Скальпель графіка

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

У музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрылася выстава выдатнага нямецкага графіка Хорста Янсэна (1929 -- 1995). Мастак нарадзіўся ў паўночнай Германіі (г.Гамбург), у 1958 годзе ў Гановеры з вялікім поспехам прайшла яго першая персанальная выстава, праз 10 гадоў ён атрымлівае 1-ю прэмію Венецыянскай біенале. Сёння ў Кунстхале Гамбурга Янсэну прысвечана зала, а ў Олдэнбургу, дзе ён правёў дзіцячыя гады, працуе мемарыяльны музей. На выставе ў Мінску прадстаўлена 160 аркушаў майстра, выкананых у канцы 1950-х -- сярэдзіне 1970-х гадоў.

 /i/content/pi/mast/8/201/Skalpel1.jpg
Фрыдрых і я. Афорт. 1973.
Пасляваенная Германія адчувала вострую неабходнасць пераадолець наступствы культурнай ізаляцыі і далучыцца да сусветнага мастацкага працэсу. У 1955 годзе ў Касэлі засноўваецца міжнародны форум documenta, і ўжо на трэцяй выставе пачынае дамінаваць інтэрнацыянальны стыль. Бурныя паваенныя дыскусіі пра перавагі абстрактнай ці фігуратыўнай формы выказвання паступова сціхаюць, саступіўшы месца шматграннай мастацкай панараме. Натуральна, што фігуратыўны стыль прыняў да ведама формы сучаснай эстэтыкі, у якой абстракцыя стала найважнейшым складнікам.
Выразны, арыгінальны, не падлеглы ніякім класіфікацыям і глыбока асабісты стыль Хорста Янсэна засвоіў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму і больш традыцыйных мадэляў творчасці. Тэхнікамі графікі мастак валодаў з незвычайнай віртуознасцю -- быў бліскучым малявальшчыкам і гравёрам, працаваў з самымі рознымі матэрыяламі, здавалася, што яму даступна ўсё. Сам мастак не спыняўся на нечым адным з шэрагу творчых прыёмаў і метадаў. Тлумачыў гэта тым, што не ведае, які са сродкаў дапаможа яму стварыць нешта пераканальнае, таму, каб дасягнуць мэты, працуе з усім магчымым арсеналам мастацтва. У аснове яго адметнага стылю -- пільнае ўзіранне ў свет, адсюль -- надзвычай чулая да псіхалагічных аспектаў успрымання, аналітычная, вострая, як скальпель, лінія. Вольная ад функцыі ўвасаблення формы, яна дасягае высокай экспрэсіі ў сваім імклівым руху -- суладным эмоцыі ці псіхічнаму стану, падначаленым інтэлектуальным гульням мастака.
У работах Янсэна частыя парафразы з гісторыі мастацтва і літаратуры. Мастак вядзе дыялогі са старымі майстрамі не толькі на іх выяўленчай мове, але і заглыбляючыся ў сэнсавыя пласты іх твораў. Бліскучы цыкл «Прагулкі з Хакусаем» -- майстэрскі аповед пра тэхніку афорта і гравіравання. Узяўшы за аснову малюнак японскага мастака
 /i/content/pi/mast/8/201/Skalpel2.jpg
Аўтапартрэт. Афорт. 1971.
«Дракон, які ахоўвае перліны ў вадзе», Янсэн капіруе яго фрагменты ў розных тэхніках і суправаджае аркушы сваімі каментарыямі. У знакамітых аўтапартрэтах, дзе мастак адлюстроўвае сябе то падобным на Моцарта, то -- на насякомае, то -- раствораным у прыродзе, ён, прэпаруючы рысы свайго твару, кожны раз знаходзіць нешта новае, што падштурхоўвае яго да ланцужка асацыяцый. Часта немагчыма вызначыць жанр яго твораў. Тое, што ён сам называе пейзажам ці партрэтам, з цяжкасцю падпадае пад агульпрынятыя правілы гульні: валасы могуць станавіцца часткай краявіду, а камяні -- фрагментамі чыйгосьці аблічча.

Неўтаймоўную вобразатворчасць, востры суб’ектывізм успрымання мастака многія тлумачылі раздваеннем асобы, хваравітасцю фантазіі. Некаторыя крытыкі бачылі ў яго работах праявы постмадэрнісцкай эстэтыкі. Але, сабраныя разам, гэтыя аркушы, гэтыя вольныя і няўрымслівыя плыні вобразаў спараджаюць адчуванне, што мастацтва для Хорста Янсэна было не ўсвядомленай стылявой гульнёй, не штучнай канструкцыяй ці надзейным сродкам заробку, а -- нечым накшталт дыхання, гэткім жа неабходным і гэткім жа арганічным.


Алеся БЕЛЯВЕЦ