Страсці па Сальеры

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Перш чым пачынаць гаворку пра новае ўвасабленне класічнага твора на беларускай сцэне (а прэм’ера прымеркавана да 110-годдзя з часу стварэння оперы), варта сказаць пра істотную дыстанцыю паміж рэальнымі асобамі -- славутымі кампазітарамі, пра якіх напісаны тамы даследаванняў, -- і героямі А.Пушкіна і М.Рымскага-Корсакава.

Асоба і творчасць Моцарта добра вядомыя публіцы. Сальеры ў свой час таксама не быў абыдзены ўвагай -- і як кампазітар, і як дырыжор і педагог. Ягоную творчасць высока цанілі Глюк, Шуберт, Расіні.
 /i/content/pi/mast/8/200/Strasci1.jpg
 У.Громаў (Сальеры).
Антоніо Сальеры пражыў доўгае жыццё, 75 гадоў -- і паспеў шмат зрабіць. Ён аўтар больш як сарака опер (адной з іх -- «Пазнаная Еўропа» -- адкрываўся знакаміты тэатр «Ла Скала»). Каля дзесяці гадоў Сальеры кіраваў оперным тэатрам Вены, доўгі час узначальваў прыдворную капэлу. Цягам чатырох дзесяцігоддзяў дырыжыраваў дабрачыннымі канцэртамі. Сярод ягоных шматлікіх вучняў -- Л.Бетховен, Ф.Шуберт (які напісаў у гонар настаўніка юбілейную кантату), Ф.Ліст, а таксама малодшы сын Моцарта. Пасля смерці Сальеры многія ягоныя творы сышлі са сцэны. Цікавасць да творчасці кампазітара адрадзілася толькі ў ХХ ст. Водгукі пра чалавечыя якасці Сальеры розныя. Але захаваліся сведчанні, што ён быў чалавекам «спагадлівым і заўжды гатовым да дабрачыннасці».
Жыццё рэальнага Моцарта азмрочвалі побытавая неўладкаванасць, няўвага да яго творчасці, цяжкасці ў атрыманні заказаў, адсутнасць сталага заробку. За паўмесяца да смерці Моцарт захварэў на рэўматычна-запаленчую ліхаманку. Той «чорны чалавек», пра якога згадваецца ў «маленькай трагедыі», мае рэальнае прозвішча: «Рэквіем» быў ананімна заказаны Моцарту графам Вальзег-Штупахам, які хацеў выдаць куплены твор за ўласны. Рэальнаму Сальеры, хутчэй за ўсё, не было ніякага рэзону труціць Моцарта: фактычна яны знаходзіліся на розных прыступках сацыяльнай іерархіі. Існуе версія (пашыраная ў нямецкай нацыяналістычнай літаратуры) пра атручэнне Моцарта масонамі…
Ранняя і шмат у чым загадкавая смерць вялікага аўстрыйца, пахаванага, бы жабрак, у агульнай магіле, дала Пушкіну прастору для фантазіі. І для роздуму пра глабальную праблему, без якой, на жаль, не можа існаваць ніводная творчая супольнасць: праблему зайздрасці і рэўнасці.
Такім чынам, опера «Моцарт і Сальеры» -- версія, але не ісціна ў апошняй інстанцыі. Роздум на тэмы «талент і зайздрасць», «талент і геніяльнасць» (але, заўважце, не на тэму «талент і пасрэднасць»!). Спектакль, пастаўлены рэжысёрам М.Ізворска-Елізар’евай і мастаком А.Меранковым, вонкава дастаткова просты, спакойны, класічна-ураўнаважаны па сваёй пабудове -- у адрозненне, напрыклад, ад «наваротаў» авангардысцкай оперы В.Кузняцова «Нататкі вар’ята». У дадзеным выпадку задача рэжысёра і сцэнографа -- не ўразіць самавыяўленнем, а распрацаваць тонкую і псіхалагічна пераканаўчую партытуру партый.
Герояў усяго два -- Моцарт і Сальеры. Музычнага матэрыялу ў апошняга болей. Вобраз Сальеры, у якім шмат душэўнай барацьбы, сумненняў, пакут, выпісаны больш багата.
Невыпадкова М.Рымскі-Корсакаў аддае ролю Моцарта тэнару, а Сальеры -- барытону. Тут кантрасты і драматызм нараджаюцца ад аднаго супастаўлення. Справа не толькі ў тым, што барытонам часцей аддадзены партыі ліхадзеяў, спакуснікаў і г.д., а тэнары звычайна ўвасабляюць трагічных або драматычных герояў. Цяжка згадаць спектакль, у якім персанаж, увасоблены тэнарам, перамог бы персанаж, увасоблены барытонам! Анегін забівае Ленскага. Яга пляце інтрыгі, і Атэла зводзіць рахункі з жыццём. У оперы «Тоска» Скарпіа выпраўляе на смерць Каварадосі. У высокіх па тэсітуры тэнаровых партыях заўжды ёсць фарбы нябесныя, адценні самаахвярнасці. Барытон -- голас больш нізкі, густы, здатны «паглынуць» безабаронную палкасць тэнара.
Моцарта спявае Юрый Гарадзецкі, малады артыст, нядаўні выпускнік нашай Акадэміі музыкі. І ў такім прызначэнні ёсць свая логіка. Бо, як вядома, аўстрыйскі геній памёр маладым -- не дасягнуўшы 36 гадоў. Цікава, што Гарадзецкі ў парыку -- ды яшчэ ў профіль! -- на дзіва нагадвае класічныя партрэты Амадэя. Моцарт -- герой сапраўды «прамяністы», хоць ягоная постаць і ахутана мроівам журбы, падсвядомага прадчування блізкай смерці. Ён расхінуты жыццю і сябру. Ён даверліва, шчыра абдымае Сальеры, паказвае свой новы твор -- фрагмент з «Рэквіема».
Калі Моцарт -- шчасліва і неабачліва раскрыты, дык Сальеры -- зацяты. Ён пакутуе ад невырашальных унутраных праблем. Кантраст вобразаў, выяўленне іх рознай прыроды дасягаецца тонка -- ненавязлівымі штрыхамі і нязбітымі прыёмамі. Сальеры -- у цёмным камзоле з аксамітавай тканіны. Чорны колер -- адлюстраванне ягоных тайных і змрочных думак. Камзол Моцарта -- белы з золатам -- узнаўляе ў памяці славутае: «Вечнае святло ў музыцы, імя табе -- Моцарт...»
Партыю Сальеры спявае Уладзімір Громаў. Таксама вельмі трапнае пападанне ў ролю. Герой У.Громава эфектны, сцэнічны і (страшна вымавіць!)... у нечым гламурны. Паспяховага, упэўненага ў сабе Сальеры-Громава прымушае пакутаваць не банальная бытавая зайздрасць, а -- усведамленне адлегласці паміж Моцартам і астатнімі кампазітарамі. Дыстанцыі паміж сябрам і ім самім! Сальеры прагне быць першым. Самым яркім, прыкметным, незвычайным… Ён злуе на ўласную прыроду, якая не дазваляе яму сачыняць з інтэнсіўнасцю, неверагоднай лёгкасцю. Як кожны адмоўны персанаж, Сальеры больш рэльефна выпісаны ў оперы. Сальеры Громава не можа вызваліцца ад вярэдлівых думак пра свае месца ў сусветнай іерархіі. Гэты імпазантны герой занадта сур’ёзны, цалкам пазбаўлены раскаванасці і непасрэднасці, уласцівых ягонаму сябру.
Моцарта пытанні пра сусветную іерархію не цікавяць, ён пра іх нават не думае. Ён піша музыку, гуляе са сваім маленькім дзіцем, радуецца, жартуе. Адным словам -- жыве! Сваёй гарэзнай нязмушанасцю Вольфганг увесь час разбурае ўяўленні Антоніо пра тое, якім павінен быць геній: сур’ёзным і велічным! Ну... як Сальеры. Самаіронія Моцарта «здымае» і прызямляе крыху штучны пафас Сальеры. Думаю, апошняга загубіла менавіта адсутнасць пачуцця гумару.
У партрэце Сальеры, як яго ўвасабляе У.Громаў, прысутнічаюць рысы своеасаблівай... некрафіліі, якую герой спевака не заўважае. Адзін з яго першых сказаў -- «музыку я разъял, как труп». Сапраўдны кампазітар, які любіць сваю справу, прынцыпова не можа параўноўваць музыку з трупам. У фінале 1-ай сцэны ён, трымаючы ў руках пярсцёнак з атрутай, заўважае: «Вот яд, последний дар моей Изоры... Теперь -- пора! Заветный дар любви, переходи сегодня в чашу дружбы». Што ж гэта за каханне, што яго апошні дар -- атрута?! Што ж гэта за сяброўства такое? Штосьці ў Сальеры з псіхікай не ў парадку!
У фінале спектакля ў Громава ёсць выдатна пабудаваная мізансцэна. Моцарт ужо выпіў келіх атручанага віна. Ён іграе сябру фрагмент з «Рэквіема». Сальеры ўражаны не толькі музыкай, але і ўсведамленнем таго, каго ён толькі што загубіў. Бо як кампазітар не можа не разумець маштаб твору, які прагучаў. І менавіта таму такой драўлянай робіцца спіна ў Сальеры-Громава, а рухі – такімі нечакана-нязграбнымі...
Калі Сальеры свядома атручвае Моцарта, гэтым учынкам ён адначасова маральна забівае і сябе. Парадаксальна, але прастадушны Вольфганг лічыць сябра Сальеры гэткім жа геніем, як і ён сам. Яму не шкада! Але, паводле логікі Моцарта, калі Сальеры -- ліхадзей, ён выпадае з «абоймы» геніяў: «Гений и злодейство -- две вещи несовместные». Такім чынам, Сальеры сам, сваім учынкам выкрэслівае сябе з уяўнага «спісу». Уласнай воляй!
У другім аддзяленні праграмы прагучаў «Рэквіем» Моцарта, прадстаўлены аркестрам, хорам і салістамі. І ў гэтым ёсць свая мастацкая логіка. «Рэквіем» стаўся апошнім творам генія. Вакол яго віруюць страсці ў оперы. Тэатр імкнецца прыадкрыць тайну генія. «Рэквіем» -- адначасова і працяг оперы, і памінальная меса па Моцарце.
У фінале спектакля цяжкая заслона адкрываецца, і ў глыбіні сцэны з’яўляецца празрыстая ажурная лесвіца, па якой пачынае ўзнімацца Моцарт. Куды яна вядзе, гэтая лесвіца? У неба? Да сусветнай славы? А можа, у бессмяротнасць?.. 

Таццяна МУШЫНСКАЯ