Уладзімір Фёдаравіч Чарнышоў скончыў Вышэйшы інстытут кінематаграфіі ў Маскве і трыццаць гадоў працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на студыі «Беларусьфільм». Быў галоўным мастаком Нацыянальнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага — якраз у той перыяд, калі тэатр атрымаў званне Нацыянальнага. За гады працы спектаклі, аўтарам сцэнаграфій якіх з’яўляўся Чарнышоў, ішлі з аншлагамі, станавіліся лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў тэатральнага мастацтва («Браты Маор», «Раскіданае гняздо», «У прыцемках», «Зыход», «Перпетуум мобіле, ці Вечар яўрэйскага анекдота» і іншыя).
Тэатральна-кінематаграфічны досвед працы выявіўся ў жывапісных творах Чарнышова асаблівасцямі каларыстыкі, зместу, спосабу падачы. У яркіх, насычаных колерах, глыбокіх вобразах, сімвалізме, тэатральнасці поз і сюжэтаў. Многія карціны маюць па некалькі назваў — у адпаведнасці з разнастайнасцю выставачных ідэй. Уладзіміру Фёдаравічу найперш важна арганізаваць прастору, адчуць яе. На выставе «Званы» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі скарысталіся стэндамі дзеля таго, каб шырокая галерэя з высокімі вокнамі стала больш камернай, а прастора — сабранай.
Уладзімір Чарнышоў часта малюе знаёмых акцёраў, рэжысёраў, культурных дзеячаў, сцэнічныя і дэкаратыўныя вобразы, праекты афармлення дэкарацый. Карціны і іх экспазіцыйнае размяшчэнне заўсёды прадугледжваюць развіццё сюжэтнай думкі, мастак аб’ядноўвае працы ў групы, шукае спосабы ўзаемадзеяння з гледачом, імкнецца да дыялогу з ім.
У зрэжысіраванай такім чынам прасторы з моманту адкрыцця і на працягу ўсяго часу экспанавання разгортваецца тэатральнае дзейства. Карціны адпаведна задуме мастака займаюць свае месцы ў п’есе, дзе для кожнай адведзена свая роля — жывапіснага люстэрка падзеі або чалавека, праекта ці горада. Выставу Уладзімір Фёдаравіч назваў «Званы» — паводле свайго трыпціха, жывапіснага рэха твора Сяргея Рахманінава.
Кампазітар, піяніст, дырыжор Сяргей Рахманінаў у 1913 годзе напісаў грандыёзную сімфанічную паэму для хору, салістаў і аркестра «Званы» — прадчуванне падзей 1914 года і пазнейшых. Выкананы ўпершыню напярэдадні падзей 1914-га, звонавы складнік паэмы загучаў яшчэ больш трагічна, па-прарочы.
Званы гулі, папярэджваючы пра небяспеку, пажар, заклікалі да малітвы, паведамлялі пра радасць, вяселле, нараджэнне. Звон дабраслаўляе пачатак новых спраў, ацаляе, заклікае да міру. Звонам праводзілі на вайну, сустракалі пераможцаў, абвяшчалі час святкавання і працы.
Выстава Уладзіміра Чарнышова — нібы галерэя такіх «званоў», жывапіснае рэха ўчынкаў, роляў, твораў, лёсаў, асоб, сцэн, падзей, сюжэтаў, імгненняў — «званоў», якія заахвоцілі спыніцца мастака, гледача, сучаснікаў і прыслухацца, азірнуцца, прыгледзецца. Чалавек-звон Рахманінаў, чалавек-звон Шаляпін глядзяць з карцін творцы.
Людзі, якія пакінулі значны след у культуры і мастацтве, — тыя, хто аб’ядноўваў, хто звінеў і клікаў... Сяргей Рахманінаў, Фёдар Шаляпін, Расціслаў Янкоўскі, Ганна Пінкевіч, Канстанцін Скварцоў, Мікалай Рубцоў, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка, легендарныя «Бітлз» і многія іншыя выбітныя дзеячы знайшлі ўвасабленне ў палотнах мастака. Ёсць карціны — асабістыя мелодыі. «Партрэт мамы» — звон-успамін, які адгукаецца ў памяці творцы мелодыяй. І «Поўня ў Серабранцы», «Сенеж-81», «Цунамі ў Судаку» — званы-ўспаміны. «Кропка на Плісе», «Скрыпачка Таня і Дон Кіхот», «Народжаны ў СССР», «Півоні Сары Бернар» — мелодыі-разважанні, званы-думкі. «Нацюрморт з рыбай», «Кот Цішка» — званочкі-ўсмешкі...
Уся экспазіцыя — водгулле, рэха роляў, тэатральных сцэн. Перагук званоў сваёй эпохі — маляўнічая мелодыя, а ноты ў ёй — тое, што пакінула след у сэрцы мастака Уладзіміра Чарнышова, майстра жывапісных «званоў».
Вікторыя Харытонава