З 80 філарманічных гадоў 50 прайшлі на маёй памяці.
Не, я не заспела легендарную эпоху «вялікага выбуху», калі пастановай Савета народных камісараў БССР «Аб сетцы ўстаноў Упраўлення па справах мастацтваў» ад 28 верасня 1936 года філармонія была аддзеленая ад Радыёкамітэта. Першым дырэктарам быў прызначаны Рыгор Прагін (сапраўднае імя Гірш Літмановіч), выпускнік Мінскага музычнага тэхнікума па класе трамбона, муж славутай беларускай спявачкі Соф’і Друкер. Мастацкім кіраўніком — Ісаак Любан (аўтар славутай песні «Бывайце здаровы»), які да гэтага ўзначальваў музычны сектар Радыёкамітэта і фактычна кіраваў усім канцэртным жыццём Беларусі.
Першы айчынны філарманічны канцэрт адбыўся 30 сакавіка 1937 года, але афіцыйнае нараджэнне Белдзяржфілармоніі святкуецца 25 красавіка. Зрэшты, даведнік па Мінску, выпушчаны ў 1954-м, загадкавым чынам называе іншую дату — 1 лютага. Дзе тут ісціна — цяжка сказаць. Наша перадваенная гісторыя занадта адрэдагаваная, з яе выкрасленыя цэлыя старонкі. А аднаўляць іх ой як нялёгка, бо большая частка мінскіх архіваў згарэла падчас нямецкай бамбёжкі 24 чэрвеня 1941 года.
Насуперак агульнапрынятаму меркаванню, у складзе нованароджанай філармоніі былі толькі сімфанічны аркестр і харавая капэла. Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы арганізаваўся ў Беластоку ў лістападзе 1939-га. Астатнія калектывы ўзніклі пасля вайны. Толькі ў 1959 годзе да філармоніі было далучана аб’яднанне «Белдзяржэстрада», створанае ў 1940-м, і ўзнікла эстрадна-канцэртнае бюро. Але спачатку ніякая эстрада ў філармонію не дапускалася. Гэта быў храм класічнага мастацтва. Прычым у самым што ні на ёсць прамым сэнсе. Аркестр рэпетаваў у разгромленым кафедральным касцёле на плошчы Свабоды. Дырэкцыя размяшчалася ў невялічкім пакойчыку на плошчы Парыжскай камуны. Канцэртаў ладзілася мала, і праходзілі яны ў выпадковых памяшканнях. Асноўным заказчыкам па-ранейшаму выступаў Радыёкамітэт. Ён адыграў вялікую ролю ў прапагандзе сімфанічнай музыкі, якую мінчане ў той час зусім не ведалі, а таму і не любілі.
Нічога гэтага я не заспела. Дзіцем прыходзіла ў кватэру нябожчыка скрыпача Аркадзя Бяссмертнага, гуляла з яго ўнучкай, не маючы ўяўлення пра тое, што менавіта ён у 1927 годзе заснаваў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр БССР і быў першым яго дырыжорам. Бяссмертны разам з Любанам марылі пра адкрыццё філармоніі. Але калі мара спраўдзілася, грымнуў 1937 год, яго адзінага сына арыштавалі, а самога Аркадзя Бяссмертнага надоўга адхілілі ад спраў.
Апусцелую пасаду галоўнага дырыжора заняў 34-гадовы Ілля Мусін, які пазней праславіўся як патрыярх ленінградскай дырыжорскай школы. Настаўнік Гергіева, Анісімава, Цемірканава... Ён выпісаў да сябе ў памочнікі любімага вучня Канстанціна Сімяонава, і абодва моцна здзіўляліся, з якой прычыны ім у Мінску так няўтульна.
У 1940-м Беларуская філармонія здала свой першы экзамен. З велізарным поспехам прайшла Першая дэкада беларускага мастацтва ў Маскве, для чаго на год раней у Мінск быў камандзіраваны Мікалай Галаванаў, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Вялікага сімфанічнага аркестра Усесаюзнага радыёкамітэта.
Але гэтай дэкады я таксама не заспела — як і дэкады 1955 года, калі сімфанічным аркестрам філармоніі кіраваў Марк Шнейдэрман, забыты цяпер кампазітар і дырыжор. Філармонія адкрылася для мяне на дзесяць з лішнім гадоў пазней, калі я стала хадзіць на канцэрты — спачатку з мамай, а затым і сама.
Калі думаю пра філармонію свайго дзяцінства, то перш за ўсё ўспамінаю чароўныя часы, калі мы з хорам сярэдняй спецыяльнай музычнай школы рэпетавалі «Stabat Mater» Пергалезі. У восем раніцы ўваходзілі праз парадныя дзверы проста ў цёмнае фае, якое змрочна і ўрачыста зіхацела водбліскамі вулічных ліхтароў. Яго калоны, як арганныя трубы, уздымаліся высока ў нябёсы, адкуль на нас абрыньвалася велічная таката Баха. У зале таксама панавала глыбокая цемра. Толькі настольная лямпа на арганным пюпітры па-рэмбрантаўску высвечвала юны твар Аляксандра Фісейскага — тады яшчэ студэнта Маскоўскай кансерваторыі. Ён падпрацоўваў у Мінску і займаўся начамі, толькі ў гэты час зала была вольная.
Трапіўшы ў залу, мы адсоўвалі край гіганцкага сіняга чахла, якім былі прыкрытыя крэслы, раскладвалі там свае палітончыкі і ўзбіраліся на сцэну. А палове на дзявятую з’яўлялася наша кіраўніца Наталля Іванаўна Жураўленка. У дзевяць — галоўны дырыжор камернага аркестра Юрый Цырук, а следам падцягваліся і аркестранты. У дзесяць прыходзілі нашы прымадонны — Людміла Златава і Святлана Данілюк — і пачыналася самая сапраўдная праца.
Неўзабаве пасля трыумфальнага выканання «Stabat Mater» у філармоніі мы запісалі яе на радыё. І якое ж было маё здзіўленне, калі даволі буйны фрагмент гэтага запісу (№12 Quando corpus morietur) прагучаў у фільме Таркоўскага «Люстра»! Не адразу гэта заўважыла. Аднак пазней, прааналізаваўшы вялізную колькасць запісаў, пераканалася, што ніхто, акрамя нас, не выконваў гэтае сачыненне ў той рэдакцыі, якая гучыць у стужцы Таркоўскага. Верагодней за ўсё, яна належыць заснавальніку Мінскага камернага аркестра, арганісту і дырыжору Алегу Янчанку.
Так што філармонію ў дзяцінстве мы асвойвалі не толькі як слухачы, але і як выканаўцы. Аднак найчасцей усё-такі прыходзілі слухаць. На ўваходзе мяне ведалі і, калі не назіралася аншлагу, амаль заўсёды прапускалі без білета. Такім чынам у 13-14 гадоў на канцэрты я трапляла амаль кожны вечар.
Да чаго ж выдатныя аказвалася гэтыя выступы! І як мала збіралася на іх публікі! Папулярнымі былі толькі арган (у апошнія дзесяцігоддзі цікавасць да яго значна паменшылася) і, вядома, Рыхтэр. Ён недалюбліваў самалёты, а наземныя маршруты з Масквы ў Еўропу пераважна пралягалі праз Мінск. Таму наша філарманічная зала служыла прыпынкам на яго гастрольным шляху.
Імя Рыхтэра было модным, а таму ўсе квіткі ў зале даставаліся нейкім дзіўным асобам, часам далёкім ад музыкі. Дробным начальнічкам. Дырэктарам буйных крамаў. Міліцыянтам. Урачам. Сапраўдныя аматары папросту не траплялі на канцэрт, а прафесіянальныя выканаўцы здавольваліся ўваходнымі квіткамі. Калі Рыхтэр прыязджаў адзін або са скрыпачом Алегам Каганам, на сцэне ў чатыры шэрагі расстаўляліся крэслы, і шчаслівыя ўладальнікі «ўваходных» зблізу сузіралі ігру свайго куміра. Калі ж ён выступаў з аркестрам, мы з камфортам у свойскай кампаніі рассаджваліся на прыступках балкона.
Пазней такая ж гісторыя назіралася на канцэртах Співакова і Башмета. А яшчэ да нас прыязджалі Гілельс, Коган, Наталля Гутман... Дырэктары крамаў не адчувалі да іх такога піетэту, так што патрапіць на канцэрты было прасцей, але ўсё роўна нялёгка.
Памятаю яшчэ з 1970-х дзіўны Пяты канцэрт Бетховена ў выкананні Гілельса. Памятаю, як Рыхтэр літаральна выбягаў на сцэну і браў першы акорд да таго, як сядаў на крэсла. Можаце ўявіць, у якой ступені электрызуючыя былі «Сімфанічныя эцюды» бетховенскай санаты op. 90, пачатыя гэткім чынам. А прэлюдыі Рахманінава, а Сі-бемоль мажорная саната Шуберта, а Восьмая саната Пракоф’ева? Забыць усё гэта немагчыма. А чаго варты «Карнавал» Шумана ў выкананні геніяльнага Навума Штаркмана! Па сваёй завядзёнцы піяніст пераблытаў месцамі ўсе часткі, але паэтычнасць, парывістасць яго выканання былі непараўнальныя.
Здараліся ў тыя гады зусім дзіўныя гастралёры. Успамінаецца, да прыкладу, шведскае кантральта Біргіт Фінілё — у той час ужо зусім не юная, але ўсё яшчэ вельмі прыгожая, з моцным роўным голасам і з праграмай, якая складалася пераважна з сачыненняў Шумана і Грыга. Капельдынерка папрасіла, каб пасля канцэрта я паднесла Фінілё букет гваздзікоў (найбольш папулярныя філарманічныя кветкі). І я, у трымценні ад хвалявання, сказала ёй некалькі слоў па-англійску — пра тое, як цудоўна яна спявае і што я з дзяцінства слухала яе пласцінкі. Гэта праўда, у мяне насамрэч мелася некалькі яе шуманаўскіх запісаў, на мой погляд, амаль ідэальных.
Але самыя грандыёзныя падзеі тых гадоў — выкананне араторый. Сі-мінорная меса Баха, «Самсон» Гендэля і, вядома ж, Рэквіем Вердзі. У адрозненне ад цяперашніх часоў, запрашаліся латвійскі хор і маскоўскія салісты. Прычым не абы-якія. На Рэквіеме ў мяне быў квіток у першым шэрагу злева, літаральна ў двух метрах ад праслаўленых прымадон — Марыі Біешу і Алены Абразцовай. Пяшчотная і чуллівая Біешу, не тоячыся, рыдала, слёзы ўперамешку з тушшу цяклі па яе шчоках, а Абразцова строга на яе пазірала, відавочна не ўхваляючы такой адкрытай праявы пачуццяў.
Галоўным «хлебам» філармоніі з’яўляліся ў той час абанементы. Абанементную сістэму ў нас укараніў кампазітар Яўген Цікоцкі, які быў дырэктарам філармоніі ў 1944—1951 гадах. Незабыўнае ўражанне дзяцінства — Марыя Грынберг, што ўвасобіла ўсе санаты Бетховена, і Таццяна Нікалаева (яна, акрамя двух тамоў «Добра тэмпераванага клавіра», выконвала яшчэ і інвенцыі — але магу памыляцца). Пазней падобным уражаннем стаўся грандыёзны цыкл з усіх канцэртаў Моцарта, якім дырыжыраваў Юрый Цырук, а піяністы былі самыя розныя — Вірсаладзэ, Петухоў, Плятнёў, Ігалінскі — лепшыя прадстаўнікі савецкай піяністычнай моладзі.
З Масквы прыязджаў Дзяржаўны квартэт імя Барадзіна, выконваў поўныя цыклы квартэтаў Бетховена і Шастаковіча. У зале назіралася абсалютная пустата. Затое мы, студэнты, адчувалі сябе вольна. Прыносілі з сабой партытуры, слухалі, абмяркоўвалі.
І, вядома ж, згадваюцца вакальныя абанементы. Вечнае суперніцтва Алены Абразцовай і Ірыны Архіпавай. Бліжэй да канца 1980-х Архіпава задумала шматгадовы праект — «Анталогію рускага раманса». Ужо не памятаю, на якім кампазітары яна спынілася, але пасля распаду СССР праект сышоў у нябыт. Многія тады пакрыўдзіліся, бо абанемент каштаваў немалыя грошы.
Цікава, у апошнія гады існавання СССР у нашай філармоніі выконвалася шмат сучаснай савецкай музыкі. Асабліва такіх кампазітараў, як Шнітке, Дзянісаў, Губайдуліна. Ініцыятарам гэтых падзей быў Віталь Катаеў, які ў 1962—1971 гадах узначальваў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр БССР, але і пазней не спыняў творчых сувязей з Беларуссю. Асабліва запомнілася кантата «Гісторыя доктара Іагана Фаўста» Шнітке, дзеля ўдзелу ў якой у Мінск прыехаў першы савецкі контртэнар Эрык Курмангаліеў.
Частым госцем у 1980-я быў і Дзяржаўны камерны хор СССР, ён прывёз у Мінск «Пушкінскі вянок» Георгія Свірыдава і «Перазвоны» Валерыя Гаўрыліна. Гэта ўспрымалася як сапраўдная сенсацыя.
А потым наступілі 1990-я. Здавалася б, у бурнай атмасферы тых гадоў музыка павінна была змоўкнуць. Але нягледзячы на масавы ад’езд выканаўцаў і адсутнасць фінансавання, музычнае жыццё расквітнела новымі фарбамі. Новы галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра П’ер-Дамянік Панэль рэгулярна «частаваў» мінчан сімфоніямі Малера, Шастаковіча і Брукнера. Апафеозам зрабілася ўвасабленне «Песні аб зямлі» Малера пад кіраўніцтвам дырыжора Віталя Катаева. Можа, твор быў выкананы не ідэальна, але ён на дзіва ўражваў.
Няма ліха без дабра. У новых умовах нечакана выявілася, што для інтэрпрэтацыі такіх складаных сачыненняў зусім неабавязкова запрашаць салістаў з Масквы. Беларуская выканальніцкая школа нарэшце паверыла ў сябе. Але гастралёры працягвалі прыязджаць. Што праўда, часцей за ўсё гастралёры іншага кшталту. Тыя, хто ў ранейшыя гады з’ехаў з краіны і хацеў прадэманстраваць уласныя поспехі — рэальныя ці ўяўныя. Памятаюцца сенсацыйныя выступленні Леаніда Кузьміна і яшчэ больш сенсацыйныя канцэрты Аркадзя Валадося-малодшага.
З тых часоў шмат чаго перайначылася. Наступіў новы век. Змянілася галоўная канцэртная зала сталіцы, змяніліся мы, але нязменнай застаецца любоў і ўдзячнасць за ўсё тое, чым была і застаецца філармонія ў нашых душах. Амаль усе, пра каго я тут распавяла, ужо пайшлі з жыцця. Таму варта ўспамінаць іх часцей, беражліва збіраць іх сляды на зямлі. Бо яны гэтага вартыя.
Юлія Андрэева