Вера Кавалерава: "Аптыміст з дзіцячага тэатра"

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Не сакрэт: тэатр змяняецца разам з жыццём, і ўсё менш застаецца ў ім недатыкальнага -- абароненага прафесійнай тэрыторыяй, непадуладнага стыхійным гульням часу. Вось і пра класічнае разуменне акцёрскага амплуа даўно не прынята згадваць. Вызваліўшыся ад жорсткіх сцэнічных канонаў, тэатр значна павялічыў сваю эфектыўнасць і такім чынам імкліва наблізіўся да гледачоў. І ўсё ж існуюць каноны непахісныя, новым павевам непадуладныя. Актрыса Рэспубліканскага тэатра юнага гледача Вера Кавалерава сама па сабе ўвасабляе ўвесь дзіцячы тэатр. У гэтым сэнсе яе можна лічыць жывой легендай. Прынамсі, пакуль у ТЮГу працуюць такія артысткі, амплуа травесці скасаваць немагчыма. Зрэшты, увасобленыя ёю вобразы -- яшчэ і проста яркія ўзоры акцёрскай творчасці. Дастаткова згадаць Зайку-зазнайку з аднайменнага спектакля па п’есе Сяргея Міхалкова, Міколку з «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова, Кацярынку і Зоську ў «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле Янкі Купалы і Міхася Чарота, Чыпаліна з казкі «Чыпаліна і яго сябры» паводле Джані Радары, Надзьку з п’есы Міхаіла Рошчына «Уся надзея», Элен са «Стваральніцы цуду» Уільяма Гібсана, Асляня з «Дарогі на Віфлеем» Сяргея Кавалёва…

 /i/content/pi/mast/8/202/Kavalerava1.jpg
Тэатр, якому вы прысвяцілі жыццё, доўгі час называлі «тэатрам асаблівага прызначэння». Ён і сапраўды для вас асаблівы?
-- Асаблівы, бо мы працуем для дзяцей. Больш за тое, гэта асаблівы від мастацтва. У нашых гледачоў зусім іншая псіхалогія, і яна змяняецца з узростам. У пяць гадоў дзеці ўжо асобы. Але і ў 15 -- асобы, толькі ў іх зусім іншыя адносіны ды жыцця. Усе гэтыя абставіны неабходна ўлічваць, калі працуеш над спектаклем. А яшчэ нашы гледачы не выносяць фальшу. І калі ты не выдаткоўваеш сябе дзеля іх дарэшты, цябе проста не пачуюць і не зразумеюць. А калі пачуюць і зразумеюць, выходзіш пасля спектакля з пачуццём выкананага абавязку. Ляцець хочацца, нягледзячы на стому. Таму што ад іх атрымліваеш нашмат больш, чым ім аддаеш.

Многія акцёры разважаюць пра паяднанне з глядзельнай залай. Энергетыка дзяцей і падлеткаў адрозніваецца ад энергетыкі дарослай аўдыторыі?
-- Вельмі істотна. У мяне быў перыяд, калі пакінула ТЮГ. Мне здавалася, што я вырасла з кароткіх штонікаў, што мне тут больш нічога не свеціць. Як вядома, у травесці -- кароткі век. Паехала працаваць у Львоўскі драматычны тэатр. А там вельмі хутка пачала страчваць прафесійныя крытэрыі. Што ні зробіш -- гледачам падабаецца. Спрэс апладысменты. І я раптам зразумела, што не ведаю, як працую: добра або кепска. У ТЮГу -- усё наадварот. Калі ты іх увагу хоць на хвіліну ўпусціш, па зале пачынаюць гуляюць хвалі, а перад вачыма толькі іх патыліцы. Маленькія гледачы літаральна поўзаюць па крэслах, і вярнуць іх назад, да дзеі, вельмі складана. У нашым тэатры немагчыма працаваць напаўсілы. І дзяцей трэба любіць -- тады ўсё кампенсуецца. Дарэчы, вы звярнулі ўвагу на тое, што акцёры ТЮГа доўга не старэюць?

У дзяцінстве, калі марылі стаць актрысай, ці думалі, што будзеце працаваць у такім асаблівым тэатры?
-- Вядома, не думала. Але я займалася ў дзіцячай тэатральнай студыі пры тэлебачанні і кіраўнік, былая актрыса МХАТа Клаўдзія Казакова, адразу пачала мяне правільна накіроўваць. Яна ўбачыла маю маці і зразумела, што ў перспектыве я -- вельмі маленькая жанчына. Калі мне было пяць гадоў, на здымках фільма, якія праходзілі ў нашым двары, убачыла Міхаіла Пятрова. Гэта быў нейкі тайфун! І я да яго душой прырасла назаўсёды. Потым хадзіла глядзець спектаклі ў ТЮГ. І ў старэйшых класах ужо ні на хвіліну не сумнявалася, што хачу працаваць менавіта ў гэтым тэатры.

 /i/content/pi/mast/8/202/Kavalerava2.jpg

 У тэлеспектаклі "Белы пацук". 1960-я.

Атрымліваецца, ваш шлях у мастацтве быў прадвызначаны. Амплуа травесці -- гэта лёс? Або пастка, з якой немагчыма вырвацца?
-- Вырвацца з гэтай пасткі можна. Ды толькі ці трэба? Усё залежыць ад таго, як ты хочаш пражыць жыццё. Іграць для маленькіх гледачоў для мяне шчасце. Хоць у іншыя амплуа пераходжу лёгка, але мне гэта не цікава.

Кожная ваша роля -- нібы маленькі выбух на сцэне. Як працуеце над сваімі вобразамі?
-- Удзень і ўначы. Чым бы ні займалася, думаю над вобразам. Многае пераймаю ў хлопчыкаў на вуліцы. Я з імі сябрую. Галоўнае, прымусіць сябе думаць, як персанаж. Тады на сцэне не будзе крытычных момантаў. Тады ўсё адбываецца само сабой. Таму, калі ў мяне пытаюцца: як вам удаецца хадзіць, як асляня? -- не разумею. Бо на сцэне ў гэтым спектаклі я насамрэч -- Асляня.

Нешта спецыяльна выпрацоўваеце, шукаеце адпаведнасць?
-- Акцёры, вядома ж, назіральнікі. Але так не бывае: маўляў, іграю кацяня, значыць -- пайду глядзець на кацяня. Усё назапашваецца спакваля і ў патрэбны момант спрацоўвае. Аднойчы пасля спектакля «Стваральніца цуду» да мяне ў грымёрку зайшлі ўрачы і пачалі распытваць з такім націскам, што я нават напалохалася: «Дзе вы бачылі невідушча-глуханямых дзяцей?» Кажу: «Нідзе». -- «Тады адкуль ведаеце, што такія дзеці ходзяць з адкрытымі далонямі?» А я спецыяльна над гэтым не думала, мне логіка персанажа падказала. Яна мяне вывела.

 /i/content/pi/mast/8/202/Kavalerava3.jpg
 У фільме "Стары аўтобус". Кінастудыя імя М.Горкага.
З гледачамі рознага ўзросту вы кантактуеце па-рознаму?
-- Так. Дарэчы, шмат назірала за Міхаілам Пятровым і многаму ў яго навучылася. Гэты артыст заўсёды ўладарыў над глядзельнай залай. Трымаў любыя паўзы. Што ў ім зачароўвала дзяцей? Магчыма, вочы, з якіх праменіліся цеплыня і дабрыня. Вядома, маленькія дзеці на ўсё рэагуюць па-свойму. Каб яны цябе ўспрымалі, трэба фізічна спусціцца да іх узроўню. Псіхолагі таксама лічаць, што з дзецьмі трэба размаўляць вочы ў вочы. Тады яны адкрытыя. Калі пазіраць на іх звысоку, яны ўспрымаюць гэта як уціск.

Якім мусіць быць ідэальны дзіцячы тэатр?
-- Складанае пытанне. Але пачнем з акцёраў. Пагадзіцеся, у нашым тэатры затрымліваецца шмат выпадковых людзей. А тут павінны працаваць такія акцёры, як Міхаіл Пятроў. Галоўнае, не думаць пра ўласную другаснасць. Іграю персанажаў дзіцячага тэатра і праз іх спрабую ўвасобіць класічныя вобразы. Гэта вельмі проста рабіць у ролях звяркоў.

Цікава пачуць канкрэтны прыклад. Каго вы мелі на ўвазе, калі ігралі Асляня ў «Дарозе на Віфлеем»?
-- Асляня само па сабе цудоўнае. Такое цікаўнае, дапытлівае. Добрая, разважлівая істота. Яно ўпарта ішло сваім шляхам, хоць яму было вельмі цяжка. Зрэшты, не разумейце мяне так літаральна. Напрыклад, роля Мышыльды ў «Шчаўкунчыку»
 /i/content/pi/mast/8/202/Kavalerava4.jpg

 Мілка. "Дождж ліў, як з вядра" А.Хмеліка і М.Шатрова.

невялікая, у казцы ёй адведзена зусім мала месца. Але Гофман такі аўтар, у якога не бывае выпадковасцей. Я падумала: чалавецтва пакутуе ад экалагічных катастроф. Чаму? Бо парушаецца сувязь між прыродай і людзьмі. Жылі гэтыя пацукі тысячагоддзямі, іх не чапалі, і яны нікога не чапалі. У Гофмана катастрофа пачынаецца пасля таго, як знішчылі пацукоў. Людзі пачалі ператварацца ў шчаўкунчыкаў. Нарадзіліся монстры. Мышыльда помсціць людзям, таму што знішчылі яе дзяцей...
Калі мне задаюць пытанне пра мае несыграныя ролі, я вельмі здзіўляюся. Кажу: у мяне такіх няма. Усё, пра што марыла, сыграла -- так або іначай. Нават свайго Гамлета сыграла ў спектаклі «Як я быў вундэркіндам», бо перад маім героем таксама стаяў выбар: быць або не быць?!

Што яшчэ, апрача асаблівай акцёрскай самасвядомасці, неабходна для ідэальнага ТЮГа?
-- Каб п’ес для нас болей пісалі. Ды толькі быць драматургам дзіцячага тэатра -- таксама адметны дар, асветлены любоўю да дзяцей. Галоўнае -- гэта зразумець. Мне мае калегі з дарослых тэатраў часам кажуць: «Як вы працуеце? Нейкі вар’яцкі дом!» Тады тлумачу, што ў дзяцей рэакцыя іншая. Яны новымі ўражаннямі павінны вельмі хутка падзяліцца. Калі сюжэт напружаны, хто-небудзь з гледачоў абавязкова спрабуе твайго героя засцерагчы. Падказаць, што да цябе нехта ззаду падкрадваецца! Задавальненне неверагоднае!
 /i/content/pi/mast/8/202/Kavalerava5.jpg
 МІколка. "Міколка-паравоз" паводле М.Лынькова.
Такім чынам, ТЮГ -- тэрыторыя асаблівая. Таму і п’есы нам патрэбны асаблівыя. І рэжысёры, якія не на словах, а душой разумеюць наша прызначэнне. Дарэчы, у дарослых тэатрах цяпер грошы зарабляюць пераважна на пастаноўках для дзяцей. Хоць рабіць спектаклі для маленькіх гледачоў не ўмеюць, а іграць у іх не падабаецца. Але ж і ў ТЮГу знайсці ідэальнае вельмі няпроста. Існуюць хутчэй асобныя ўдачы. І ролі травесці -- таксама асобныя ўдачы. Тут абавязкова трэба класці сябе на алтар, інакш нічога не атрымаецца. У поўнай меры -- не атрымаецца. Працаваць у дзіцячым тэатры куды больш складана, чым у дарослым. Гэта трэба ўсведамляць. І яшчэ: густ, які мы фарміруем у маленькіх гледачоў, прыдаецца на ўсё жыццё.

Многія лічаць, што падзяляць тэатр на дзіцячы і дарослы -- атавізм савецкага часу. Нашто сёння тэатры спецпрызначэння, калі ў звычайных дарослых можна паспяхова ставіць спектаклі для дзяцей?
-- Але ж толькі мы ведаем, як для гэтых ясельнікаў трэба іграць! Мы нават час вытрымліваем -- менавіта столькі, не больш і не менш. Ведаем, што і як яны могуць успрымаць. Разумеем псіхалогію дзяцей. Прынамсі, я яе вывучала спецыяльна. Бо мне хацелася пашырыць межы амплуа, і я вельмі баялася ператварыцца ў гэткую «бябешку».

А што гэта такое?
-- «Бябешка»? Тое, што яшчэ называюць «тюгаўшчынай». Кепскі ТЮГ.

Думаю, было б няблага, калі б у ТЮГу разам з рэжысёрам над спектаклем працаваў псіхолаг і яны разам разлічвалі пастановачныя хады.
-- Выдатна было б. Я таму і вывучала псіхалогію, што не разумела, куды рухацца далей. На адной інтуіцыі доўга трымацца немагчыма. Дарэчы, галоўны рэжысёр Наталля Башава лічыць, што нам проста неабходная такая служба. З псіхолагам аналізаваць, чаму персанаж робіць так або інакш, размяркоўваць акцэнты, вывучаць уплыў.

Ці змяняецца дзіцячы тэатр разам з жыццём? Пра што было неабходна размаўляць з дзецьмі 20 гадоў таму і пра што -- цяпер?
 /i/content/pi/mast/8/202/Kavalerava6.jpg

 Старшая фрэйліна. "Рыцар сонца" П.Васючэнкі.


-- Псіхалагічныя і маральныя крытэрыі не мяняюцца. Дзецям важна, каб дабро перамагала зло. І гэта ўмова абавязковая. Але размаўляць з імі варта на сучаснай сцэнічнай мове. Як у спектаклі «Рыцар сонца». Сучасная сцэнічная мова, шмат песень, танцаў, а гаворка -- пра рыцарства, пра любоў да радзімы. Пра родны кут, які неабходна любіць і абараняць. У п’есе Пятра Васючэнкі глыбокія асновы закладзены.

Як ставіцеся да таго, што раней вашых гледачоў называлі падлеткамі і юнакамі, а цяпер -- тынэйджэрамі?
-- Ім складана... Грамадства расслойваецца ўсё больш і больш. Сёння існуе досыць невялікая колькасць бацькоў, якія дастаткова ўвагі аддаюць сваім дзецям. Дарэчы, менавіта такія, зацікаўленыя бацькі прыводзяць сваіх дзяцей у тэатр. Мабыць, гэта частка інтэлігенцыі, якая да выхавання ставіцца сур’ёзна. Большасць жа татуляў і матуль -- людзі вельмі занятыя. Яны зарабляюць грошы, а дзецьмі не займаюцца. Дзеці -- самі па сабе і як асобы не развіваюцца. Таму гэтае самае тынэйджэрства я ўспрымаю як вынік непатрэбнай падлеткам свабоды. Ад яе бяруць толькі адмоўнае. Дзяўчынкі брыдкасловяць (гэтаксама, як і хлопчыкі). П’юць піва. Размаўляюць на слэнгу. Не ведаюць, як пісьменна пабудаваць фразу, не ведаюць правіл вымаўлення.

У ТЮГ прыходзяць такія дзеці?
-- Вядома. Хоць яны не падрыхтаваныя і не ведаюць, што такое тэатр. Увогуле, гэта вельмі балючая тэма. Пасля распаду Савецкага Саюза многае змянілася. Бацькі проста цікавяцца, паабедалі іх сын або дачка ці не, як апранутыя, ці зробленыя ўрокі? Мала хто размаўляе з імі па душы. А там -- велізарны свет. І праблемы, як у дарослых. Бяда ў тым, што вырашаюць яны гэтыя праблемы, зыходзячы з уласнага досведу. І памылковыя высновы робяць, няправільна выходзяць са складанага становішча. Душа ў іх баліць, магчыма, мацней, чым у дарослых. А бацькі нават не спрабуюць зразумець, што з дзецьмі адбываецца. Хоць трэба толькі зацікавіць іх нечым іншым, сапраўдным, светлым... Ды вось без сумесных намаганняў, аднаму тэатру зрабіць гэта не па сілах.

Але як вы авалодваеце такой залай?
-- Не ведаю. Калі выходжу на сцэну, зала сціхае. Відаць, таму што люблю гледачоў -- любых.

 /i/content/pi/mast/8/202/Kavalerava7.jpg
 Элен. "Стваральніца цуду" У.Гібсана.
Атрымліваецца, «сеяць разумнае, добрае, вечнае» -- на ўсе часы галоўнае для ТЮГа? (Зрэшты, як для любога іншага тэатра.) Магчыма, менавіта вам варта больш патрабавальна складаць рэпертуар, менш захапляцца камедыямі?
-- Думаю, рэпертуар павінен быць разнастайны. А вось займацца дзецьмі неабходна ўсім разам. Якое пакаленне могуць выхаваць долары? У лепшым выпадку -- кар’ерыстаў. Ды няхай бы і кар’ера! Каб яны былі мэтанакіраванымі, а не бясконца бадзяліся па вуліцах. Урэшце, усё павінна быць гарманічным. Нічога добрага не атрымаецца, калі ў дзяцей не будзе спажывы для душы.

Вы шмат часу аддавалі свайму сыну?
-- Шмат. Мяне ягоныя сябры дагэтуль мамай Верай завуць. Нават у футбол з імі гуляла. На варотах стаяла непахісна. Галы забівала «ў дзевятку». Ведаеце, гэта калі мяч ляціць у правы верхні вугал... Самы цяжкі удар. Але ж не ўсе бацькі такія паводзіны ўхвалялі. Зрэшты, у нас лічыцца, што вадзіць машыны і выхоўваць дзяцей можа кожны. Таму дамагчыся, каб да дзяцей ставіліся аднолькава добра, нельга. Усё роўна пэўная частка насельніцтва будзе жыць пераважна для сябе.
Праўда і тое, што тэатр для дзяцей можа зрабіць вельмі шмат. Калі б нам яшчэ з боку дапамагалі, больш цікавіліся, як існуем. Зрэшты, у падлеткаў абавязкова настае такі перыяд, калі для іх няма прарокаў у сваёй айчыне. Але ж менавіта тэатр такім прарокам можа быць. Пасеяць сумненне: ці так я сябе паводжу? Паклікаць за нечым добрым і светлым. Дапамагчы зразумець, як жыць іначай. Калі мой сын быў падлеткам, я іграла Надзьку ў спектаклі «Уся надзея» -- менавіта пра складаны ўзрост, пра металістаў. Пасля спектакля мясцовыя металісты да мяне падышлі, кажуць: «Вы няправільна апрануты». І прынеслі скураную куртку. Калі напачатку спектакля ў гэтай куртцы ішла праз залу, яны разумелі, што я свая, як кажуць -- у дошку. Запіс металічнага рока для Надзьчынага магнітафона ўзяла вельмі якасны ў свайго сына. Музыка была высокага ўзроўню. Пасля спектакля падлеткі сустракалі мяне каля тэатра: «Надзька, скажы... Надзька, чаму?» Хоць яны цудоўна разумелі, што я актрыса Вера Кавалерава. Мы з імі размаўлялі. Я тлумачыла пра жыццё многае. Сваякі мае нават хваляваліся.

Ваш тэатр сёння здатны прапанаваць гледачам такі спектакль?
-- Тэатр заўсёды гатовы да сур’ёзнай размовы. Толькі патрэбна сучасная п’еса з моцнай маральнай асновай, з любоўю і дабром. «Чарнуха», калі на сцэне суцэльны змрок, больш не праходзіць. Дзецям неабходна вера ў дабро, яны павінны ўсведамляць, да чаго імкнуцца. Навошта паказваць са сцэны бруд, з якім яны і так штораз сутыкаюцца?

Вы аптымістка?
-- Думаю, што так. Працаваць у дзіцячым тэатры і не быць аптымістам немагчыма. 

Людміла ГРАМЫКА
Фота Андрэя Спрынчана.