»), у гонар якога адбыліся імпрэзы ў Тэатры оперы і балета і Беларускім харэаграфічным каледжы.
На жаль, амаль незаўважаным застаўся адметны творчы вечар, прымеркаваны да 50-годдзя Наталлі Фурман, выхаванкі Валянціна Елізар’ева, лаўрэаткі Нацыянальнай тэатральнай прэміі, дасведчанай выкладчыцы і харэографкі. Канцэрт буйным планам прадэманстраваў самабытнасць і шырокі жанрава-стылёвы дыяпазон мастацкага мыслення Фурман.
Мы пабачылі і вытанчана-неарамантычны балет «Развітанне з радзімай. 1830 год», прысвечаны знакамітаму Міхалу Клеафасу Агінскаму, і экспрэсіўныя, сучасныя па вобразна-пластычных фарбах мініяцюры, і дзяржэкзамен па кампазіцыі і пастаноўцы танца, які прэзентаваў плённыя вынікі педагагічнай працы Наталлі.
Не магу не згадаць 30-годдзе Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, найстарэйшага з падобных форумаў на ўсёй постсавецкай прасторы. Нацыянальны конкурс, што праводзіўся ў яго межах, стаўся адным з самых моцных і прадстаўнічых за ўсю гісторыю IFMC.
Сярод балетных прэм’ер адзначу найперш узнаўленне ў Вялікім тэатры елізар’еўскага «Спартака», які ніколькі не састарэў, але заззяў новымі фарбамі на фоне нявызначанай рэпертуарнай палітыкі і сумнеўных па мастацкіх якасцях апошніх пастановак трупы. Не абміну і прэм’еру балета «Вішнёвы сад» у Беларускім музычным тэатры. Гэта дыпломная работа маладога харэографа Сяргея Мікеля, аднаго з таленавітых выхаванцаў Валянціна Елізар’ева. Менавіта такіх спектакляў вельмі не хапае балетнай трупе Музычнага: не чарговых пераносаў і «рэдакцый», а арыгінальных аўтарскіх пастановак, народжаных у плённым супрацоўніцтве харэографа з артыстамі.
У галіне сучаснага танца нагадаю пра бліскучую перамогу Вольгі Лабоўкінай у конкурсе маладых харэографаў у межах Міжнароднага фестывалю Context. Diana Vishneva (Масква). Сярод новых работ вылучаецца спектакль «Ці свяшчэнная вясна...» Вольгі Скварцовай — асабістае прысвячэнне ахвярам генацыду і трагедыйных гістарычных катаклізмаў, што выпалі на ХХ стагоддзе. Варты ўвагі і праект Сяргея Паяркова «Structures», які прэзентуе новы для айчыннага contemporary dance спосаб камунікацыі паміж артыстамі і публікай: падчас калектыўнай імправізацыі гледачы далучаюцца да танцоўшчыкаў і нароўні з імі ўдзельнічаюць у стварэнні перформанса.
Вялікую цікавасць выклікала перфарматыўная экскурсія па вуліцы Кастрычніцкай «Гледзячы з якога боку паглядзець», што адбылася ў межах фестывалю Vulica Brasil (аўтарка ідэі і куратарка Валерыя Хрыпач). Згаданы міждысцыплінарны праект — першы ў гісторыі беларускага сучаснага танца досвед узаемадзеяння contemporary dance і urban art.