Здавалася б, усё так проста: мастака натхнілі лакацыя былой сталоўкі (галерэя размясцілася ў памяшканні, якое захавала свае былыя родавыя прыкметы) і кніга «Кулінарыя», выдадзеная ў 1955 годзе, у перыяд пасляваеннай беднасці і адначасовага аднаўлення савецкай гаспадаркі, калі рэцэпты нерэальных блюд з маладасяжных прадуктаў успрымаліся як карцінкі-абяцанні новага жыцця. Аднак усё не так адназначна. І гэтыя брутальныя вобразы мёртвай плоці, з алюзіяй на суцінскія, і нейтральныя палосы ружовага — прыйшлі яны ці з мінулага геаметрычнага этапу развіцця мастака, ці з дызайну выдання «Кулінарыі», — усё сведчыць пра тое, што інтэнцыі вузейшыя за атрыманы вынік, а тлумачэнні больш простыя, чым мова жывапісу: яна ў мастака магутная, шматпластавая, моцна сплаўленая на сінтэзе геаметрызму і фігуратывізму, дакладна — кропкава — упісана ў прастору ды здольная ўплываць незалежна ад яе атмасферы.
Паважаю мастакоў неспакойных, з пастаянным пераасэнсаваннем уласнага шляху. Савецкія рэмінісцэнцыі даволі нечаканыя для Сяргея Кірушчанкі, у перыяд актыўнасці тут сацарту творца даволі відавочна праігнараваў гэты трэнд, займаючыся чыстым мадэрнісцкім жывапісам. І я не змагла не спытаць, якім жа чынам ён адшукаў крыніцы натхнення ў савецкім выданні па кулінарыі.
— Нешта ў паветры адчуваецца, год усё ж юбілейны. Не чакаў, што мяне гэта тэма закране, але раптоўна супала прапанова ад галерэі з маімі памкненнямі вярнуцца да старога жывапісу, да пейзажу і нацюрморту. Узнікла патрэба ў перапынку ў працы з геаметрычнымі рашоткамі. Стылістыка маіх новых работ, безумоўна, не сацартаўская, але творы зроблены з іроніяй. Ружовыя ўстаўкі, напрыклад, нарадзіліся з-за дызайну самой кнігі, дзе карцінкі з раздзелкай мяса «натыканы» даволі бесталкова. Яны сімвалізуюць гламур, адсюль такі выразны кантраст з трагічнасцю саміх карцін, высякаецца патрэбная іскра — настальгіі і трагізму.
— Вы ж не асуджаеце...
— Не, чаму, вельмі асуджаю, па тэксце гэта відаць.
— А ў працах — не...
— У працах усё складаней. Жывапіс мае свае заканамернасці, у яго нельга напрасткі прыўносіць свае ідэі.
Цікава, што кулінарная кніга — рарытэтнае выданне — ляжала ў мастака шмат гадоў, сябры нават падказвалі, каб напісаў жывапісныя творы па матывах страў ды прадаў рэстаратарам. Як гэтая жартаўлівая ідэя камерцыйнага праекта перарасла ў прыстойную экспазіцыю, насычаную цалкам супрацьлеглымі сэнсамі, — неспазнаная таямніца нараджэння, але відавочна, што галоўная прычына — у дакладнасці адчування часу. Ад строгага геаметрычнага жывапісу колеравага поля, з яго вывераным рытмам і суадносінамі ліній і форм — на новы віток, да старога добрага экспрэсіянізму. Але, нават развіваючыся ў межах экспрэсіянізму, мастак Сяргей Кірушчанка заўсёды зважаў на выбудоўванне той прасторы, складнікам якой станавіліся яго жывапісныя творы. Як, напрыклад, у вельмі даўняй выставе «Прастора сіняга» ён выстаўляў працы разам з Тамарай Сакаловай, узгадняючы з яе творамі не толькі колеравую гаму, але і перспектывы агульных планаў.
Тут, у «Сталоўцы XYZ», дакладна расстаўленыя акцэнты, ружовыя абстрактныя плоскасці ў жывапісных працах — як сетка макета — спрыяюць нарастанню рытму ўсёй экспазіцыі, каб атрымаць рэха-канцэнтрат на галоўнай сцяне. Там ужо не кавалкі мясной тушы, а самадастатковая архітэктоніка форм, каталагізаваныя абломкі крушэння, тупікі і крыкі. Менавіта тут задаеш сабе пытанне: пра што творы? Пра падманутыя надзеі? Пра ілюзорныя перспектывы? Так гэта падаюць суправаджальныя тэксты.
Калі глядач рухаецца ўздоўж твораў, кожны з іх успрымаецца самадастатковым. Старазапаветны сюжэт з нажом (рукой Бога) супадае са сцэнай раздзелкі мяса. Парадаксальна, але фізіялогія сыходзіць на далёкі план, саступаючы месца фармальнай прыгажосці кампазіцыі — геаметрычнаму рытму, экспрэсіі каларыту, танальнай строгасці. Ружовыя плоскасці ў некаторых кампазіцыях — лёгкі старонні акцэнт, у некаторых становяцца дамінуючай структурай, сіметрычна разразаючы выяву на дзве часткі — дзённую і начную, цёмную і светлую.
Дарэчы, назва выставы — «Выхоўваць новыя густы» — гэта цытата міністра знешняга гандлю СССР Анастаса Мікаяна. «Кулінарыі» папярэднічаў грунтоўны, як тады было прынята — ідэалагічны — тэкст. І тое, што праект будзе цудоўна глядзецца як у прасунутай рэстарацыі, так і ў лепшых еўрапейскіх галерэях сучаснага мастацтва, указвае не столькі на тое, што мастацтва — рэч шматфункцыйная паводле сваёй прыроды, але на тое, што выяўленчыя медыя актыўна ўздзейнічаюць на наш досвед і без дапамогі мовы. Бачанне як важны сродак пазнання свету з’яўляецца даволі самастойным у стасунках да рацыянальнага мыслення. Але пытанне не ў тым, што мы разумеем без суправаджальнага тэксту, а ў тым, наколькі глядач здольны ўбачыць у ідэйна дэтэрмінаваным жывапісе яго невідавочныя сэнсы.