Нязменнасць творчага крэда

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Наведвальнікі палаца мастацтваў у Мінску мелі магчымасць паглядзець персанальную выставу плакатаў Уладзіміра Жука. Выстава юбілейная — з нагоды 65-годдзя мастака. На ёй былі прадстаўлены плакатныя аркушы, створаныя У.Жуком на працягу амаль 40-гадовай творчай дзейнасці.

/i/content/pi/mast/1/20/st16_1.jpg 

 

/i/content/pi/mast/1/20/st16_2.jpg 

 

/i/content/pi/mast/1/20/st16_3.jpg 

 

БЕЛАРУСКІ ПЛАКАТ мае свае даўнія традыцыі і гісторыю. Сёння з задавальненнем можна канстатаваць, што ён займае належнае месца ў сістэме мастацкай культуры рэспублікі і выйшаў ужо на сур’ёзны міжнародны ўзровень. З цягам часу трывала замацавала свае пазіцыі беларуская школа плакатнай графікі, хоць фарміравалася яна з пэўнымі складанасцямі творчага і арганізацыйнага характару. Сёння айчынны плакат з’яўляецца аб’ектам творчасці дызайнераў, пільнай увагі мастацтва знаўцаў, аматараў і шырокага кола людзей, якія праз плакат далучаюцца да эстэтычнай культуры. Ужо гучаць ідэі стварэння ў сталіцы музея плакатаў.

Але так было не заўсёды. Ведаю гэта з уласнага вопыту: калі ў 1980-я гады ўзялася за сістэмнае навуковае вывучэнне плакатаў беларускіх маста коў, дык адразу сутыкнулася з неразуменнем з боку навуковай грамадскасці. Тэму давялося, што называецца, «прабіваць». Колькі разоў вымушана была даводзіць на шматлікіх вучоных саветах, што плакат у нас не толькі
існуе, але ўяўляе сабой цікавую мастацкую з’яву. У той час наш плакат толькі пачаў набываць свае мастацкія асаблівасці, уласнае аблічча, выходзіць на якасна новы мастацкі ўзровень. Зацікавілася нашымі плакатыстамі нават Акадэмія мастацтваў у Маскве, дзе маю ідэю па вывучэнні плакатнай графікі падтрымаў вядомы графік Дзмітрый Бісці. Гэтая акалічнасць стала станоўчым імпульсам для абуджэння наву ковай думкі.

Новая праблематыка, мастацкія прыёмы і тэхналогіі, тып плакатнай кампазіцыі, якая ўвасабляла пераход ад апавядальнасці да асацыятыўных выяўленчых рашэнняў, метафары, алегорыі — такім застаўся ў гісторыі мастацтва беларускі плакат апошняй трэці ХХ стагоддзя. Менавіта ў той час з’явіліся плакатныя аркушы, створаныя як вынік інтэлектуальных разваг аўтара, як адлюстраванне яго творчай і грамадзянскай пазіцыі, а не як заказны твор. Арыгіналы плакатаў пачалі актыўна экспанавацца на буйных мастацкіх выставах, іх пачалі закупляць музеі. У Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца вельмі цікавая калекцыя арыгіналаў плакатных аркушаў 1960 — 1980-х гадоў, пераважна сацыяльна-палітычнай тэматыкі, якія выразна адлюстроўваюць ідэі і тэндэнцыі часу. Ёсць у гэтай калекцыі і творы майстра, з імем якога непарыўна звязана фарміраванне беларускай плакатнай школы, — Уладзіміра Жука. Мне даводзілася сустракацца з мастаком яшчэ падчас яго працы ў «Агітплакаце» на пасяджэннях рэдакцыйнай калегіі. Рэзкі ў выказваннях, перакананы ў сваіх ідэях, захоплены творчай справай, жорсткі да маладых плакатыстаў — менавіта такое склалася ў мяне пра яго ўражанне. Сёння ён — вядомы мастак, мэтр. Лаканічны сэнсавы і выяўленчы парадокс, абвостранае супастаўленне супрацьлеглых па сэнсе аб’ектаў і паняццяў у адзіным выяўленчым вобразе — такой мовай размаўляе ён у сваіх плакатах.

У.Жук бліскуча валодае выяўленчай мовай, уласцівай плакату. Стрыманы агульны колер і яркія чырвона-сінія акцэнты драматызуюць і падкрэсліваюць галоўную ідэю твора. Выяўленчая дэталь, пададзеная з абвастрэннем маштабных суадносін, прасторавымі зрухамі, афарыстычнымі, лаканічнымі тэкстамі, надае выразнасць. Кідкасць выявы абумоўлівае хуткасць успрымання.

У плакатных аркушах У.Жука існуе яшчэ адна катэгорыя — зразумеласць. Вобразы яго плакатаў успрымаюцца лёгка, без розначытанняў. Яго плакат — гэта артэфакт. Лаканічны, кідкі, змястоўна-ёмісты. У мяне стварылася ўражанне, што паасобныя плакаты, прадстаўленыя ў экспазіцыі, былі выкананы мастаком паводле ўласнага імпульсу, а не па заказах, бо ў іх нямала асабістага, прасочваецца эпатаж, выклік.

Ёсць у творчай скарбонцы мастака і такія работы, што застануцца ў сваім часе як адлюстраванне пэўнай старонкі гісторыі беларускага плаката. Маю на ўвазе шматлікія аркушы пад маркай «Агітплакат». У 1953 г. у БСМ (тады — Саюз мастакоў БССР) была ўтворана секцыя плаката. Факт знамянальны для фарміравання беларускай плакатнай школы, бо арганізацыя такой секцыі садзейнічала аб’яднанню прафесійных кадраў плакатыстаў, асэнсаванню імі сваёй значнасці ў творчым працэсе. Сябрамі секцыі сталі мастакі-графікі, якія перыядычна займаліся плакатам, — Т.Ігнаценка, М.Лісоўскі, У.Ціхановіч, В.Шматаў, А.Волкаў, К.Ціхановіч і іншыя. Пазней, у 80-х, прыйшлі маладыя на той час аўтары, у тым ліку і Уладзімір Жук, які дзесяць гадоў узначальваў работу секцыі. Па ініцыятыве секцыі была створана арганізацыя «Агітплакат Саюза мастакоў БССР». Трэба адзначыць, што У.Жук доўгі час быў галоўным рэдактарам «Агітплаката». Ён замацаваў традыцыі адкрытых пасяджэнняў рэдакцыйнай калегіі, што значна паўплывала на станаўленне прафесійнага ўзроўню беларускага агітацыйнага плаката.

Плакатныя аркушы часоў «Агітплаката» былі шырока прадстаўлены ў экспазіцыі выставы. Кан’юнктурную тэматыку У.Жук здолеў насыціць мажорным настроем, эмацыянальнасцю, напрацаваў шэраг выразных выяўленчых прыёмаў, якія з поспехам ужываў у сваіх крэатыўных творах.

Уладзімір Жук адным з першых пачаў трансфармаваць выяўленчую мову плаката, адыходзіць ад апавядальнасці «лабавых» выяўленчых рашэнняў, уласцівых беларускаму плакату амаль да пачатку 1970-х гадоў. Ён пачаў развіваць тып мантажнай плакатнай кампазіцыі, якая спалучае сэнсавыя супастаўленні кантрастаў, ужывае візуальныя прыёмы падкрэслівання і разбурэння выяўленчай плоскасці, што надае аркушу выразнасць і запамінальнасць. Дарэчы, у 1970 — 1990-я гады ў беларускім плакаце ўвогуле трывала ўсталёўваецца канцэпцыя плакатнага вобраза, угрунтаванага на сімвалічных і метафарычных асацыяцыях, лаканізме, абвостранай лагічнасці, сімвалах і алегорыях.

Усё гэта выявілася і ў плакатах У.Жука на экалагічную тэматыку «Браканьер — вораг прыроды», «Птушка не цацка: заб’еш — не завядзеш», «Прыродныя багацці краіны — невычарпальныя». Запомніліся аркушы на сацыяльную тэматыку «Што наша жыццё — гульня!», «Ад п’янства бяднее розум і развіццё», «Безліч жыццяў забрала гарэлка». Драматычным акцэнтам сталі плакаты, прысвечаныя тэме катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — «26.IV.1986», «Госпадзі, памілуй».

Сёння ў беларускай плакатнай графіцы шмат што змянілася. Назіраецца размыванне спецыфікі плакатнага вобраза, які губляецца ў шматстайных формах візуальнай інфармацыі; трансфармацыя функцый і задач мастацтва плаката, самога паняцця «плакатнасць». Плакат нярэдка робіцца агрэсіўным рэкламаносьбітам. Новыя разнастайныя тэхналогіі трансфармуюць яго візуальнае аблічча, праблематыка часу — тэматычны дыяпазон. Разам з тым, беларускі плакат дасягнуў высокага ўзроўню паліграфічнага выканання. Але У.Жук, не зважаючы на плыні часу, застаецца верны сваёй стылістыцы.

Рэтраспектыўная экспазіцыя выставы адлюстравала гэтае пастаянства. Бачна, як з цягам часу змяняюцца настрой мастака, яго ўспрыманне сацыяльнапалітычных падзей, адчуваецца нават нейкае ягонае расчараванне ў тых ці іншых з’явах, але творчыя прынцыпы застаюцца нязменнымі. За доўгі творчы шлях мастак напрацаваў індывідуальныя выяўленчыя падыходы да трактоўкі вобразаў, уласны мастацкі вопыт раскрыцця зместавых паваротаў тэмы, арсенал выразных сродкаў, якому застаўся верным многія дзесяцігоддзі. Усе плакаты прадстаўлены ў арыгіналах і выкананы ў класічнай плакатнай тэхніцы з ужываннем гуашавых фарбаў. Уладзімір Жук беражліва захоўвае гэтую тэхніку, якую цяпер ужо можна разглядаць як «рэтра», выдатна валодае і паспяхова карыстаецца ёю ва ўсіх сваіх творах, нягледзячы на распаўсюджанне сучасных камп’ютэрных тэхналогій.

АЛЕНА АТРАХОВІЧ