Смех і слёзы

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Мікалай Пінігін застаецца адным з самых папулярных беларускіх рэжысёраў, чые спектаклі выклікаюць найбольшую цікавасць у мінскіх гледачоў. Таму і з’яўленне яго прозвішча на афішах -- заўсёды чаканае. Праўда, адбываецца гэта апошнім часам не надта часта. Тым не менш, вакол кожнага новага спектакля Пінігіна ўзнікаюць спрэчкі і жывы інтарэс, які нічым не трэба стымуляваць.

Гучная і яркая рэклама, ролікі на тэлебачанні, напышлівы піяр -- звыклыя спадарожнікі шматлікіх маскоўскіх антрэпрыз. А гэтым разам дастаткова было сціплай шрыфтавой афішы перад прэм’ерай, каб зусім не танныя білеты разышліся на сем спектакляў наперад. Мікалай Пінігін інсцэнізаваў аповесць Мікалая Гогаля, Віктар Манаеў і Сяргей Журавель у галоўных ролях! У спектаклі заняты Віталь Быкаў, Алена Сідарава. Хто прапануе лепш і больш?
 /i/content/pi/mast/8/198/Smeh1.jpg
 В.Манаеў (Іван Іванавіч),
В.Быкаў (Дзям'ян Дзям'янавіч).
Зрэшты, мінскія антрэпрызы трывала далучыліся да «бедных тэатраў». Новыя спектаклі -- рэдкасць, дзейнасць даўно збочыла на мяжу дабрачыннасці. Чаго вартае, напрыклад, упартае імкненне паказаць публіцы лепшых мінскіх акцёраў. А яны, дарэчы, спакойна бяздзейнічаюць пад дахамі родных тэатраў, пакуль іх час мінае.
Віктар Манаеў і Алена Сідарава -- акцёры пінігінскія. Рэжысёру назаўсёды адданыя. Значыць, плён -- абавязковы. Віталь Быкаў па тонкасці і адмысловасці акцёрскіх фарбаў наўрад ці знойдзе ў Мінску сабе замену. Сяргей Журавель -- адпаведна. Такім чынам, пра Гогаля...
«Аповесць пра тое, як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» была напісана Мікалаем Гогалем без малога два стагоддзі таму. У адрозненне ад іншых празаічных твораў, галоўным чынам «Мёртвых душ», «Вечароў на хутары блізу Дзіканькі», «Тараса Бульбы», у зону ўвагі пастаноўшчыкаў, прынамсі, у Беларусі, не трапляла. Аўтар інсцэніроўкі Мікалай Пінігін у гэтым сэнсе -- першаадкрывальнік. Сціпласць і павага да геніяльнага аўтара вымусілі адразу давесці правілы гульні. «Сачыненне вучня 9 “Б” класа Мікалая Пінігіна» -- не толькі жанравае вызначэнне спектакля, а і своеасаблівая подказка для гледачоў.
Зрэшты, сам Мікалай Пінігін нябачна і абавязкова прысутнічае ва ўласных пастаноўках. Лад ягоных думак, інтанацыі, урэшце, тэмперамент у акрэсленай і выяўленай структуры сцэнічнага твора не заўважыць нельга. Ён распавядае пра тое, што ведае. У нашым агульным савецкім мінулым знаходзіць сцежкі, па якіх знакаміты гогалеўскі сюжэт рухаецца з хуткасцю прамільгнулага чалавечага жыцця. Галоўнае -- адчуванні, якіх пазбыцца немагчыма: пахі, рухі, адзенне, абліччы, наваколле, звычкі, манеры… Між іншым згадваецца тэлевізійны праект братоў Пінігіных «Народжаныя ў СССР». А яшчэ -- славутыя дачныя пасёлкі для творчай інтэлігенцыі, Астрашыцкі Гарадок, да прыкладу. Класіка -- класікай, але інсцэнізацыя лічыцца яе ўзаконенай інтэрпрэтацыяй. Да таго ж, згадваючы Гогаля, можна працытаваць наступнае: «Калі камедыя мусіць быць карцінай і адбіткам грамадскага нашага жыцця, дык яна павінна адлюстраваць яго ва ўсёй пэўнасці».
Вось і прымроілася вучню 9 “Б” класа тое, што вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін узнавіў у форме мізансцэн. Іван Іванавіч -- у мінулым оперны спявак. Іван Нікіфаравіч -- прапаршчык. Вядома, суседзі па дачы, значыць, калі любоў або нянавісць, дык абавязкова да магілы. Іван Іванавіч (Віктар Манаеў) у шыкоўным халаце, паважны, з вытанчанымі манерамі -- заслужаны і лаўрэат. Іван Нікіфаравіч (Сяргей Журавель) -- са слядамі агульнага задавальнення на твары. Уласна кажучы, прычына для звадаў мізэрная. Галоўнае, што дараваць крыўду немагчыма.
 /i/content/pi/mast/8/198/Smeh2.jpg

 Сцэна са спектакля.


Жанр, які пэўна акрэслены ў спектаклі, можна вызначыць як савецкі лубок. І не тое каб настальгія прасочвалася ў горкім расповедзе пра «народжаных у СССР» -- нейкі сумны погляд на «гома савецікус», на мізэрныя комплексы «маленькага чалавека», здатныя пакалечыць душу. Усе падзеі развіваюцца адпаведна класічнаму сцэнарыю: сябравалі, пасварыліся, напісалі даносы, жыццё мінула... Сціслы і пругкі змест накрэсліваецца на ўсеагульны дачны разгул, на дзелавую заклапочанасць галоўнай мэтай: нашкодзіць суседу. Сэнс жыцця ў штодзённых звадах? У люстэрку, якое, паводле Гогаля, рэжысёр трымае перад глядзельнай залай -- абліччы і акцёраў, і гледачоў. Пазіраючы на сцэну, мы бачым тыповыя рысы савецкіх абывацеляў. Знаёмыя і незабыўныя, як крымпленавая сукенка і чырвоная махровая шапка Агаты Федасееўны; як лісліва- палахлівы погляд старшыні садовага таварыства ў выкананні Віталя Быкава; як надрыўна-вясёлая папойка. Мы сапраўды шмат смяяліся на гэтым спектаклі. І зусім нечакана, у фінальнай сцэне, разам з галоўнымі героямі апынуліся перад іх непазбежным канцом. Калі жыццё ўяўляецца бясконцым і бессэнсоўным рытуалам. Зрэшты, асэнсаваная яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя Васіліем Розанавым «загадка» Гогаля як «невідочныя слёзы праз відочны смех».

Людміла ГРАМЫКА
Фота Андрэя Спрынчана
.