Першая частка, пілотны выпуск шматузроўневага праекта, адбылася ў чэрвені, і цяпер на працягу сезона 2017—2018 на розных беларускіх канцэртных пляцоўках усе, хто маюць дачыненне да сучаснага арту, будуць тварыць у рытме «артэмп». Паводле задумы арганізатараў, фэст уключае адукацыйныя праграмы і спецпраекты, лекцыі, майстар-класы, прэзентацыі, выставы, спектаклі, канцэрты, скіраваныя на спасціжэнне працэсаў нелінейнага развіцця сусветнай культуры і папулярызацыю найноўшага айчыннага мастацтва ў шырокім кантэксце.
Такі няпросты дыялог не прадугледжвае поўнай згоды, хутчэй дае актыўны імпульс да разважання. У працэсе творчай акцыі гледачам трэба паглыбіцца ў шматмоўны, полістылістычны арт-ландшафт апошняга стагоддзя.
На платформе Artemp аб’ядноўваюцца эстэтычныя ўстаноўкі авангарду і поставангарду, мадэрну і постмадэрну, «новая простасць» і «новая складанасць», мінімалізм, інструментальны тэатр, музыка sacra, асаблівая ўвага надаецца аўдыявізуальным эфектам, энергіі гуку. Падчас перформансаў інтэнсіўныя інтанацыйныя працэсы працягваюць жыць у рухах цела і мультымедыйных праекцыях.
Мэта форуму не проста папулярызаваць артэфакты сусветнай культуры, але і на эмацыйна-псіхалагічным узроўні пераканаць, што сучаснае мастацтва даступнае ўсім узроставым і сацыяльным катэгорыям гледачоў. Таму ў якасці ключавой абіраецца ідэя сінтэзу мастацтва.
Арыгінальнасць фэсту заключаецца ў тым, што кожны яго сезон будзе ладзіцца на новай міжнароднай пляцоўцы (у бліжэйшы час гэта Беларусь, Германія і ЗША) з удзелам артыстаў гэтых краін. Дырэктар фестывалю, наш суайчыннік, малады таленавіты віяланчэліст Марк Прыходзька падкрэслівае перш за ўсё дамінантную стратэгію праекта, скіраваную на культурную інтэграцыю. У ліку арганізатараў Artemp — піяністка Дар’я Мароз (арт-дырэктарка, Беларусь) і флейтыстка Марыя Калеснікава (праект-менеджарка, Беларусь—Германія). Гэта высокапрафесійныя, творча амбітныя і аўтарытэтныя выканаўцы, асабліва ў інтэрпрэтацыі сучаснай музыкі. За іх плячыма дзясяткі міжнародных праектаў, конкурсаў, майстар-класаў, яны сапраўды натхнёныя ідэяй.
Дык што ж ужо змаглі ўбачыць і адчуць гледачы на стартавай праграме Artemp, у якой сканцэнтраваўся асноўны мэсэдж-канцэпт фестывалю? У чэрвеньскім перформансе былі прадстаўлены яркія кампазітарскія партрэты, прагучалі музычныя опусы для розных варыянтаў інструментальнага трыа (віяланчэль-флейта-фартэпіяна), удзельнічаў харэаграфічны дуэт (Вольга Скварцова і Дзмітрый Бяззубенка), былі выкарыстаны мастацкія праекцыі і мультымедыйныя інсталяцыі Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна.
Кожная з арт-кампазіцый уяўляла з сябе міні-спектакль, у якім музычна-тэхнічныя прыёмы (падрыхтоўка-прэпарацыя інструментаў, выканальніцкія спецэфекты), дысануючая гукавая прастора, нетэмпераванае інтанаванне ядналася з тэатральна-харэаграфічным дзеяннем. Думаю, многія гледачы адкрылі для сябе музычны партрэт турэцкага кампазітара Фазыла Сая. У неверагодна складаным з тэхнічнага плану флейтавым опусе англійскага авангардыста Браяна Фёрніхаў быў увасоблены вобраз Касандры, старажытнагрэчаскай міфалагічнай прарочыцы. Яшчэ адзін бок памежнага псіхалагічнага стану быў адлюстраваны ў «Фобіі» для флейты і віяланчэлі (2012) маладога беларускага кампазітара Андрэя Цалко. У напружанай гукавой і тэатральнай прасторы сачынення выканаўцы разыгралі дуэль (нават з пісталетамі). Мінімалістычныя акцэнты, што дзейнічаюць на свядомасць амаль тэрапеўтычна, прагучалі ў творы «Different rains» (1996) расійскага аўтара Паўла Карманава. Поўнае медытатыўнае занурэнне ў падводны і нават тагабочны свет адбылося падчас гучання кампазіцыі Джорджа Крама «Голас кіта» («Vox Balanae», 1971). Крыніцай натхнення для Крама стаў сапраўдны запіс гукаў кіта, зроблены акеанолагамі. Па задуме творцы, выканаўцы ў масках павінны сімвалізаваць магутныя сілы прыроды.
Важны сэнсавы акцэнт у прэм’ерным фэсце Artemp — перформанс «4.33» Джона Кейджа. Упершыню ў гісторыі сусветнай музычнай культуры кампазітар прапанаваў на працягу пэўнага часавага адмежку задумацца, якая гукавая палітра нас акружае. Ці ўтульна адчуваем сябе ў дысануючай сучаснай фонасферы? Ці можна пачуць музыку ў шумах, шоргатах, дыханні, рытме сэрца? Правакацыйнаму, эпатажнаму опусу споўнілася 65 гадоў, але ён заўсёды выклікае неадназначную рэакцыю і ацэнку, як і «Чорны квадрат» Малевіча, дый увогуле авангардная стылістыка. Візуалізацыя часу ў сачыненні Кейджа была прадстаўлена застылымі фігурамі выканаўцаў, таймер на планшэце ў руках Дар’і Мароз адлічваў секунды. Трэба сказаць, не ва ўсіх слухачоў вытрымлівалі нервы, але ў гэтым і выявіўся эфект мастацтва «тут і цяпер».
На жаль, часта нават у прафесійным асяроддзі даводзіцца сутыкацца з актыўным непрыманнем сучаснага мастацтва. Гэта ідзе перадусім ад няведання ўсяго комплексу ідэй і канцэпцый. Спадзяюся, Artemp зробіцца той прасторай, дзе многія слухачы змогуць знайсці ўласны шлях да разумення найноўшай творчасці.
Наталля Ганул