Рэжысёра Уладзіміра Панкова і жанр саўнддрамы беларуская публіка ведае хоць бы на прыкладзе «Вяселля» Антона Чэхава ў Купалаўскім тэатры. Таму прыблізнае ўяўленне пра тое, чаго можна прычакаць ад «Дэмана», прадстаўленага ў рамках міжнароднай праграмы «Тэарта» тым самым рэжысёрам, зацікаўленыя гледачы мелі. Не здарылася ні шоку, ні адкрыцця, хоць этнічная саўнддрама па праекце Міжнароднай Канфедэрацыі тэатральных саюзаў (пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД), зрабіла моцнае ўражанне складанасцю структуры і майстэрствам каманды стваральнікаў.
«Дэмана» вылучае комплекснасць. Перадусім жанр саўнддрамы мае на ўвазе спалучэнне тэксту, музыкі і спеваў, харэаграфіі і пластыкі, якія пераплецены так шчыльна, так пранікаюць адно ў адно, што складана вылучыць дамінанту і асобна прааналізаваць пэўны складнік і яго значнасць. Другі аспект — спалучэнне ў вербальнай частцы пастаноўкі «Дэмана» і «Бэлы» з «Героя нашага часу». Блізкасць сюжэтаў, дзе стомлены, чужы свету герой, які кіруецца выключна сваімі жаданнямі і жарсцямі, з’яўляецца прычынай гібелі чыстай прыгажуні, робіцца падставай для аб’яднання тэкстаў і персанажаў. На сцэне разгортваецца адзіная гісторыя Дэмана-Пячорына (Марат Аміраеў) і Тамары-Бэлы (Качкынбек кызы Айнура). Да таго ж лермантаўскія сюжэты Уладзімір Панкоў накладае на цыкл чалавечага жыцця, падкрэсліваючы яго асноўныя, вузлавыя моманты, што пазначаюцца дзеяннямі рытуальнага характару — нараджэнне, вяселле і смерць — у спектаклі.
З’яўленне на зямлі Дэмана і яго «ператварэнне» ў Пячорына суправаджаецца амываннем. Шэрая гліна змываецца з твару і цела, рэшткі сціраюцца доўгімі стужкамі тканіны — і дэманічная істота робіцца чалавекам. Сцэну, безумоўна, можна разглядаць і як ранішні туалет афіцэра, якому дапамагаюць апрануцца, і як купанне нованароджанага. Больш выразна рытуальнасць абазначана ў сцэнах вяселля і пахавання, і яна перакідае масткі да яшчэ аднаго сэнсавага вымярэння пастаноўкі. Рэжысёр спалучае дзве культуры са сваімі традыцыямі — рускую, найперш прадстаўленую тэкстамі Лермантава, і кыргызскую, якую можна разглядаць і шырэй — як умоўную «ўсходнюю», бо ў кантэксце пастаноўкі лермантаўскія «горцы» і кыргызы яднаюцца такім самым чынам, як Пячорын з Дэманам ці Тамара з Бэлай. «Усходняя» культура выразна выяўляецца ў «рытуальным» плане. Нават не знаўцу кыргызскіх традыцый нескладана здагадацца, што паводле іх адбываецца абрад вяселля і пахавання Бэлы-Тамары. Дарэчы, у сцэне вяселля гэта падкрэслена ўборам нявесты, а падчас пахавання — чытаннем адной з сур Карану. Выразная рытуальнасць гэтых сцэн дадае да прыватнага, «зямнога» ўзроўню пастаноўкі агульначалавечы, «нябесны». Жыццё аднаго чалавека адлюстроўвае жыццё чалавецтва, дзе кожнаму без выключэння наканавана прайсці шлях ад нараджэння да смерці. Спалучэнне дзвюх культур выяўляецца і ў музычным складніку спектакля (Арцём Кім, Сяргей Радзюкоў): разам з класічнымі еўрапейскімі музычнымі інструментамі выкарыстаны і этнічныя. Выключна важным з’яўляецца дзвюхмоўе пастаноўкі. Проза ў асноўным гучыць па-руску, а большая частка паэтычнага тэксту Лермантава — па-кыргызску з вуснаў апавядальніка-манасчы (Біймырза уўлу Азіз). Асобныя паэтычныя фразы па-руску паўтарае істота, што нагадвае ці то анёла, ці то шаманку, — своеасаблівы праваднік паміж светам людзей і звышнатуральным, а таксама паміж дзвюма культурамі. Акрамя сэнсавай і культурнай шматмернасці білінгвізму спектакля, у кантэксце саўнддрамы важныя паэтыка, рытміка дзвюх моў, паўтарэнне фраз у розных танальнасцях — гэта стварае сваю музыку і рытм, фармуе адметную аўдыясферу, дзе гучанне слова часам дамінуе над яго значэннем.
«Дэман» нагадвае стракаты дыван, які таксама выкарыстаны ў спектаклі. Усе кампаненты сплецены ў складаны ўзор, і цяжка ахапіць вокам ці вухам ягоную шматмернасць і разнастайнасць, вылучыць кожную дэталь. Пры гэтым сцэнаграфія (мастак Сяргей Агафонаў), чыёй эфектнасцю пастаноўшчыкі нярэдка любяць прыкрывацца, у Панкова мінімалістычная: некалькі зэдлікаў і лавы, што цягам дзеяння выконваюць самыя розныя функцыі, касцюмы ў чорна-шэрай гаме ды грудок гравію ў цэнтры сцэнічнай пляцоўкі — пагорак, які чытаецца і як «скала панурага Казбека», і як горныя ландшафты Кыргызстана, ператвараючыся ў архетыпічны вобраз зямлі, супрацьлеглы небу. На пагорачку, укрытым дываном, адбываюцца ўсе значныя падзеі — вяселле, страта цнатлівасці, смерць і пахаванне. Вобраз узмацняе тэму спрадвечнасці, універсальнасці дзеяння пастаноўкі.
Тэксты Лермантава і ягоных герояў аб’яднаны прафесійна, культурныя традыцыі ды мовы спалучаны высокакласна. Праўда, часам іх складанасць пакідала адчуванне перагружанасці. З вобразнасцю пластыкі і харэаграфіі (Кацярына Кіслова) кантраставала плакатная прастата вырашэння некаторых сцэн (уявіце, як замест святога аблічча на іконе з’яўляецца твар Дэмана-Пячорына), а фразы на беларускай мове — пэўна, каб усцешыць глядзельню — выглядалі залішнімі. Паводле анатацыі «Дэман» уяўляе з сябе пастаноўку «пра перапляценне культур розных народаў, якія жывуць побач», тым больш нечаканым вынікнуў характар іх узаемадзеяння: у спектаклі Панкова «ўсходняя» культура, адлюстраваная ва ўсёй сваёй разнастайнасці і прыгажосці, выклікае замілаванне, успрымаецца як нешта пазітыўнае, высокае, нават Бэла-Тамара пасля смерці (як і яе бацька) ператвараецца ў анёла. А вось «руская» культура паўстае разбуральнай: па віне Пячорына-Дэмана гіне не толькі Бэла-Тамара. Адчувальную канфрантацыю, здаецца, сцішвае, змякчае фінал. Загорнуты ва ўзорысты ўсходні дыван, на пагорку ляжыць Пячорын-Дэман: людзі і культуры сыходзяць, застаецца толькі зямля, толькі скалы. «І вечнай жальбе чалавека /
Іх вечнай цішы не змуціць».
Кацярына Яроміна