"Званковы туз" Віленскага універсітэта

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

У гісторыю еўрапейскай культуры Ян Рустэм увайшоў як адзін з трох прадстаўнікоў Віленскай мастацкай школы, якія заклалі падмурак прафесійнай мастацкай адукацыі ў беларуска-літоўскім краі. (Матэрыялы аб творчасці Ф.Смуглевіча і Ю.Саўндэрса глядзіце ў «Мастацтве» №№ 3 і 7 за 2007 год.) Рустэм меў лагодны характар, быў інтэлігентным, начытаным і бескарыслівым чалавекам, валодаў некалькімі мовамі, яго паважалі ў асяроддзі мясцовай шляхты і прафесараў, любілі студэнты. Маючы нетыповую знешнасць, ён не крыўдзіўся на шаржы, якія на яго не рабіў толькі гультай. Аднойчы ён і сам сябе з гумарам намаляваў (не без падстаў для такой алегорыі) у вобразе «Званковага туза».

 /i/content/pi/mast/8/203/Tuz1.jpg
Аўтапартрэт з люлькай. Алей. 1820-я
З бібліяграфічных крыніц вядома, што нарадзіўся Ян Рустэм (1762 -- 1835) у Канстанцінопалі (сёння г.Стамбул, Турцыя). Ёсць падставы меркаваць, што яго маці была францужанкай, а бацька -- армянінам або туркам. З дзесяцігадовага ўзросту выхоўваўся пад апекай Казіміра Адама Чартарыйскага (1734 -- 1823), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай з роду князёў герба «Пагоня» ў Вялікім княстве Літоўскім. Вучыўся прафесіі мастака ў Яна Пётры Норбліна (1745 -- 1830), жывапісца італьянскага паходжання, які прыехаў у Варшаву разам з А.Чартарыйскім. Удасканальваў прафесійныя навыкі ў Нямеччыне (1788 -- 1890). Пэўны час Рустэм працаваў у каралеўскай жывапіснай майстэрні пад кіраўніцтвам М.Бачарэлі. З 1792 года жыў у Варшаве, сябраваў з многімі ліцвінскімі дварамі. Гасцяваў, дарэчы, у Міхала Агінскага ў Слоніме, дзе праектаваў дэкарацыі для хатняга тэатра. Калі ў Галоўнай школе літоўскай (з 1803 -- Віленскі імператарскі універсітэт) была створана кафедра жывапісу, якую ўзначаліў Францішак Смуглевіч, Рустэм з пратэкцыі апекуноў быў прызначаны туды на пасаду ад'юнкта (1798). Праз два гады ён атрымаў акадэмічную ступень магістра вольных мастацтваў, у 1811 годзе быў зацверджаны на пасадзе надзвычайнага прафесара, а ў 1821 годзе яго вылучылі на пасаду звычайнага прафесара малюнка і жывапісу, праз чатыры гады яму была прызначана пенсія заслужанага прафесара універсітэта.
Рустэм быў выкладчыкам па прызванні. Пасля смерці Ф.Смуглевіча разам з Ю.Саўндэрсам ён рэфармаваў сістэму навучання на мастацкім аддзяленні, стварыўшы трохступнёвую школу малюнка, па заканчэнні якой выбіралася спецыялізацыя: жывапіс, гравёрства або скульптура. Я.Рустэм забяспечваў выкладанне курса малюнка ва
 /i/content/pi/mast/8/203/Tuz2.jpg

Партрэт Ганны Ваньковіч
з Салтанавых. Алей. Каля 1805.

універсітэце і ў Віленскай гімназіі. Ён прытрымліваўся традыцыйных метадаў: ад копій твораў і малюнка гіпсавых злепкаў да жывой натуры, ад вывучэння частак цела да фігуры цалкам. «Студэнтаў найперш навучаў свабоднаму малюнку», -- успамінаў яго былы вучань, а пазней выкладчык універсітэта В.Смакоўскі. Кожны вечар па дзве гадзіны працаваў з вучнямі, выкладаючы ім тэорыю святла. Удзень практыкаваў іх у дакладнасці контурнага малюнка. У памяці сваіх вучняў Я.Рустэм застаўся прыхільнікам малявання з натуры жывой аголенай мадэлі, якая ягонымі стараннямі была ўведзена ў навучальны працэс з 1816-17 навучальнага года. У адной позе натуршчыка малявалі цэлы месяц.
З 1818 года, пасля таго, як Ю.Саўндэрс пакінуў універсітэт, новым кіраўніком школы мастацтва ў Віленскім універсітэце быў прызначаны Я.Рустэм. Упэўненасці на гэтай пасадзе яму надавала падтрымка кіраўніка Віленскай навучальнай акругі і куратара універсітэта Адама Чартарыйскага, сына Казіміра Адама Чартарыйскага, былога апекуна Яна Рустэма. Абмінуўшы калегіяльны савет універсітэта, Я.Рустэм фактычна аб'яднаў школу малюнка з літаграфічнай майстэрняй, класамі гравіравання і фондам мастацкіх твораў, аднавіў першынство курсу жывапісу, які ў 1810-я гады адышоў на другі план пасля гравюрнага класа. Ён марыў рэарганізаваць мастацкае аддзяленне універсітэта ў самастойную ўстанову -- мастацкую акадэмію. Хоць у штодзённым ужытку сярод мастакоў і ў прэсе тэрмін «Віленская акадэмія» ўжо выкарыстоўваўся, палітычная сітуацыя не дазволіла планам ажыццявіцца. Заступніцтва А.Чартарыйскага за членаў тайных таварыстваў філарэтаў і філаматаў перад вышэйшымі асобамі Пецярбурга скончылася тым, што ў 1823 годе кіраўнік навучальнай акругі быў вымушаны падаць у адстаўку.
 /i/content/pi/mast/8/203/Tuz3.jpg
 Партрэт старога. 1820-я.
У мастацтве Я.Рустэм цаніў шматфігурную кампазіцыю гістарычнага жанру, але маляваў пераважна партрэты. «На той час, -- успамінаў В.Смакоўскі, -- нічога большага за партрэт ад мастакоў не патрабавалася». Спадзеючыся на сваю добрую памяць, ён не жадаў залішне турбаваць натуру і не выкарыстоўваў мадэль для працы над рукамі і драпіроўкамі. Яго працаздольнасць і мастацкі талент выклікалі павагу калег і вучняў, якія сцвярджалі, што «Рустэм за два вечары зробіць тое, што І.Вейс (выкладчык гравюры ва універсітэце ў 1803 -- 1809 гадах) не зможа зрабіць за ўсё сваё жыццё».
Пасля смерці Ф.Смуглевіча (1807) Рустэм становіцца самым знаным мастаком у Вільні. Яго папулярнасці садзейнічае актыўная пазіцыя ў масонскіх колах (яшчэ з часоў наведвання Нямеччыны ён быў членам лож «Руплівы ліцвін» і «Добры пастыр»).
Сярод партрэтаў мастака творы розных тыпаў: тэматычныя партрэты-карціны, парныя, адзінарныя пастаноўкі, сядзячыя і постаці ў поўны рост. Некаторыя з іх адзначаны рысамі класіцызму: уводзяцца фрагменты архітэктуры, адзенне стылізуецца пад старажытнагрэчаскія строі. Жывапіснай і графічнай серыямі вобразаў прафесараў Віленскага універсітэта (Снядэцкага, Райкоўскага, Коньча і інш.) Рустэм заклаў асновы новага для польска-ліцвінскага мастацтва ХІХ ст. тыпу партрэта навукоўца, вучонага. З’явай, заўважанай у культурным віленскім коле, стала стварэнне тыпу камернага партрэта прадстаўніка слоя інтэлігенцыі. Я.Рустэм таксама маляваў вугалем і італьянскім алоўкам. Невялікія па памерах кардоны прамавугольнай ці авальнай формы, злёгку кранутыя рысамі ідэалізацыі, асабліва падабаліся шматлікім заказчыкам.
Данінаю захапленням часу можна лічыць зварот Я.Рустэма да мініяцюрных партрэтаў («Партрэт Тадэвуша Касцюшкі», каля 1794, гуаш, слановая косць, 5,3, круг; «Партрэт невядомай жанчыны», акварэль, слановая косць, 6,0 Ч 5,4, авал; «Партрэт вайскоўца», каля 1815, слановая косць, 7,3 Ч 5,6, авал, і інш.).
Асобную групу твораў складаюць аўтапартрэты, якіх вядома каля дваццаці. Звычайна гэта -- малюнак галавы з плечавым поясам у трохчацвяртным ракурсе («Аўтапартрэт» 1812 -- 1813, італ. аловак, 48Ч40). Характар партрэтнай пастаноўкі часцей набліжаны да бытавога. Выключэннем можна лічыць парадны аўтапартрэт Рустэма, паводле якога Я.Кіслінг стварыў у 1814 годзе афорт (18,3Ч14,5). Безумоўна, Я.Рустэм быў
 /i/content/pi/mast/8/203/Tuz4.jpg
Гульнёвая карта «Туз звонкаў».
1828 -- 1831.
адмысловым майстрам святлаценю: яго мяккія тонавыя малюнкі ўспрымаюцца як манахромны жывапіс. Кожны жывапісны партрэт творца пачынаў з падрыхтоўчага лінейнага малюнка на палатне, пра што можна меркаваць па незавершаных працах і графічных замалёўках, пазней пераведзеных у літаграфію.
Высокі прафесійны ўзровень жывапісных партрэтаў Я.Рустэма спрыяў таму, што многія мастакі і асабліва вучні стваралі гравюры паводле яго карцін. Яны захавалі для нас уяўленне пра жывапісныя творы, што не дайшлі да нашага часу. Гэта -- гравюры М.Падалінскага (партрэты прафесара Віленскага універсітэта Готфрыда Эрнэста Гродэка, 1821, віленскага цывільнага генерала Аляксандра Сцяпанавіча Тавінскага), Ю.Саўндэрса (партрэт прафесара Віленскага універсітэта Яна Нішкоўскага, 1818), Я.Б.Г.Кіслінга (згаданы вышэй партрэт Я.Рустэма), І.Вейса (партрэт Героніма Страяноўскага, біскупа і рэктара Віленскага універсітэта) і інш.
Алоўкавыя натурныя замалёўкі і эскізы да карцін, выкананыя акварэллю, гуашшу і іншымі матэрыяламі, прывабліваюць не толькі лёгкасцю і артыстызмам выканання, але і рамантычным характарам зместу выяў. Найчасцей Я.Рустэм увасабляў сцэны з жыцця местачковай шляхты, партрэты-тыпы (сярод карыкатур, як адзначалі сучаснікі, некаторыя былі нават непрыстойнага зместу). У тыражным выглядзе малюнкі мастака выйшлі ўжо пасля яго смерці. Альбом з шасці літаграфічных аркушаў з надпісам «Нязначныя ўражанні Я.Рустэма» (1836 -- 1837) у памяць пра свайго настаўніка стварыў Казімір Бахматовіч. Кожны аркуш змяшчаў 5−6 выяў жанравых сцэн паводле малюнкаў Я.Рустэма.
Да незвычайных графічных прац Я.Рустэма адносяцца ігральныя карты, гравіраваныя ў тэхніцы афорта Я.Кіслінгам з падмалёўкай тушшу і гуашшу. Карты былі прызначаны для гадання і варажбы пры пасьянсе. Усяго іх было 80: 26 тузоў, 18 двоек, 10 троек і г.д. На іх былі ўвасоблены выявы людзей рознага сацыяльнага статусу, узросту і прафесіі: настаўнік, вартавы, служачы, шавец, каваль, цясляр, рускія салдаты, татарскія вершнікі, антычныя героі, царкоўныя служкі, мяшчане, якія моляцца, і да т.п. Аўтар ідзе далей звычайнага мастацкага аздаблення. Ён стварае жартаўлівы сацыяльны партрэт грамадскасці, часам з ноткамі сатыры. Гісторык мастацтва Ю.Раставецкі называў карты «каштоўнай крыніцай пазнання іншага боку творчасці жывапісца». Гледзячы на «забавы старога мастака, даводзіцца дзівіцца вясёласці намеру, гнуткасці і свежасці яго фантазіі». Ні сам мастак, ні яго калегі, ні тагачасныя даследчыкі мастацтва сур'ёзнай справай гэтыя малюнкі не лічылі. Толькі праз стагоддзе да іх пачалі ставіцца больш паважліва, як да «ўрокаў мінуўшчыны і рамантызму».
 /i/content/pi/mast/8/203/Tuz5.jpg
Партрэт Гвалберта Рудоміні ў чалме. Алей. 1820.
Дэмакратызм і добразычлівасць, а разам з тым і сатырычнасць у
cтаўленні да герояў праяўляюцца ў жанравых сцэнах шляхецкага ці яўрэйскага жыцця. Напрыклад, малюнак «Яўрэйскія танцы» (1831), які быў выкананы мастаком ужо ў сямідзесяцігадовым узросце, прываблівае дынамічнасцю захмялелых танцораў -- гасцей і музыкантаў. Яўрэйская капэла прадстаўлена ў традыцыйным складзе: цымбалы, скрыпка, бубен. Уважлівасць да персанажаў з простага люду, лёгкі гумар і аптымізм характэрныя таксама і для творчасці вучняў Я.Рустэма.
У графічнай спадчыне мастака амаль адсутнічаюць пейзажныя замалёўкі, ці вельмі модныя на той час архітэктурныя «ведуты». Мастак ставіўся да пейзажнага жанру як да «віду ніжэйшага, выседжанага». Па словах В.Смакоўскага, маляванне пейзажаў «Рустэм лічыў ніжэй свайго цудоўнага таленту. Безумоўна, выявы архітэктуры, у прыватнасці аздобленыя святлом з глыбіні карціны, ствараючы вялікую ілюзію, захапляюць кожнага і больш за ўсё -- дылетантаў, якія плюсы і мінусы жывапісу мераюць локцамі; але, па сутнасці, калі прааналізаваць рэч, дык гэта – жывапіснае фіглярства, якое да вышэйшых дасягненняў мастацтва далучаць ніколі не варта». Малюнкі Я.Рустэма архітэктурных відаў, руін, занядбаных замкаў, гарадоў не маглі наблізіцца да лепшых узораў гэтага жанру: «графічных архітэктурных фантазій» італьянскага гравёра Джавані Піранэзі і майстэрскіх дакументальных ведут Джавані Антоніо Каналета, якія былі ўзорам для пераймання. Сярод пейзажных замалёвак Я.Рустэма захавалася некалькі відаў замкаў у Вільні і Лідзе. Але гэтыя графічныя аркушы бліжэй да пратакольных гістарычных фіксацый, чым да пейзажных вобразаў.
Значным унёскам, які Я.Рустэм зрабіў у гісторыю культуры беларуска-літоўскага краю, была распачатая ім у Віленскім універсітэце выставачная дзейнасць. Ідэя арганізацыі мастацкай выстаўкі належала яшчэ Ю.Саўндэрсу, але перашкодзіла напалеонаўская ваенная кампанія. Ажыццёўлена задума была Я.Рустэмам: у 1820 годзе адбылася першая (не толькі ў Вільні, але і на беларуска-літоўскіх землях увогуле) выстава прафесійнага станковага мастацтва: карцін, эскізаў, малюнкаў, гравюр. Паводле каталога выстаўкі, надрукаванага ў «Dzіenniku Wileсskim», у ёй удзельнічалі 25 выхаванцаў школы са 136 творамі. Удзельнікамі экспазіцыі ў партэрнай скляпеністай зале універсітэта былі прафесары і студэнты (сярод іх В.Ваньковіч, Б.Кіслінг, В. Смакоўскі, М.Кулеша,
 /i/content/pi/mast/8/203/Tuz6.jpg
Партрэт Марыі Мірскай, Барбары Шумскай і Адама Напалеона Мірскага. Алей. Каля 1808.
М.Вейсенгоф і інш.). Былыя выпускнікі даслалі карціны нават з-за мяжы (К.Русецкі -- з Рыма). Былі прадстаўлены копіі карцін Рэмбранта, Рубенса, Хусена дэ Рыбэра (1591 -- 1652), Марчэла Бачарэлі, выкананыя ў тэхніках алею, акварэлі, пастэлі. Вялікая колькасць сцэн на біблейскія і міфалагічныя тэмы была зроблена паводле прадстаўніка венецыянскай школы жывапісу Даменіка Феці, жывапісца балонскай школы Гвіда Рэні (1575 -- 1642), французскага жывапісца Антоніо Вато (1684 -- 1721). Але больш за ўсё было копій з партрэтаў Я.Рустэма і Я.Дамеля, творы якіх былі найбольш даступныя вучням. Калі меркаваць па некалькіх ананімных артыкулах у мясцовай прэсе, выстаўка «не выклікала асаблівага захаплення». Як лічылі крытыкі, для неспрактыкаванага гледача яна была малацікавай, бо амаль не змяшчала арыгінальных твораў на актуальныя тэмы, а для дасведчаных не ставала ўзораў прафесійнага майстэрства.
Праз два гады Я.Рустэм арганізаваў другую універсітэцкую выставу (1822), дзе таксама экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы. Каталога не было, але з рэцэнзіі ў прэсе вядома, што ў ёй бралі ўдзел 10 мастакоў з папярэдняга паказу і 7 аўтараў, якія выстаўляліся ўпершыню. Па сваім змесце яна мала чым адрознівалася ад папярэдняй. Але звяртае на сябе ўвагу іншы, больш строгі, чым на першай выставе, падыход да ацэнкі мастацкіх твораў. «Што тычыцца ідэальнай дакладнасці ў рысаванні жывой натуры дзеля надання ёй быццам бы большай прыгажосці, -- піша рэцэнзент (Міхал Чарноўскі -- жывапісец і філосаф, выхаванец Віленскага універсітэта), -- дык гэта яўная адгаворка тых, хто з-за значнай цяжкасці не можа адлюстроўваць натуру праўдзіва: бо ў малюнку і жывапісе не знойдзена прыгажосць постацей, ёсць толькі іх вонкавае падабенства…» Крытык таксама адзначыў незвычайны энтузіязм і настойлівасць, з якімі былі выкананы працы В.Ваньковіча, В.Смакоўскага, Т.Геса, М.Кулешы і іншых. Верагодна, універсітэцкія выставы арганізоўваліся і надалей, але праводзіліся больш сціпла і прэса пра іх не згадвае.
Хоць гэтыя паказы неслі на сабе адбітак правінцыйнасці, нельга не адзначыць іх гістарычную важкасць. Упершыню ў беларуска-літоўскім рэгіёне жывапіс і станковая графіка былі прадстаўлены ў якасці выставачных экспанатаў для шырокай публікі. Падобныя экспазіцыі Варшаўскага універсітэта мелі больш высокі ўзровень арганізацыі (каталогі, журы, узнагароды) і шырэйшае кола гледачоў і ўдзельнікаў. Непараўнальна больш значныя па мастацкай вартасці твораў выставы жывапісу і графікі адбываліся ў Пецярбургу. Мелі рацыю даследчыкі мастацтва, якія, параўноўваючы маладое віленскае выяўленчае мастацтва з архітэктурнымі шэдэўрамі Вільні, з найлепшымі на польска-ліцвінскіх землях віленскімі мастацкімі фарфорам і шклом, выдатнымі радзівілаўскімі дыванамі і шаўковымі тканінамі, называлі яго «немаўляткам».
Галоўную задачу арганізатары паказаў бачылі не ў дэманстрацыі майстэрства вучняў, а ў магчымасці прадставіць мастакоў новай мастацкай з’явы -- «Віленскай мастацкай школы». Тут былі свае лідэры і безумоўна адзін з першых -- Ян Рустэм. Сапраўды, праявілася традыцыя пераемнасці ад настаўніка да вучняў, складалася пэўная відавая і стылёвая цэласнасць мастацкай творчасці (прыхільнасць да прынцыпаў высокага класіцызму на фоне набіраючага сілу ў заходнееўрапейскім мастацтве рамантызму).
Школу малявання Я.Рустэма скончыла каля 200 вучняў, большасць з іх пасля працавалі настаўнікамі малявання ў павятовых школах і гімназіях. Многія добра валодалі малюнкам, а некаторыя займаліся жывапісам і графікай. У агульнаадукацыйным працэсе іх дзейнасць з'яўлялася моцным фактарам павышэння культурнага ўзроўню мясцовага насельніцтва. У гэтым была вялікая заслуга іх універсітэцкага настаўніка, прынцыпы якога знайшлі развіццё ў творчай і педагагічнай дзейнасці яго паслядоўнікаў: М.Падалінскага, К.Ельскага, В.Смакоўскага, Я.Кіслінга і інш.
Асобу Яна Рустэма сапраўды можна параўнаць са «званковым тузам» у калодзе дзеячаў мастацтва віленскага кола. Ён быў адзіным выкладчыкам, які працаваў у Віленскай мастацкай школе з часу яе заснавання і да закрыцця універсітэта. За 30 гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці ён значна паўплываў на фарміраванне поглядаў віленскіх мастакоў, творчасць якіх вызначала развіццё беларускага мастацтва на працягу ўсёй першай паловы ХІХ ст. У творчасці Я.Рустэма арганічна ўвасобіліся эстэтычныя прынцыпы класіцызму і першыя парасткі рамантычнага стылю. У 1830 годзе расійскі самадзержац Мікалай І узнагародзіў яго за бездакорную службу на глебе прафесійнай адукацыі ордэнам Святой Ганны ІІ ступені. Адбылося гэта на фоне студэнцкіх хваляванняў і хуткага закрыцця універсітэта (1831).

Уладзімір РЫНКЕВІЧ