Адна з найбольш адштурхоўвальных рэчаў тэатра нашага часу — акторскі лямант. Як чалавек, што не разумее мовы візаві, працягвае гаварыць з ім сваёй, павышаючы голас. Гэта і раздражняе, і не мае аніякага плёну. І дзівіць — у тэатральных вучэльнях педагогі па сцэнічных мове й майстэрстве не стамляюцца казаць: збольшага крык — ад недахопу ўнутранай работы, эмоцый, пачуццяў, веры; калі хочаце, каб вас пачулі, — кажыце ціха, дыяфрагмай-душой. Адно з прывабных і трапных вырашэнняў спектакля — рэжысёрская ўдача зрабіць гэта разынкай пастаноўкі, выкарыстаць на сваю (і, як вынік, глядацкую) карысць. Калі навокал усе эмоцыі-рэакцыі гіпертрафаваныя, дык і параўсці не грэх, тым больш ігра акцёраў бліскучая (у абодвух складах спектакля вылучыць кагосьці напраўду цяжка, што сведчыць і пра акцёрскую захопленасць матэрыялам, і пра беспамылковае размеркаванне роляў). А вось крык Францыска, аточанага попелам сваіх кніг — аскепкамі мэты і сэнсу жыцця, пад канец дзеі з абсурдна-гратэскавага робіцца шчырым — лямант у пустэльні. Наконт апошняга выслоўя — працягваючы адсылкі да Бібліі — ёсць у пастаноўцы і невыразная лінія «барацьбы з Богам», хоць антаганізму тут і побач не стаяла, кволая спроба Скарыны ўзяць Бога «на слабо»: Францыск пытаецца «Навошта ўсё гэта?», зазнаўшы параз, паразак, абсурду і падступства; адказу, ясная рэч, не атрымлівае, але прыдумляе сам напрыканцы спектакля — бо за кожнай зімой надыходзіць вясна. Арыгінальна. Але як часта мы на гэта забываемся, зашораныя будзённымі мітрэнгамі.
«Прыгоды Францыска Скарыны на шляху да дзэну» — так, калі каротка, можна было б азначыць змест твора. Самая што ні ёсць «гістарычна недакладная трагікамедыя». Прычым іранічная горыч ёсць і ў назве — кар’ера як такая ў доктара вольных навук, першадрукара, пісьменніка, перакладчыка, вучонага-гуманіста не склалася. Ні прызнання, ні росту, ні павагі, ні… сваёй эпохі? У сцэнічнага Скарыны (Арцём Курэнь, Дзмітрый Давідовіч) няма сям’і, апроч згаданых на словах брата, ускосна праз якога Францыск трапіў у турму, і пляменніка, які яго з тае вязніцы выкупіў (хоць вызвалілі Скарыну пазней, толькі пасля непасрэднага ўмяшання Жыгімонта), яго жонка не загінула ў вялікім віленскім пажары 1530-га, пра дзяцей-нашчадкаў — ні слова. У яго ёсць місія (якую ён, па вялікім рахунку, сам сабе і прыдумаў). Яна ж — жарсць. Дзеля яе Францыск нават «мяняе нацыянальнасці» — то палякам назавецца, то рускім, то — у выпадку разгубленай шчырасці — «рюскім», бо, хм, кажа, што для ягонага народа назвы пакуль не прыдумалі.
Адна з ключавых постацей спектакля — Файны хлопчык у галіфэ (Максім Шышко, Марат Вайцяховіч). Падчас першага выхаду на сцэну ён хвацка танчыць і размахвае кардоннай тэчкай «Дело №», сумнавядомай усім жыхарам постсавецкіх краін. «Я люблю пісаць даносы», — салодка мружыцца ён і прапануе свае паслугі Скарыну. Той, вядома, адмаўляецца — «не супадаюць характары й мэты», так бы мовіць. Цікавая і іх першая (адкрытая) спрэчка — Францыск «прарочыць» інтэрнэт-бібліятэкі, напалягае на тым, што чытанне мусіць быць хуткім, простым, агульнадаступным, а Хлопчыкава адповедзь, маўляў, чытаць (перадусім кнігі Бібліі) трэба павольна, удумліва, з разуменнем… Шчыра — Хлопчык гучыць куды больш пераканаўча ў параўнанні з захоплена-радаснымі самапаўторамі апантанага Францыска. Яго абурэнне — жывое. І вось супрацьстаянне распачатае. У постмадэрнісцкім тэксце спектакля толькі Скарына і Хлопчык бачаць адно аднога без масак, якімі ёсць, не зважаючы на час і абставіны.
Глядзельня сустракае кожнае з’яўленне Хлопчыка смехам і воплескамі — вось яна, радасць пазнавання ў дзеянні. Але надта сумняюся, што гэта да лепшага. Літаратуразнаўцы і гісторыкі літаратуры адзначаюць пагрозлівы трэнд у еўрапейскім корпусе тэкстаў, які пачаўся з ХХ стагоддзя. Умоўна кажучы, свет ахоплівае тэндэнцыя «апраўдання Іуды» — тлумачэнне здрады як неабходнага жыццёвага складніка, частку боскай задумы. Насамрэч гэта небяспечна. Перадусім для нас — нашчадкаў катаў і вязняў, асабліва для беларусаў — з выразанай амаль пад корань творчай інтэлігенцыяй. Тут дарэчы будзе ўзгадаць словы Надзеі Мандэльштам: «Спрашивать надо не с тех, кто ломался, а с тех, кто ломал». І пераносіць радасць з пазнавання на разуменне таго, што мы пазнаем. Глядзець глыбей, не падмяняючы тэзісаў. Караткевіч са сваёй нязломнай пазіцыяй «здраду прымаем — здрадніка вешаем» трымаўся як мог. Еўрапейскасць палоніць усё і ўся — як з дадатнымі рысамі, і з адмоўнымі.
Маскоўскі эпізод прадказальна каркаломны. Пасля некалькіх моцных жыццёвых удараў-расколін (напрыклад, Марцін Лютар, напярэдадні добра, натхняльна пагаварыўшы з Францыскам, запрашае яго назаўтра да сябе, каб распачаць працу па друку кніг, але падманвае — з’язджае, а Скарына марна стаіць на парозе пустога лютараўскага дома, абвяргаючы біблейскае «грукайце — і вам адчыняць»), друкар усё ж прыязджае ў Маскву — з кволым спадзевам, што хоць там (ці праз павагу да рэлігіі — ну Біблію ж друкуем, у рэшце рэшт, — ці праз кірылічны шрыфт) зможа ажыццявіць сваю мару, сваю місію. А яго бяруць адразу з вакзала. Затым — паляць кнігі. Апошнія, што заставаліся пасля ўсіх перыпетыяў: ведаеце, то там адымуць колькі асобнікаў, а самога асветніка паб’юць, то там. Але — адымуць. Не знічтожаць. У Масковіі нават Файны хлопчык не патрэбны — там усе самі сабе файныя хлопчыкі. Для Скарыны знішчэнне кніг раўназначнае знішчэнню жыцця, жыццёвае энергіі і сэнсу, гэта апошняя кропля. Ён пакідае кнігадрукаванне і знаходзіць спакой. Адзінае што да Масквы і ўсяго «рускага» захоўвае непрыязнасць, таму на пасадзе каралеўскага садоўніка ў Празе аддае перавагу называцца бессэнсоўным «Раусам» замест прапанаванага «Руса». Файны хлопчык, тут — начальнік аховы, нечакана лёгка дазваляе яму гэткае перайменаванне.
Безумоўна, уражанне ад спектакля падтрымлівае мінімалістычна-функцыйная сцэнаграфія з храміраваных патрубкаў (з такіх робяць парэнчы або насценныя сушэльні для ручнікоў). Мастак Андрэй Меранкоў стварыў такі сабе бункер-субмарыну, падводную лодку альбо бясконцы агульны вагон і, адначасова, безаблічны гатэль, дзе мы ўсе жывем і адкуль нікуды не падзецца. Ну й нічога, выкруцімся, уявім і адчуем — нават без падказак аўтараў, — што вандруем у розных гарадах і часах, імкнемся да вызначанай мэты. Ды толькі вось памятаць бы, што цяпер у нас ужо ёсць назва, ёсць імя. Не даводзіць, а жыць.
P.S. Агулам пастаноўка моцная. Думаю, ісці будзе доўга і плённа. Пра гэта сведчаць і акторскі склад, і поўныя залы, і размовы ў антракце — пра спектакль, і, галоўнае, сарафаннае радыё. Лёгкія жарты, глыбокія думкі. Прынамсі я зваблю сваіх калег-каляжанак ды прыйду паглядзець «Кар'еру...» яшчэ мінімум раз.
Ліда Наліўка