Так, аўтарка гэтага тэксту знаходзіцца пад уражаннем ад міжнародных кірмашоў. Чаму не трымаць у галаве лепшы вопыт? Раўняцца мо і не трэба, але ўсе ровары ўжо прыдуманыя, і салон у нас таксама ёсць: справа за самiм мастацтвам, за адкрытасцю і дыялогам інстытуцый.
Візіт на «Восеньскі салон» па-сапраўднаму бянтэжыць: вакол шчыльна ўладкаваная кансервацыя 1970-х, 80-х і 90-х. Самае дзіўнае пры гэтым, што для ўдзелу ў мерапрыемстве ўсталяваны ўзроставы цэнз: не магу паверыць, што ў 30-40 гадоў можна так пісаць...
Можа, салон блытаюць з рынкам? З праходам паміж заламі ў сталічным ГУМе? Няўжо адрозненне толькі ў адукацыйнай праграме і прэміях журы? Не да ладу нешта ў дацкім каралеўстве, сапраўды штосьці не так...
Галерэйны пункцір
У велізарнай, па нашых мерках, прасторы Палаца мастацтва знаходжу мінскія галерэі «Ў», «Zнята», «А&V», «ДК Галерэя» і трохі супакойваюся: іх чатырнаццаць, а значыць, можна прагназаваць актуальнасць і ўзровень работ. Ёсць галерэі з Брэста, Віцебска і Гомеля — таксама добра б прыадкрыць кантэкст. Бо інфармацыя, маўляў, аўтараў каля 180 — гэта ж ні аб чым не сведчыць! Шмат іх ці мала? Добра, што маладыя мастакі «прагучаць», але таго ж недастаткова...
У ліку пераможцаў Аляксандр Веледзiмовiч з «Чырвонай конніцай» і кнігай «Алекciяда». Без прызоў, але заўсёды выдатная Вольга Савіч з фрагментамі «Gene BY», Андрэй Лянкевіч з вядомым «Паганствам», але чаму не паўтарыць, салон жа. Уладзімір Грамовіч, пазнавальны і рамантычны Міхаіл Шумілін, Андрэй Дубінін, Таццяна Кандраценка, Марыя Банэ, Андрэй Васкрасенскі, Васіль Зянько, Юрый Пеўнеў, Кацярына Сумарава, Анастасія Хобатава — хочаш не хочаш, але абапіраешся на знаёмыя імёны. І гэтага мала! Салон, безумоўна, не куратарскі праект, добра, але ўспомнiм Салоны Незалежных у Францыі — яны ж былі прарывам! Успомнім вопыт прасоўвання польскага дызайну і народнага мастацтва — з метадалагічнай этнаграфічнай асновай (на гэтай ніве нам вядомая дзейнасць мастакоў Фердынанда Рушчыца, Станіслава Віткацы-старэйшага), — падтрыманага на ўсіх узроўнях. Ідэя, дарэчы, складалася ў збіранні фрагментаў ідэнтычнасці, актуальнай для палякаў не менш, чым для беларусаў.
Прыклад гэтага года — французскi кірмаш FIAC. Куратар Крыстоф Лерыба піша пра куратарскі адбор, дзве пляцоўкi Гран-Пале і Пці-Пале, пра тое, як можна, трэба і хочацца «навучыць кансерватыўную публіку ўспрымаць сучаснае мастацтва». «Сустрэча з сучасным мастацтвам можа стаць нечаканасцю, і даволі непрыемнай. Важны адукацыйны падыход, трэба змякчыць гэтую сустрэчу, каб не было адчування агрэсіі. Падабаецца ці не падабаецца — гэта ўжо іншае пытанне, але пазнаёміцца і паспрабаваць зразумець — гэта цікава». І гэта пра задачы кірмашу!
А далей усё нашы праблемы, у прыватнасці паспяховае размяшчэнне інсталяцый па-за згаданымі палацамі: «У залах проста няма столькі месца. Сучасныя скульптуры патрабуюць адкрытых прастор і паветра, яны не заўсёды добра адна з адной стасуюцца».
Так, і ў Францыі, чый досвед у арт-рынку — адзін з лепшых у свеце, таксама ёсць гэтая апазіцыя: камерцыйнае — адукацыйнае. І ёсць вырашэнне праблемы.
Вернемся, аднак, у Мінск. Для галерэі «Znyata» быў важны першы вопыт удзелу ў салоне. Прапанова паступіла ад арганізатараў, прычым ужо ў другі раз. «Вялікай цікавасці да ўдзелу адразу не было, але важна было паспрабаваць: выбраць аўтараў, падрыхтавацца, адаптаваць працы да прасторы. Цяпер, вядома, зразумела, што можна палепшыць. Галерэя існуе практычна ў віртуальным фармаце. Але кошты на працы пастаўленыя, паглядзім, ці будзе камерцыйны вынік», — каментуе Сяргей Міхаленка, кіраўнік галерэі.
Салон пачаў вялікую справу і літаральна агаліў праблемы
Якасць працы — адбор галерэі — куратарскі адбор для салона. Прыкладна такая трыяда. Пры разуменні сістэмных дзеянняў на падставе «мастацтва — грамадства».
Ініцыятыва банка ў правядзенні салона ў 2015 годзе была нечаканай, і разглядаць яе варта было б у комплексе з яго іншымі арт-актыўнасцямі: фармаванне калекцыі, выставачныя праекты, каталогі. Цяпер у нас няма такой задачы, але калі бачыць толькі лінію «Салона» і разумець яго бізнэс-перспектыву па змоўчанні, я б правяла яшчэ два ўмоўныя дыялогі. Пры ўсёй розніцы сітуацый: ці можа «Салон» развіваць мадэль «Арт-Вiльнюса»? Можна: запрашаць галерэі (ужо), спецыяльных гасцей (інстытуцыi і персаналіі), лепш структураваць, працаваць з прасторай, уключаць асобна маштабныя аб’екты. І вядома, рыхтаваць бізнэс-асяроддзе, аналітычныя тэксты пра карпаратыўныя калекцыi, аўкцыёны, інвестыцыі ў мастацтве. Такім быў корпус тэкстаў пра польскія галерэi, калі ў 2016 годзе яны былі гасцямі кірмашу.
З пачатку 1990-х у Вільні праводзяцца мастацкія аўкцыёны, па некалькі разоў на год, у Інтэрнэце і з выставамі. На розных пляцоўках, з нараканнямі на нізкую пакупніцкую здольнасць, эміграцыю, адсутнасць калекцыянераў і г.д. І гэта таксама вельмі няроўны шэраг вінтажу і рэтра, старога і новага жывапісу, скульптуры, графікі, з невялікімі інтэрвенцыямі фатаграфіі.
З «Арт-Вільнюсам» дыстанцыя велізарная. Але толькі на першы погляд — усё гэта фармуе асяроддзе, падымае ўзровень, выстаўляе для галерэйнага адбору зусім іншыя рамкі.
Ці можна знайсці пэўны рэзананс з падтрыманай банкам выставай у галерэі Zachęta ў Варшаве? Deutsce Bank, праводзіць конкурс маладых мастакоў, выстаўляе пераможцаў. З 2003 года гэта ўжо восьмая выстава — 5 мастакоў, немудрагелістая на гэты раз назва «Погляд», але ў супрацоўніцтве з музеем, куратарам. Ёсць, як у нас, першы прыз — 60 000 злотых, ёсць другі — навучальная паездка ў Вілу Рамана ў Фларэнцыі, ёсць прыз глядацкіх сімпатый. Што адрозніваецца ад нас ашаламляльна — гэта ўзровень работ. Зноў вяртаемся да тэмы «прарыў», «планка», «асяроддзе».
Думаю, выдатная ініцыятыва Белгазпрамбанка мае патрэбу ў рэвізіі канцэпцыі. Яна ані не горшая за суседнiя — далёкія і блізкія. Але патрабуе пераасэнсавання.
Любоў ГАЎРЫЛЮК