Будынак галерэі быў узведзены ў цэнтры Варшавы па праекце архітэктара Стэфана Шылера ў 1899—1903 гадах, ён выстаяў падчас вайны. У 1950-я калекцыю перадалі ў Нацыянальны музей, а ў памяшканнях сталі праводзіць часовыя выставы. Сёння галерэя валодае найбагацейшым зборам польскага паваеннага мастацтва, велізарным архівам і з’яўляецца адной з самых прэстыжных польскіх інстытуцый найноўшага мастацтва. На яе сайце выразна падкрэсліваецца грамадская місія — папулярызацыя і падтрымка сучаснага арту. У дадатак да гэтых задач пазначана: пашырэнне мастацкай свядомасці і падтрымка маладых творцаў. Як галерэя часовых выстаў «Захэнта» не мае сталай экспазіцыі, але яе зборы перыядычна экспануюцца ў розных камбінацыях. Пра структуру, мэты і ролю «Захэнты» ў польскім мастацтве мы размаўляем з Мартай Місь, спецыялісткай па пытаннях камунікацыі.
Распавядаючы пра гісторыю галерэі, вы пазначаеце год 1989, пераломны для польскай дзяржаўнасці. Атрымліваецца, гэта пералом і ў развіцці найноўшага мастацтва?
— Гісторыя «Захэнты» сягае ў ХІХ стагоддзе, у часы Расійскай імперыі, і з самага пачатку свайго існавання ўстанова падтрымлівае і развівае польскае мастацтва — актуальнае менавіта для свайго часу. У 1989-м, калі наступіў палітычны пералом, скончылася камуністычная эпоха, «Захэнта» стала галерэяй сучаснага мастацтва, ужо не Цэнтральным бюро мастацкіх выстаў. З 2003 яна атрымала статус Нацыянальнай галерэі. І з 1989 прэзентуе найноўшыя тэндэнцыі развіцця не толькі польскага, але і сусветнага арту, а таксама класікаў ХХ стагоддзя і паваеннага перыяду. Яшчэ мы займаемся падтрымкай маладога пакалення. Наша дзейнасць даволі шырокая і разнастайная, але на працягу ўсёй сваёй гісторыі праца галерэі канцэнтруецца вакол актуальнага стану развіцця мастацтва ў Польшчы.
У чым ваша прынцыповае адрозненне ад падобных сталічных інстытуцый — ад Цэнтра сучаснага мастацтва «Замак Уяздоўскі», Нацыянальнага музея?
— Музей, як належыць, найперш збірае працы, захоўвае іх і абапіраецца на калекцыю ці на калекцыянаванне. Мы ладзім часовыя выставы, і хоць маем свой збор, але ў нас няма пастаяннай экспазіцыі. Цэнтр сучаснага мастацтва мае падобны профіль, але відавочна моцна скіраваны на перфарматыўныя практыкі. У нас яны таксама прадстаўляюцца, але крыху іначай збудавана праграма. Так што нашы зацікаўленні часткова перасякаюцца і перакрываюцца. Пры гэтым мы не займаемся «канібалізмам», не з’ядаем адно аднаго. Наадварот, складаецца ўражанне, што на працягу апошніх гадоў мы адно аднаго дапаўняем.
Але вы перакрочылі фармат звычайнай галерэі сучасных мастацтваў. Напрыклад, канцэпт «Адкрытая Захэнта» мяркуе прынцыпова іншыя стасункі з наведнікамі, іншыя задачы і нават экспазіцыйны дызайн...
— У аснове працы галерэі ляжаць некалькі падставовых рэчаў: выставы, калекцыя, адукацыя і дакументацыя, ці архіў. У нашай калекцыі — працы сучасных польскіх аўтараў, але таксама артэфакты, звязаныя з гісторыяй «Захэнты» і яе дзейнасцю. Сюды могуць уваходзіць работы, якія мы з кімсьці супрадукуем на выставах.
Наступны момант — адукацыя. Для нас гэта шырокае паняцце, бо мы рыхтуем адукацыйныя праграмы для людзей усіх узростаў — фільмы, лекцыі, канферэнцыі. Апошняе — архіў. Дакументуем не толькі тое, што адбывалася пасля 1945 года, але таксама ствараем летапіс мастацкага жыцця Польшчы ў паваенны час. Напрыклад, мы фіксуем біяграфіі польскіх пасляваенных мастакоў — некалькі тысяч імёнаў, звесткі пра іх мы пастаянна дапаўняем і актуалізуем — каталогамі і выставамі.
«Адкрытая Захэнта» — гэта праграма, якую мы распачалі ў 2011 годзе. Спачатку мы вырашылі мадэрнізаваць будынак, каб прыстасаваць яго ў тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, ладзім адмысловыя сустрэчы, якія дазваляюць сляпым людзям пазнаваць карціны навобмацак, усталявалі спецыяльныя ліфты. Мы пастараліся зрабіць памяшканні больш адпаведнымі розным патрабаванням.
Таксама вырашылі падзяліцца тым, што прадукуем. Гэта публікацыі, сцэнарыі лекцый, заняткаў, якія абапіраюцца на нашы калекцыі. Мы ўсё дакументуем, таму было вырашана стварыць інтэрнэт-партал. На нашым сайце zacheta.art.pl вы можаце спампаваць бясплатна здымкі з экспазіцый, публікацыі. Мы не пазначаем нашу прадукцыю знакам капірайту, а дзейнічаем на падставе ліцэнзіі Сreative commons, і кожны зацікаўлены можа свабодна карыстацца нашымі распрацоўкамі, перасылаць далей, ствараць на падставе гэтай інфармацыі свае тэксты і творы. Так мы сталі найбольш адкрытай мастацкай інстытуцыяй у Польшчы.
Кожны элемент пад шыльдай «Адкрытая Захэнта» — ад арганізацыі выстаў да крытыкі і адукацыі — мы робім шырокадаступным і кіруемся дэвізам: усё, што паўстала за грамадскія сродкі, належыць грамадскасці.
Ужо шмат гадоў галерэя праводзіць конкурс сярод маладых аўтараў «Погляд».
— Конкурс пачалі ў 2003-м, сёлета ён прайшоў у восьмы раз. Дзякуючы яму адкрылі імёны, якія сталі вельмі вядомымі ў сучасным польскім мастацтве. Першыя аўтары «Погляду» — Галіна Яўлоўска, Паўліна Вуйцік, Павел Альтхамер, Эльжбета Яблонска — цяпер знакамітыя. Многія з удзельнікаў сёння выстаўляюцца ў лепшых галерэях Еўропы і ЗША. Цікава, што праз гэтую падзею можна прасачыць тэндэнцыі развіцця нашага мастацтва цягам двух апошніх гадоў. Сёлета лаўрэатамі сталі пяць мастакоў, і іх аб’ядноўвае, акрамя прыналежнасці да пакалення народжаных у 1980-я, зацікаўленне сацыяльна ангажаваным мастацтвам, палітычнымі пытаннямі.
Хто адбірае працы і вызначае пераможцаў?
— Конкурс складаецца з двух этапаў. Напачатку куратары, а часам больш дасведчаныя мастакі, прэзентуюць сваіх кандыдатаў. На нарадах камітэта шляхам галасавання, якое, бывае, суправаджаецца даволі вострымі дыскусіямі, адбіраецца пяцёрка намінантаў, іх творы ў далейшым складаюць выставу. Яны фіналісты. Пад канец дзейнасці конкурснай выставы, сёлета гэта 26 кастрычніка, пачынае працаваць міжнароднае журы, што выбірае з гэтых пяцёх пераможцу, які атрымлівае галоўную ўзнагароду, а гэта добрыя грошы — 60 тысяч злотых, ці 15 тысяч еўра. Ёсць і другая ўзнагарода — адукацыйная вандроўка ў Фларэнцыю, на Вілу Рамана, і ёсць узнагарода грамадскасці, тут нашы аўтары асабліва рады, бо яна засведчвае сімпатыі гледачоў. Гэта звычайна спансараваная паездка на нейкую вялікую мастацкую падзею. Журы разглядае працы мастака за два гады, публіка ж ацэньвае толькі тыя творы, што прадстаўлены на выставе.
Як папаўняецца калекцыя? Збіраеце не толькі польскае мастацтва?
— Мы маем працы замежных мастакоў, але гэта зазвычай творы, якія робяцца сумесна. Напрыклад, для польскага павільёна на біенале ў Венецыі ў 2011-м працавала Яэль Бартана. Марлен Дзюма падаравала малюнак, інспіраваны ўражаннем ад «Захэнты» і момантам забойства ў ёй першага прэзідэнта... Але асноўная маса — гэта польскія аўтары. Мы таксама ладзім экспазіцыі з мэтай паказаць вядучыя тэндэнцыі развіцця польскага мастацтва ў другой палове ХХ стагоддзя — напрыклад, майстрамі розных пакаленняў аднаго кірунку, бо важна, каб стваралася цэльная карціна. Наша калекцыя не малая і не вялікая, але рэпрэзентатыўная для «Захэнты».
Вы стараецеся адбіраць мясцовых аўтараў, але само найноўшае польскае мастацтва — даволі касмапалітычнае. Ці апіраецца сучасны мастак на ўласную нацыянальную ідэнтычнасць у сваёй рэпрэзентацыі?
— Так, па маім меркаванні, сучаснае польскае мастацтва касмапалітычнае. Хоць Польшча не абыякавая нашым аўтарам. Найноўшы арт выяўляецца ў розных формах, і, безумоўна, сярод сучасных творцаў можна знайсці тых, якія звяртаюцца да народнай культуры. Але калі глядзець у цэлым, то нават калі майстры звяртаюцца да польскіх тэмаў, форма іх выказвання ўніверсальная. Шмат аўтараў творыць на перасячэнні розных медыя. Гэта відаць на выставе «Погляд», дзе прысутнічае і відэа, і аб’екты, і жывапіс, і інсталяцыя — моладзь самымі размаітымі спосабамі праяўляе сябе. Многія з іх увогуле не цікавяцца палітычнай ці сацыяльнай праблематыкай. Хубэрт Чарапок на выставе, якая цяпер ідзе ў «Захэнце» на першым паверсе, паказвае тры фільмы, яго інспірацыя — зацікаўленасць гісторыяй, аднак гэта не польская гісторыя, у яго работах адчуваецца нешта ад навуковай фантастыкі. Таксама ў Польшчы ёсць творцы, што працуюць у тэхніцы бія-арту.
Ёсць кола мастакоў, якія пачыналі ў 1990-я і з таго часу актыўна прадстаўлены як у міжнародным, так і ў польскім мастацтве. Катажына Казыра, Міраслаў Балка, Павел Альтхамер — група аўтараў, што прэзентуе так званае крытычнае мастацтва. У 1990-х яны гучна заявілі пра сябе. Маем творцаў, якія працуюць на перасячэнні розных мастацтваў, як згаданы Конрад Смаленскі, Войцех Банкоўскі. Работы яшчэ адной цікавай мастачкі, Евы Аксельрод, складана дастасаваць да нейкай плыні. Ці працы Францішка Арлоўскага...
Куды рушыла польскае мастацтва пасля 1990-х?
— З пачатку ўзнаўлення незалежнасці Польшчы адчувалася моцная крытычная пазіцыя ў творчасці мастакоў. Яны сталі выходзіць за межы традыцыйных медыя, гаварыць пра тое, што робіцца навокал, і пра вельмі асабістыя рэчы, часта даволі шакуючым чынам. Яны не баяліся звяртацца да тэмы чалавечага цела, закраналі раней табуяваныя пытанні. І гэтая тэндэнцыя доўжыцца, хоць і змяняецца, перажывае пэўныя мутацыі. Сёння такое мастацтва перастае быць жорсткім, хоць, можа, гэта ўжо наш спосаб успрымання, таму што мы прызвычаіліся да такой мастацкай мовы і яна ўплывае на нас па-іншаму. Гэты мастацкі трэнд стаў больш разнародным, мы ведаем працы Паўліны Алоўскай, якая звяртаецца да больш эстэтычных нюансаў, прамаўляючы таксама аб часах Польскай народнай рэспублікі.
Мастацтва сёння вельмі неаднароднае, неадназначнае. Два гады таму на «Поглядзе» шмат аўтараў цікавіліся формай: напрыклад, Аліцыя Бяляўска і Ізa Тарасэвіч звярталіся да скульптуры, аб’ектаў. Гучна заявіў пра сябе комікс, не толькі як кніжка, у прасторы выставы ён можа існаваць у больш манументальных формах.
Я назіраю за многімі рэчамі ў польскім мастацтве, але нейкай адназначнай тэндэнцыі немагчыма прасачыць. Розныя формы, розныя ідэі. Скульптар ці жывапісец, які працуе з відэа, сёння не з’яўляецца кімсьці незвычайным. Вільгельм Сасналь вядомы як жывапісец і зрабіў кар’еру як жывапісец, але ўжо некалькі гадоў працуе з кінафільмамі. Гэта робіцца паралельна і не ўспрымаецца мастаком як непасрэдны працяг сваёй пластычнай творчасці.
У 1990-я быў крызіс не толькі палітычны, але эканамічны, праблемы былі больш адчувальныя і знаходзілі ўвасабленне ў працах мастакоў. Тады ж было дазволена забароненае раней. Да гэтага дадалося веданне і разуменне таго, што адбываецца ў свеце. Пэўныя тэндэнцыі прыйшлі звонку, напрыклад з ЗША. У 2000-х з’яўляюцца зусім новыя тэмы, як, скажам, барацьба сэксуальных меншасцяў за свае правы. Мастакі выказваюцца з нагоды канкрэтных праблем, ствараючы пры гэтым мастацтва высокага рангу. Адчувальнасць польскіх аўтараў да сацыяльных пытанняў з’яўляецца канстантай, але выяўляецца не ў форме бунту, а такой своеасаблівай уражлівасцю, інтарэсам да таго, што робіцца вакол.
Алеся Белявец