ЗА СІМВАЛІЧНЫ ПУНКТ АДЛІКУ ПРЫНЯТА АДКРЫЦЦЁ 4 ЛІСТАПАДА 1917 ГОДА Ў КРАКАЎСКІМ ТАВАРЫСТВЕ СЯБРОЎ ПРЫГОЖЫХ МАСТАЦТВАЎ ПЕРШАЙ ВЫСТАВЫ ПОЛЬСКІХ ЭКСПРЭСІЯНІСТАЎ. З ГЭТАГА КОЛА ТВОРЦАЎ ПАЗНЕЙ ВЫЛУЧЫЛАСЯ ГРУПА ФАРМІСТАЎ, ШТО СТАЛА АКТЫЎНА ПРАПАГАНДАВАЦЬ ІДЭІ НОВАГА МАСТАЦТВА.
АДКРЫЦЦЁМ ЗАЛЫ ФАРМІСТАЎ У ПРЭЗІДЭНЦКІМ ПАЛАЦЫ ПАДЗЕІ І ЗАКРУЦІЛІСЯ: ЭКСПАЗІЦЫЯ, АРГАНІЗАВАНАЯ КАНЦЫЛЯРЫЯЙ ПРЭЗІДЭНТА ПОЛЬШЧЫ СУМЕСНА З НАЦЫЯНАЛЬНЫМ МУЗЕЕМ У ВАРШАВЕ, ПРАДЭМАНСТРАВАЛА ПРАЦЫ ГЭТАЙ МАСТАЦКАЙ СУПОЛКІ, ЗАСНАВАНАЙ У КРАКАВЕ Ў 1917 ГОДЗЕ. ФАРМІСТЫ БЫЛІ СХІЛЬНЫЯ ДА РЭЛІГІЙНАГА МАСТАЦТВА, У ЯКІМ СПРАБАВАЛІ АДШУКАЦЬ НОВУЮ ЭКСПРЭСІЮ.
ГОД АВАНГАРДУ ЗАКРАНУЎ ТАКСАМА МУЗЫКУ, ХАРЭАГРАФІЮ, ДЫЗАЙН, ТЭАТР. ГЭТА ВЫСТАВЫ, КАНЦЭРТЫ, СПЕКТАКЛІ, ПУБЛІКАЦЫІ, ІНТЭРВ’Ю І КАНФЕРЭНЦЫІ З УДЗЕЛАМ ДЗЯСЯТКАЎ МУЗЕЯЎ, ТЭАТРАЎ, ГАЛЕРЭЙ ДЫ ІНШЫХ КУЛЬТУРНЫХ І НАВУКОВЫХ ІНСТЫТУЦЫЙ. САМУ ІНІЦЫЯТЫВУ ПРАВЯДЗЕННЯ ГОДА АВАНГАРДУ ПРАЯВІЛІ ТРЫ МУЗЕІ, ЯКІЯ ВАЛОДАЮЦЬ НАЙБАГАЦЕЙШЫМІ КАЛЕКЦЫЯМІ ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ, — НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ Ў ВАРШАВЕ І КРАКАВЕ І МУЗЕЙ МАСТАЦТВА Ў ЛОДЗІ. ГАЛОЎНЫЯ МЭТЫ — АДДАЦЬ ДАНІНУ АСОБАМ І З’ЯВАМ МІЖВАЕННАГА МАСТАЦТВА, ТВОРЦАМ, ШТО ДОЎЖЫЛІ АВАНГАРДНЫЯ ІДЭІ Ў ПАВАЕННЫ ЧАС, А ТАКСАМА ПРАСАЧЫЦЬ СУВЯЗІ І ЎПЛЫВЫ НА СЁННЯШНІЯ КУЛЬТУРНЫЯ ПРАКТЫКІ.
ТАКІМ ЧЫНАМ, МЕРАПРЫЕМСТВЫ ПРАХОДЗЯЦЬ ПАВОДЛЕ ТРОХ КІРУНКАЎ. ПЕРАЛІЧУ ТОЛЬКІ НЕКАТОРЫЯ ПАДЗЕІ Ў РАМКАХ КОЖНАГА З ІХ.
Рэвізія гісторыі авангарду
Нацыянальны музей Варшавы паказаў творы сваёй калекцыі прадстаўнікоў найважнейшых груповак — экспрэсіяністаў, фармістаў, львоўскіх сюррэалістаў, «Buntu», «BLOKu», «Praesensu», «a.r.». Мастацкае жыццё маладой польскай дзяржавы канцэнтравалася ў Варшаве, Кракаве, Львове, Познані і Лодзі. Выстава прэзентуе ключавых мастакоў гэтых асяродкаў, а таксама прасочвае развіццё авангардных ідэй ад экспрэсіянізму і фармізму праз канструктывізм да сюррэалізму. Прывычным стала звязваць фармізм з Кракавам, а сюррэалізм — са Львовам. Удакладненне біяграфій майстроў ускладняе звыклую карціну. Уплывы экспрэсіянізму з’яўляюцца ў працах познаньскіх мастакоў, што групаваліся вакол часопіса «Zdroj», а таксама ў кракаўскім арт-асяродку — у своеасаблівай версіі фармізму, які лучыў элементы экспрэсіянізму, кубізму і футурызму.
Выстава «Сіла авангарду» ў філіяле Нацыянальнага музея ў Кракаве даследавала актуальнасць, інспірацыі і ўплывы ды паказвала працы, зробленыя ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя вядучымі майстрамі польскага і еўрапейскага мастацтва.
Нацыянальны музей у Познані прасачыў сувязі Ганса Арпа з мясцовымі творцамі. А ў экспазіцыі «Свабода волі — польскае мастацтва ў 1945—1948/1949 гадах» аналізаваўся трохгадовы перыяд свабодных мастакоўскіх пошукаў да пачатку сацрэалізму ў 1949-м, калі камуністычная ўлада брутальна змяніла культурную палітыку.
Заслужана важкую ролю ў святкаванні займае Музей мастацтва ў Лодзі, інстытуцыя, непасрэдна звязаная з зараджэннем авангарду. Сярод галоўных паказаў — работы Катажыны Кобры і Уладзіслава Стрэмінскага. Экспазіцыя «Энрыка Прампаліні. Футурызм, сцэнатэхніка і тэатр польскага авангарду» называе сувязі італьянскай футурыстыкі і польскага мадэрнізму. «Мантажы. Дэбора Фогель і новая легенда горада» апісвае гарадскі пейзаж з пункту гледжання польска-яўрэйскай пісьменніцы. «Арганізатары жыцця. Дэ Стайл і авангарднае праектаванне ў Польшчы» — пра міжнародны кантэкст, у якім сфармаваліся польскія архітэктура і дызайн. «Парушаныя целы. Харэаграфія сучаснасці» прысвечана аднаму з ключавых для мадэрнізму пытанняў арганізацыі і рацыяналізацыі руху. У супрацоўніцтве з лодзьскім музеем Польскі інстытут у Дзюсельдорфе зладзіў выставу «Слова маніць, вока — ніколі. Сучаснасць у польскай фатаграфіі 1918—1939», дзе былі прадстаўлены мастакі і фатографы, што эксперыментуюць з новымі сродкамі. Пра той жа час — выстава пра тыпаграфіку, дзе прэзентаваны ў тым ліку творчы даробак Стрэмінскага ў графічным праектаванні.
Шмат праектаў адбываецца на стыку розных мастацтваў, ладзіцца вялікая колькасць лекцый, канферэнцый і выступаў.
Працяг авангарду
Наступная частка праграмы тычыцца паваеннага перыяду. Гэта шэраг выстаў, прысвечаных асобным выбітным постацям, і тэматычныя экспазіцыі. Напрыклад, Нацыянальны музей у Вроцлаве даследуе выкарыстанне новых сродкаў масавай інфармацыі ў польскім мастацтве ў 1945—1980-х. Galeriа Dzialan у Варшаве прэзентавала працы руху сэнсібілізму, які развіваўся з другой паловы 1950-х, а Цэнтр культуры ў Кракаве — львоўскіх архітэктараў. «Экспазіцыя прадстаўляе шматвымерны партрэт мадэрністычнага горада і падкрэслівае ролю Львова як цэнтра сучаснасці ў ІІ Рэчы Паспалітай» — пазначаецца ў суправаджальным тэксце.
Музей плаката ў Вілянуве прэзентуе даробак педагогаў і выпускнікоў Акадэміі выяўленчых мастацтваў імя Уладзіслава Стрэмінскага ў Лодзі. Цэнтральны музей тэкстылю (Лодзь) яшчэ з 2016 года прапануе аб’екты з калекцыі — напрыклад, узоры тканіны паводле праекта Стрэмінскага.
Авангард сёння
Многія фармальныя прыёмы авангарду засталіся ў мінулым і маюць толькі гістарычную каштоўнасць, але для сучасных аўтараў эпас эксперыментатарства застаецца каштоўным імпульсам для творчасці. У галерэі «Арсенал» у Беластоку адбылося «Кіна-вока. Вакол Вертава і канструктывізму», дзе аналізуецца, якім чынам ідэі Дзігі Вертава, яркага прадстаўніка канструктывісцкага кіно, паўплывалі на найноўшыя практыкі. Пра важнасць спадчыны авангарду распавёў праект «Мастацтва добрай працы» ў «Замку Уяздоўскім» — вынік супрацоўніцтва з інданезійскім цэнтрам мастацтва Jatiwangi Art Factory.
Музей Гдыні падрыхтаваў шэраг выстаў, у якіх разглядаецца роля рознага кшталту пасрэднікаў паміж самым звычайным гледачом і творчасцю, што вырастае з авангарду. Нацыянальны музей у Гданьску экспанаваў працы сучасных мастакоў, звязаных з Памор’ем. У Бытаме даследавалі сілезскі авангард і яго ўплывы...
***
Уладзіслаў Стрэмінскі, Катажына Кобра, Станіслаў Ігнацый Віткевіч, Тадэвуш Пэйпер, Шыман Сыркус і многія іншыя ўпісалі новыя пошукі польскіх аўтараў у шырокі міжнародны кантэкст.
Авангард радыкальна змяніў характар сучаснай культуры, істотным чынам паўплываў на развіццё візуальных мастацтваў, літаратуры, кінематаграфіі, тэатра, на дызайн, моду, архітэктуру. Змяніў аблічча гарадоў і вызначыў візуальныя коды масавай камунікацыі... Такім чынам, стагоддзе польскага авангарду — цудоўная нагода, каб асэнсаваць маштаб з’явы і прааналізаваць яго спадчыну ў сучаснасці, пераструктураваць музейныя калекцыі ды ініцыяваць узнікненне новых прац — як для творцаў, так і для тэарэтыкаў. Ідэя трох музеяў атрымала надзвычай шырокую падтрымку, што яшчэ раз пацвярджае той факт, што эпас авангарду з’яўляецца жывой крыніцай натхнення.
Яна Карыцкая