ПРЫНАМСІ ЯНО НЕ СУПАДАЕ З АГУЛЬНАПРЫНЯТЫМІ БІЯЛАГІЧНЫМІ АЗНАЧЭННЯМІ. ХУТЧЭЙ, У ВЫПАДКУ КІНО ТРЭБА КАЗАЦЬ ПРА ДЭБЮТ. ДЭБЮТАВАЦЬ У КІНАРЭЖЫСУРЫ МОЖНА І Ў ВАСЯМНАЦЦАЦЬ ГОД, ЯК УЛЮБЁНЕЦ КАНАЎ, ВУНДЭРКІНД З КВЕБЕКА КСАЎЕ ДАЛАН, А МОЖНА Ў ПЯЦЬДЗЯСЯТ СЕМ, ЯК КОЛІШНІ СУАЎТАР ВАДЗІМА АБДРАШЫТАВА, АЛЯКСАНДР МІНДАДЗЭ. ГАЛОЎНАЯ ЎМОВА — КІНО ВЫМАГАЕ ПЭЎНАЙ СТАЛАСЦІ, НЕ АБАВЯЗКОВА ФІЗІЧНАЙ, АЛЕ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ, ПСІХАЛАГІЧНАЙ: КІНО ЗДЫМАЮЦЬ АСОБЫ, ЯКІЯ АДБЫЛІСЯ. І НЕ ТАК ІСТОТНА, КОЛЬКІ ІМ ГАДОЎ ПА ПАШПАРЦЕ. ІНФАНТЫЛІЗМ КІНЕМАТОГРАФУ СУПРАЦЬПАКАЗАНЫ.
ГАЛОЎНАЕ, ЧАГО ЗАЎСЁДЫ ЧАКАЮЦЬ АД ДЭБЮТАНТАЎ, — СВЕЖАГА ПОГЛЯДУ І АРЫГІНАЛЬНЫХ ІДЭЙ. ЯШЧЭ ЧАКАЮЦЬ ПАМЫЛАК. АПОШНІЯ ДЭБЮТАНТАМ ДАРАВАЛЬНЫЯ — ДА ПЕРШЫХ КРОКАЎ У КІНО ЗВЫЧАЙНА АДНОСЯЦЦА ЛАСКАВА. БОЛЬШ ЗА ТОЕ, СТВАРАЮЦЬ ДЛЯ ІХ СПРЫЯЛЬНЫЯ ЎМОВЫ. АДЗІН З САМЫХ РАСПАЎСЮДЖАНЫХ ВАРЫЯНТАЎ — АДМЫСЛОВЫЯ КІНААЛЬМАНАХІ.
Іх вадзіла маладосць
Мастацтва кіно натуральным вобразам нарадзілася з альманаху. Самыя першыя стужкі былі такімі кароткімі, што іх даводзілася злучаць па некалькі штук, каб атрымаць паўнавартасны кінасеанс. Дэбютуюць у кіно таксама звычайна кароткім метрам, таму натуральна, што ідэя дэбютных альманахаў вельмі распаўсюджана. Асабліва папулярнымі кінаальманахі сталі ў часы зараджэння еўрапейскіх «новых хваляў», калі гэтую форму выкарыстоўвалі для аб’яўлення калектыўных кінаманіфестаў.
Альманах як форма цікавы якраз тым, што дазваляе заявіць у голас не толькі аб з’яўленні новых імёнаў, але і новых плыняў. У беларускім кіно такая форма выкарыстоўвалася неаднаразова. Прычым акурат для дэбютных работ.
Адзін з самых знакамітых альманахаў «Беларусьфільма» — «Апавяданні аб юнацтве». Гэтая стужка убачыла свет у 1961 годзе і цікавая ў першую чаргу тым, што адкрыла свету цэлае пакаленне беларускіх кінарэжысёраў. Для Віктара Турава, Барыса Сцяпанава, Марка Браўдэ, Льва Дурасава праца над навеламі альманаха стала першым гучным словам у вялікім кіно — «Апавяданні аб юнацтве» патрапілі ў пракат, былі заўважаны крытыкай.
Задумваўся альманах як цэльны твор на тэму гісторыі і сучаснасці маладых «будаўнікоў камунізму». Таму і сюжэты асобных частак былі адпаведныя, выбудаваныя па гістарычным прынцыпе — ад Грамадзянскай вайны да часоў калектывізацыі і далей, да Вялікай Айчыннай і сучаснага аўтарам актыўнага стварэння сацыялістычнай эканомікі.
Кіно шасцідзясятых пры ўсёй сваёй разнастайнасці было прасякнута адзіным духам аўтарскага пачатку. Штуршок развіцця ў сусветным кінамастацтве вельмі яскрава адбіўся на савецкай кінарэжысуры, і «Апавяданні пра юнацтва» былі таму яркім сведчаннем. Пры тым што рэжысёры-студэнты толькі шукалі свой почырк, кожны прапанаваў сваю версію камсамольскай рамантыкі і сваё бачанне героя новага часу. Апошні быў відавочна героем для аўтараў «Апавяданняў аб юнацтве» сваім, сучасным, нягледзячы на вопратку дваццатых, трыццатых або саракавых-ракавых. Нездарма крытыкам, якія пісалі пра стужку ў год выхаду, менш пераканаўчай падалася апошняя частка і яе персанажы — брыгада будаўнікоў электрастанцыі, якая ў «адзіным парыве» вырашыла з’ехаць з Мінска на камсамольскую будоўлю ў Сібір.
І першыя тры часткі, гістарычныя, і фінальная, зразумела, падпарадкоўваліся агульнай ідэалагічнай канцэпцыі. Але іх яднае і відавочная эстэтычнае падабенства, жанр вострасацыяльнай драмы, калектыўны герой, пабудаваная на кантрастах чорна-белая выява. Адчуваецца, што кіно для аўтараў «Апавяданняў» было нечым большым за магчымасць самавыяўлення, успрымалася імі як частка агульнага грамадскага і дзяржаўнага запыту.
Мы — мужчынскі род, адзіночны лік
Пры ўсёй зразумелай для сваіх часоў зададзенасці «Апавяданні аб юнацтве» зараз выглядаюць пэўным паказчыкам мастацкага ўзроўню адноўленага пасля вайны «Беларусьфільма». У 1961 годзе студыя ўваходзіла ў сваю лепшую эпоху, а аўтары студэнцкага альманаха набліжаліся да лепшай прафесійнай формы. Рэжысёрам новага альманаха «Мы», што ўбачыць свет гэтай восенню, ад самага пачатку прыйшлося куды як цяжэй. Іх праекты аб’яднаныя ў адну стужку па выпадковым прынцыпе, канцэптуальна іх злучае толькі сама ідэя дэбюту і асобы аўтараў, паказаныя ў своеасаблівых роліках-застаўках. Кожны з маладых рэжысёраў прадстаўлены як пэўная надзея нашага кіно.
Аўтараў альманаха «Мы», у адрозненне ад аўтараў «Апавяданняў аб юнацтве», пяцёра. Праўда, не ўсе з іх абсалютныя дэбютанты — Яўген Сяцько больш за дзесяцігоддзе таму скончыў курс ігравой рэжысуры Акадэміі мастацтваў, меў адпаведны кароткаметражны вопыт, потым займаўся дакументалістыкай. Сур’ёзна працавала ў дакументалістыцы Анастасія Мірашнічэнка. Героі ўсіх пяці навел маладыя, аднак такія непадобныя да сваіх папярэднікаў з 1961 года.
Галоўнае адрозненне — не зважаючы на красамоўную назву «Мы», новыя гісторыі выглядаюць гранічна індывідуальнымі. «Апавяданні аб юнацтве» былі гісторыямі пра краіну, соцыум, адлюстроўвалі найважнейшыя падзеі, якія адбываліся ў першай палове ХХ стагоддзя на беларускай зямлі. Аўтары навел новага альманаху намагаюцца зрабіць уражанне псіхалагізмам, а іх сюжэты ў параўнанні з класічнай стужкай выглядаюць зусім камернымі. Героі амаль усіх гісторый (за выключэннем камедыйнага «Падарунка Санта-Клаўса» Сяцько) спрабуюць пазбавіцца ад нейкіх псіхалагічных комплексаў ды сямейных траўмаў. У «Папутчыку» Анастасіі Мірашнічэнка, аб’ектыўна па-мастацку самай дасканалай з частак альманаху, герой спрабуе дараваць свайму бацьку, які кінуў сям’ю шмат год таму. У «Ляльцы» Арсенія Ільіных герой таксама вырашае памылку, зробленую некалі ў асабістым жыцці. У «Дыялогу» Надзеі Абрамчук распавядаецца аб дзіцячай адзіноце і неразуменні паміж дачкой і маці. Больш складаная сітуацыя ў навеле Кірыла Ярохіна па сцэнарыю вядомага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага «Брача». Гаворка ідзе аб сутыкненні характараў маладых людзей, аднак у выніку ўсё вяртаецца таксама да няпростых адносін аднаго з герояў са сваёй маці.
Пры гэтым, за выключэннем «Дыялогу», асноўны актыўны герой навел альманаху — мужчынскага полу, жанчыны на яго фоне выглядаюць пасіўна-падпарадкавана. На дзіва, у карціне 1961 года гендарны бок быў больш збалансаваным. Асноўны канфлікт быў не сямейным, а сацыяльным.
«Мы» адметны яшчэ і даволі мінорным настроем. Сярод адной з галоўных прэтэнзій да прадукцыі Нацыянальнай кінастудыі апошніх гадоў было абвінавачанне ў злоўжыванні добра адпрацаванымі схемамі сацрэалізму. За выключэннем вышэйзгаданага «Падарунка Санта-Клаўса», тыповай камедыі становішчаў з лірычным адценнем, астатнія часткі альманаха «Мы» зроблены з прэтэнзіяй на складаны псіхалагізм, які не абяцае гледачу лёгкага баўлення часу перад экранам. Асабістыя драмы герояў запаўняюць кадр цалкам, аўтары амаль не пакідаюць месца для сацыяльнага фону. А ў тых момантах, дзе ўсё-такі пакідаюць, гэта не абяцае для апошняга нічога добрага. Дыскамфорт унутраны ілюстраваны ў «Мы» дыскамфортам знешнім — кепскім надвор’ем, агрэсіўным асяроддзем, шэрымі колерамі.
«Апавяданні аб юнацтве» пры ўсім вучэбным характары адрозніваліся канцэптуальным візуальным шэрагам. Над навеламі альманаху 1961 года працавалі вядомыя ў будучым аператары, некаторыя з іх на той момант ужо былі з пэўным вопытам. Алег Аўдзееў, Ігар Рымішэўскі, Анатоль Забалоцкі, Ізраэль Пікман прапанавалі свае добра прапрацаваныя канцэпцыі візуальнага вырашэння сцэн. Многія з іх былі цалкам у духу актуальнага на пачатку шасцідзясятых неарэалізму. З усіх візуальных канцэпцый навел «Мы» можна вылучыць хіба што працу Сяргея Торбіка ў «Папутчыку» Анастасіі Мірашнічэнка з некалькімі выдатнымі сцэнамі — у тым ліку такімі складанымі для пастаноўкі, як падводныя здымкі. У астатніх аператарскіх работах прадэманстраваны якасны прафесійны ўзровень, але іх эстэтыка збольшага зводзіцца да тэлевізійнай — мастацтва кіно цяпер развіваецца ў асноўным па канонах малога экрана.
Зразумела, параўноўваць стужкі розных часоў — складаная, магчыма, не зусім тактоўная задача. Надта ж адрозніваліся ўмовы, бюджэты, тэрміны здымак у аўтараў «Беларусьфільма» ўзору 1961 і 2017 гадоў. Тым не менш пэўныя вывады рабіць можна — і не толькі ў дачыненні да кіно. Хутчэй, гаворка ідзе аб самой моладзі, якая здымала і аб якой здымалі. Альманах «Мы» атрымаўся больш чым дарослым, яго героі пакутуюць ад праблем, невядомых героям «Апавяданняў аб юнацтве». Сучаснае юнацтва надта нагадвае аб цяжары перажытага: калі ў герояў стужкі 1961-га і іх краіны ўсё яшчэ толькі наперадзе, то «Мы» ілюструе пэўны тупік, з якога так хочацца абавязкова знайсці выйсце.