А ці да чалавека яму сення?

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Мастацтва, магчыма, і «належыць народу», але перш-наперш яно, ва ўсіх сваіх шматстайных пра явах і сэнсах, неадлучнае ад асабовага, індывідуальнага.

СУЧАСНАЯ НАВУКА (у першую чаргу такія яе адгалінаванні, як археалогія і этнаграфія) сведчыць, што ўжо ў эпоху палеаліту чалавек не толькі ствараў рэчы, але і спрабаваў з іх дапамогай аказаць уплыў на хаду падзей, а пазней — і адлюстраваць у прадметах уласнае бачанне наваколля і жыцця суродзічаў.

Апошні аспект — бачанне мастаком вонкавага свету і адмысловыя сродкі адлюстравання, якія ён, мастак, выбірае — цікавы перадусім мастацтвазнаўцам. А вось праблема ўплыву творцы на рэальнае жыццё і грамадскую думку цікавіць многіх. Мастацтва, магчыма, і «належыць народу», але першнаперш яно, ва ўсіх сваіх шматстайных праявах і сэнсах, неадлучнае ад асабовага, індывідуальнага. Наўрад ці выпадкова тое, што на побытавым узроўні словам «мастацтва» вызначаюць вышэйшую здольнасць да самарэалізацыі ў нейкай сферы жыццядзейнасці: віртуознае валоданне інструментам, уменне ўвасобіць веды, задумы, інтуіцыю ў Нешта звышнатуральнае, што трывожыць і не дае заснуць...

Зрэшты, гаворка пра традыцыйны вобраз Майстра-Мастака — трохі не з гэтага свету, які можа дазволіць сабе дзівацтвы накшталт прагулак Сальвадора Далі з казою. Калі дзеячы мастацтва не задавальняюцца роллю «масавікоў-забаўнікаў», то, незалежна ад грамадзянскай пазіцыі, здольныя выступіць і як прарокі, што могуць развярэдзіць душу і сэрца.

У свой час пра такіх мудрацоў-прарокаў шмат і пераканаўча пісаў Карл Густаў Юнг. Архетыпічнае ўяўленне пра культурных герояў можа драмаць у калектыўным неўсвядомленым, калі толькі спрыяльныя або неспрыяльныя акалічнасці эпохі не абудзяць яго. Паводле Юнга, абуджэнне наступае тады, калі вялікая аблуда збівае народ з сапраўднага шляху. Бо там, дзе раптам адкрываюцца коўзкія сцежкі, патрэбны правадыр, настаўнік і нават лекар.

З гэтага пункту гледжання цікава кінуць погляд на творчасць Язэпа Драздовіча. Мастак, скульптар, пісьменнік, летуценнік… Ён, бадай, найбольш сярод сучаснікаў задумваўся аб экзістэнцыяльных пытаннях і звязваў будучыню чалавека з космасам. Пісаў квазінавуковыя працы па астраноміі, навуковую фантастыку, карціны паводле касмічнай тэматыкі, але таксама рабіў краслюнкі касмічнай ракеты, на якой зямныя турысты будуць вандраваць па Сусвеце. Сёння гэта ўжо амаль рэальнасць. Зямная арбіта абжыта, дый касмічны турызм, калі верыць паведамленням прэсы, пераходзіць ужо з разраду фантазій у план рэчаіснасці. Выходзіць, утопіі ды «абсурдныя» мроі — надзвычай важлівая частка куль туры ўвогуле і беларускай у прыватнасці.

Калі скласці спіс тых мастакоў, хто прадбачыў будучыню чалавечага роду, то, верагодна, Драздовіч зойме ў ім не апошняе месца. Аднак сама ідэя ранжыравання мастакоў з дапамогай разнастайных рэгалій дастаткова сумнеўная. Як правіла, гісторыя сама расстаўляе сваіх падданых па месцах, і крытэрый прыжыццёвага прызнання з боку носьбітаў улады — далёка не найважнейшы. Знакамітая перакананасць Драздовіча ў тым, што «яго яшчэ пашукаюць», была апраўданай: «адшукалі» і паставілі помнік у цэнтры беларускай сталіцы. А хто пашукае многіх цяперашніх «народных» і «заслужаных»?

З сучаснага мастацтва, па вялікім рахунку, спакваля знікае Асоба. Сёння Мастак занадта часта ператвараецца ў рамесніка. Ён ходзіць на працу, мае катэгорыю/разрад (Мікалай I, які літасціва надаў Пушкіну годнасць камерюнкера, мабыць, падзівіўся б сучаснай завядзёнцы), заробак, гарантаваны адпачынак, апантана змагаецца за «месца пад сонцам», рэдка прэтэндуючы на ролю месіі.

 У варунках «пераходнага перыяду» мастацтву адведзены пераважна дэкаратыўна-прыкладныя функцыі: упрыгожванне рэчаў і інтэр’ераў, запаўненне прасторы. Гэткае «зазямленне» не можа не выклікаць у творчай асобы ўнутранага пратэсту, які здольны спарадзіць «паралельнае» мастацтва, культуру андэрграунда, аж да контркультуры. На «забаронены» плод заўжды знойдуцца ахвотнікі. Вядома, контркультура часцяком не менш варожая да запатрабаванняў часу і ўяўленняў пра веліч асобы, чым афіцыёз. Абсалютызацыя пратэсту — шлях да самаразбурэння.

Як спыніць працэсы відавочнай дэгуманізацыі? На што мусяць пайсці творчыя людзі, каб дапамагчы выхаванню Асобаў?

Не можам згадзіцца з крайнім песімізмам у дачыненні г.зв. масавай культуры, прадэманстраваным Васілём Быкавым: «Галоўным сродкам мастацкай выяўнасці амаль усіх відаў мастацтваў становіцца эпатаж, шокінг... Можна смела сцвярджаць, што маскультура — не культура наогул, якой часам здаецца, а яе антыпод, немінучы яе магільшчык». Паводле нашых назіранняў, нават у заўзятых аматараў маскультуры (таго, што зняважліва завецца «папсою» і «мыльнымі операмі») нярэдка прысутнічаюць эстэтычны густ і прага (су)творчасці. Апроч таго, культурныя цыклы падобныя на эканамічныя: адносны заняпад змяняецца ўздымам. Такім чынам, і «папсовыя» творы валодаюць пэўнай вартасцю: прынамсі, яны вучаць таму, чаго ў далейшым варта асцерагацца.

Беларусь — усё яшчэ маладая дзяржава. Нашы суграмадзяне шукаюць сябе ў свеце, які, між тым, не перастае ўскладняцца. На нашу думку, актуальнымі застаюцца філасофскія рэцэпты Ігната Канчэўскага: «Мастацтва нам дае толькі прыклад таго творчага жыцця, якое павінны тварыць і людзі… Вось і мы ў нашым штодзённым жыцці павінны стаць такім творцамі».

У час заплямленых ідэалаў і куртатай ідэалогіі беларуская культура мае патрэбу і ў «маскультуры» з яе акцэнтам на «моцныя асобы» (няхай сабе выразаныя з кардону), і ў фантастычных візіях утапічнага характару, якія падштурхоўвалі б індывідаў — а ў выніку і грамадства ў цэлым — да самаўдасканалення і зніжэння ролі прымусу ў міжасабовых кантактах.

CВЯТЛАНА КАЗЛОВА