Для рэжысёра Алега Малітвіна работа над п’есай Шварца стала другім пасля «Рамэа і Джульеты» досведам супрацоўніцтва з гомельскім калектывам, і, трэба адзначыць, нашмат больш удалым. Жанр сваёй пастаноўкі рэжысёр вызначыў як «рэквіем па мары», адначасова ў праграмцы сумленна напісалі, што «Дракон» — спектакль «па матывах» твора Яўгена Шварца. Удакладненне вельмі слушнае, бо з тэкстам п’есы пастаноўшчык папрацаваў грунтоўна: скараціў яго, выпалаў/выдаліў усю «казачнасць» і практычна ўвесь гумар, дапісаў экспазіцыю, змяніў палавую прыналежнасць некаторых персанажаў і… пазбыўся хэпі-энду. Наўрад ці сёння засталіся тыя, хто верыць у казкі са шчаслівым канцом.
Адсячэнне асобных частак «Дракона» не адбілася на цэласнасці гісторыі, наадварот, надало спектаклю дынамікі і выявіла думку рэжысёра гранічна ясна. Праўда, у асобных момантах (праз неахайнасць ці недагляд?) узнікаюць недарэчнасці, калі ні з пушчы ні з поля ўзгадваецца шапка-няўгледка, рэзка змяняецца тэма размовы альбо незнаёмцы звяртаюцца адзін да аднаго па імені. Пры гэтым цудоўна выглядае экспазіцыя, напісаная Алегам Малітвіным: персанажы па чарзе падыходзяць да мікрафона, прадстаўляюцца і даносяць да глядзельні сутнасць падзей. Што да саміх персанажаў, у параўнанні з п’есай яны змяніліся калі не цалкам, дык адчувальна: у гомельскім «Драконе», напэўна, не варта нават спрабаваць знайсці станоўчых герояў. Можна шукаць вартых спачування, можна — ахвяр, бо ў той прасторы і сістэме каардынат, куды іх змясціў Алег Малітвін, нявінных і невінаватых няма, нават белы (ці выбелены часам шэры) колер дэкарацый і касцюмаў тхне безжыццёвасцю, казённымі памяшканнямі, мае адценне хваробы, а не чысціні. Дракон у пастаноўцы — сістэма-арганізм, а не асобны чалавек, таму адказнасць за падтрыманне яго жыццядзейнасці нясуць усе, увамкнутыя ў сістэму, — кожны гарадскі жыхар. І менавіта ў сістэме, дзе чалавек пазбаўляецца чалавечнасці, змена полу асобных персанажаў, напрыклад, ператварэнне Бургамістра ў жанчыну, па сутнасці нічога не змяняе.
У тым, што гаворка ў спектаклі якраз пра сістэму, і гэта ў свой час забараніла п’есу Шварца ці любую іншую, падобную да яе, сумневу няма. Да гэтага адсылаюць стылёвыя касцюмы Таццяны Стысінай, жаночыя фрызуры, загад разысціся па дамах і забарона збірацца больш чым па трое (ён гучыць пасля смерці Дракона), выцягнутыя Ланцэлотам з каляскі са «зброяй» серп і молат, якія складаюцца ў характэрную кампазіцыю. Не менш красамоўныя і іншыя мізансцэны, напрыклад, выбудаваная дэкарацыямі Вольгі Гарачавай «лесвіца ўлады»: адпаведнае месца на ёй па чарзе займаюць Дракон, Бургамістр і Ланцэлот.
Спачування тут вартыя толькі ахвяры сістэмы (што да часу сваёй бяздзейнасцю падтрымлівалі яе існаваннне) — Шарлемань (Юрый Марціновіч) і Эльза (Ірына Кубліцкая). У архіварыусе пазнаюцца лёсы тых, хто знайшоў смеласць уголас заявіць аб несправядлівасці, але аніяк супраць яе не паўстаў. Для грамады ён ператвараецца ў няўгледку (знаёмыя пазіраюць на яго праз бінокль), а што адбываецца з Шарлеманем пасля таго, як са сцэны яго выводзяць моцныя маладыя людзі ў касцюмах (потым яны ператворацца ў ахоўнікаў Бургамістра), можна здагадацца: у другім акце архіварыус паўстае старым і запалоханым. Вобраз, створаны Юрыем Марціновічам, — адзін з самых пераканаўчых у спектаклі. Больш актыўнай з’яўляецца Эльза, аднак і яе рашучасць нічога не змяняе, бо ўсю надзею на перамены, усе мары пра лепшае жыццё яна звязвае толькі з Ланцэлотам. Пакорлівая свайму лёсу (і сістэме), Эльза ператвараецца ў свайго роду «пераходны чырвоны сцяг», які трапляе ад аднаго «ўладара» да другога, ад Дракона — да Бургамістра і Ланцэлота. І асаблівай розніцы паміж імі няма, бо кожны з гэтых персанажаў з’яўляецца тым самым драконам ці адной з трох ягоных галоў.
Дракон у выкананні Сяргея Лагуценкі прадстаўлены гэткім добрым дзядзечкам, які проста падтрымлівае парадак, асвечаны чатырохсотгадовай традыцыяй, лагодным і мяккім, здаецца, нават здольным на спачуванне. Яго візіт да Эльзы і Шарлеманя з торцікам ды шампанскім увогуле выклікае замілаванне: усё вельмі шчыра, «са слязьмі на вачах». Таму бянтэжаць рашучасць і халоднасць, з якімі аддаецца загад забіць Ланцэлота, натуральнасць страху ад разумення магчымасці смерці. Са сціплым, нават рахманым Драконам Сяргея Лагуценкі кантрастуюць і істэрычны Бургамістр Алы Ляной, сапраўдны жорсткі тыран, і Ланцэлот Андрэя Шыдлоўскага. У самаўпэўненасці апошняга, у ягоным перакананні ўсіх і ўсё схіліць да справядлівасці і дабра (сутнасць якога ён хутка перагледзіць), ужо на самым пачатку спектакля можна адчуць патэнцыял драконавага спадкаемцы. Ланцэлот, увасабленне «дабра з кулакамі», змяніўшы белае паліто рыцара-збавіцеля на чорны строй, больш падобны да апранахі свайго папярэдніка, пачне будаваць ідэальны свет з пакаранняў і стратаў. Два стрэлы за сцэнай, куды памагаты Ланцэлота Кот (Дзмітрый Байкоў) выведзе Бургамістра і Генрыха (Міхаіл Ручко), — толькі пачатак «выдалення дракона» з гарадскіх жыхароў. Для Эльзы гэтыя стрэлы стануць канцом, рэквіемам па мары аб шчасці і магчымасці перамен.
Безумоўна, ствараючы спектакль «па матывах» п’есы, Алег Малітвін меў права на такую інтэрпрэтацыю. Нічога радыкальнага новага ці супярэчлівага таму, што закладаў у свае тэксты Шварц, ён не вынайшаў. Рэжысёр, паводле яго самога, толькі «даціснуў гайкі». Аднак, нягледзячы на яснасць ягонага выказвання, канструкцыя пастаноўкі аказалася стылістычна хісткай, і гэта асабліва заўважна на прыкладзе акцёрскіх работ. Ад пэўнага адчужэння ў экспазіцыі, гульні практычна на тэрыторыі абсурду ў адных сцэнах рэжысёр раптоўна пераходзіць да рэалістычных рашэнняў і псіхалагізму (і нават дастаткова добрай якасці). Гэта не спрыяе цэльнасці акцёрскіх работ і спараджае няпэўнасць у трактоўцы вобразаў, нават згубная абсурднасць сітуацый не спрацоўвае (чаго варты эпізод, калі Бургамістр-жанчына, як выратавальніца горада, «па натуральным праве» бярэ шлюб з Эльзай, што, здаецца, пераканаўча выкрывае жахлівую абыякавасць сістэмы да чалавека). Верагодна, менавіта праз гэты стылістычны разнабой не дасягаюць дасканаласці і эфекту добра задуманыя ды пастаўленыя вакальна-харэаграфічныя сцэны (харэографка Аксана Ражкова). Акрамя пластычна вырашанага эпізоду нараджэння кахання — вальса Эльзы і Ланцэлота, — у спектаклі тры паўнавартасныя вакальна-харэаграфічныя нумары на кампазіцыі Мішэль Гурэвіч, якія выконвае Спявачка (Вера Грыцкевіч), адмыслова ўведзены персанаж. Два з іх функцыянальна з’яўляюцца своеасаблівымі антрактамі, абазначаюць разрывы ў часе (мінуў дзень, мінуў год) і адначасова выяўляюць псіхалагічны стан Эльзы (менавіта пра яе радкі з кампазіцыі «Party girl»: What’s your name // What’s your art // Nobody knows // About my broken heart) ды тое, што пасля смерці Дракона нічога не змянілася (дарэмна Спявачка і яе таварышкі стараюцца прабіць белую сцяну-экран). А трэці, у фінале, гучыць як «рэквіем па мары» Эльзы: усеагульная справядлівасць, рай, абяцаны Ланцэлотам, перакідаецца тым самым (ці нават горшым) пеклам: Іt was the worst of times, it was paradise...
Разам са спрэчнымі момантамі і недапрацоўкамі «Дракон» Гомельскага абласнога драматычнага тэатра пакідае добрае ўражанне, перадусім — сучасным і стылёвым візуальным рашэннем, вынаходлівасцю асобных сцэн, яснасцю рэжысёрскай думкі. Спектакль — аповед пра сістэму, што будуецца на гвалце, жорсткасці, прымусе, сілкуецца імі ды аднаўляецца самімі прыгнечанымі, і праз гэта здаецца бессмяротнай.
Кацярына Яроміна