Выстава запомнілася не толькі высокай якасцю твораў, але і тым, што дазволіла ўбачыць у рэтраспектыве працэс станаўлення і пошукаў беларускага габелена. Яго сучасны стан няпросты і супярэчлівы, адбыліся адрыў мастацкай выявы ад асяроддзя, аддаленне ад архітэктуры і «станкавізацыя». Наша краіна мае даўнія і багатыя традыцыі ткацтва, і беларускі габелен, нягледзячы на ўсе перажытыя ім тэхналагічныя і эканамічныя складанасці, не страціў высокі ўзровень тэхнічных і вобразных рашэнняў, што яшчэ раз пацвердзіла гэтая экспазіцыя. Безумоўна, ёсць пэўная незадаволенасць, звязаная з немагчымасцю рэалізаваць свае задумы ў поўным аб’ёме, адсутнасць заказаў і тэхнічнай базы. У сваім уступным слове на адкрыцці выставы Людміла Пятруль назвала яе ўдзельнікаў «відам, які вымірае», маючы на ўвазе вострую неабходнасць прываблівання моладзі да ткацтва. Пра зніжэнне цікавасці маладых мастакоў да гэтага віду прафесійнай дзейнасці шмат кажуць ужо даўно. Класічны гладкі габелен — даволі працаёмкая і складаная вобласць мастацкай творчасці, якая патрабуе цярпення. Яго стварэнне адбываецца паэтапна — ад ідэі да эскіза, потым да кардона ў натуральную велічыню, і далей — да выканання, што займае вельмі працяглы час. Камп’ютарныя тэхналогіі толькі трохі паскараюць падрыхтоўчую частку, дазваляючы мастаку больш мабільна ўносіць змены ў эскіз падчас працы. Габелен — гэта не проста тканая карціна з ужываннем розных тэхналогій, а, хутчэй, вобраз мыслення, адмысловая тактыльная сувязь мастака з выяўленнем. Як від дзейнасці, ткацтва існуе ў трох звязаных адзін з адным вымярэннях — рукадзелле, рамяство і мастацтва. Сёння ў свеце, як ніколі, набірае папулярнасць рукадзелле, у тым ліку нескладаныя ткацкія тэхнікі і іх імітацыя. У адмысловай падтрымцы і рэкламе яно не мае патрэбы, аб чым сведчыць вялікая колькасць інтэрнэт-рэсурсаў адпаведнай тэматыкі (форумы, блогі, анлайн-урокі і майстар-класы) і іх удзельнікаў, а таксама колькасць наведвальнікаў розных кірмашоў майстроў і рамёстваў, такіх як, напрыклад, «Млын». Зусім іншая сітуацыя склалася з прафесійным габеленам — ён патрабуе падтрымкі, рэкламы, аналізу з боку журналістаў, мастацтвазнаўцаў і куратараў. На віртуальных пляцоўках можна бачыць шмат узораў рукадзелля, якасна і нават прафесійна выкананага, у выглядзе спрошчанай імітацыі традыцыйных тэхнік з больш ці меней удалай кампаноўкай колеравых плям. Аднак ці з’яўляюцца яны творамі мастацтва, што маюць змястоўную і эстэтычную глыбіню і сэнс? І ці зацікаўлены маладыя майстры прафесійнага тэкстылю ў пошуках гэтага самага сэнсу? У наш час практычна адсутнічае попыт на складаныя маштабныя творы са сваёй філасофіяй і драматургіяй, прызначаныя для грамадскіх інтэр’ераў. Ад камерных габеленаў для прыватнага інтэр’еру патрабуецца быць камфортнымі для ўспрымання, што істотна абмяжоўвае магчымасці аўтара. Таму класічная шпалера становіцца справай нешматлікіх энтузіястаў, «мастацтвам дзеля мастацтва».
Сёння арт-тэкстыль мае два асноўныя вектары развіцця — канцэптуальны і дэкаратыўны, хоць часта майстры працуюць у абодвух кірунках. Канцэптуальны напрамак — поле дзейнасці для куратараў. Аднак здзівіць у гэтай вобласці нечым новым складана — на працягу апошніх ста гадоў шматкроць мяняліся фарматы, перапляценні, матэрыялы, адбываўся адыход ад плоскасці сцяны і г.д. У выніку — па-ранейшаму галоўным застаецца яркі аўтарскі почырк і ўменне разважаць у матэрыяле. Як паказвае аналіз твораў, прадстаўленых у апошнія гады на рэспубліканскіх выставах і Трыенале ДПМ, у аўтарскай тапісерыі ў цэлым даволі прыкметная тэндэнцыя спрашчэння. Гэта тычыцца як змястоўнага боку, так і тэхнічных прыёмаў, кампазіцыі, пластыкі, якая вельмі часта зводзіцца да прымітыўных геаметрычных фігур, аплікатыўных прыёмаў, што не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі. Галоўнымі становяцца вонкавая бессюжэтнасць і хуткасць выканання, якія звычайна апраўдваюцца пошукамі «актуальнасці», але прыводзяць да безаблічнасці і схематызму. Таму вялікай павагі заслугоўваюць майстры старэйшага пакалення, што захоўвалі ў складаны для айчыннага ДПМ перыяд высокі мастацкі і тэхнічны ўзровень, забяспечваючы тым самым развіццё і пераемнасць беларускай школы габелену.
Многія цікавыя вобразныя знаходкі ўдзельніц праекта, якія былі ў ліку першых выпускнікоў кафедры мастацкага тэкстылю, адкрытай у Тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1964 годзе, непарыўна звязаны са знакавымі для беларускага мастацтва 1970-80-мі — часам адраджэння нацыянальных традыцый ткацтва і росквіту сюжэтна-тэматычнага габелена, што асацыюецца з ураўнаважанасцю, гармоніяй. Яго адметнымі рысамі сталі прыхільнасць да тэхнікі гладкага ткацтва, абагульненая стылізацыя і высокая вобразная змястоўнасць твораў, першапачаткова вельмі цесна злучаных са станковым і манументальным жывапісам. Увасабленнем гэтага стылю ў экспазіцыі можа служыць «Лясная песня» (1976) Людмілы Пуцейка з характэрнымі для той эпохі мажорным гучаннем, сіметрыяй пабудовы і рытмічнай арганізацыяй кампазіцыі накшталт манументальнага пано, філасофскім асэнсаваннем вобраза чалавека, яго месца ў свеце. Да гэтага ж перыяду адносяцца глыбока алегарычныя і метафарычныя габелены «У памяці дзядоў» (1977) і «Яблыня. 1941» (1985) Людмілы Пятруль, прысвечаныя ваеннай тэме. Маючы першапачаткова агульную выяўленчую базу з прыкметным уплывам абстрактных формаў і авангардных жывапісных кірункаў, мастачкі і далей ішлі паралельнымі шляхамі. Часта іх цікавілі адны і тыя ж тэмы і сюжэты, аднак пластыка-каларыстычныя рашэнні заўсёды насілі глыбока асабісты і індывідуальны характар. Менавіта таму, нягледзячы на паступовае распаўсюджванне ў беларускім ткацтве апошніх дзесяцігоддзяў новых тэхнік, нетрадыцыйных матэрыялаў і некананічных падыходаў, пакаленне сямідзясятых і сёння захоўвае лідзіруючыя пазіцыі ў сваім відзе творчасці, што сведчыць пра далёка не вычарпаныя мастацкія і пластычныя магчымасці гладкага габелена. Тэма роднай прыроды, яе прыгажосці і паэзіі становіцца ў перыяд 1980-х адной з вядучых і захоўвае свой творчы імпульс для ўдзельніц выставы і дагэтуль. Значнае месца ў нацыянальнай школе займаюць і элементы народнай тэкстыльнай культуры, формаўтваральныя прынцыпы якой — строгая геаметрыя гарызантальных палос і рытмічна структураваных модульных арнаментаў, самі прыёмы ткацтва, іх эмацыйная напоўненасць, — блізкія сучаснаму вобразнаму мысленню. Архетыпы і знакі народнага мастацтва ажываюць у аўтарскім габелене або ў выглядзе інтэрпрэтацыі традыцыйных матываў, прыёмаў і кампазіцый («Світанак» Ларысы Густавай, «Радаўніца» Галіны Крываблоцкай, «Вада» і дыптых «Позняя восень» Вольгі Рэднікінай…), або як цытата, арганічна ўплеценая ў пластыку формаў («Верасень» і «Шляхі паэта» Людмілы Пуцейка). Пры гэтым кожная з іх прыўносіла ў традыцыю ўласныя асацыяцыі, разуменне колерапластыкі, фактуры і тэкстуры, якое магло змяняцца падчас пошукаў індывідуальнай мастацкай мовы.
Творы Ларысы Густавай з самага пачатку адрозніваліся пазнавальным стылем і почыркам, які чэрпаўся з розных крыніц — з еўрапейскіх і народных традыцый, манументальнага жывапісу і авангарда 1920-х. Яе габелены — шчыльныя, насычаныя па колеры, пабудаваныя на абагульненых лакальных плямах — маюць стрыманую, нейтральную фактуру. Яна практычна ніколі не адыходзіла ад гладкага ткацтва, але ў гэтых абмежаваных рамках выяўляла сябе вельмі разнастайна па форме і зместу. Гэта і ўмоўны пейзаж, абстрактная і дэкаратыўная кампазіцыя, сюжэтна-тэматычная шпалера. Густава ўмее арганічна сумяшчаць сучаснае разуменне формы з класічнымі матывамі — індыгава-зялёны і чырвоны колер яе даволі абстрактна стылізаваных «Касачэй» як бы адсылае да традыцыйных еўрапейскіх «вердзюр» або «мільфлёраў». Па работах апошніх гадоў відавочна, як умоўнасць і дэкаратыўнасць ранніх твораў паступова змякчаліся ўважліва прапрацаванымі дэталямі і больш складаным каларытам (трыпціх «Цудоўны дзень», «Мары»). Вельмі нечаканымі сталі яе новыя працы на чорным фоне — тканыя аўтарскія інтэрпрэтацыі народнага маляванага дывана («Батанічны сад») ці матываў усходніх тканін («Рыбкі»).
У адрозненне ад Ларысы Густавай, Людміла Пуцейка аддае перавагу больш вольнаму, маляўнічаму падыходу з мякка перацякаючых вохрыстых, карычневых, жоўтых, блакітнаватых і зелянявых колеравых плям, аб’яднаных вертыкальнай свабоднай штрыхоўкай асобнымі ніткамі і палоскамі, рознакаляровым ці збліжаным па тоне меланжам. Гэта надае плоскасці габелена вібрацыю, дынаміку і адпавядае любімай тэматыцы мастачкі — змене пор года, перыядаў сутак, станаў прыроды. Ларыса Пуцейка даволі хутка знайшла свой асацыятыўна-паэтычны кірунак і з сярэдзіны 1980-х паслядоўна яго развівала. Праводзячы паралелі паміж яе «Касачамі» і аднайменным габеленам Ларысы Густавай, можна ўбачыць, наколькі па-свойму абедзве мастачкі вырашаюць гэты просты і распаўсюджаны кветкавы матыў у рамках даволі блізкай умоўнай стылізацыі. Калі кветкі Густавай — гэта гладкая, гучная па колеры дэкаратыўна-геаметрычная кампазіцыя, то ў Пуцейка яны рассыпаюцца каляровымі блікамі пялёсткаў і зеляніны, ствараючы рухомы, далікатны вобраз.
Людміла Пятруль адносіцца да мастакоў, уражанне пра якіх немагчыма скласці па адной ці нават дзвюм-тром працам, настолькі непадобнымі яны могуць быць. Абстрактныя кампазіцыі, умоўна-фігуратыўныя, канцэптуальныя, тэкстыльная скульптура — яна спрабавала сябе ў самых розных тэмах і жанрах. Творцу натхняюць тэмы прыроды, паэзія, гісторыя, развіццё мастацтва. Яна эксперыментавала як са стылістыкай, так і з колерам, з тэхнікай і фактурай («У зачараваным царстве», 1980), з незвычайнымі формамі габелена («Над возерам», 1999, «Начны экран», 2013), увасабляла ў ткацтве творы знакавых майстроў авангарда («Галава сялянскай дзяўчыны. Рымейк карціны Казіміра Малевіча», 2009, «Спакушэнне. Рымейк карціны Марка Шагала», 2011). Здзіўляе, наколькі актуальна і свежа выглядаюць сёння яе гладкія габелены на тэму акварэльных манатыпій, зробленыя ў канцы 1980-х («Развіднела», «Сугучнасць»). Творчасць Людмілы Пятруль — прыклад пастаянных пошукаў мастацкай мовы, выразных сродкаў, інтэрактыўнага дыялогу паміж рознымі кірункамі, паміж аўтарам і гледачом, паэтапнай эвалюцыі ад класічнай шпалеры да стварэння канцэптуальных арт-аб’ектаў і інсталяцый.
Габелены Галіны Крываблоцкай, аўтаркі, якая пачала ўдзельнічаць у выставах крыху пазней за сваіх каляжанак, вылучаюцца мяккім, прыглушаным каларытам з перавагай шаравата-блакітнаватых тонаў з украпваннямі вохрыстага і стрымана чырвонага («Дзень», 1996; «Сутыкненне», 1996; «Вось і ўсё», «І зноў дзень», 1999). Гармонія, спакой, ураўнаважанасць кампазіцыі і плаўныя рытмы надаюць адмысловую манументальную значнасць працам нават невялікіх памераў («Світанак», «Белы танец»). Своеасабліва і выразна яна выкарыстоўвае прыёмы даматканай подсцілкі на плоскасці і ў аб’ёме, змешваючы адценні колеру і ўплятаючы ў іх літары (трыпціх «Слова застанецца», 2016; «Няма слоў», 2017). Акрамя плоскага габелена, Крываблоцкая эксперыментуе з тэкстыльнай скульптурай — яднае міні-габелены ў прасторавыя кампазіцыі ці стварае абстрактныя арт-аб’екты.
Вольга Рэднікіна — прадстаўніца зусім іншага пакалення, але яна ўжо даволі вядомая як цікавая мастачка са сваім стылем і адчуваннем матэрыялу. Яе працы прыцягваюць увагу на выставах — габелен «Вандроўнікі» быў адзначаны на апошнім Трыенале ДПМ. Іх адрознівае кампазіцыйны і каларыстычны мінімалізм, элегантнасць і гармонія формы, графічнасць. Колер у Рэднікінай прыглушаны і стрыманы, асацыюецца з някідкім каларытам беларускай прыроды, таму можна сказаць — экалагічны. Для раскрыцця тэмы яна выкарыстоўвае мінімум сродкаў, што ўзмацняе выразнасць. Выкарыстанне абвівак і ўключэнне ў габелен галінак дрэў — прыёмы не новыя, але ў выкананні Рэднікінай выглядаюць вельмі арганічна. Спалучэнне шчыльнага тканага зерня з «прасветамі» і прарэзамі надае плоскасці прасторавае вымярэнне, але не пазбаўляе яе «карціннасці». Гэта якраз той выпадак, калі «сучаснасць» не становіцца сінонімам нядбайнасці выканання, а вобраз не патрабуе вербалізацыі і правакатыўнасці.
У сучаснай арт-практыцы, па ёмістым вызначэнні расійскай мастацтвазнаўцы Марыі Чагадаевай, вербальнае «ідэалагічнае пасланне» ўсё больш падмяняе візуальную форму. Габелен — шматвяковае мастацтва са сваёй філасофіяй, метафарычным зместам, няспешнае. Выразныя сродкі ткацтва бясконца разнастайныя — яно валодае самымі шырокімі магчымасцямі для эксперыментаў у вобласці кампазіцыі, тэхнікі, матэрыялаў, якія ўключаюць цяпер і кераміку, раслінныя валокны, паперу, металічную сетку ў разнастайных спалучэннях, з уласнай асацыятыўнай актыўнасцю. Пры гэтым сама арганіка працы мастака, яго адмысловая, тактыльная сувязь з творам не дазваляе канчаткова разарваць змест і яго пластычны эквівалент. І важнае значэнне тэкстыльнага мастацтва сёння ў тым, што яно, развіваючыся на стыку традыцый і наватарства, захоўвае стваральную скіраванасць мастацкага пошуку.
Марына Эрэнбург