З гэтай «Бібліі Бельгіі» сусветная культура перш за ўсё атрымала новага героя, вобраз якога зрабіўся несмяротным. Сэнсавая канцэнтрацыя і пазачасавае прачытанне надзялілі Ціля асаблівым магнетызмам і ўніверсалізмам, што выявілася ў звышпапулярнасці ў апошнім стагоддзі, калі ўвага мастакоў факусуецца на вечных тэмах і сюжэтах з акцэнтам на жанр прыпавесці. Легенда мела шматгранную інтэрпрэтацыю ў музычным і драматычным тэатрах, а таксама кінематографе.
У 1974 годзе «Ленком» адкрыў спектаклем «Ціль» новую старонку тэатральнага жыцця краіны. Асновай пастаноўкі Марка Захарава зрабіліся п’еса Рыгора Горына і музыка Генадзя Гладкова. А сам сцэнічны твор на працягу 17 гадоў выклікаў ажыятаж і збіраў аншлагі, бо тут з’ядналіся многія складнікі поспеху: пазнавальныя тыпажы, вострыя рэплікі, смелыя зонгі, рокавы драйв, моцная энергетыка трупы. Спектакль адкрыў тэатральнаму свету імя Мікалая Карачанцава. І тады ж Ціль прыйшоў на нашу сцэну разам з балетам Яўгена Глебава.
І вось больш як праз сорак гадоў сталічны прыватны тэатр «Тэрыторыя мюзікла» ў фінале сезона здзівіў арыгінальным вяртаннем «Ціля» на айчынную сцэну. Прычым у сучаснай вопратцы — у жанры блазенскага рок-мюзікла. Рэжысёрка Настасся Грыненка даўно марыла паставіць п’есу любімага драматурга, «Шэкспіра нашага часу», але доўга не магла адысці ад «ленкомаўскага» варыянту. Усе часткі пазлу з’ядналіся, калі была сфармуляваная ідэя: «Галоўнае ў п’есе не сюжэт, а разважанні аўтараў пра прыроду чалавека, каханне, нянавісць, рэўнасць, здраду, унутраную свабоду і несвабоду, пра тое, які чалавек слабы і які моцны. Важныя для пастаноўкі таксама нестандартныя, часам парадаксальныя паводзіны персанажаў і фірменная горынская іронія».
У музычную драматургію ўключаны выразныя песні-зонгі Гладкова, што не ўвайшлі ў твор Захарава, зроблены шэраг арыгінальных аранжыровак (Ілля Палякоў), і гэта вызначыла больш сучасны характар гучання і прастору для разгорнутых танцавальных эпізодаў. Увогуле атрымаўся актуальны, дынамічны, энергічны спектакль з яркай харэаграфіяй і багаццем масавых сцэн. У ім ёсць месца фарсу і разважанням, кантраст брутальным і гістарычным эпізодам — метафарычныя сцэны.
Акцэнт, які датычыць жанру: рок-мюзікл дазваляе гнутка кантактаваць з публікай. У такім сінтэзе мюзікл актуалізуе «імгненныя» рэакцыі, надзённыя нюансы (касцюмы ў стылі мілітары, аўтаматы, рэперская шапка/блазенскі каўпак на Цілі). У рокавым складніку ўвага надаецца ўсеагульным з’явам, вечным ісцінам. «Жарсці па Цілю» — яшчэ і прадзюсарскі праект (дзе кампазітар выконвае функцыю суаўтара), і таму спектакль ўяўляе адзінства вербальна-музычнага і тэатральна-візуальнага пачаткаў.
Шмат акцэнтаў робіцца на відовішчнасці пастаноўкі, перш за ўсё яе танцавальным складніку. Харэограф Дзмітрый Якубовіч прадумвае складаную пластычную драматургію, у якой яднаюцца розныя стылявыя кірункі. Умоўна-сімвалічнае сцэнаграфічнае рашэнне ў брэйгелеўскай каларыстыцы (мастак Андрэй Меранкоў) з двух’яруснымі металічнымі канструкцыямі, што лёгка рассоўваюцца і мадыфікуюцца, дазваляе адчуць універсальнасць часу-прасторы. І ў касцюмах мастачкі Таццяны Лісавенка захоўваецца полістылістыка: ад характэрных капелюшоў, плашчоў у духу народнай Фландрыі да сучаснага ваеннага камуфляжу, джынсаў, ласінаў. Актыўная светлавая і колеравая сімволіка, у якой дамінуюць змрочна-прыглушаныя адценні і вылучаюцца пунсова-пурпурныя вогненныя сцэны ахвярапрынашэнняў інквізіцыі.
Ціль — адзін з найбольш складаных вобразаў, і, каб яго ўвасобіць, неабходныя талент, харызма, абаянне, чуласць. Усё гэта ёсць у Дзмітрыя Якубовіча, акцёра, спевака, танцора, міма, акрабата. Ён упэўнена малюе героя смелага, дзёрзкага, свабоднага і трагічнага. Задачу ўскладняе выкананне ім яшчэ і ролі бацькі Ціля — вугальшчыка Клааса. Імгненнае пераўвасабленне адчуваеш нават у голасе артыста.
Супярэчлівая роля здрадніка Рыбніка цалкам атрымалася ў Эдуарда Вайніловіча. І таму востра ўспрымаецца горынская сентэнцыя: «Время подлым не бывает, только — люди!» Сярод акцёрскіх работ адзначым Ілону Казакевіч (Нэле-Бэткен-Ганна) і Юлію Шпілеўскую (Сааткін). Удала ўвасабляе Аляксандр Асіпец характарны вобраз Ламе Гудзака. Псіхалагічна-напружаная роля звар’яцелай Каталіны пераканаўча сыграная Ксеніяй Харашкевіч.
Крытычныя заўвагі звязаны з гукавым балансам і чысцінёй ансамблевага інтанавання, маладым акцёрам патрабуецца яшчэ абкатка спектакля, запавольваецца тэмпарытм, а таму зніжаецца напал у сярэдзіне другой дзеі.
Можна асэнсаваць блазенскі рок-мюзікл «Жарсці па Цілю» і як своеасаблівую «містэрыю трэцяга напрамку», дзе ярка адлюстроўваецца сучасная сацыякультурная сітуацыя. Катарсічны фінал спектакля (сыход-узнясенне Ціля разам з Нэле) прымушае па-сапраўднаму перажыць тое, што адбываецца. Дух свабоды пахаваць нельга! А гэта і ёсць прыпавесць пра сучаснага Ціля.
Наталля Ганул