Мы распакоўваем скрынкі ў гаражах, як «кошык, карціну, кардонку» з 1990-х, і адкрываем скарбы, а доказ гэтаму — уключэнне фотаздымкаў Аляксандра Угляніцы ў трэці том «Гісторыі еўрапейскай фатаграфіі. 1970—2000». Выданне падрыхтаванае ў Браціславе Цэнтральным еўрапейскім Домам фатаграфіі FOTOFO; у папярэднія тамы ўключаны класікі, а Мінская школа ўвайшла ў асобную главу кнігі пра XX стагоддзе. З гэтай мінскай хвалі Аляксандр Угляніца найменш знаны для шырокай публікі. Хоць у складзе групы «Мета» менавіта яны з Віктарам Каленікам да моманту фармавання школы скончылі Тэатральна-мастацкі інстытут — да гэтага часу такі факт біяграфіі не характэрны для актуальных фатографаў.
Тады фотаклуб «Мінск» шукаў унутры дзейнай сістэмы «фатограф — грамадства» новыя бакі дакументальнага стылю і арт-выхады за межы гэтага поля. Цыклам выстаў «Фатаграфікі» (1971—1989) распрацоўвалі фармалізаваныя падыходы, засвойвалі новую стылістыку.
Клуб як жывое творчае асяроддзе адчуваў неабходнасць абнаўлення — інакш нельга было сілкаваць паўнавартасны ўнутраны рэсурс. З гэтай мэтай Валерый Лабко ўзяўся прыцягнуць туды маладых аўтараў, але ў выніку, сабраўшы іх у «Студыі», паспрыяў іх адыходу з клуба. Угляніца з Каленікам і тут апынуліся ўбаку: большасць удзельнікаў студый 1, 2 і 3, атрымаўшы тэхнічную адукацыю, мелі патрэбу ў харызме і пасіянарнасці Лабко, ім толькі хацелася адчуць сябе мастакамі. А Аляксандру ўсё пра новую эстэтыку было зразумела, ён ужо быў мастак, засталося толькі выбраць інструмент. Угляніца і зараз памятае, на якую камеру што здымаў.
Зрэшты, рамяством фатаграфіі спадар Угляніца ніколі не займаўся. У чым жа быў тады прарыў?.. Чаму і цяпер у дыскусійным клубе BlowUp у НЦСМ практычна на першым публічным паказе пасля двух дзесяцігоддзяў маўчання гэтыя фатаграфіі даюць адчуванне свежасці, не банальнасці, а, наадварот, сусветнага ўзроўню. Адкрыты гэты ўзровень быў у 1990-я фінскім куратарам, а затым шэрагам еўрапейскіх галерэй і профільных выданняў. Прайшоў час, але беларускага аўтара па-ранейшаму можна параўноўваць з амерыканцамі Лi Фрыдландэрам, Ральфам Гібсанам.
Праектных ініцыятыў у гурта «Мета» яшчэ не было. Не было дакладных, прапрацаваных цыклаў. Здымаў Аляксандр адзінкавыя кадры або невялікія серыі ў 3-5 фота, якія можна назваць хутчэй паслядоўнасцю, чым аформленым цыклам, — здымкі ішлі за сітуацыяй, за жыццём. Сярод іх нельга выбіраць, выбудоўваць устойлівую канструкцыю, але можна прытрымлівацца літаральна крокамі, жэстамі, позіркам. У гэтым сэнсе кадры непарыўныя, як можа быць суцэльнай кінастужка без мантажнай склейкі.
Чалавек за сталом убудоўваўся ў нацюрморт, у лесе ён станавіўся элементам пейзажу, а ягоная пластыка — складнікам графічнага малюнка травы і галін дрэва. Рухі сяброў-мадэляў рыфмаваліся з плынню вады, ветрам, дажджом, туманам.
У сапраўднасці кадра сумнявацца не даводзіцца, а па ўменні знайсці патрэбны момант і ракурс рэдка каго можна параўнаць з Угляніцам. І ў тыя гады, і цяпер. Веданне кампазіцыі і навык мастака імгненна выхопліваць патрэбнае з патоку жыцця — толькі частка адказу на пытанне, і гэта рацыянальная спроба.
Не толькі ракурс, але ў большай ступені фрагмент стаў прадметам эстэтызацыі. І калі сакавітыя, рэльефныя фактуры фатографы здымалі і раней, то куты ў інтэрнатах, лужыны, выпадковыя жэсты, прадстаўнікі субкультур пры нечаканым асвятленні і без усялякага намёку на лакіраванне — такое было ўпершыню. Да гэтага перыяду адносяцца і эксперыменты з секвенцыямi: ад парных партрэтаў да балоцістай мясцовасці з абуткам або радамі ліхтароў.
Увогуле ўсё гэта было дзіўна. Праца з новымі гранямі, ад брутальнасці да размывання, плюс уменне ўбачыць кампазіцыю, інтуітыўна ісці за ёю, магчыма, зрабілі галоўнае: зрушылі акцэнт з «якаснага» здымка надзейнага «прафесіянала» на каштоўнасць самой фатаграфічнай практыкі і таго, што адбываецца ў кадры. Ужо не тэхнічная кваліфікацыя, не канструяванне, а іншыя сэнсавыя межы, месца дзеяння, энергія сталі галоўнымі. Не матэрыяльны прадмет ацэньваўся, не ілюстрацыя, тым больш ідэалагічна заточаная, а нешта іншае, у чым фатаграфія савецкага канона яшчэ не бачыла вартасці.
Любоў Гаўрылюк