Бо ў такім разе за межамі нашай увагі застаюцца энергія і апантанасць майстра, яго глыбінная мэтанакіраванасць, моцны эмацыйны і псіхалагічны настрой, якія станавіліся магутным рухавіком многіх працэсаў, прадвызначалі вынікі тых ці іншых жыццёвых і творчых калізій.
Мікалай Таранда пачаў свой шлях у мастацтве напорыста, імкліва. Ён хацеў засвоіць і паспрабаваць усё. Гэта адчувалася ўжо пры падрыхтоўцы да паступлення на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, а таксама падчас навучання на ім. Працаздольнасць Мікалая ўражвала як студэнтаў, так і выкладчыкаў.
Вымушаны ў хуткім часе зарабляць сабе і сваёй сям’і на жыццё, ён, тым не менш, шмат часу аддаваў засваенню не толькі базавых акадэмічных ведаў, але знаёмству з рознымі тэхнікамі і тэхналогіямі выяўленчага мастацтва, адкрыццю не вядомых для яго «тэрыторый творчасці».
Па атрыманні дыплома Мікалай прыкладае максімум намаганняў да арганізацыі ўласнай майстэрні, каб мець прыстойныя ўмовы для працы і самаўдасканалення. Шмат ездзіць на пленэры і выставы. А менш чым праз тры гады пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Мікалай Таранда арганізуе першую персанальную выставу, хоць кола абавязкаў кіраўніка бюро прамысловай эстэтыкі і не прадугледжвае такой творчай актыўнасці.
Нягледзячы на жыццё ў правінцыі, Таранда заўсёды імкнецца патрапіць у эпіцэнтр падзей, прыязджае на сталічныя выставы, знаёміцца з таленавітымі мастакамі, уважліва назірае за іх творчасцю.
Ці не найбольшы ўплыў на Мікалая Таранду аказаў яго настаўнік жывапісу, выдатны беларускі мастак Алег Арлоў. Праз доўгія гады яны сябруюць, ездзяць на пленэры ў Літву, на Палессе, па купалаўскіх мясцінах Беларусі. Вольны экспрэсіўны жывапіс Алега Арлова прыцягвае маладога мастака, становіцца сугучным тэмпераменту Мікалая.
Важнымі для Таранды сталі паездкі (1977, 1983) у Дом творчасці «Сенеж» Мастацкага фонду СССР. Сам факт таго, што ў групу, якая складалася з высокапрафесійных графікаў, уключылі маладога аўтара, нават яшчэ не сябра саюза, быў беспрэцэдэнтным.
1970-я для Таранды — час захаплення графічным мастацтвам, гэты перыяд працягнуўся да пачатку 1990-х. Яшчэ да сваёй першай паездкі ў падмаскоўны «Сенеж» Мікалай тварыў у тэхніцы лінагравюры, але да глыбокага друку не звяртаўся. Ці не першым графічным цыклам работ у лінарыце стала «Аршаншчына» (1973—1979). У Доме творчасці «Сенеж», дзе Мікалай Таранда працаваў побач з вядомым беларускім графікам, будучым народным мастаком Беларусі Георгіем Паплаўскім, сваіх калег ён уразіў упартасцю і настойлівасцю ў засваенні графічных тэхнік. Праца ля афортнага станка з раніцы да ночы дала плён: былі створаны дзве выдатныя нізкі — «Сенеж-возера» і «Мантажнікі». Праз некалькі месяцаў аркушы з цыклу «Мантажнікі» патрапілі на Усесаюзную выставу «Краіна родная», і пра іх напісаў усесаюзны часопіс «Творчество». Пазней, у канцы 1980-х і на пачатку 1990-х, мастак зноў звернецца да графікі і на свет з’явяцца яшчэ некалькі графічных серый, сярод якіх «Крым» (1987—1989), «Барань» (1991), «Орша» (1993). Яго гуашавыя кампазіцыі, зробленыя ў пачатку 1970-х, адметныя экспрэсіўнай манерай выканання, адначасова — лаканічнасцю кампазіцыйнага і колеравага рашэння. Асабліва эфектныя працы мастак стварыў на пленэрах у краінах Балтыі.
Нягледзячы на захапленне графікай, Мікалай Таранда найперш жывапісец. Да сярэдзіны 1970-х сярод яго палотнаў пераважалі партрэты і нацюрморты. У ранніх алейных кампазіцыях манера жывапісу даволі раскаваная, нават экспрэсіўная. Але вынаходніцтвам уласнага стылю Таранда ніколі не займаўся, а проста шукаў адпаведныя сродкі для ўвасаблення пачуццяў і думак. І заўжды быў перакананы: «У мастацтве лгаць нельга...»
Магутнай крыніцай натхнення для Мікалая Таранды заўжды былі навакольны свет, прырода, родная зямля. Прыгажосць краю стала камертонам паэтычнай вобразнасцi ў творах мастака. I нават калi ён пiсаў на пленэры ў замежжы нязвыклыя для вока беларуса пейзажы цi звяртаўся да абстракцыi, гармонiя навакольнага свету заставалася той унiкальнай прызмай, праз якую майстар успрымаў акалічную рэальнасць.
Шмат працуючы на вольным паветры, ён імкнецца захаваць адкрытасць i непасрэднасць успрымання прыроды і ўзмацніць перажытыя эмоцыі ў жывапісных палотнах. Шчырая закаханасць мастака ў прыроду i сёння застаецца надзейнай глебай для развiцця яго творчай iндывiдуальнасцi. Таксама як i рэалiстычныя традыцыi, павага да якiх акрэслiвае вобразна-стылiстычныя асаблiвасцi жывапiснай манеры Мікалая.
Большасць кампазiцый Мiкалая Таранды — пейзажы настрою, дзе важнай з’яўляецца апавядальнасць. Жывапiс мастака вылучае адметная паэтыка вобразаў. У шматпланавых краявiдах Таранды своеасаблiвая рытмiка, каларыстычная прастора, акрэсленая мяккай танальнасцю адлюстраваных нябёсаў. У жывапiсных палотнах безлiч ландшафтаў беларускай зямлi з узгоркамi i раўнiнамi, старажытнымi храмамi i вясковымi хатамi, велiчнымi сiлуэтамi дрэў i дарогамi, што імкнуць у далячынь. Асаблiва папулярныя матывы з возерам, ракой.
Майстар прапускае элементы рэальнасці праз вобразна-сэнсавыя трансфармацыі, таму ўвагу гледача прыцягвае не толькі захапляльны краявід, але і суб’ектыўныя ўражанні, фантазіі і думкі творцы, апантанага жывапісам.
З канца 1990-х Мікалай Таранда пачынае актыўна ўдзельнічаць у міжнародных пленэрах. Шэраг з іх быў арганізаваны культурна-адукацыйным цэнтрам імя Язэпа Драздовіча на чале з Адай Райчонак. Гэтыя пленэры, прысвечаныя самым розным выбітным асобам у беларускай гісторыі, культуры і мастацтве, праводзіліся ў беларускай глыбінцы і збіралі выдатных мастакоў з розных краін свету. Спробы асэнсаваць і адлюстраваць у сваіх кампазіцыях прастору Язэпа Драздовіча і Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна дапамаглі Тарандзе ствараць выразныя мастацкія вобразы.
На мяжы тысячагоддзяў надарылася і магчымасць трапіць на міжнародны пленэр у Балгарыю, у горад Пернік. Сама атмасфера пленэру, наведванне музея сучаснага мастацтва, знаёмства з шэрагам балгарскіх творцаў моцна паўплывалі на Мікалая Таранду. У серыі краявідаў і кампазіцый, напісаных у Балгарыі і пазней у майстэрні, выявілася цікавасць мастака да больш абстрагаванай жывапіснай прасторы, да гульні з колерам. Мікалай адмаўляецца ад прасторавасці кампазіцый, набліжаючыся часам да фармальных жывапісных інтэрпрэтацый, да падкрэслена музычных, эмацыйных варыяцый настрою. Ці гэта ўзнёслая «Восеньская цішыня» і адчуванне «Дыхання вясны», «Завірухі», ці проста непрыхаваны «Крык душы»... І ўсё ж абстрактныя выявы ў наробку Мікалая Таранды звычайна эпізадычныя, бо па сваім складзе ён мастак натурны. І для яго прынцыпова важным застаецца адчуванне гармоніі і прыгажосці рэальнага свету.
Па вялікім рахунку, межы інтэрпрэтацыі рэчаіснасці абумоўлены толькі тэмпераментам мастака і шчырасцю ў выражэнні пачуццяў. Дарэчы, менавіта апошняя рыса выразна акрэслівае тэмпаральнасць і «тэмпературу» яго палотнаў. А далучанасць да рэалістычных традыцый дазваляе ў поўнай ступені захаваць дух нацыянальнай школы жывапісу, які так часта губляецца ў глабалізме і касмапалітызме актуальнага мастацтва.
Іканаграфія беларускіх пейзажаў Мікалая Таранды даволі шматгранная. У адных творах мастак набліжаецца да эпічнага ці элегічнага гучання жывапіснага вобраза, у іншых — акцэнтуе яго часавы, эцюдны характар. Многія каларыстычныя тэмы ў кампазіцыях Таранды тоесна злучаны з гадавымі цыкламі, станам надвор’я. У своеасаблівых пейзажах настрою мастака хвалюе зменлівы характар прыроды, непаўторнасць вясновых ці зімовых, восеньскіх ці летніх матываў. Наробак Мікалая Таранды нібы складаецца з гучання выразных колеравых акордаў. Большасць пейзажных матываў яднае мяккая жывапіснасць, пабудаваная на дынамічных мадуляцыях валёраў, дзякуючы чаму кампазіцыі набываюць яскравую рытмічную форму з уласцівым ёй унутраным напружаннем. У асобных пейзажах мяккасць кантрастаў збліжае палотны Таранды з творамі выдатнага беларускага мастака Вітальда Бялыніцкага-Бірулі, у іншых імпульсіўнасць і дынаміка мадэліроўкі прасторы нагадваюць жывапіс Алега Арлова.
Мастак рэдка акцэнтуе дэталі. Шырокія лесіровачныя пракладкі колеру і дынамічныя пастозныя мазкі ствараюць мігценне і вібрацыі паветра. Велізарныя масы неба ў палотнах з нізкай лініяй далягляду заварожваюць сваёй мазаічнай распрацаванасцю і разам з тым танальнай сабранасцю. Звяртаючыся да шматпланавых краявідаў, творца імкнецца арганізаваць кампазіцыю жывапісна-рытмічна, нярэдка размяшчае яе цэнтр на другім плане. Эмацыйна вырашаючы каларыстычны лад карціны, Таранда захоўвае і ўнутраную апавядальнасць, канкрэтна-дакументальны тэкстуальны слой, у аснове якога — рэальная фабула.
У сваіх нацюрмортах Мікалай Таранда часцей за ўсё малюе кветкі, але нярэдка звяртаецца і да стварэння «партрэтаў рэчаў», увасаблення ў іх пэўнай філасофіі.
У 2008-м Таранда, адзін з нешматлікіх майстроў рэгіёну, становіцца сябрам навастворанага творчага аб’яднання «Традыцыя» і прымае ўдзел практычна ва ўсіх групавых выставах, якія праходзяць не толькі ў розных гарадах Беларусі, але і ў замежжы. Праяўляе сябе выдатным арганізатарам і адказным куратарам у шэрагу выставачных праектаў «Калегіум» у Аршанскай мастацкай галерэі імя Віктара Грамыкі (з 2009 года), у каардынацыі выстаў смаленскіх і мінскіх мастакоў у Віцебску.
Сёння жывапіс Мікалая Таранды яскрава ўвасабляе творчыя прыярытэты майстра. Яго пейзажныя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты пазнавальныя ў любой экспазіцыі. У іх своеасаблівая танальнасць колеравай палітры, адметная паэтыка мастацкай прасторы, жывапісная эстэтызацыя натурнага вобраза і эмацыйны настрой.
Нягледзячы на складаныя жыццёвыя перыпетыі апошніх гадоў, амаль кожны дзень Мікалай Таранда па-ранейшаму працуе ў сваёй майстэрні. Піша карціны, не зважаючы на настрой і надвор’е. А яшчэ шмат вандруе, адгукаецца на прапановы паўдзельнічаць у выставах і пленэрах і з вялікай ахвотай дыскутуе пра сучаснае мастацтва. А значыць, па-ранейшаму жыве і дыхае гэтым вольным паветрам — творчасцю.
Міхась Цыбульскі