Прызнанне ў каханні

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Пэўны час таму беларускі рэжысёр Аляксандр Дольнікаў, паспяхова папрацаваўшы ў Брэсце, Магілёве і Віцебску, з’ехаў у Расію і знік з поля зроку тэатральнай грамадскасці. У інстытуце вучыўся ў Барыса Луцэнкі, ставіў беларускіх аўтараў Аляксея Дударава, Алену Папову, Васіля Ткачова і іншых, але часцей цікавіўся зусім незацяганай сцэнічнай літаратурай, кшталту «Чатырнаццаці чырвоных хатак» паводле Андрэя Платонава, «Чалавека-невідзімкі» паводле Герберта Уэлса.

 /i/content/pi/mast/8/199/Pryznanne1.jpg

Цяжка з упэўненасцю сказаць, які ў яго творчы почырк, што ён любіць, да чаго выказвае асаблівую цікавасць. Дольнікаў мітусіўся, да нечага імкнуўся, мяняў тэатры, памыляўся, адступаў, зноў вяртаўся, пакуль, нарэшце, рашуча не змяніў свой лёс: вырашыў развітацца з прафесіяй. І гэта пасля трынаццаці гадоў рэжысёрскай працы, у тым ліку галоўным рэжысёрам у двух тэатрах!
Паводле ягонага ўласнага прызнання, ён «нечакана зразумеў, што галоўная прычына ўсеагульнага заняпаду -- не ў эканоміцы, не ў палітыцы, не ў сацыяльнай неўладкаванасці жыцця: галоўная прычына знаходзіцца ў нас саміх». Такі ўчынак, такое рашэнне сталага чалавека -- свайго роду подзвіг, тым больш, што ён адважыўся на вельмі своеасаблівы духоўны акт спасціжэння ісціны: пайшоў пісаць і рэстаўраваць іконы.
У Маскве Дольнікаў усё ж не парваў з тэатрам канчаткова. Ён глядзеў лепшыя спектаклі, сябраваў з акцёрамі, засвоіў іншую метадалогію працы з артыстам, тую, якой не навучылі ў інстытуце. Ён шукаў спосаб весці дыялог са сваім сумленнем і сумленнем гледача. Дольнікаў даўно неўзлюбіў акцёраў-марыянетак -- паслухмяную прыладу ў чужых, часцей нявопытных руках. Але як працаваць інакш? Гэтаму давялося вучыцца нанова і, што сумна, удалечыні ад тэатральнай практыкі.
І вось, праз пятнаццаць гадоў, імя Аляксандра Дольнікава зноў з’явілася на тэатральнай афішы Беларусі. У Магілёўскім абласным драматычным тэатры выйшла прэм’ера «Як быць шчаслівым». Назва дастаткова сімвалічная для самога рэжысёра. Гэта -- як прызнанне ў любові да жыцця, да ісціны і, вядома, да тэатра. Дольнікаў вярнуўся ў тэатр на новым этапе свайго чалавечага лёсу і захацеў падзяліцца новымі ведамі з акцёрамі і гледачамі.
У аснову спектакля пакладзена апавяданне вядомага калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса «Успамінаючы маіх сумных распусніц».
 /i/content/pi/mast/8/199/Pryznanne2.jpg

Маркес надзелены моцным уяўленнем, але заўсёды пакутаваў ад адзіноты. Адсюль ягоная галоўная тэма, што знайшла ўвасабленне нават у назвах твораў: «Сто гадоў адзіноты», «Палкоўніку ніхто не піша», «Восень патрыярха», «Апалае лісце». Спосаб апавядання -- спакойны, без нагнятання жахаў. Ягоным героям уласцівы маральная стойкасць і выратавальная сіла іроніі. Апошняе асабліва важна. Уся творчасць пісьменніка пабудавана на ўнутраных маналогах, дзе прысутнічае смех розных танальнасцей, у аснове якога заўсёды іронія.
Такая літаратура складаная для сцэны, бо разлічана на інтэлектуальную працу і пазбаўлена відовішчнасці. У сучасным тэатры гэта не надта любяць. Вольны ад зорных амбіцый, калумбійскі пісьменнік неяк незаўважна знік з поля зроку. Пасля дваццаці гадоў маўчання з’явіліся раман «Каханне падчас чумы» і ўжо згаданае апавяданне пра распусніц. Пісьменнік набліжаўся да свайго васьмідзесяцігоддзя і, як заўсёды, быў часткова біяграфічны: ён вядзе гаворку ад уласнай асобы. «Аўтар» -- так пазначаны ягоны персанаж у тэатры.
Далёкі ад нашых рэалій лацінаамерыканскі твор прыцягнуў увагу тэатра не магчымасцю эфектных касавых збораў, а здатнасцю няспешна пагутарыць пра чалавечую душу. Заявілі спектакль для Малой сцэны, дзе ўмовы асабліва спрыяльная, каб пагутарыць з гледачамі вочы ў вочы, і прымеркавалі да юбілею заслужанага артыста Расіі Аляксандра Палкіна.
 /i/content/pi/mast/8/199/Pryznanne3.jpg
На глебе ўзаемаразумення і ўзаемадапаўнення рэжысёра і акцёра магчыма перадача важнай думкі аўтара, сфармуляванай ім у перадсмяротным (жанравае вызначэнне) лісце: «Падтрымлівай блізкіх табе людзей, шапчы ім на вуха, як яны табе патрэбныя, любі іх і стаўся да іх беражліва, знайдзі час дзеля таго, каб сказаць: “мне шкада”, “даруй мне, калі ласка” і “дзякуй”, і ўсе тыя словы кахання, якія ты ведаеш».
Сюжэт спектакля даволі парадаксальны. Да дня свайго дзевяностагоддзя паспяховы калумбійскі журналіст вырашыў зрабіць сабе незвычайны падарунак -- правесці ноч з цнатліўкай. Недарэчнае жаданне прыводзіць да цікавых адкрыццяў: людзі старацца, калі перастаюць улюбляцца.
Гэтае прыватнае адкрыццё становіцца ўсеагульным. Маркес заўсёды ярка і эмацыянальна пісаў пра фізічнае каханне, пра вострую сексуальную прагнасць. І раптам нейкая... не, не старэчая, патыхаючая маразмам, а няздзейсненая ў належны час юнацкая закаханасць.
Напачатку Аляксандра Палкіна не надта натхняла перспектыва дадаць да рэальнага ўзросту яшчэ дваццаць гадкоў, але ён відавочна ажывіўся, калі гэта не спатрэбілася. Акцёр абапёрся на кій, сагнуўся, сыпануў жменю пяску, а потым выпрастаўся, і стала зразумела, што праблемы ўзросту ў спектаклі не будзе. Дольнікаў зрабіў аўтарскі спектакль. Апрача рэжысуры, ён здзейсніў інсцэніроўку, сцэнаграфічнае і музычнае афармленне. Не ўсе часткі раўнацэнныя, былі ўлічаны магчымасці тэатра.
Час па-мандэльштамаўску сыплецца, як марскі пясок, скрозь пальцы. Але ніхто не баіцца фізічнага распаду. Усё адносна. Істотна толькі ўнутранае адчуванне. Стваральнікі спектакля чуюць голас часу і выяўляюць яго на сцэне праз спрадвечнае пачуццё кахання, ачышчанага ад усяго выпадковага. Змяняецца не толькі галоўны герой. Закасцянелая ў цынізме гаспадыня бардэля Роса Кабаркас (Зоя Бурцава) здольная адкінуць практыцызм і са здзіўленнем адкрывае ў сабе ўменне спачуваць. Цнатліўка Дэльгадзіна (Марына Здаранкова) з пяшчотным тварыкам іспанскай інфанты адчувае сябе цудоўнай жанчынай, здатнай на многае, калі цябе любяць.
 /i/content/pi/mast/8/199/Pryznanne4.jpg

Адданая дзіўнаватая служка Даміяна (Людміла Гурына) нібыта ўвогуле не адчувае хады часу, бо закансервавалася ў сваёй адданасці гаспадару.
Цікава, што і сам спектакль складзены па правілах граматыкі кахання. Не толькі героі звязаны любоўю. У спектаклі ёсць ансамбль, партнёрства. Рэжысёрскі почырк лёгкі, тонкі, з усімі складнікамі: атмасферай, рытмам, мовай, адчуваннем цэлага, без жорсткага дыктату і з пачуццём духоўнай свабоды, падобнай да гульні. Дольнікаў разумее, што драматургічны матэрыял шматслоўны, і таму рэжысёр падкідвае акцёрам мноства цікавых прыстасаванняў. Асабліва выдатныя мізансцэны з папяровым караблікам. У шчаслівы момант Аўтар яго зрабіў і пусціў плаваць у акварыум. У злую хвіліну караблік размякне і будзе скамечаны. У момант шчаслівага ўзаемаразумення з Дэльгадзінай яны будуць кранальна дзьмуць на цацку, накіроўваючы ад аднаго берага да другога. Слоўная празмернасць умела перакладаецца на сцэнічную мову. Заўвагі можна рабіць у бок інсцэніроўкі, якой бы не пашкодзілі скарачэнні. Відаць, рэжысёр засумаваў па рабоце і хоча распавесці гісторыю ва ўсіх падрабязнасцях. На мой погляд, чатыры -- пяць эпізодаў можна было б прапусціць, тым больш, што тром з шасці ўдзельнікаў спектакля даводзіцца іграць розныя ролі. Акцёры Ганна Печнікава і Руслан Кушнер выконваюць задачы масоўкі. Вядома, ім падуладныя розныя персанажы, якія трапляюцца на шляху Аўтара. Непадрыхтаваны глядач чагосьці ў іх дзеяннях можа і не ўгадаць. Світа іграе Караля. Уласны лёс закрыты.
У спектаклі прынцыпы рускага псіхалагічнага тэатра лёгка пераплятаюцца з візуальнымі гульнямі. Гэта не ўчарашні дзень і не круты авангард. Рэжысёр Дольнікаў захоўвае ўпадабаны Маркесам стыль апісання і спакойны спосаб расповеду. Тым большага варты выбух эмоцый і расчаравання ў персанажа Аляксандра Палкіна, калі ён крышыць дэкарацыі і вымаўляе грубае слова. Акцёр на вачах маладзее, не карыстаючыся грымам. У гэтай гісторыі перад захадам сонца захоўваецца здаровы аптымізм, афарбаваны гумарам.
Усе акцёры разам з рэжысёрам імкнуцца падараваць гледачам, гаворачы чэхаўскай мовай, «важнае і вечнае». Той, хто здольны прыняць гэты падарунак, змахне слязу і ўсміхнецца. Таго, хто не здольны, варта пашкадаваць. 

Таццяна АРЛОВА
Фота Аляксандра Дольнікава.