В.Манаеў (Іван Іванавіч), В.Быкаў (Дзям'ян Дзям'янавіч). |
Віктар Манаеў і Алена Сідарава -- акцёры пінігінскія. Рэжысёру назаўсёды адданыя. Значыць, плён -- абавязковы. Віталь Быкаў па тонкасці і адмысловасці акцёрскіх фарбаў наўрад ці знойдзе ў Мінску сабе замену. Сяргей Журавель -- адпаведна. Такім чынам, пра Гогаля...
«Аповесць пра тое, як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» была напісана Мікалаем Гогалем без малога два стагоддзі таму. У адрозненне ад іншых празаічных твораў, галоўным чынам «Мёртвых душ», «Вечароў на хутары блізу Дзіканькі», «Тараса Бульбы», у зону ўвагі пастаноўшчыкаў, прынамсі, у Беларусі, не трапляла. Аўтар інсцэніроўкі Мікалай Пінігін у гэтым сэнсе -- першаадкрывальнік. Сціпласць і павага да геніяльнага аўтара вымусілі адразу давесці правілы гульні. «Сачыненне вучня 9 “Б” класа Мікалая Пінігіна» -- не толькі жанравае вызначэнне спектакля, а і своеасаблівая подказка для гледачоў.
Зрэшты, сам Мікалай Пінігін нябачна і абавязкова прысутнічае ва ўласных пастаноўках. Лад ягоных думак, інтанацыі, урэшце, тэмперамент у акрэсленай і выяўленай структуры сцэнічнага твора не заўважыць нельга. Ён распавядае пра тое, што ведае. У нашым агульным савецкім мінулым знаходзіць сцежкі, па якіх знакаміты гогалеўскі сюжэт рухаецца з хуткасцю прамільгнулага чалавечага жыцця. Галоўнае -- адчуванні, якіх пазбыцца немагчыма: пахі, рухі, адзенне, абліччы, наваколле, звычкі, манеры… Між іншым згадваецца тэлевізійны праект братоў Пінігіных «Народжаныя ў СССР». А яшчэ -- славутыя дачныя пасёлкі для творчай інтэлігенцыі, Астрашыцкі Гарадок, да прыкладу. Класіка -- класікай, але інсцэнізацыя лічыцца яе ўзаконенай інтэрпрэтацыяй. Да таго ж, згадваючы Гогаля, можна працытаваць наступнае: «Калі камедыя мусіць быць карцінай і адбіткам грамадскага нашага жыцця, дык яна павінна адлюстраваць яго ва ўсёй пэўнасці».
Вось і прымроілася вучню 9 “Б” класа тое, што вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін узнавіў у форме мізансцэн. Іван Іванавіч -- у мінулым оперны спявак. Іван Нікіфаравіч -- прапаршчык. Вядома, суседзі па дачы, значыць, калі любоў або нянавісць, дык абавязкова да магілы. Іван Іванавіч (Віктар Манаеў) у шыкоўным халаце, паважны, з вытанчанымі манерамі -- заслужаны і лаўрэат. Іван Нікіфаравіч (Сяргей Журавель) -- са слядамі агульнага задавальнення на твары. Уласна кажучы, прычына для звадаў мізэрная. Галоўнае, што дараваць крыўду немагчыма.
Сцэна са спектакля. |
Жанр, які пэўна акрэслены ў спектаклі, можна вызначыць як савецкі лубок. І не тое каб настальгія прасочвалася ў горкім расповедзе пра «народжаных у СССР» -- нейкі сумны погляд на «гома савецікус», на мізэрныя комплексы «маленькага чалавека», здатныя пакалечыць душу. Усе падзеі развіваюцца адпаведна класічнаму сцэнарыю: сябравалі, пасварыліся, напісалі даносы, жыццё мінула... Сціслы і пругкі змест накрэсліваецца на ўсеагульны дачны разгул, на дзелавую заклапочанасць галоўнай мэтай: нашкодзіць суседу. Сэнс жыцця ў штодзённых звадах? У люстэрку, якое, паводле Гогаля, рэжысёр трымае перад глядзельнай залай -- абліччы і акцёраў, і гледачоў. Пазіраючы на сцэну, мы бачым тыповыя рысы савецкіх абывацеляў. Знаёмыя і незабыўныя, як крымпленавая сукенка і чырвоная махровая шапка Агаты Федасееўны; як лісліва- палахлівы погляд старшыні садовага таварыства ў выкананні Віталя Быкава; як надрыўна-вясёлая папойка. Мы сапраўды шмат смяяліся на гэтым спектаклі. І зусім нечакана, у фінальнай сцэне, разам з галоўнымі героямі апынуліся перад іх непазбежным канцом. Калі жыццё ўяўляецца бясконцым і бессэнсоўным рытуалам. Зрэшты, асэнсаваная яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя Васіліем Розанавым «загадка» Гогаля як «невідочныя слёзы праз відочны смех».
Людміла ГРАМЫКА
Фота Андрэя Спрынчана.