ПАМІЖ НАДПІСАМ І ПАРАДНЫМІ ПРЫСТУПКАМІ ФАСАДА, ВЫРАШАНАГА Ў СТЫЛІСТЫЦЫ КЛАСІЦЫЗУЮЧАГА АРТ-ДЭКО — КАНТРАСТ, ВЕРАГОДНА, НАЎМЫСНЫ, ПАМІЖ АРАЧНАЙ ВЕЛІЧЧУ ВОНКАВЫХ ДЗВЯРЭЙ І ПАРАЎНАЛЬНА МАЛЕНЬКІМ РЭАЛЬНЫМ УВАХОДАМ, ШТО НАГАДВАЕ ДЗВЯРНЫЯ ЛІХТУГІ АЛІСЫ Ў КРАІНЕ ЦУДАЎ. ПА-ЗА «МАЛЕНЬКІМІ ДЗВЯРМІ» — ВЯЛІКІЯ «БЕЛЫЯ ПРАСТОРЫ» ЭКСПАЗІЦЫЙНЫХ ЗАЛАЎ. МЕНАВІТА ТУТ АДБЫВАЕЦЦА РЭПРЭЗЕНТАЦЫЯ КРАІНЫ НА ВЕНЕЦЫЯНСКІХ БІЕНАЛЕ, У ЯКІХ ПОЛЬШЧА БЯРЭ ЎДЗЕЛ З 1932 ГОДА — З НЕВЯЛІЧКІМ ПЕРАПЫНКАМ НА ВАЕННЫЯ САРАКАВЫЯ.
Пабудаваны польскім урадам нацыянальны павільён у Венецыі застаецца дзяржаўнай уласнасцю Польшчы. Яго фінансуе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны краіны. За кантэнт павільёна адказвае Нацыянальная галерэя мастацтваў «Захэнта», якая на працягу ўжо амаль трыццаці гадоў арганізуе конкурс на куратарскі праект выставы. Па словах супрацоўніцы «Захэнты» Марты Місь, «склад журы прапануе дырэктар гэтай установы, які аўтаматычна з’яўляецца камісарам польскага павільёна. Міністэрства зацвярджае, яно ж прымае канчатковае рашэнне пра склад журы і пра тое, што будзе ў павільёне… Журы з высланых прапаноў выбірае найлепшыя, але прозвішча куратара да самага канца невядомае. Толькі ў той момант, калі абраны праект, адкрываецца канверт, у якім знаходзяцца дадзеныя куратара. Звычайна выбіраецца праект-пераможца, а таксама так званы «рэзервовы праект», на выпадак, калі галоўны праект з нейкіх прычын не можа быць рэалізаваны. Яшчэ ні разу не здарылася, каб міністр не пагадзіўся з выбарам журы. Цягам некалькіх год уся інфармацыя адкрытая грамадскасці — можна паглядзець, хто і якія праекты падаваў на конкурс. І гэта цікава для мастацкага асяродку, таму што закуліссе конкурсу паказвае таксама і асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснага мастацтва, якія ідэі цікавыя куратарам».
Як заўсёдніца Венецыянскага біенале, Польшча апрабавала шмат сугучных часу экспазіцыйных стратэгій. Акрамя пастаяннай увагі сусветнай арт-супольнасці, сярод дасягненняў павільёна — Пачэснае згадванне журы 1999 года, што дасталося «самай правакатыўнай польскай мастачцы свайго пакалення» Катажыне Казыры і куратарцы Ганне Врублеўскай. Іх праект «Мужчынская лазня» быў пабудаваны вакол вуаерысцкага відэа Катажыны, у якім яна, загрыміраваная пад мужчыну, бясстрашна шпацыравала па заяўленым у назве месцы.
За час існавання павільёна ў ім паспелі выставіцца амаль усе сапраўдныя зоркі польскага мастацтва — Магдалена Абакановіч (у 1980, праект «Эмбрыялогія»), Міраслаў Баўка (з праектам «37,1 (сont.») у 1993), Раман Апаўка (прэзентаваў у 1995 свой бясконцы праект «OPALKA 1965/1-∞»), Артур Зміеўскі (у 2005, праект «Паўтарэнне»), Кшыштаф Вадзічка (праект «Прывіды» ў 2009). І, сярод іншых, беларус з паходжання Лявон Тарасэвіч, які для сорак шостага Венецыянскага біенале ў 2001-м зрабіў татальную інтэрвенцыю ў прастору павільёна — «Жывапісаць» (куратарка Анета Прасаў-Вішнеўска).
Сугучна сучасным біенальным тэндэнцыям, апошнія праекты павільёна рэпрэзентуюць не выбітных мастакоў, а злабадзённыя мастацкія выказванні. Часам гэтыя выказванні моцна палітычна заангажаваныя — такі праект польска-амерыканскай мастачкі Яэль Бартана «…і Еўропа будзе ашаломлена» (2011, куратары Себасцьян Цікоцкі і Галіт Эйлат), што апелюе да складанасцяў нацыянальнай гісторыі Польшчы. Аб праблемах посткаланіялізму — павільён 2015 года «Halka/Haiti 18°48’05 N 72°23’01 W» мастакоў Сі-Ці Джаспера і Джааны Маліноўскай. Сярод іншага, творчы тандэм мастакоў прадэманстраваў оперу Манюшкі нашчадкам польскіх легіянераў, накіраваных Напалеонам на Гаіці.
Звязвае сучаснасць з гісторыяй і апошні праект Польскага павільёна — «Малы агляд» амерыканскай мастачкі Шарон Локхарт і польскай куратаркі Барбары Піваварскай. Назва і змест «Агляду» напрасткі звязаныя з аднайменным друкаваным дзіцячым выданнем, што існавала ў Польшчы да 1939 года высілкамі слыннага педагога Януша Корчака і яго юных выхаванцаў. Сучасная мастачка працуе з «Малым аглядам» у калабарацыі з падлеткамі аднаго з польскіх сацыякультурных юнацкіх цэнтраў, якія абралі з архіва «Агляду» тыя нумары, што адпавядаюць іх думкам і праблемам. Выстава ўяўляе з сябе не толькі экспазіцыю з відэа- і фотатвораў, але й адукацыйныя семінары для маладых жанчын, накіраваныя на павышэнне іх адчування годнасці, свабоды і творчасці, а таксама «на мадэляванне магчымасцей для больш доўгатэрміновых структур падтрымкі з варшаўскімі інстытуцыямі».
Такім чынам, колькі дзесяцігоддзяў Польшча стала ўдзельнічае ў венецыянскім біенальным праекце — а як жа перамога ў ім?
У рэшце рэшт, краіна атрымала свайго «Залатога льва» — вышэйшую ўзнагароду Венецыянскага біенале за лепшы нацыянальны павільён. Але Біенале не мастацкага, а архітэктурнага. У 2008 годзе быў адзначаны «Гатэль «Палонія». Пасля-жыццё будынкаў» куратарства Гжэгажа Пёнтэка і Яраслава Трыбуся — парадаксальная выстава сумнеўна магчымай будучыні сучасных аб’ектаў дойлідства, пабудаваных у Польшчы сусветна вядомымі архітэктурнымі бюро.
Тут ёсць чым ганарыцца, бо адзінаццатая з архітэктурных Біенале ў Венецыі была адной з наймацнейшых, ці, прынамсі, запамінальных. Яе куратар Аарон Бецкі прапанаваў у якасці тэмы шматзмястоўны і складанаперакладальны дэвіз «Оut There: Architecture Beyond Building» (нешта накшталт: «Не тут: архітэктура па-за будынкам»), якому ідэальна адпавядаў польскі павільён. Для шасці знаных архітэктурных праектаў, рэалізаваных у апошнія гады, былі спрагназаваныя дзіўныя трансфармацыі — як следства патэнцыйных зменаў, сацыяльных, палітычных ці экалагічных умоў іх існавання. Прыстасаванне — адзіны спосаб захавання будынка, якім бы сучасным ён ні быў і якім бы вечным і трывалым ні здаваўся яго замоўцам і стваральнікам, — сцвярджалі аўтары выставы і прапаноўвалі даволі радыкальныя формы архітэктурнага выжывання. Па сутнасці, негатыўны футурызм павільёна ўздымаў пытанні хутчэй да самой «вадкай рэальнасці» будучыні — але, вядома, праз архітэктуру. Напрыклад, пераўтварэнне офіснага будынка ў турму можа быць наступствам абвалу спекулятыўнага рынку нерухомасці альбо радыкальных зменаў прынцыпаў карпаратыўнай працы? Ці шматпавярховыя могілкі замест жылога хмарачоса заканамернае следства таго, што мёртвых жыхароў мегаполіса стане так шмат, што іх не будзе дзе хаваць? А змена функцый новай часткі буйнога аэрапорта з транспартных на агракультурныя (узлётна-пасадачныя палосы под бульбу, тэрмінал под жывёлагадаўлю) — ці не гэта можа нас чакаць у недалёкай будучыні, калі імклівы рост коштаў на нафту зробіць палёты недаступна дарагімі? Што самае цікавае, усе гэтыя ідэі здаюцца не такімі ўжо вар’яцкімі — пераканаўча візуалізаваныя ў камп’ютарных фотакалажах, зробленых «на піку» тагачасных дзігітальных тэхналогій польскім мастаком Кобасам Ляксай. Калі дадаць да гэтага яшчэ й сучасныя выявы ўсіх шасці будынкаў — да ўяўнай трансфармацыі, якія зрабіў выдатны фатограф архітэктуры Нікаля Граспьер, — то ўжо атрымалася б добрая выстава.
Але гэта яшчэ не ўсё, бо аўтары зрабілі сам павільён працоўнай ілюстрацыяй свайго канцэпту — ператварыўшы яго ў сапраўдны гатэль. Што цалкам лагічна ва ўмовах венецыянскай абмежаванасці жылых плошчаў і пустэчы біенальных павільёнаў на працягу месяцаў паміж выставамі. Так, наведвальнікі выставы маглі адпачыць на ложках і нават застацца пераначаваць. Белыя ложкі на чырвонай падлозе: вельмі дарэчным выглядала вырашэнне павільёна ў нацыянальных колерах Рэспублікі Польшча — што не складана было зрабіць, папросту дадаць чырвоных элементаў у класічную прастору «белага куба». А да белых літараў PОLONIA па-над уваходам — манументальны чырвоны надпіс HOTEL.
Павел Вайніцкі