Венецыя
Венецыянская манета серыі прасякнута матывам «кніжнага» льва — сімвала горада і ўсёй Венецыянскай рэспублікі.
На аверсе прадстаўлена гравюра з Кнігі прарока Данііла скарынаўскай Бібліі — «Данііл з ільвамі», якая ў кніжным арыгінале мае тлумачальны надпіс: «Даниилу седящему со львы принесе Аввакум обед». У цэнтры гравюры ў атачэнні львоў галоўны персанаж біблійнага аповеду — прарок Данііл — трымае раскрытую кнігу на каленях. Над ім уверсе — цар з прыдворнымі. Уверсе справа — анёл божы; ён за валасы нясе прарока Авакума; у руках Авакума кошык з ежай. У левым верхнім вуглу, на гаку ў ствале дрэва, вісіць шчыт са знакам Скарыны — «сонцам маладзіковым». Існуе дастаткова абгрунтаванае меркаванне, што кампазіцыя гэтай гравюры нарадзілася пад уражаннямі, атрыманымі асветнікам ад Венецыі, і што эскіз для рэзчыка выкананы непасрэдна Францыскам Скарынам. Дэкаратыўныя элементы і рэквізіты манетнага плацежнага сродку аверса змешчаны згодна з агульнай выяўленчай схемай гэтай серыі.
На рэверсе ў цэнтры ўнізе, абапіраючыся трыма лапамі на надпіс «ВЕНЕЦЫЯ», а чацвёртай прытрымліваючы раскрытую кнігу, прадстаўлены крылаты леў евангеліста Марка — сімвал горада. Па баках — характэрныя знакі з кніг Скарыны. У цэнтральнай частцы — фрагмент аўтэнтычнага скарынаўскага дэкору, над якім надпісы: «ШЛЯХ СКАРЫНЫ» і «Venecie». За падвойнай арачнай лініяй дэкаратыўнага элемента адкрываецца незвычайна прыгожая панарама горада з відам на Венецыянскую лагуну.
Леў на манеце не з’яўляецца пластычнай копіяй адной са шматлікіх мастацкіх версій венецыянскага льва. Гэта — арыгінальная «варыяцыя на тэму», прадстаўленая дызайнерам манетнай серыі. Від на горад — фрагмент арыгінальнай гравюры XVI ст. з Хронікі Шэдэля і Хартмана.
Нягледзячы на адсутнасць якіх-небудзь дакументальных сведчанняў пра знаходжанне Скарыны ў Венецыі, ніхто з даследчыкаў не мае і ценю сумнення ў тым, што ён быў там і атрымаў ад гэтай сталіцы еўрапейскага кнігадрукавання надзвычай моцныя ўражанні. Венецыянскі леў, знаёмы Скарыну яшчэ з Падуі (яго скульптурная выява ўпрыгожвала партал Падуанскага ўніверсітэта), вызначыў маладому доктару медыцыны творчы шлях на перспектыву першага дзесяцігоддзя пасля абароны доктарскай ступені — выдавецкай і асветніцкай дзейнасці. Мастацкае аздабленне кніг, выпушчаных спадаром Францыскам у Празе ў 1517—1519 гадах, у значнай ступені мае рысы венецыянскай кніжнай эстэтыкі. Гэтыя рысы яўна прасочваюцца ў цудоўных літарах-ініцыялах. Непасрэдныя ўражанні Скарыны ад сустрэчы з гэтым горадам знайшлі адлюстраванне і ў яго ілюстрацыях: на гравюрах «Храм цара Саламона» і «Дом цара Саламона» з Трэцяй кнігі Царстваў выразна ўгадваецца архітэктура венецыянскіх палацаў. Матыў сімвала Венецыі — леў св. Марка з кнігай — прысутнічае ў тытульнай гравюры да згаданай вышэй Кнігі прарока Данііла. Апроч таго, народная «Чэшская Біблія», надрукаваная ў Венецыі ў 1506 годзе, была адной з асноўных крыніц, выкарыстаных Скарынам для свайго перакладу старазапаветных кніг на мову, зразумелую жыхарам Вялікага Княства Літоўскага.
Прага
Пры распрацоўцы эскіза аверса пражскай манеты аўтары апынуліся перад выбарам, якую выяву змясціць на ім: прадстаўнічы тытульны аркуш да ўсіх кніг Бібліі альбо гравюру з партрэтам Скарыны. Перавага засталася за другім варыянтам як з пункту гледжання выразнасці і запамінальнасці, так і ўлічваючы ролю выдаўца ў гэтым выданні. Факт змяшчэння разгорнутага партрэта свецкай асобы ў свяшчэннай кнізе — адзіны выпадак ва ўсёй гісторыі кнігадрукавання.
Аверсны відарыс прадстаўляе не поўную гравюру, а тры чвэрці яе выяўленчага поля. У цэнтры ўмоўнага кабінета вучонага — постаць Скарыны, які сядзіць на нізкім табурэце перад пюпітрам з раскрытым сшыткам ці кнігай. З пюпітра спускаецца арнаментаваная тканіна, на яе фоне — «сонца маладзіковае». Скарына апрануты ў прасторную доктарскую мантыю, на галаве — берэт. У правай руцэ — інструмент для пісьма; правая нага, сагнутая ў калене і прыкрытая складкамі мантыі, ляжыць на нізкай лаўцы. Твар з мяккімі акруглымі рысамі павернуты ў тры чвэрці ўлева ад гледача, позірк скіраваны да іншага пюпітра з раскрытай кнігай. Прастора запоўнена шматлікімі прадметамі, сярод якіх — паліцы з кнігамі, асобна стаіць пясочны гадзіннік. На ўзроўні плеч справа і злева — фігуркі стылізаваных львоў, што трымаюць шчыты з сімвалічнымі знакамі.
Па-за межамі манетнай выявы засталіся: армілярная сфера (ніжні фрагмент яе бачны справа ўверсе над карэньчыкамі кніг), плецены кош і двухзнакавая манаграма, рэфлектар з пчолкай, верхні шыльдзік з годам выдання і ніжні шыльдзік з адмысловым аўтарскім подпісам.
Упершыню Скарына змясціў свой партрэт на апошнім аркушы Кнігі Ісуса Сірахава, якая ўбачыла свет у Празе 5 снежня 1517 года. У прадмове да гэтай кнігі афарызмаў успамінаюцца першыя перакладчыкі Бібліі. На партрэце Францыск Скарына пазіцыянуе сябе не толькі як вучоны, інтэлектуал, асветнік, але таксама і як перакладчык. Другім разам партрэт з’явіўся на апошнім аркушы Чацвёртай кнігі Царстваў (Прага, 10 жніўня 1518 г.).
Арнаментальнае дапаўненне партрэтнай выявы на аверсе манеты нетыповае для гэтай серыі: замест расліннага ўжыты раслінна-геаметрычны арнамент, матыў якога ўзяты з гравюры «Выгляд ківота» Кнігі Выхад 1519 г. Геаметрызм прадыктаваў форму «акна» — ромба, куды ўпісаліся пазначэнні года і пробы металу (для срэбраных манет).
Рэверс манеты: за мостам з арачнымі праходамі, паміж сіметрычнымі вежамі са спічастымі дахамі, у дальняй перспектыве, на ўзвышшы паўстае горад, характэрнае аблічча якога можна пазнаць сярод сотні іншых гарадоў Еўропы — Прага. Над горадам, як касмічнае цела, вісіць патройны дыск. Гэта — пражскі гадзіннік, слынны «Арлой», яго верхні астранамічны цыферблат. Над гадзіннікам — надпіс «ШЛЯХ СКАРЫНЫ»; пад гадзіннікам — назва горада, перададзеная лацінскім шрыфтам «PRAGA»; ніжэй, на лініі моста, — тая ж назва ў стылізаванай скарынаўскай шрыфтавой графіцы «ПРАГА», па баках якой — характэрныя для гэтай манетнай серыі знакі з выданняў Скарыны.
Для афармлення пражскай тэматыкі сярод разнастайных сімвалаў Прагі, такіх як Карлаў мост, касцёл святога Віта, Парахавая вежа, старадаўні ратушны гадзіннік застаўся па-за канкурэнцыяй. Гэта — вобраз і сімвал дзейнасці Скарыны ў Празе ў перыяд 1517—1519 гадоў, яго зорны час: тут творчыя сілы асветніка спазналі найвышэйшы ўздым, на жаль, перапынены ў зеніце. Створаны ў XV стагоддзі, ратушны гадзіннік з усёй яго складанай механікай і адсутнасцю хвіліннай стрэлкі быў добра вядомы Францыску (апроч рухомых фігурак, што з’явіліся ў XVIII ст.).
Пражскі гадзіннік дае мноства разнастайнай інфармацыі, да прыкладу, паказвае час па старачэшскім, нямецкім і вавілонскім стылях. Аднак распрацоўшчыкам манеты было важна, каб цыферблатныя дыскі паказвалі не толькі зададзеную гадзіну астранамічнага часу, але таксама палажэнне сонца, палажэнне і фазу месяца ў дзень 6 жніўня 1517 г. Дапамогу ў разліках гадзіннікавых дыскаў у зададзеных параметрах па просьбе дызайнера манеты выканаў дырэктар абсерваторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Альгерд Кузнечык. Было вызначана, што 6 жніўня 1517 года Сонца знаходзілася ў знаку Льва, Месяц — у знаку Скарпіёна, у сваёй апошняй фазе; асветленасць месяцовага дыска складала 76,99%. Паколькі невядома, а якой гадзіне ў пражскай друкарні пабачыла свет першая кніжка Скарыны, было вырашана паказаць сімвалічнае значэнне часу — поўдзень, калі сонца знаходзіцца ў вышэйшай сваёй пазіцыі.
Такім чынам, гадзіннік на пражскай манеце змадэляваны так, што гадзінная стрэлка (мае наканечнік у выглядзе далоні) на цыферблаце са значэннямі сярэднееўрапейскага часу паказвае на верхнюю рымскую лічбу ХІІ (поўдзень); на задыякальным цыферблаце сонечны дыск з промнямі знаходзіцца ў сектары з сімвалам Льва; дыск Месяца — у сектары з сімвалам Скарпіёна. Праз некалькі гадоў асветна-выдавецкая дзейнасць Скарыны аднавілася ў Вільні, але пусціць карэнне і мець працяг ёй не выпала.
Вільня
Апошняя манета, віленская, сканструявана так, каб усе манеты серыі сабраліся ў вянок. Завяршэнне і пачатак павінны мець агульны элемент, і гэтым элементам з’явілася слова: на пачатку было слова, слова прыйшло і на завяршэнне. На першай, полацкай манеце — цытата з прадмовы Скарыны. На апошняй, віленскай — цытата з яго пасляслоўя, фрагмент, які інфармуе, кім і дзе выканана праца. Кола замкнулася. Афармленне цалкам абапіралася на дэкор віленскіх кніг Скарыны.
На аверсе манеты змешчаны наступны надпіс: «Працею, и пильностию доктора Франциска Скорины с Полоцка, увеликославном месте Виленскомъ». Тэкст набраны касынкай, адной з форм калафонаў скарынаўскіх кніг, заключанай у квадратную рамку. Для яе вертыкальных бакоў, куды ўпісаны год выпуску і проба (на срэбраных манетах), выкарыстаны фрагмент найбольш адметнай застаўкі-ініцыяла з Малой падарожнай кніжкі. Ніжні бок — адна са шматлікіх віньетак гэтага выдання. Шрыфт выкананы ў колеры — чырвоным, паколькі менавіта ў віленскіх выданнях чырвоны колер вельмі актыўна выкарыстоўваўся першадрукаром.
Рэверс: над горадам лунае вобраз Маці Божай, прасякнутай пяшчотай і замілаваннем да дзіцяці Ісуса, які горнецца да яе. Уверсе надпісы на беларускай і лацінскай мовах — «ШЛЯХ СКАРЫНЫ», «VILNA»; унізе — «ВІЛЬНЯ». Паміж вытанчанымі калонамі злева і справа — знакі-сімвалы з кніг Скарыны, што з’яўляюцца маркерамі серыі. Вобраз — пластычная рэпліка выявы Багародзіцы з Малой падарожнай кніжкі. Для выявы горада выкарыстаны фрагмент карты-плана Вільні 1576 г., найбольш даўняй з вядомых на сённяшні дзень, у аксанаметрычнай праекцыі. У цэнтры, пад выявай Багародзіцы выразна бачны квартал, у якім месцілася віленская друкарня Скарыны.
У 1522 і ў 1525 гадах у Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, пабачылі свет два скарынаўскія выданні — «Малая падарожная кніжка» і «Апостал». Першае з іх — зборнік рэлігійных твораў. Другое прысвечана жыццю і дзейнасці апосталаў і вучняў Хрыста. Гэтыя кніжкі, прызначаныя для тых, хто ў дарозе, мелі зручны кішэнны фармат. Эстэтычная і друкарская якасць віленскіх асобнікаў настолькі высокая, што ў ХІХ стагоддзі бібліяфілы прыраўнялі іх да «эльзевіраў», бездакорна выкананых малафарматных кніжак славутых галандскіх выдаўцоў XVI—XVII стагоддзяў. Віленская друкарня была першай не толькі ў сталіцы ВКЛ, але на абшарах усяго Княства — тэрыторыях сучасных Беларусі, Літвы, Украіны. Вільня з’явілася апошнім месцам на жыццёвым шляху Скарыны, дзе ён, хоць і непрацяглы час, рэалізоўваў свае амбіцыі асветніка і выдаўца.
Грашовыя знакі любой краіны следам за гербам, гімнам і сцягам могуць прэтэндаваць на статус чацвёртага сімвала дзяржаўнасці. На сваёй спецыфічнай мове яны распаўсюджваюць веды пра матэрыяльную, духоўную і гістарычную спадчыну, адлюстроўваюць галоўныя падзеі ў жыцці дзяржавы, з’яўляюцца часткай міжнацыянальнага абмену ідэямі і каштоўнасцямі. Калекцыйныя манеты могуць выконваць усе пералічаныя функцыі найлепшым чынам. У некаторых выпадках такія манеты, як і медалі, уздымаюцца да вышыні твораў мастацтва.
У серыі «Шлях Скарыны» вялікі асветнік праз сваю творчасць з’явіўся суаўтарам мастацкага вобраза кожнай з манет. Гэта не напамін пра Скарыну, а аповед пра яго і Біблію яго ж словамі і вобразамі. Задача дызайнера была ў тым, каб знайсці адпаведную пластычную форму, здольную з максімальнай дакладнасцю трансляваць сэнсавыя і мастацкія асаблівасці скарынаўскіх выданняў (яго літары, гравюры, застаўкі, мастацкія ўвасабленні тэкстаў...) на неардынарную паверхню — манетны дыск. Кніжная спадчына Скарыны — матэрыял, што зацягваў і раскрываў свае глыбіні, прыводзіў да неймавернага ўзрастання павагі і захаплення майстэрствам, інтуіцыяй і творчай свабодай выдаўца і мастака ў адной асобе. Ён падказваў рашэнні тэхналагічных і выяўленчых задач. Мала хто мог сабе ўявіць, якую вялікую колькасць усяго можна змясціць на невялікай паверхні срэбранай або медна-нікелевай манеты.
На ўсіх этапах працы над гэтай юбілейнай манетнай серыяй яе стваральнікі імкнуліся ў максімальнай ступені, магчымай у межах зададзенага фармату, даць Скарыну пляцоўку для данясення сваіх словаў і вобразаў да новай рэчаіснасці.
Ірына Зварыка
Святлана Някрасава